www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

9 чэрвеня 2017Атэстаты аб заканчэнні Спецыялізаванага ліцэя МУС атрымалі 38 выпускнікоў

Рытуал уручэння атэстатаў і знакаў аб заканчэнні навучальнай установы пачаўся з пастраення віноўнікаў свята, родных і блізкіх, афіцэраў і гасцей. Усіх тых, хто сабраўся, вітаў Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

- Заканчэнне вучобы ў ліцэі - гэта першы важны жыццёвы этап, у минулым – нялёгкая вучоба, вопыт пераадолення сябе, выхаванне сілы волі і адказнасці, - адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства. - Сёння вы павінны разумець, што ад вас, будучых афіцэраў, ад таго, наколькі добрасумленна вы паставіцеся да службы, як прыстойна вы будзеце сябе паводзиць у розных сітуацыях, будзе залежаць аўтарытэт ліцэя як міліцэйскай школы.

Асобныя словы ўдзячнасці былі сказаны выкладчыцкаму складу за часцінку душы, якую яны ўклалі ў кожнага выпускніка.

У ліцэі МУС сёння 227 навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную базавую і агульную сярэднюю адукацыю, а таксама першасныя веды і навыкі, неабходныя для вучобы ў ваенізаваных ВНУ і далейшай службы.

Не вучобай адзінай жывуць ліцэісты: кадэцкі баль, сувораўскія чытанні, конкурсы “Мы выбіраем шлях”, “Патрыёт”, “Феміда”, спартыўныя спаборніцтвы - толькі частка вольнага часу. Многія вучні наведваюць гурткі і секцыі. Разнастайныя і хобі хлапчукоў.

У гэтым годзе ліцэісты годна выступілі ў канцэрце і ўрачыстым парадзе з нагоды векавога юбілею беларускай міліцыі.

Да настаўнікаў і таварышаў са словамі ўдзячнасці ў адказ звярнуўся віцэ-сяржант Аляксандр Малей. Для выпускніка пытанне аб паступленні ў ліцэй не стаяла: ён заўсёды ведаў, што будзе насіць пагоны, і вырашыў пачаць з кадэцкіх.

- Будучая афіцэрская служба запатрабуе ад нас сілы волі, дысцыплінаванасці, гатоўнасці стаць на абарону сваёй краіны. У ліцэі мы атрымалі добрыя тэарэтычныя веды і практычны вопыт, але на гэтым засваенне будучай прафесіі толькі пачынаецца, - падзяліўся выпускнік. - Веды, якія мы атрымалі, нам яшчэ толькі трэба будзе навучыцца ўжываць, і наступнай прыступкай для мяне стане Акадэмія МУС.

Для бацькоў выпускнікоў сёння не менш хвалюючы дзень.

Наталля Рэмень прыйшла павіншаваць сына Максіма і адзначыла выключна добрае ўражанне ад ўстановы адукацыі. Магчыма, паўплывала тое, што Максім практычна кожныя выхадныя прыязджаў дадому: хлопчык добра вучыўся, і праблем з дысцыплінай не было.

Алена Калюта, мама чацвярых дзяцей, двое з якіх вучацца ў ліцэі МУС, распавяла, што ім вучоба даецца нялёгка. Хлопчыкі ўсё роўна імкнуцца і будуць спрабаваць паступіць у ваенную і міліцэйскую Акадэміі.

У віноўнікаў урачыстасці і іх родных зусім няшмат часу адпачыць: наперадзе уступныя выпрабаванні. Дарэчы, з 38-мі выпускнікоў 20 ужо гатовыя працягнуць навучанне ў Акадэміі МУС.