www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

19 чэрвеня 2017Стартаваў Адкрыты чэмпіянат Міністэрства ўнутраных спраў па стэндавай стральбе

Сёння ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС (в. Гарані Мінскага раёна) стартаваў Адкрыты чэмпіянат Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па стэндавай стральбе, прысвечаны Дню Незалежнасці Беларусі.

Палігон для стэндавай стральбы ў в. Гарані, на якім два дні будуць спаборнічаць у трапнасці 15 каманд сілавых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама іншых арганізацый, быў створаны нядаўна і адпавядае ўсім міжнародным стандартам.

З прывітальным словам і пажаданнямі да гасцей і ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

Для супрацоўнікаў міліцыі гэты від спорту хоць і малады, але вельмі перспектыўны. Стральба па талерках выпрацоўвае вокамгненную рэакцыю, аналітычнае мысленне, высокую канцэнтрацыю, што павінна быць уласціва супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Сёння беларуская федэрацыя стэндавай стральбы аб'ядноўвае больш за 2 тысячы чалавек. З 2010 года айчынныя стралкі сталі паўнапраўнымі членамі Міжнароднай федэрацыі стральбы са спартыўна-паляўнічай зброі. Стэндавая стральба ўключана ў праграму Другіх Еўрапейскіх Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску ў 2019 годзе.

Міністэрства ўнутраных спраў займае годнае месца ў папулярызацыі спорту высокіх дасягненняў, у культываванні здаровага ладу жыцця. І гэты год, аб'яўлены ў МУС Годам прафесійнай падрыхтоўкі, яшчэ адно пацверджанне прыхільнасці кіраўніцтва ведамства да пастаяннага ўдасканалення фізічнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў.

Спаборніцтвы праводзяцца па афіцыйных міжнародных правілах, кваліфікацыя - 100 мішэняў, фінал - 25. Па выніках кваліфікацыйнай стральбы вызначацца каманды-прызёры і шэсць удзельнікаў фіналу ў асабістым заліку. У фінале, які адбудзецца заўтра, вызначацца прызёры ў асабістым першынстве.