www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру 1/3 шырыні сцяга.

Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні і даўжыні сцяга – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўцы (флагштоку), якое фарбуецца ў залацісты (вохра) колер.

Пры цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца з наканечнікам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Наканечнікі вырабляюцца з металу жоўтага колеру.


Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы абвіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы: “Рэспубліка Беларусь”.


Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь


У адпаведнасцi з артыкулам 19 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн з`яўляюцца сiмваламi яе дзяржаўнага суверэнiтэту.

Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь была пастаўлена задача стварэння гiмна новай, незалежнай Беларусi. У якасцi Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь Прэзiдэнт краiны зацвердзiў твор на музыку Н.Сакалоўскага i словы М.Клiмковiча, У.Карызны.

У новым Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь захавана музыка Н.Сакалоўскага, якая сiмвалiзуе пераемнасць гiстарычных традыцый беларускага народа, карыстаецца папулярнасцю i павагай у прадстаўнiкоў розных пакаленняў грамадзян краiны i па сваiх мастацкiх якасцях адпавядае ўсiм патрабаванням, прад`яўляемым да гiмнiчных твораў.

З прапанаваных варыянтаў тэкстаў гiмна на музыку Н.Сакалоўскага камiсiя i грамадскасць аддалi перавагу вершу М.Клiмковiча i У.Карызны. Захоўваючы адпаведнасць меладычным i рытмiчным асаблiвасцям музыкi Н.Сакалоўскага, гэты паэтычны твор у той жа час адлюстроўвае новыя палiтычныя, эканамiчныя i сацыяльныя ўмовы развiцця Рэспублiкi Беларусь як суверэннай, мiралюбiвай дзяржавы, падкрэслiвае патрыятызм i працавiтасць яе грамадзян, сяброўскiя адносiны памiж прадстаўнiкамi ўсiх нацыянальнасцей, якiя жывуць у нашай краiне.

Гэтым жа Указам Кiраўнiк дзяржавы зацвердзiў Палажэнне аб Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь, якое вызначае статус гiмна, умовы i правiлы яго выканання i выкарыстання.

Зацвярджэннем Дзяржаўнага гiмна завяршыўся працэс фармiравання дзяржаўнай сiмволiкi Рэспублiкi Беларусь.


Тэкст Дзяржаўнага гімна


Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Словы М.Клімковіча, У.Карызны
Музыка Н.Сакалоўскага


Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!