www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

18 жніўня 2017Першае выданне па гісторыі міліцыі


Сёлета наша краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання - агульнанацыянальнае свята, якое занесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

6 жніўня 1517 года наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў першую беларускую кнігу «Псалтыр». Сярод усіх усходне-еўрапейскіх народаў беларусы былі першымі, хто атрымаў друкаваную кнігу на роднай мове. У гэтым кантэксце варта прыгадаць, што 2017-ы азнаменаваны не толькі стогадовым юбілеем беларускай міліцыі, але і 90-годдзем з дня выхаду першай кнігі па гісторыі органаў унутраных спраў.

Увогуле першыя выданні, тэматычна звязаныя з савецкай міліцыяй і яе гісторыяй, з’явіліся ў Беларусі ў 1920-я. Упершыню афіцыйныя агульныя дадзеныя пра міліцыю БССР былі надрукаваны ў даведніку «Белорусская Социалистическая Советская Республика в 1922 - 1923 гг.»

(1924 г.), прымеркаванаму да 5-га з’езду Саветаў Беларусі. У раздзеле «Органы охраны порядка и борьбы с преступностью» адлюстравана інфармацыя, што характарызавала асабовы склад міліцыі і крымінальнага вышуку, напрамкі іх дзейнасці, а таксама змяшчаліся статыстычныя звесткі аб злачыннасці ў рэспубліцы. Адным з самых першых выданняў у СССР па гісторыі міліцыі стала кніга пра станаўленне і дзейнасць міліцыі ў Петраградзе (сёння - Санкт-Пецярбург, Расія) - «За 8 лет: материалы по истории советской рабоче-крестьянской милиции и уголовного розыска за 1917 - 12 ноября 1925 гг.» (Ленінград, 1925 год).

У гісторыі Беларусі перыяд 1920-х адзначаны рэзкімі зменамі ва ўсіх сферах жыцця грамадства, што адбываліся ў працэсе нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР1. Прыкметнай з’явай грамадска-палітычнага жыцця стала беларусізацыя. У шырокім сэнсе яе атаясамліваюць з дзяржаўнай палітыкай, якая ажыццяўлялася ў рэспубліцы з 1924 па 1929 год, галоўнай мэтай якой з’яўляўся планамерны ўвод ва ўсе сферы грамадскага жыцця беларускай мовы як мовы карэннага насельніцтва БССР. Заўважым, што на тэрыторыі Беларусі былі прызнаны раўнапраўнымі чатыры мовы: беларуская, польская, руская і яўрэйская (ідыш), але беларуская мова выбіралася пераважнай «для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі» на падставе «значнай колькаснай перавагі ў Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы насельніцтва беларускай нацыянальнасці», што і было юрыдычна замацавана ў арт. 22 Канстытуцыі БССР 1927 г.

Беларусізацыя з’явілася каталізатарам дынамічнага і ўсебаковага развіцця нацыянальнай культуры. У значнай ступені вынікі палітыкі беларусізацыі адбіліся на кнігавыдавецкай справе ў краіне. Калі да 1924 г. колькасць выдадзеных кніг на беларускай мове не перавышала 20%, то ў 1930 г. выпуск такіх кніг склаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс. экземпляраў)2. Прыярытэтныя кірункі ў кніжным рэпертуары 1920 - 1930-х складала прадукцыя, якая ўздзейнічала на фарміраванне адпаведнага светапогляду новага савецкага чалавека. Вядучае месца ў тэматыцы займала палітычная і сацыяльна-эканамічная літаратура. Бібліятэка беларускамоўных выданняў таксама папоўнілася шматлікай літаратурай па края­знаўству і айчыннай гісторыі.

Менавіта ў гэты час, у 1927 годзе, і пабачыў свет «Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі (1917 - 1927)» (далей - «Кароткі нарыс…»), які выйшаў накладам 1000 асобнікаў пад агульнай рэдакцыяй і з прадмовай народнага камісара ўнутраных спраў Алеся Сташэўскага (1889 - 1938). Складальнікамі былі супрацоўнікі НКУС БССР.

Адзначым, што ў 1920-я міліцыя з’яўлялася самастойнай структурнай адзінкай наркамата ўнутраных спраў БССР, у кампетэнцыю якога ўваходзілі пытанні савецкага будаўніцтва, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання, камунальнай гаспадаркі. Цэнтральны орган па кіраўніцтву міліцыяй у 1924 - 1927 гг.

меў назву Упраўленне (Управа) міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР, у 1927 - 1930 гг. - Адміністрацыйнае ўпраўленне НКУС БССР, у 1930 - 1934 гг. (пасля ліквідацыі НКУС у снежні 1930 г.) - Галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі пры СНК БССР. Трэба падкрэсліць, што ў разглядаемы перыяд у Беларусі адбылося станаўленне прафесіянальнай савецкай міліцыі і былі закладзены асновы яе арганізацыйнай пабудовы, якія і сёння развіваюцца і ўдасканальваюцца, а таксама прынцып падвойнага падначалення міліцыі, калі, з аднаго боку, начальнікі мясцовых органаў міліцыі па рабоце з’яўляюцца непасрэдна падначаленымі і падсправаздачнымі начальнікам вышэйстаячых міліцэйскіх органаў, а з іншага - кіруюцца ўказаннямі мясцовай выканаўчай улады і таксама падсправаздачныя ёй.

Аўтары «Кароткага нарыса…» змаглі сістэматызаваць і ў храналагічным парадку выкласці матэрыял аб арганізацыйнай пабудове міліцыі, яе штатах, матэрыяльным забеспячэнні, раскрытых злачынствах. У кнізе таксама змешчаны кароткія жыццяпісы і фатаграфіі герояў міліцыі, успаміны і апавяданні з жыцця праваахоўнікаў і крымінальнага вышуку, у тым ліку і ўспаміны тагачаснага кіраўніка міліцыі Беларусі - Яўхіма Кроля (1887 - 1940). У «Кароткім нарысе…» упершыню ў беларускіх выданнях былі змешчаны фотаздымкі і біяграфічныя звесткі ўсіх начальнікаў акруговых3 міліцый: Пятра Антонава (Аршанская акруга), Арона Чарняка (Бабруйская), Вальдэмара Элкснэ (Барысаўская), Іллі Млодака (Віцебская), Сымона Партнова (Калінінская4), Сымона Файнштэйна (Магілёўская), Васіля Лазарэнкі (Мазырская), Міхаіла Белаша (Полацкая), Івана Токеры (Слуцкая).

«Кароткі нарыс…» багаты факталагічным матэрыялам і з’яўляецца каштоўнай крыніцай па вывучэнні гісторыі беларускай міліцыі. У кантэкcце гэтага выдання адзначым неадпаведнасць афіцыйных дат заснавання пэўных структурных пад­раздзяленняў органаў унутраных спраў Беларусі гістарычным рэаліям. Так, у прыватнасці, днём заснавання беларускага крымінальнага вышуку лічыцца 5 кастрычніка 1918 г. (Загад МУС Рэспублікі Беларусь ад 05.10.2012 № 345), калі калегія НКУС РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика зацвердзіла палажэнне аб савецкім крымінальным вышуку. Аднак на тэрыторыі Беларусі органы крымінальнага вышуку былі створаны і дзейнічалі ўжо ў 1917 годзе, пра што і гаворыцца ў раздзеле «Гісторыя крымінальнага вышуку» «Кароткага нарыса…». Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь вядзе свой пачатак з часу стварэння Мінскага аддзялення завочнага навучання Вышэйшай школы МУС СССР (16 мая 1958 г.), хаця, як сведчаць архіўныя дакументы, а таксама і «Кароткі нарыс…», школа міліцыі пры Упраўленні міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР ужо існавала ў 1920-х.

Заўважым, што наступны падобны кароткі нарыс, кніга калектыву аўтараў (у асноўным выкладчыкаў Мінскага вочна-завочнага факультэта Вышэйшай школы МАГП РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика) «История милиции Белорусской ССР (1917 - 1967)» выйшла толькі ў 1967 годзе пад грыфам «для службовага карыстання». Але найбольш грунтоўнае выданне савецкага перыяду «Очерки истории милиции Белорусской ССР. 1917 - 1987» пад рэдакцыяй В. А. Піскарова (Міністр ўнутраных спраў БССР у 1984 - 1990 гг., сёння - старшыня рэспубліканскага савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў) пабачыла свет з такім жа грыфам у 1987 г.
Сёння «Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі (1917 - 1927)» - рарытэтная кніга, яна ніводнага разу не перавыдавался, а ў бібліятэках нашай краіны захаваліся толькі лічаныя яе асобнікі.


Юры КУР’ЯНОВІЧ, газета "На страже".
Фотакопіі з асабістага архіва аўтара.