www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МІЛІЦЫІ


Міліцыя зараджалася ў агні першай рускай рэвалюцыі. Імкнучыся ўмацаваць сваё становішча, Часовы ўрад яшчэ 3 сакавіка 1917 года абвясціў «... замену паліцыі народнай міліцыяй з выбарным начальствам, падпарадкаваных органам мясцовага самакіравання». Прававыя асновы арганізацыі і дзейнасці народнай міліцыі вызначаліся ў пастанове «Аб заснаванні міліцыі» і ў «Часовым палажэнні аб міліцыі», выдадзеных 17 красавіка 1917 года. Згодна з «Часовым палажэннем» замест вонкавай паліцыі заснавалася міліцыя як выканаўчы орган дзяржаўнай улады.

У Беларусі, як і ў цэлым у Расіі, на змену старой царскай паліцыі прыходзіць народная міліцыя. 4 сакавіка са сцен канцылярыі грамадзянскага каменданта г.Мінска выйшаў прававы акт, згодна з якім служачы Усерасійскага земскага саюза Міхаіл Аляксандравіч Міхайлаў (пад гэтым псеўданімам дзейнічаў у Мінску Міхаіл Васільевіч Фрунзэ) прызначаўся часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў горадзе.

4 сакавіка 1917 года з'яўляецца днём нараджэння беларускай міліцыі. Менавіта ў гэты дзень атрады баявых дружын рабочых і міліцыі раззброілі былую паліцыю, захапілі гарадское паліцэйскае кіраванне, архіўнае і вышуковае аддзяленні, узялі пад сваю ахову важнейшыя дзяржаўныя ўстановы, пошту і тэлеграф. Мінск, такім чынам, стаў цэнтрам стварэння міліцыі.

Невель, які ўваходзіў тады ў Паўночна–Заходні край, 5 сакавіка рапартаваў Мінску аб стварэнні міліцыі. 7 сакавіка падобная тэлеграма прыйшла з Веліжскага, 9-га – з Езярышчанскага, 10-га – з Суражскага паветаў, затым з Дзвінска, Віцебска, Лепеля і іншых гарадоў і паветаў Беларусі.



Група работнікаў штаба Мінскага гарадской міліцыі. Кастрычнік 1917 года 28 кастрычніка (10 лістапада) 1917 НКУС па паўнамоцтвах СНК выдаў пастанову «Аб рабочай міліцыі», якая з'явілася першым нарматыўным актам, што вызначыла стварэнне савецкай міліцыі як выканаўчага органа мясцовых Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пастанова юрыдычна замацоўвала стварэнне ў краіне органа аховы рэвалюцыйнага парадку – савецкай міліцыі.

На з'ездах Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, што праходзілі ў канцы 1917 – пачатку 1918 года ў Беларусі, разам з іншымі вырашаліся пытанні стварэння новай міліцыі як органа аховы рэвалюцыйнага парадку і ўзброенай сілы Саветаў. 16 мая 1918 года калегія НКУС прыняла наступнае рашэнне: міліцыя існуе як пастаянны штат асоб, які выконвае спецыяльныя функцыі; арганізацыя міліцыі павінна ажыццяўляцца незалежна ад арганізацыі Чырвонай Арміі, функцыі іх павінны быць строга размежаванымі.

Асноўным прававым дакументам, які вызначыў дзейнасць міліцыі, была інструкцыя НКУС і НКЮ ад 12 кастрычніка 1918 года «Аб арганізацыі савецкай рабоча-сялянскай міліцыі».



Парад работнікаў міліцыі і частак Чырвонай Арміі Віцебскага гарнізона ў дзень святкавання гадавіны Чырвонай Арміі. 1919 год.
1 жніўня 1918 г. было створана Упраўленне міліцыі, 7 кастрычніка гэтага ж года яно перайменавана ў Галоўнае ўпраўленне савецкай рабоча-сялянскай міліцыі.

1 студзеня 1919 года абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь са сталіцай у Мінску.

Міліцыя, будучы часткай адзінага дзяржаўнага механізму, не магла быць у баку ад вырашэння галоўнай задачы – разгрому замежных інтэрвентаў і так званай унутранай контррэвалюцыі. Таму разам з аховай грамадскага парадку, барацьбой са злачыннасцю на міліцыю ўскладалі шэраг задач па абароне маладой рэспублікі, удзелу ў баявых дзеяннях супраць акупантаў.
Асноўныя функцыі органаў унутраных спраў неаднаразова перажывалі змены, ўдакладняліся і паступова стабілізаваліся. Была выпрацавана адзіная зверху данізу структура як сістэмы ў цэлым, так і асобных службаў і органаў у прыватнасці, што дазволіла 30 лістапада 1920 года распрацаваць першае Палажэнне аб Галоўным упраўленні міліцыі БССР. У сакавіку 1924 года адбылося пашырэнне тэрыторыі рэспублікі. Да яе адышлі 15 паветаў і шэраг валасцей Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў, якія ўваходзілі ў РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика, населеных пераважна беларусамі. Другая сесія ЦВК БССР VI склікання, якая адбылася 10 – 17 ліпеня 1924 года, заканадаўча замацавала новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне рэспублікі, у выніку якога ў Беларусі было створана 10 акруговых упраўленняў міліцыі і крымінальнага вышуку, 100 раённых і 12 гарадскіх аддзяленняў міліцыі.


Страявыя заняткі міліцыянтаў. Гомель. 1921 год.



Кіраўніцтва Невельскай міліцыі. 1925 год.


Органы міліцыі падпарадкоўваліся як выканкаму, так і адпаведнаму ўпраўленню міліцыі НКУС. У канцы 1926 года адбылося новае пашырэнне тэрыторыі Беларусі, да якой адышлі Гомельскі і Рэчыцкі паветы, якія ўваходзілі да гэтага ў РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика.

Пачатак пераходу да новага этапу арганізацыйнага будаўніцтва – цэнтралізаванага кіравання дзейнасцю органаў міліцыі і крымінальнага вышуку ў маштабе СССР – паклала прыняцце ЦВК і СНК СССР пастановы ад 15 снежня 1930 года «Аб ліквідацыі народных камісарыятаў ўнутраных спраў саюзных і аўтаномных рэспублік». З ліквідацыяй НКУС саюзных і аўтаномных рэспублік стваралася самастойная цэнтралізаваная сістэма органаў па барацьбе са злачыннасцю, ахове грамадскай бяспекі і рэвалюцыйнага парадку.

З увядзеннем агульнасаюзнага становішча цэнтральным органам у рэспубліцы стала Галоўнае ўпраўленне міліцыі пры Савеце Народных Камісараў БССР, а мясцовымі органамі – гарадскія і раённыя ўпраўленні міліцыі. На Галоўнае ўпраўленне міліцыі ўскладаліся арганізацыя і кіраўніцтва паўсядзённай дзейнасцю рабоча-сялянскай міліцыі, вызначэнне месца яе дыслакацыі, структуры і штатаў з наступным зацвярджэннем іх СНК. У верасні 1931 года Саўнаркамам рэспублікі было зацверджана палажэнне аб Галоўным упраўленні рабоча-сялянскай міліцыі пры СНК БССР.

13 ліпеня 1934 года НКУС СССР выдаў загад «Аб арганізацыі органаў НКУС на месцах», у сувязі з чым наркаматы ўнутраных спраў былі створаны ва ўсіх саюзных рэспубліках, у тым ліку і ў Беларускай ССР. ЦВК БССР 15 ліпеня 1934 г. прыняў пастанову аб утварэнні НКУС, уключыўшы ў яго склад органы ДПК. У абласных цэнтрах Беларускай ССР, некаторых гарадах і раёнах былі сфарміраваны ўпраўленні НКУС.

У 1937 годзе Надзвычайны XII Усебеларускі з'езд Саветаў прыняў новую Канстытуцыю БССР, у адпаведнасці з якой рашэннем Вярхоўнага Савета БССР на тэрыторыі рэспублікі ў 1938 году ўсталёўвалася абласное дзяленне. Адначасова з іншымі абласнымі органамі ствараецца кіраванне НКУС кожнай вобласці з падначаленнем яму ўпраўлення міліцыі і адпаведных аддзелаў.

Асабліва ярка праявіліся высокія прафесійныя і асабістыя якасці супрацоўнікаў міліцыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Міліцыя Беларусі была пераведзена на ваеннае становішча і цалкам падпарадкаваная задачы абароны краіны і разгрому ворага. Яна вяла рашучую барацьбу з парушальнікамі правапарадку, дэзертырамі, марадзёрамі, панікёрамі, чысціла гарады і абаронна-гаспадарчыя пункты ад злачынных элементаў, выяўляла варожых агентаў і правакатараў, падтрымлівала арганізаваную эвакуацыю насельніцтва, прамысловых прадпрыемстваў, іншых гаспадарчых грузаў у глыб краіны. У Беларусі, на тэрыторыі якой з першых дзён вайны разгортваўся асноўны тэатр баявых дзеянняў, перад работнікамі міліцыі паўставалі і дадатковыя, асаблівыя абавязкі. Ім першым даводзілася сутыкацца непасрэдна з фашысцкімі парашутыстамі, дэсантнымі групамі праціўніка, дзейнічаць у баявой абстаноўцы. Галоўным кіраваннем міліцыі НКУС СССР было прынята рашэнне аб пераводзе працы вонкавай службы на дзве змены – па 12 гадзін кожная. На час вайны адмяняліся адпачынкі. Прымаліся меры да папаўнення брыгад садзейнічання міліцыі, арганізацыі груп садзейнічання знішчальным батальёнам і груп аховы грамадскага парадку.

Апараты крымінальнага вышуку перабудоўвалі аператыўна-вышуковую дзейнасць з улікам тых змен, якія адбыліся ў ваенны час. Асаблівая ўвага звярталася на выяўленне варожай агентуры, дэзерціраў, распаўсюджвальнікаў ілжывых чутак, канфіскацыю зброі ў злачыннага элемента, прафілактыку злачынстваў, у тым ліку сярод непаўналетніх.

Апараты БКСМ галоўную ўвагу засяродзілі на ўзмацненні аховы аб'ектаў народнай гаспадаркі, нарміраваных прадуктаў, на спыненні злачыннай дзейнасці раскрадальнікаў, спекулянтаў, фальшываманетчыкаў, пад асаблівы кантроль былі ўзяты нарыхтоўчыя арганізацыі і арганізацыі забеспячэння, прадпрыемствы харчовай прамысловасці і гандлёвай сеткі.

Падчас вызвалення Беларусі дзейнічалі аператыўна-чэкісцкія групы, задачай якіх была непасрэдная падрыхтоўка да аднаўлення дзейнасці органаў міліцыі.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны аператыўная абстаноўка ў Беларусі была вельмі складаная, асабліва у заходніх абласцях, дзе дзейнічалі арганізаваныя банды. Як і да вайны, кіраванне органамі міліцыі было цэнтралізаваным. Вышэйшым органам міліцыі з'яўлялася Галоўнае ўпраўленне міліцыі НКУС СССР. У НКУС саюзных, аўтаномных рэспублік дзейнічалі адпаведныя ўпраўленні міліцыі. Начальнікі гэтых упраўленняў адначасова з'яўляліся намеснікамі наркамаў ўнутраных спраў па міліцыі.

18 сакавіка 1946 года V сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Закон аб пераўтварэнні СНК СССР у Савет Міністраў СССР, а народных камісарыятаў – у міністэрства. НКУС СССР пераўтвараецца ў Міністэрства ўнутраных спраў СССР. У структуры МУС СССР асноўную ролю ў забеспячэнні аховы грамадскага парадку адыгрывала Галоўнае ўпраўленне міліцыі.


Асабісты склад Добрушскай міліцыі. 1946 год.


26 сакавіка 1946 года НКУС БССР быў перайменаваны ў Міністэрства ўнутраных спраў БССР.


23 жніўня 1950 года МУБ СССР ажыццяўляе рэарганізацыю Галоўнага ўпраўлення міліцыі. Была распрацавана новая структура мясцовых органаў міліцыі. Скасоўваецца занальны прынцып кіраўніцтва мясцовымі органамі вышуку і уводзіўся лінейны – па відах злачынстваў.



Вучэбны збор супрацоўнікаў ўпраўленне міліцыі МДБ Віцебскай вобласці. 1950 год.

Нялёгкім выдаўся пачатак 50–х. Асабліва напружаным для супрацоўнікаў беларускай міліцыі, як і для іх калег з іншых савецкіх рэспублік, стаў 1953 год – год памятнай амністыі. Мелася нямала фактаў, калі мацёрыя злачынцы, якія трапілі пад амністыю, актыўна ўцягвалі ў супрацьзаконную дзейнасць і падлеткаў. Аператыўная абстаноўка ў рэспубліцы стабілізавалася толькі праз два гады. Смерць І.В. Сталіна ў сакавіку 1953 года істотна змяніла развіццё Савецкай дзяржавы, у тым ліку і праваахоўнай сістэмы. Ужо 5 сакавіка 1953 года на сумесным пасяджэнні Пленума ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР прынята рашэнне аб аб'яднанні МДБ СССР і МУС СССР у адно міністэрства – МУС СССР. Істотныя змены зведала структура міліцыі. Так, згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19 мая 1954 года з сістэмы МУС у чарговы раз былі вылучаны і арганізацыйна аформлены органы дзяржаўнай бяспекі. Міліцыя заняла сваё гістарычна і функцыянальна абумоўленае месца ў сістэме праваахоўных органаў. Да 60–70-ых гадоў органы ўнутраных спраў Беларусі па эфектыўнасці дзейнасці ўжо зваліся лепшымі ў сістэме МУС Саюза ССР, служылі базай для паказу калег з розных рэгіёнаў СССР перадавых форм і метадаў работы. Шырокі размах атрымала ўсенародная падтрымка дзейнасці беларускай міліцыі – з году ў год павялічваліся шэрагі народных дружыннікаў, ўдасканальвалася сістэма грамадскіх пунктаў аховы парадку, паглыбляліся сувязі органаў унутраных спраў з іншымі фарміраваннямі грамадскасці.

Найбольш буйной і маштабнай рэарганізацыяй сістэмы МУС з'явіліся мерапрыемствы пачатку 60-х гадоў – скасаванне ў студзені 1960 года цэнтральнага органа кіравання і каардынацыі дзейнасці ўсіх органаў унутраных спраў – саюзна-рэспубліканскага Міністэрства ўнутраных спраў СССР, а таксама пераўтварэнне Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 9 лютага 1962 года МУС БССР з саюзна-рэспубліканскага ў рэспубліканскае.

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 30 студзеня 1962 года было зацверджана Палажэнне аб Міністэрстве, дзе былі замацаваны задачы, функцыі, сістэма яго структурных падраздзяленняў і іх падпарадкаванасць, правы і абавязкі, а таксама формы і метады працы. Калектыўным органам, які каардынаваў працу ўсіх звёнаў апарата па барацьбе са злачыннасцю, з'яўлялася калегія міністэрства, куды ўваходзілі найбольш вопытныя кіраўнікі. З верасня 1962 года калегіі былі ўтвораны ў абласных упраўленнях унутраных спраў выканкамаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўных.

5 верасня 1962 года МУС БССР перайменавана ў Міністэрства аховы грамадскага парадку – МАГП БССР. Адпаведна абласныя УУС былі перайменаваны ва ўпраўленні аховы грамадскага парадку выканкамаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўных. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ў лістападзе 1962 года зацвердзіў тэкст Прысягі, парадак яе прыняцця асабовым складам міліцыі, заснаваў Чырвоныя сцягі для гарнізонаў міліцыі рэспублікі. Увядзенне прысягі і ўстанова Чырвоных сцягоў надавала дзейнасці міліцыі яшчэ большую сацыяльна-палітычную вагу, падымала яе прэстыж.




Урачыстая Прысяга супрацоўнікаў Мінскага гарнізона міліцыі. 1962 год.

Паўсюдна арганізоўвалася правядзенне ўрачыстых рытуалаў прыняцця асабовым складам прысягі на вернасць сацыялістычнай Радзіме і Савецкаму ўраду. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 верасня 1962 года ўстанаўліваецца Дзень Савецкай міліцыі, які штогод адзначаецца 10 лістапада.

Урачысты марш курсантаў Магілёўскай сярэдняй спецыяльнай школы транспартнай міліцыі. 1963 год.

Адным з найважнейшых змяненняў у арганізацыі органаў унутраных спраў было пераўтварэнне, у адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 9 снежня 1968 года, МАГП БССР у Міністэрства ўнутраных спраў Беларускай ССР, а абласных УАГП – ва ўпраўленні ўнутраных спраў адпаведных выканкамаў абласных Саветаў дэпутатаў працоўных. Гэтая рэарганізацыя прывяла змест і структуру ведамства ў адпаведнасць з пастаўленымі перад ім задачамі. На сярэдзіну 80–х прыйшліся часы грамадска–палітычнай і эканамічнай дэстабілізацыі жыцця краіны. Гэтыя з'явы суправаджаліся абвастрэннем крымінальнага становішча, а значыць і істотным павелічэннем нагрузкі на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. У той жа час УУС вялася вялікая праца па ўдасканаленні сістэмы рэагавання на заявы і паведамленні пра злачынствы, паляпшэнні іх папярэджання і раскрыцця. Удасканальвалася сістэма патрульна-паставой службы, прымаліся меры па ўмацаванні грамадскага парадку на вуліцах, у іншых месцах масавага знаходжання людзей, павышэнні арганізаванасці дарожнага руху і ўзмацненні выхаваўчай працы з кіроўцамі ў аўтагаспадарках, актывізацыі барацьбы з п'янствам і алкагалізмам.


Участковы інспектар міліцыі з дружыннікамі на Плошчы Перамогі ў горадзе Мінску. 1985 год.

Органы ўнутраных спраў у гэтыя гады прымалі актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, падтрыманні правапарадку ў Арменіі, Нагорным Карабаху, іншых рэгіёнах былога СССР.

Першы крок на шляху набыцця палітычнай самастойнасці Беларусі быў зроблены 27 ліпеня 1990 году. У гэты дзень Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР, у якой сказана, што Беларуская ССР мае права на ўласныя ўзброеныя сілы, ўнутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі.

У лютым 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў, а з 1 сакавіка гэтага ж года ўвёў у дзеянне Закон «Аб міліцыі» – асноўны нарматыўны прававы акт, які рэгламентуе дзейнасць органаў унутраных спраў рэспублікі. У адпаведнасці з Законам «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР» Міністэрства ўнутраных спраў БССР пераўтваралася з саюзна–рэспубліканскага ў рэспубліканскае і яму былі перападпарадкаваны ўсе органы ўнутраных спраў СССР на тэрыторыі Беларусі. Услед за гэтым Прэзідыум Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь зацвердзіў тэкст Прысягі радавога і начальніцкага складу і палажэнне аб парадку яе прыняцця, Дысцыплінарны статут органаў унутраных спраў.

Прынцыповае значэнне для эфектыўнага функцыянавання органаў унутраных спраў мае падпісанне 17 ліпеня 2007 года Закона Рэспублікі Беларусь № 263–3 «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь».