www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

18 жніўня 2017Галасы чалавечнасці


Янка (Іван Антонавіч) Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 года ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка Антона Данілавіча. У пяць гадоў вярнуўся з бацькамі на іх радзіму ў польскую (цяпер Карэліцкі раён Гродзеншчыны) вёску Загора. Народны пісьменнік БССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У розныя гады працаваў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. Вядомы як добры знаўца народнай мовы, арыгінальны майстар лірыка-філасафічных мініяцюр.

У адной з іх напісаў: «...У жыцці маім было нямала меншых і большых памылак.

Але адно я ведаю цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё - чалавечнасць. Я веру ў гэта ўсё сваё жыццё, і толькі б гэта засталося ў мяне, калі б прыйшло найпершае ці апошняе гора».

ШЧАСЛІВЫ пасля прызначэння ў снежні 1979 года загадчыкам аддзела навін «Сельской газеты», я амаль адразу пабег станавіцца на ўлік у вядомую тады лечкамісію ЦК КПБ. Прайшоў аднаго вузкага спецыяліста, другога, трэцяга... Бачу, насупраць уваходу ў чарговы кабінет сядзіць, крыху схіліўшы сваю мудрую сівую галаву, Янка Брыль. Ад нечаканасці гэтак разгубіўся, што пасля кароткага прывітання, каб неяк прадоўжыць, успомніў пра вялікае сяброўства майстра з нашым тагачасным намеснікам рэдактара Якавам Міско - пра іх сяброўства хадзілі легенды.

- Дзякуй, дзякуй, - уважліва паглядзеў на мяне Іван Антонавіч. - Як ён там пачуваецца, дарагі мой Якаў Герасімавіч? Даўнавата не тэлефанаваў... Праўда, я апошнім часам больш быў у Загоры.

Я сказаў, што Міско падпісваў у адсутнасць (быў у Нью-Йорку) рэдактара Андрэя Данілавіча Коласа, які сябраваў з Васілём Быкавым, загад аб залічэнні мяне ў верасні 1975 года карэспандэнтам вельмі папулярнай тады газеты.

- Ой, не шкадавала яго жыццё, не шкадавала, - пакруціў галавой Брыль. - Вы, пэўна, не ведаеце, што яшчэ з дзён зялёнага юнацтва ён працаваў у заходнебеларускім падполлі. Яго катавалі ў засценках дэфензівы, спазнаў ён шматгадовае зняволенне… Дык вы ж нешта занадта рана сюды. Малады яшчэ, не час на хваробы скардзіцца. Гэта мы ўжо паназбіралі іх за жыццё.

Брылю ішоў тады 63 год. Перад намі былі яшчэ двое, а часу на кожнага адводзілі дастаткова (лечкамісія ж!), і размову можна было працягваць. Я хацеў запытаць пра нешта літаратурнае, але не паспеў.

- Якаў жа і ваяваў з немцамі, прычым з першых страшэнных дзён навалы, - працягваў сябар Міско. - Пачаў радавым разведчыкам, а ў Берліне быў ужо маёрам. У яго, калі не памыляюся, пяць высокіх ордэнаў. Пасля заканчэння вайны ён заставаўся некаторы час у Германіі, а потым працаваў журналістам у Баранавічах.

Надышла чарга Івана Антонавіча, і я застаўся апошнім, за мной нешта ніхто ўжо не займаў. Калі Івана Антонавіча адпусцілі, мы не паспелі нават развітацца:
- Заходзьце, хуценька заходзьце, час заканчваецца, - данеслася з-за дзвярэй...

Сам Брыль пасля пачатку Другой сусветнай вайны удзельнічаў у абарончых баях супраць немцаў на паўвостраве Вэстэрплятэ, што пад Гдыняй. Трапіў у палон, з якога ўцёк з двума сябрамі ў 1941-м, і далучыўся ў Беларусі да партызанаў. Быў сувязным брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, потым разведчыкам брыгады «Камсамолец». Пасля рэдагаваў газету Мірскага падпольнага райкама «Сцяг свабоды» і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала». Працаваў рэдактарам мірскай раёнкі, літсупрацоўнікам шырока вядомай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая выходзіла з ліпеня 1941-га да мая 1945-га. У ёй друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага, нашых іншых вядомых творцаў. Дарэчы, з гэтага выдання ў снежні 1945-га нарадзіўся сатырычна-гумарыстычны часопіс «Вожык».

ПРАЗ некалькі месяцаў пасля той нечаканай і вельмі прыемнай для мяне сустрэчы ў лечкамісіі Якава Герасімавіча, які казаў: «Лепш за ўсіх працуе Валодзя Барысенка, бо ён хутчэй за ўсіх бегае», не стала. Ён пайшоў ад нас у кастрычніку 1981-га. Лепшым помнікам гэтаму (кажу словамі Брыля) непадкупнай сціпласці і разумнай стрыманасці чалавеку стала яго пасмяротная кніга «Маё маўклівае сэрца» памерам амаль у 27 друкаваных аркушаў. Яе ўклаў, адрэдагаваў і зрабіў каментарый Іван Антонавіч. Фаліянт убачыў свет у выдавецтве «Юнацтва» ўжо ў 1983 годзе. Здавалася, у мяне шмат сяброў. Але толькі пасля выхаду ў свет кніжкі былога намесніка рэдактара «Сельчанки» зразумеў, што такое сапраўднае сяброўства. Сённяшнім «геніям» не ўявіць, колькі намаганняў трэба было прыкласці, нават «народнаму», каб тады, на пачатку ліхіх 1990-х, «ціскануць» хаця б маленькую кніжэнцыю. Па выданні «Маё маўклівае сэрца» сёння можна паспяхова вывучаць цяжкую, трагічную, незвычайную гісторыю Бацькаўшчыны. Асабліва Заходняй Беларусі, пра рэвалюцыйную барацьбу ў якой мой хросны ў журналістыцы распавёў у дакументальнай аповесці «Было яно калісьці...». У сваім уступе да кнігі Брыль падкрэсліў: пра вялікае значэнне такіх дакументальна-аўтабіяграфічных кніг неаднойчы пісаў Леў Талстой. Пры гэтым геній сусветнай літаратуры проста і мудра гаварыў: «Пражыў жыццё - раскажы». Міско пражыў, па словах сябра, змястоўнае, складанае, сумленнае жыццё. Ён «шчыра расказаў пра гэта ў сваёй аповесці, якая ад шчырасці выйшла таленавітай і патрэбнай». Акрамя яе, у зборніку ўспаміны пра найбольш яркія сустрэчы з цікавымі людзьмі. У адным з лістоў Якава Герасімавіча да жонкі Ганны Іванаўны Брыль спыніўся на фразе «маё маўклівае сэрца». Гэтыя словы так сціснулі сэрца яго, так уразілі, што ён і назваў імі кніжку пра сябра.

ПЕРАД чарговым юбілеем Міско (мы практыкавалі ў газеце аповеды пра нашых ветэранаў) я патэлефанаваў Брылю і дамовіўся пра інтэрв’ю для «Сельской газеты». Але захварэў, спатрэбілася аперацыя, і сустрэча не адбылася. Думка ж пра «вялікую бяседу» не пакідала.

І на развітанні з нашым агульным сябрам Міколам Федзюковічам, які быў рэдактарам майго першага зборніка вершаў «Рельсы судьбы» і які памёр на самым пачатку юбілейнага для Брыля 1997 года, мы дамовіліся, што я перадам пытанні для інтэрв’ю сыну Андрэю. Так і зрабіў. З часам Іван Антонавіч пагаджаўся на размовы з журналістамі ўсё радзей і радзей, пакуль не пакінуў іх у баку ўвогуле. Асабістых юбілеяў ён не любіў і пастаянна з’язджаў напярэдадні ў сваю Загору, дзе працягваў тварыць.

«Амаль кожны дзень, - пісаў ён тут, - прачнуўшыся па-летняму ці па-старэчы раненька, адчуваю нейкі боль - не боль, страх - не страх, тугу - не тугу: нібы прадчуванне чагосьці страшнага, што павінна здарыцца са мною... А падумаўшы, азірнуўшыся, узважыўшы - усё ж у мяне не так дрэнна.

Праўда, учора Танк таксама скардзіўся на такія ж раннія горкія абуджэнні... Цераз хваробы, блізкіх і свае, цераз асамочванне - да поўнай самоты?.. І можна яшчэ дадаць: на каго пакідаем цябе, бедная беларуская літаратура?! Што год, што месяц, то менш творчых і маральных аўтарытэтаў. І як грыбы паганкі растуць маладыя, хітранькія, цынічныя графаманы, набіраючы сілу і ўплыў на лёс літаратуры.

А лепшае, добрае, сапраўднае - не так відаць, як яны. Бо і не так яго многа, калі параўнаць».

Ці вось пра жыццё ўвогуле: «Учора позна ўвечары з пэўным болем і жахам уявілася, што ўсё наша тое, што называецца чалавечым жыццём - то больш, то менш густая сетка клопатаў, мітусні, варажнечы, сяброўства, любові, творчасці, распусты - тое, за чым затоены цемра і холад чорнага небыцця, куды мы час ад часу заглядваем, калі прыходзяць няшчасці, беды асабістыя: забойства, самагубства, згвалтаванне; або агульныя: землятрус, эпідэмія, вайна... Убачым страшнае, жахнемся, а потым зноў у тую сетку, за сваё - так званае жыццё...»

З’ехаў Брыль у вёску і ў той раз. Тэлефона там не было. Ніякага адказу я не атрымаў. Мы сустрэліся ўжо пасля яго юбілею выпадкова ў часопісе «Маладосць», дзе я вычытваў сваю паэму памяці Ула-дзіміра Караткевіча. Нечакана Іван Антонавіч... папрасіў прабачэння. Мне было страшэнна сорамна, бо гэта я павінен быў выбачацца за назойлівасць. Сын перадаў яму своеасаблівую «рыбу» з вельмі вялікім спазненнем. А потым - «...не было часу, шмат работы, сам друкую і чарнавое, і белавое. Калі аддаць перадрукоўваць, прыйдзецца заплаціць палову ганарару». Калі Брыль пайшоў, тагачасны рэдактар часопіса, цудоўны пісьменнік Генрых Далідовіч, з якім мы працягваем шчыра сябраваць, прамовіў:
- Ведаеш, дарагі, нашым, сваім, так сказаць, дамарошчаным няверцам і незычліўцам беларускага слова хачу даць такую параду: хай возьмуць любую кнігу, любы твор Івана Антонавіча з нашага ці іншага часопіса і прачытаюць хоць старонку. Яны адразу ж пераканаюцца, якая багатая і сакавітая наша мова, як ёй можна выказаць самыя тонкія думы і пачуцці, як яе, такую арыгінальную і каларытную, цяжка перакласці на мову іншую...

Пачынаючы рыхтаваць пытанні да сваёй размовы, я хацеў знайсці ў друку нейкія папярэднія матэрыялы іншых і не знайшоў! Адзінае - запісаў, праўда, з сярэдзіны на дыктафон перадачу па радыё, якое зусім выпадкова ўключыў. Іван Антонавіч прызнаваўся, што калі б не служыў напярэдадні Другой сусветнай вайны ў польскай марской пяхоце, не ўдзельнічаў у згаданых мною вышэй баях на Вэстэрплятэ, не адчуваў жудасці нямецкага палону - не змог бы ён так натуральна намаляваць вобраз Алеся Руневіча з шырока вядомага рамана «Птушкі і гнёзды». Герой твора, вядома ж, не сам аўтар, але аддаў яму Брыль нямала. Усё, па словах майстра, ідзе ад перажытага. Менавіта ад перажытага пакутлівыя пошукі заходнебеларускага юнака шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Праз біяграфію ўражлівай юнацкай душы Брыль знутры выкрыў філасофію таталітарызму і фашызму, паказаў, як нараджаецца супраціўленне карычневай чуме ў душах людзей. Дарэчы, мала хто ведае, што «Птушкі і гнёзды» маюць (ці мелі) некалькі варыянтаў. Усё пачалося з дзвюх аповесцяў. Пісьменнік ствараў іх спачатку ў акупіраванай вёсцы, а дапрацоўваў ужо ў партызанскім атрадзе згаданай наперадзе брыгады «Камсамолец». Па яго словах, яму вельмі пашанцавала на разумнае кіраўніцтва. Як толькі былыя падпольшчыкі Жалезняковіч і Царук даведаліся, што побач пачынаючы пісьменнік, адразу ж стварылі ўмовы для паспяховай працы. Пасля таго як штабная машыністка Вера аддрукавала разам з іншымі творамі дзве аповесці - пакет захапіў з сабой у Маскву для Максіма Танка карэспандэнт «Правды». А калі ў 1944-м аўтар прыехаў у Мінск на партызанскі парад і сустрэўся з пісьменнікамі, яго ведалі ўжо не толькі Танк, але і Лынькоў, і Куляшоў, і Лужанін, і Чорны... Да тых аповесцяў ён вярнуўся, як я да інтэрв’ю з ім, праз 20 гадоў. Напрыканцы 1963-га ў «Полымі», дзе, як адзначаў, надрукавалі першую частку «Птушак...». Твор ніяк не ўмяшчаўся ў звычайныя рамкі. З неўразуменнем абрынуліся на Брыля і рэдактура, і цэнзура, і крытыка. Брыль шмат чаго наслухаўся і пачаў твор дапрацоўваць. Палепшыў, па асабістым прызнанні, ненамнога... Сябры ж, Алесь Адамовіч і Уладзімір Калеснік, з якімі ён пазней стварыў вядомую далёка за межамі кнігу «Я з вогненнай вёскі...», лічылі тады, што часопісны варыянт лепшы. Хай сабе наіўнасцю, хай сабе чым іншым, ды ўсё ж мацнейшы. Мацнейшым жа той варыянт быў шчырасцю!

А шчырасць - першааснова літаратуры.

Шчырасцю была пранізана і прысвечаная 100-годдзю пісьменніка выстава «Пішу як жыву», якая прайшла некалькі дзён таму ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», што ў Палацы Рэспублікі. Разам з галерэяй яе арганізавалі газета «ЛіМ» і «Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва». З апошнім Янку Брыля звязвала цеснае шматгадовае супрацоўніцтва. Упершыню яны сустрэліся ў 1963-м, калі пісьменнік перадаў рукапісы кніг «Пад гоман вогнішча», «Мой родны кут», «Працяг размовы», асобных апавяданняў і нарысаў. Яны паклалі пачатак яго асабістаму фонду, які ўвесь час папаўняўся. Пасля смерці Івана Антонавіча ў 2006 годзе рэшту архіва перадала яго дачка Наталля Семашкевіч. Яна прысутнічала на імпрэзе разам з сястрой Галінай і братам Андрэем. Сёння ў архіве іх бацькі - чатыры выпісы ў 1297 адзінак. Гэта і чарнавыя аўтографы аповесцяў «У Забалоцці днее», «На Быстрынцы», «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», і рукапісы шматлікіх апавяданняў, замалёвак, лірычных мініяцюр, і перапіска з дзеячамі культуры, і артыкулы пра самога майстра, і фотаздымкі з роднымі і калегамі. Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе дзённікі, якія вёў Брыль цягам усёй сваёй багатай творчасці, пра якую гаварылі, дзяліўшыся цёплымі ўспамінамі, пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Віктар Шніп, Навум Гальпяровіч і Зіновій Прыгодзіч. Упершыню на выставе быў прадстаўлены прыжыццёвы партрэт майстра работы Сямёна Геруса, зроблены ў 1962 годзе на паперы алоўкам. Ён знаходзіцца ў прыватнай калекцыі Аляксандра Радаева.

УДЗЕЛЬНІКІ АДЗНАЧЫЛІ, што як арыгінальнага майстра псіхалагічнай прозы Брыля вылучылі ўжо першыя яго зборнікі - «Апавяданні» і «Нёманскія казакі». Яны былі надрукаваны ў 1946-м і 1947-м гадах. Адразу пачаўшы даследаваць чалавека ў складаных сацыяльна-псіхалагічных абставінах, Брыль рабіў гэта ўсё сваё жыццё. Лірызм, пра які гаварылася раней, з часам усё болей спалучаўся ў яго з тонкім псіхалагізмам і аналітычнасцю паўсядзённага нялёгкага жыцця. І я па-ранейшаму вельмі добра, усёй сваёй чулай душой разумею Івана Антонавіча, які сваімі творамі адказаў на ўсе мае галоўныя пытанні, падрыхтаваныя для інтэрв’ю. Яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі перачытаў лірычныя запісы і мініяцюры «Вячэрняе», што выйшлі ў 1994-м у «Мастацкай літаратуры», і выбраныя творы «Запаветнае», што пабачылі свет у 1999-м у «Беларускім кнігазборы» дзякуючы нястомнаму рупліўцу на ніве айчыннага пісьменства Кастусю Цвірку.

Дзякуй табе, шаноўны Іван Антонавіч, за тваіх герояў - лю-дзей тонкай душы і натуральных пачуццяў. Людзей, якія разам з родненькай зямелькай і родненькай прыродай гавораць у тваіх беларускіх па духу творах галасамі сумлення, годнасці і чалавечнасці.


Уладзімір БАРЫСЕНКА.
Фота з Інтэрнэту.