www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

2 жніўня 2017Міліцыя нацэлена на забеспячэнне якаснага правядзення ўборачнай кампаніі

Для забеспячэння якаснага правядзення ўборачнай кампаніі, прадухілення злачынных замахаў на маёмасць сельскагаспадарчых арганізацый і крадзяжоў збожжа новага ўраджаю органы ўнутраных спраў праводзяць комплекс аператыўна-вышуковых і прафілактычных мерапрыемстваў.

Як распавёў журналістам намеснік начальніка 1-га ўпраўлення ГУБЭЗ КМ Криминальная милиция МУС палкоўнік міліцыі Валерый Балабуеў, па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ОУС арганізавана праца па кантролі за гатоўнасцю сельгастэхнікі да ўборачнай кампаніі, захаванні правіл яе эксплуатацыі, забеспячэнні захаванасці ўраджаю, барацьбе з парушэннямі працоўнай дысцыпліны і безгаспадарчасцю.

- Як і ў мінулым годзе, выяўляем факты разукамплектацыі тэхнікі: пад маркай рамонту адной адзінкі разбіраецца іншая, якая ў выніку нярэдка не падлягае аднаўленню, - адзначыў палкоўнік міліцыі.

Валерый Балабуеў падкрэсліў, што МУС сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання распрацоўваецца адзіная інфармацыйная сістэма, якая дасць магчымасць забяспечыць цэнтралізаваны ўлік ўсёй наяўнай сельгастэхнікі ў краіне з улікам як патрэб гаспадарак, так і фактычнага стану.

- Вывучаем таксама парадак арганізацыі захаванасці ўраджаю і тэхнікі на месцах і ўжо выявілі шэраг парушэнняў, - працягнуў прадстаўнік ГУБЭЗ МУС. - У некаторых гаспадарках адсутнічала агароджа мехдвароў, асвятленне, а вартаўнікоў альбо не было на працоўных месцах, альбо яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.

Усё гэта спрыяе крадзяжам таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Ужо складзена 14 адміністрацыйных пратаколаў па факце дробных крадзяжоў, распачаты чатыры крымінальныя справы. Ва ўсіх выпадках прадметамі злачынных замахаў з'яўляліся камплектуючыя сельгастэхнікі (акумулятары да трактароў і камбайнаў, электрарухавікі да зернесушыльных комплексаў) і сельгаспрадукцыя.

У канцы ліпеня супрацоўнікі Свіслацкага РАУС сумесна з пракуратурай раёна ўстанавілі, што мясцовае сельгаспрадпрыемства утылізавала каля 20 тон збожжа трацікалі, нібыта непрыдатнага для перапрацоўкі. Зерне, якое знаходзілася на балансе прадпрыемства і якое захоўвалася па дадзеных бухгалтарскага ўліку ў складскіх памяшканнях, было закапана. Сума шкоды ўстанаўліваецца, праводзіцца праверка.

Старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху УДАІ МУС падпалкоўнік міліцыі Станіслаў Салавей адзначыў, што праца Дзяржаўтаінспекцыі па забеспячэнні бяспекі ў перыяд правядзення ўборачнай кампаніі ідзе па двух напрамках: прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на інфарміраванне работнікаў АПК па ўсіх праблемных пытаннях (ужо праведзена прыкладна 800 выступаў), а таксама арганізацыя суправаджэння сельгастэхнікі.

- Акрамя таго, праводзім планавыя і кантрольныя абследаванні арганізацый аграпрамысловага комплексу, праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў пры выпуску іх на лінію, вяртанні ў гараж, - канстатаваў С. Салавей. - За выпуск няспраўнага транспарту на лінію да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 112 службовых асоб, за невыкананне выдадзеных прадпісанняў - 30. Выяўлена 24 факты ўпраўлення транспартнымі сродкамі механізатарамі сельскагаспадарчых арганізацый, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. У дачыненні да 38 механізатараў, якія знаходзіліся за рулём без пасведчання кіроўцы, складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзмітрыя Турчына, для папярэджання пажараў у перыяд уборкі рэалізуецца цэлы комплекс мер. Увага органаў пажарнага нагляду ў большай ступені акцэнтавана на аказанне кансультацыйнай i метадычнай дапамогі. З работнікамі сельгаспрадпрыемстваў праведзены неабходныя навучальныя семінары. Акрамя таго, супрацоўнікі МНС разам з прадстаўнікамі ОУС і іншых структур, журналістамі ўдзельнічаюць у рэйдах па аб'ектах АПК.