www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

8 чэрвеня 2017У Мінску адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў дзяржаў - членаў АДКБ

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэлегацыі Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, а таксама прадстаўнікі Сакратарыята АДКБ. Пасяджэнне адкрыў Міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч.

- У гэтым годзе нам быў аказаны высокі гонар стаць арганізатарам чарговага пасяджэння Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў АДКБ, - адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства. - Міжнародная антынаркатычная аперацыя “Канал – Заходні заслон”, якая адбылася напярэдадні ў Брэсце, у чарговы раз прадэманстравала згуртаванасць краін - удзельніц Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў супрацьдзеянні наркактрафіку і неабходнасць далейшага нарошчвання патэнцыялу ў гэтай сферы. На сучасным этапе нарказлачыннасць набывае новыя формы, становіцца больш латэнтнай, характарызуецца ўдасканаленымі спосабамі здзяйснення і імкненнем пашырыць крымінальную прастору. Усё гэта абавязвае нас удасканальваць стратэгію нацыянальных прававых і праваахоўных сістэм, грунтуючыся на прынцыпе адзінага падыходу.

З прывітальным словам выступілі намеснік Генеральнага сакратара АДКБ Ара Бадалян і Старшыня КСОПН, статс-сакратар - намеснік Міністра ўнутраных спраў Расіі правадзейны дзяржаўны саветнік Расійскай Федэрацыі 1-га класа Ігар Зубаў.

На парадак дня было вынесена некалькі пытанняў. Прадстаўнікі кожнай з дзяржаў распавялі пра стан і дынаміку развіцця наркасітуацыі ў сваіх краінах. Першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Беларусі генерал-маёр міліцыі Іван Падгурскі падрабязна спыніўся на выніках міжнароднай антынаркатычнай аперацыі “Канал – Заходні заслон”.

Выкарыстанне Глабальнай сеткі для распаўсюджвання наркотыкаў з'яўляецца ключавой праблемай для ўсіх без выключэння дзяржаў. Напрыклад, меры, што прымаюцца ў Беларусі, толькі ў гэтым годзе дазволілі прыцягнуць да адказнасці больш за 100 чалавек, якія маюць дачыненне да арганізацыі дзейнасці па распаўсюджванні наркотыкаў з дапамогай Інтэрнэту. Карэкціроўка беларускага заканадаўства, якое рэгламентуе дзейнасць у віртуальнай прасторы, стварэнне спецыялізаваных падраздзяленняў інтэрнэт-разведкі наркакантролю МУС дазволілі максімальна хутка блакаваць асноўныя рэсурсы, з дапамогай якіх ажыццяўлялася распаўсюджванне псіхаактыўных рэчываў. За апошнія два гады супрацоўнікі міліцыі спынілі дзейнасць больш за 200 інтэрнэт-крамаў па рэалізацыі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, прынялі меры па абмежаванні доступу да 41 сайту, якія змяшчалі паведамленні або матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Заблакіравалі амаль тысячу кашалькоў электронных грошай розных плацежных сістэм, больш за 80 кліентам анулявалі ідэнтыфікацыю. Падчас сустрэчы начальнік ГУНіСГЛ КМ Криминальная милиция МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Генадзь Казакевіч падзяліўся вопытам беларускіх праваахоўнікаў у супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў з выкарыстаннем Інтэрнэту.

Пасля пасяджэння бакі падпісалі выніковыя дакументы. У прыватнасці, зацверджаны план асноўных мерапрыемстваў КСОПН на 2018 год. Таксама ўнесены змены ў Палажэнне аб КСОПН дзяржаў - членаў АДКБ. У ліку адобраных рашэнняў - прызначэнне кіраўніка рабочай групы па арганізацыі антынаркатычных аперацый і іншых напрамкаў дзейнасці ў рамках кампетэнцыі КСОПН і яго намесніка, зацвярджэнне Палажэння аб рабочай групе.

На прэс-канферэнцыі Іван Падгурскі адзначыў, што беларускаму боку выпаў унікальны выпадак паказаць свой прафесіяналізм, навыкі, уменні ў арганізацыі сумесна з іншымі дзяржаўнымі структурамі процідзеяння незаконнаму паступлення наркотыкаў.

- Беларусь з'яўляецца заходняй мяжой краін - удзельніц АДКБ. Мы засяродзілі намаганні на недапушчэнне забароненых рэчываў як на тэрыторыю нашай рэспублікі, так і краін-партнёраў, - падкрэсліў І. Падгурскі.

Старшыня КСОПН Ігар Зубаў адзначыў, што сумеснымі намаганнямі ўдалося знізіць паступленне наркотыкаў на тэрыторыю дзяржаў - удзельніц АДКБ з Афганістана, нягледзячы на тое, што на яго тэрыторыі пастаянна павялічваецца іх вытворчасць.

Краіны АДКБ вывучаць беларускі вопыт у барацьбе з нелегальным абаротам наркотыкаў праз Інтэрнэт. “Беларусь прадставіла вельмі цікавыя напрацоўкі на гэты конт, метадычныя матэрыялы. Яны распаўсюджаны паміж членамі дэлегацый”, - канстатаваў І. Зубаў.

Ара Бадалян станоўча ацаніў вопыт ўзмацнення жорсткасці адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў у Беларусі. На яго думку, неабходна выпрацаваць тыпавы падыход да гэтага пытання, распаўсюдзіць яго на ўсе краіны.

Плануецца, што чарговае пасяджэнне КСОПН пройдзе пасля міжнароднай антынаркатычнай аперацыі “Канал-Кардон” на тэрыторыі Кыргызскай Рэспублікі ў першым паўгоддзі наступнага года.