www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

21 красавіка 2017«У парушальніку трэба бачыць чалавека»

Гісторыі ветэрана УУС Гродзенскай вобласці генерал-маёра міліцыі ў адстаўцы Фёдара ГУДЗЕЯ не стамляешся слухаць. Сапраўдны мужчына і афіцэр, ён у сваім жыцці прыняў дзясяткі складаных і справядлівых рашэнняў, 38 гадоў служыў у органах унутраных спраў. Гэта пры ім быў узведзены сучасны будынак ДАІ і першая ў Гродна кальцавая развязка. Гэта ён зняў шакіруючыя дакументальныя фільмы пра дарожныя трагедыі і атрымаў вышэйшую ацэнку вядучых кінастудый Савецкага Саюза. Менавіта Фёдар Гудзей стварыў адзіны ў краіне конны ўзвод міліцыі, стаў адным з першых генералаў у гісторыі суверэннай Беларусі.

Пра страшныя падзеі ваеннага дзяцінства ветэран і сёння расказвае, ледзь стрымліваючы слёзы. Аднойчы разам з братам падпалілі ўласную хату, дзе знаходзіліся нямецкія афіцэры, а потым басанож уцякалі агародамі, правальваючыся па шыю ў снег. Ён ніколі не забудзе, як фашысцкі камендант біў бізуном маму, патрабуючы аддаць вінтоўку. А затым загадваў уцякаць, адкрываючы бязладную стральбу з пісталета. Памятае дагэтуль і апошнюю просьбу маці, якая праводзіла яго пасля заканчэння Бабруйскага аўтадарожнага тэхнікума ў Гродна на працу: «Не крыўдзі людзей, сынок. Будзь, як наш участковы». Гэтыя словы да глыбіні душы кранулі юнака...

Рэжым працы: без сну і адпачынку

Служба ў міліцыі пачалася для 18-гадовага Фёдара з ДАІ. Асаблівае значэнне генерал-маёр надае перыяду, калі яго, маладога і нявопытнага, прызначылі на пасаду старэйшага дзяржаўтаінспектара Шчучынскага міжраённага ўчастка ДАІ. Тады яму ў адзіночку прыходзілася абслугоўваць яшчэ тры раёны.

- Я паставіў перад сабой амбіцыйную задачу: сфарміраваць у грамадзян станоўчае меркаванне аб працы Дзярж­аўтаінспекцыі, - распавядае Фёдар Паўлавіч. - А для гэтага трэба было ўвесь час знаходзіцца сярод людзей, а не ся­дзець у цішы кабінета. Раніцай выязджаў на сустрэчы з кіраўнікамі калгасаў, вадзіцелямі, правяраў тэхнічны стан транспарту, днём прымаў наведвальнікаў, позна вечарам і ноччу патруляваў раёны, выяўляў правапарушэнні. Спаў па тры-чатыры га­дзiны, у такім рытме працаваў каля чатырох гадоў. У той перыяд мне сапраўды не хапала часу ў сутках.

Да маладога і справядлівага інспектара Гудзея сталі прыслухоўвацца, яго выступленні ў калектывах на тэму бяспекі дарожнага руху «Ад віна да віны» праходзілі ў дамах культуры з аншлагам.

- Ніколі не спяшаўся пакараць вадзіцеля, разбіраўся ў кожнай сітуацыі і стараўся даходліва растлумачыць яму памылку, - працягвае афіцэр. - Памятаю, прыйшоў да мяне чалавек, якому мой падначалены зрабіў прасечку ў талоне нібыта за перавышэнне хуткасці.

У той час радараў не было, і вызначалі такое парушэнне па схеме, якая не адрознівалася высокай дакладнасцю. Секундамерам інспектар засякаў, за які час машына праедзе выдзелены фішкамі адрэзак дарогі, затым, супаставіўшы па табліцы час і адлегласць, атрымліваў прыблізную хуткасць.

- Мужчына пакаранне палічыў неабгрунтаваным, - працягвае Фёдар Паўлавіч. - Я падумаў і прыняў яго бок, а адзнаку ануляваў. Той інспектар потым прызнаўся: яго змена заканчвалася, трэба было хоць адно парушэнне зафіксаваць, няхай і нязначнае. А праз шмат гадоў я апынуўся на аперацыйным стале ў таго вадзіцеля, якому дапамог дабіцца справядлівасці. Ім аказаўся дацэнт Аляксандр Палынскі, ён мяне пазнаў і нагадаў тую гісторыю. Высветлілася, нават талон захаваў! Ехаў тады доктар на тэрміновую аперацыю.

Аб творчасці

Фёдар Гудзей шмат увагі надаваў прапагандзе дарожнай бяспекі і нават сам зняў шакіруючыя фільмы аб ДТЗ.

- Калі выязджаў на месца здарэння, браў з сабой кінакамеру «Красногорск», - распавядае генерал-маёр міліцыі ў адстаўцы. - Пад­рыхтаваўшы матэрыял, прыдумаў і назву: «Гля­дзі. Думай. Вырашай». Гэтыя словы напісалі вялікімі белымі літарамі на ўздыме дарогі і з акна машыны, якая рухалася, знялі на фоне ажыўлёнага транспартнага патоку. Апрацавалі плёнку і запісалі тэкст на магнітафонную стужку, састыкавалі карцінку з голасам. Некалькі разоў нашу кароткаметражку паказвалі па тэлебачанні, мы часта дэманстравалі яе ў вясковых клубах. Яна збірала поўныя залы.

Акрамя гэтага, Фёдар Паўлавіч удзельнічаў у стварэнні перасовачных фотавыстаў, паказваў зламаны ў ДТЗ да непазнавальнасці легкавік. Усё гэта не пакідала грамадзян абыякавымі.

- Пазней захацеў стварыць яшчэ адзін фільм - «Няскончаны рэйс», - працягвае афіцэр. - Здымалі яго ўжо на шырокую плёнку разам з кіеўскім рэжысёрам В. Шапавалавым. У аснове - дзве аварыі са смяротным зыходам у Ваўкавыску і Астравецкім раёне. Кіно ўяўляе сабой аповед сведкі перакульвання самазвала і пажару, у якім зажыва згарэў вадзіцель - хлопец з суседняй вёскі, які толькі вяр­нуўся з войска. На заднім плане маленькая дзяўчынка палачкай на месцы трагедыі разграбае папялішча. Гэта стужка зрабіла вялікае ўражанне на ўдзельнікаў Усесаюзнай нарады па бяспецы дарожнага руху ў Маскве, яе ўхвалілі і вядучыя кінастудыі краіны - імя М. Горкага, А. Даўжэнкі, «Масфільм».

Аб наватарстве

- Калі стары будынак Гродзенскага РАУС пайшоў пад знос, нам, супрацоўнікам ДАІ і дарожна-патрульнай службы, спатрэбілася новае памяшканне, - успамінае ветэран. - Дазвол на будаўніцтва атрымаў на прыёме ў другога сакратара абкама Сяргея Кабяка літаральна за дзесяць хвілін. Ужо праз год мы сталі навасёламі.

Фёдар Паўлавіч на пасадзе начальніка УУС ініцыяваў стварэнне коннага ўзвода. Тады частымі былі напады на жанчын у лясным масіве «Пышкі». Пешыя нарады, патрулі на матацыклах, засады не давалі выніку. З дапамогай новага пад­раздзялення ўдалося вырашыць праблему і ўзяць пад кантроль ускраіны горада. Ветэран і цяпер шкадуе аб тым, што наступныя кіраўнікі не захавалі гэты міліцэйскі ўзвод.

У гады перабудовы Ф. Гу­дзей быў спачатку намеснікам начальніка, а затым і начальнікам УУС Гродзеншчыны.

- У той час у горадзе часта праходзілі мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі, - распавядае афіцэр. - Ні ў якім разе нельга было абвастраць сітуацыю. Памятаю, як адна з актывістак, атабарыўшыся ў палатцы на плошчы Леніна, абвясціла галадоўку. Многія, у тым ліку і прэса, якая кругласутачна дзяжурыла ў кустах, разлічвалі на тое, што міліцыя стане яе выдвараць.

Фёдар Паўлавіч вырашыў: грама­дзянка мае канстытуцыйнае права абвясціць галадоўку, а мы абавязаны даць ёй бяспеку, ваду, медыцынскую дапамогу. Жанчыне ніхто не перашкаджаў. Праз пару дзён яе разам з палаткай забралі сваякі, а журналісты не атрымалі жаданага скандалу.

- Як неабыякавы ветэран, лічу патрэбным звярнуцца да дзеючых супрацоўнікаў, - працягвае Фёдар Гудзей. - Хочацца, каб у кожным парушальніку яны бачылі ў першую чаргу чалавека, прымалі толькі справядлівыя і ўзважаныя рашэнні. Калегі, умацоўвайце міліцэйскае братэрства! Ніколі не забывайце пра гонар. Ведайце, аўтарытэт праваахоўніка - гэта ўжо палова поспеху яго працы.

Марыя ІРХА.
Фота Аляксея БІБІКАВА і з архіва УУС Гродзеншчыны.