www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

11 красавіка 2017Падведзены вынікі СКМ “Арсенал”

Спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Арсенал” прайшло ў Беларусі з 3 па 7 красавіка. За гэты час былі выяўлены 392 адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама зарэгістравана 37 крымінальна каральных дзеянняў у сферы абароту зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

На працягу пяці дзён супрацоўнікі міліцыі не толькі правяралі ўмовы, у якіх грамадзяне захоўваюць зарэгістраваную зброю, але і выяўлялі ўладальнікаў нелегальных арсеналаў. З незаконнага абароту канфіскавана больш за 9,5 тыс. боепрыпасаў рознага калібру, 498 адзінак зарэгістраванай і 311 адзінак незарэгістраванай зброі, у тым ліку агнястрэльнай.

Так, 4 красавіка супрацоўнікі Жыткавіцкага РАУС дома ў жыхара вёскі Азяраны выявілі незарэгістраваную адназарадную вінтоўку «ТОЗ-12/01» калібра 5,6 мм і 5 патронаў да яе. Узбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 295 КК Беларусі.

На наступны дзень у Бабруйску міліцыянеры канфіскавалі ў мужчыны дзве незарэгістраваныя гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы, а таксама ствол са ствольнай скрынкай і спускавым механізмам ад рэвальвера часоў Вялікай Айчыннай вайны. Па гэтым факце праводзіцца праверка.

Прафілактычная праца з насельніцтвам таксама дала свае вынікі. Добраахвотна ў органы ўнутраных спраў грамадзяне здалі 517 адзінак незарэгістраванай зброі (у тым ліку 216 - агнястрэльнай), 542 адзінкі зарэгістраванай зброі, звыш 27,8 тыс. боепрыпасаў.

Да прыкладу, 4 красавіка жыхар Ганцавічаў прынёс у райаддзел міліцыі пнеўматычную вінтоўку, пераробленую пад стральбу патронамі калібру 5,6 мм, і 40 патронаў да яе. А 7 красавіка ў Пінскі ГАУС мужчына здаў незарэгістраваную гладкаствольную паляўнічую стрэльбу, якую знайшоў у гаспадарчай пабудове.

МУС нагадвае, што ў адпаведнасці з арт. 295 КК Беларусі за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў можа пагражаць пакаранне да пазбаўлення волі на 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Асобы, якія добраахвотна здалі незаконна захоўваемую зброю і боепрыпасы ў органы ўнутраных спраў, ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці вызваляюцца.