www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

4 ліпеня 2017Свята без здарэнняў

У Дзень Незалежнасці прадстаўнікі органаў унутраных спраў забяспечвалі ахову грамадскага парадку пры правядзенні больш за 500 масавых мерапрыемстваў па ўсёй краіне. У свяце паўдзельнічалі больш за мільён чалавек. Традыцыйна самыя маштабныя гулянні прайшлі ў Мінску.

Для забеспячэння бяспекі жыхароў Беларусі і гасцей рэспублікі на пляцоўках з найбольшай колькасцю людзей праваахоўнікі ажыццяўлялі надгляды. Толькі ў сталіцы была арганізавана работа больш за 130 пунктаў пропуску, асобныя КПП былі прадугледжаны для ветэранаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і сем'яў з маленькімі дзецьмі. Гэта дазволіла забяспечыць камфортны і хуткі праход да месцаў правядзення мерапрыемстваў.

Як адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення аховы правапарадку ГУАПП МГБ МУС палкоўнік міліцыі Дзмітрый Кур'ян, свята прайшло без здарэнняў дзякуючы зладжанай працы праваахоўнікаў і прыкметнаму павышэнню прававой культуры беларусаў. Згодна з сутачнай зводкай па рэспубліцы за 3 ліпеня, колькасць зарэгістраваных злачынстваў на парадак ніжэйшы за леташнія лічбы, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку. Так, самым прыкметным здарэннем сталі пошукі бацькоў 6-гадовага хлопчыка, які згубіўся. Дарэчы, гэтая інфармацыя нават не паспела трапіць у міліцэйскі радыёэфір: нягледзячы на вялікую колькасць людзей вартавыя парадку спрацавалі аператыўна і за хвіліны ўз'ядналі сям'ю.

Не зафіксавалі 3 ліпеня надзвычайных сітуацый і на дарогах краіны. Па словах старэйшага інспектара па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху УДАІ МУС падпалкоўніка міліцыі Станіслава Салаўя, вадзіцелі з разуменнем ставіліся да часовых нязручнасцей, звязаных з абмежаваннем руху на асобных участках дарог падчас святочных мерапрыемстваў, і выкарыстоўвалі прапанаваныя варыянты аб'езду.

Праваахоўнікі адзначылі, што задачы па забеспячэнні правапарадку выкананы: у святочны дзень абстаноўка заставалася спакойнай.