www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

23 жніўня 2018У Беларусі будзе павялічвацца колькасць кіберзлачынстваў

У Беларусі будзе павялічвацца колькасць кіберзлачынстваў. Такое меркаванне выказаў начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС Беларусі Вадзім Усціновіч сёння ў час круглага стала ў прэс-цэнтры Sputnik Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За мінулы перыяд бягучага года ўжо зарэгістравана каля 2,5 тыс. кіберзлачынстваў. Для параўнання: у 2017 годзе было зарэгістравана 3099. Інакш кажучы, за першае паўгоддзе гэтага года ўдзельная вага злачынстваў у сферы інфармацыйнай бяспекі павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на амаль 1 тыс. злачынстваў. Гэта даволі значны рост для маштабаў нашай краіны", - сказаў Вадзім Усціновіч. Паводле яго прагнозаў, колькасць такіх злачынстваў будзе толькі павялічвацца, ніякіх перадумоў для змяншэння фактаў такой дзейнасці няма.


Начальник управления по раскрытию преступлений в сфере высоких технологий МВД Беларуси Вадим Устинович
© SPUTNIK / ВИКТОР ТОЛОЧКО

Прадстаўнік МУС адзначыў, што 75 працэнтаў учыненых злачынстваў складаюць крадзяжы з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі, астатнія - злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі. Самы распаўсюджаны артыкул Крымінальнага кодэкса - 349-ы (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі). Колькасць яго прымянення супастаўна з колькасцю ўчыненых такіх злачынстваў за ўвесь 2017 год.

Следчы па асабліва важных справах цэнтральнага апарату Следчага камітэта Беларусі Міхаіл Дубко паведаміў, што з 2010 года рэгіструецца каля 2-2,5 тыс. камп'ютарных злачынстваў у год. "Колькасць зарэгістраваных у гэтым годзе высокатэхналагічных злачынстваў перавышае ўжо агульную колькасць насільных - забойстваў, згвалтаванняў, разбояў і іншых. Мы можам гаварыць, што злачынствы з бытавой сферы пераходзяць у сферу выкарыстання камп'ютарных сістэм. Калі раней злачынствы, прадугледжаныя 31-й главой КК, гэта значыць толькі камп'ютарныя, складалі 5-10 працэнтаў, то па выніках мінулага года - ужо 25 працэнтаў", - удакладніў прадстаўнік СК.

Ён таксама адзначыў узровень латэнтнасці гэтых злачынстваў. Паводле розных ацэнак, праваахоўнікам становіцца вядома толькі аб 10 працэнтах такіх дзеянняў. На гэта ёсць розныя прычыны - людзі, зыходзячы з розных матываў, не хочуць звяртацца ў праваахоўныя органы, а некаторыя пацярпелыя суб'екты могуць і не ведаць пра ўчыненае адносна іх злачынства. "Колькасць такіх інцыдэнтаў у нашай краіне можа вылічацца сотнямі тысяч у год", - выказаў меркаванне Вадзім Усціновіч.