www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

18 жніўня 2017Трэба заўсёды заставацца чалавечным


Ветэран органаў унутраных спраў, маёр міліцыі ў адстаўцы Макс Мееравіч КРОЛ нарадзіўся ўзімку апошняга года Вялікай Айчыннай вайны ў Казахстане, дзе бацькі ў той час знаходзіліся ў эвакуацыі. Адразу пасля яе заканчэння сям’я вярнулася дамоў, у Бялынічы.

Скончыўшы сярэднюю школу, ён два гады працаваў на крухмальным заводзе слесарам-вадзіцелем, а ў 1964 годзе быў прызваны на службу ў савецкае войска. Літаральна праз пяць дзён пасля дэмабілізацыі, у лістападзе 1967-га, працавіты малады чалавек уладкаваўся дыспетчарам ПМК-58.

Дарэчы, яшчэ да службы ў арміі Макс Мееравіч з’яўляўся ўдзельнікам народнай добраахвотнай дружыны, меў шмат сяброў з ліку праваахоўнікаў, таму хутка атрымаў прапанову служыць у міліцыі. Ужо праз два месяцы заступіў на пасаду начальніка інспекцыі выпраўленчых работ Бялыніцкага РАУС.

Цягам далейшых пяці гадоў міліцыянер змяніў тры пасады. У выніку скарачэння першай перайшоў у АДС памочнікам дзяжурнага. Яшчэ праз два гады стаў участковым інспектарам. Прафесіяналізм, заўсёды адказныя адносіны да выканання службовых абавязкаў Макса Крола не маглі застацца незаўважанымі з боку вышэйшага кіраўніцтва.

Да таго ж, за гэты час малады міліцыянер скончыў спачатку сярэднюю, а потым і вышэйшую школы міліцыі. У 1974 годзе чарговай прыступкай у яго кар’еры стала пасада начальніка аддзялення крымінальнага вышуку.

- Праца ўчастковага была зусім не лёгкая. Дастаткова сказаць, што з 30 тысяч насельніцтва раёна ў зоне майго абслугоўвання знаходзілася 12 тысяч чалавек, - расказвае Макс Мееравіч. - Але гэты перыяд магу прыгадаць як адзін з самых насычаных і цікавых у сваёй міліцэйскай дзейнасці. Па-першае, участковы пастаянна знаходзіцца ў кантакце з рознымі людзьмі. Дый за некалькі гадоў службы меў нядрэнныя напрацоўкі. У прыватнасці, створаныя мной два грамадскія пункты аховы правапарадку былі лепшыя ў раёне. У справу, як кажуць, уцягнуўся, і сыходзіць на іншую зусім не хацеў.

Аднак у хуткім часе да сябе выклікаў тадышні начальнік УУС аблвыканкама Барыс Алданаў і зноў завёў гутарку аб новай пасадзе. Я катэгарычна адмовіўся, на што той адказаў: «Віншую з прызначэннем», - і паціснуў мне руку. Так і распачалася мая служба начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку, дзе прайшлі наступныя 15 гадоў.

Аддзяленне налічвала ўсяго два супрацоўнікі, і гэта, як лічыць Макс Крол, таксама спрыяла добрым вынікам, бо нельга было спадзявацца, што нехта за цябе зробіць тваю працу.

Раскрыццё злачынстваў тады магло дасягаць 97%. Кажучы аб тым, што яшчэ, акрамя добрасумленных адносінаў да працы, спрыяла такім высокім паказчыкам, былы праваахоўнік называе сукупнасць усіх рэсурсаў, якія маюцца ў запасе сышчыка: цеснае ўзаема­дзеянне са следчымі і ўчастковымі інспектарамі і, канечне, інтуіцыя, праніклівасць, уменне наладжваць кантакты з людзьмі, якія тым ці іншым чынам маглі аказаць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў.

Вядома, наколькі праца праваахоўнікаў складаная, настолькі яна можа быць уражвальнай і захапляльнай.

- У перыяд, калі працаваў участковым, літаральна пасыпаліся крадзяжы з магазінаў, - узгадвае Макс Мееравіч. - Разам з начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку Мікалаем Дзігалёвым, які, да слова, быў маім настаўнікам і добрым сябрам, толькі і паспявалі выязджаць на выклікі. Злачынствы адбываліся адно за адным, а зачэпак усё не было, пакуль аднойчы вартаўнік не перашкодзіў крадзяжу на лесаўчастку, што ў Восліўцы. Ён запрыкмеціў «Масквіч» цагельнага колеру. Зрабілі выбарку такіх аўтамабіляў па ўсёй вобласці.

У нашым раёне падобным аказаўся толькі адзін. Прычым уладальнікам яго быў чалавек, які займаў пасаду начальніка ўчастка ў адным з калгасаў і ўвогуле быў асобай вядомай. Правялі яшчэ некалькі аператыўных мерапрыемстваў і знайшлі магчымыя ўскосныя доказы, я паклікаў у аддзел падазронага. Дзейнічаць трэба было акуратна, каб не спалохаць. Прапанавалі яму папіць вады, ён пакінуў на шклянцы свае адбіткі, якія супалі са знойдзенымі на скрадзеных рэчах. Адпірацца мужчыну не было як. Ён і яго саў­дзельнік панеслі заслужанае пакаранне.

Здараліся і гумарыстычныя выпадкі. Напрыклад, аднойчы ад прадаўца паступіла заява аб крадзяжы з магазіна, што знахо­дзіўся ў Рагачы. Будынак падзяляўся на дзве часткі - гандлёвая зала і склад. Вядома, каб не знішчыць сляды злачынцы, прадавец нічога не чапала і не заходзіла ў другую частку магазіна. Запісалі яе паказанні, увайшлі на склад. А там… паміж скрынямі з прадуктамі спіць злодзей, які пачаў распіваць спіртное непасрэдна на месцы злачынства.

Макс Мееравіч прызнаецца, што на любой пасадзе было аднолькава цяжка, таму што справе, якой займаўся, аддаваў усяго сябе, праводзячы на працы значна больш часу, чым са сваёй сям’ёй.

Цікава было пачуць ад міліцыянера з вялікім вопытам меркаванне наконт якасцяў чалавека, які кожны дзень прапускае праз сябе лёсы людзей, якімі прынцыпамі ён сам карыстаўся ў сваёй службовай дзейнасці.

- У першую чаргу права­ахоўнік павінен быць сумленным, - не задумваючыся адзначыў Макс Мееравіч. - Яшчэ трэба заўсёды заставацца чалавечным і бачыць асобу нават у самым апошнім злачынцы.

Усяго службе ў райаддзеле міліцыі Макс Крол прысвяціў 31 год свайго жыцця. Сведчанне яго добрасумленнай працы - шматлікія ўзнагароды, сярод якіх Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, медалі «За бездакорную службу» ўсіх ступеняў і «Ветэран працы», нагрудны знак «Выдатнік міліцыі».

Зараз былы праваахоўнік вядзе звычайны для пенсіянера лад жыцця: чытае кнігі, глядзіць тэлебачанне, цікавіцца цяперашнімі справамі райаддзела і падтрымлівае сувязь з былымі калегамі. Шмат з іх засталіся надзейнымі сябрамі, якія не забываюць свайго настаўніка і таварыша. Сярод тых, аб кім Макс Мееравіч гаворыць з вялікай павагай і ўдзячнасцю, Віктар Лабанок, Леанід Ігнатовіч, Мікалай Валькоў, Андрэй Мінутка, Юрый Глінскі, Аляксей Іваноў, Тамара Ракіцкая, Марыя Ціхановіч.


Вольга НАБОКАВА.