www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

18 жніўня 2017З данецкай шахты ў дзятлаўскую міліцыю


Аляксандр Вікенцьевіч ЛАМАКА прысвяціў службе ў міліцыі не адзін дзясятак гадоў. Выйшаў на пенсію з пасады начальніка Дзятлаўскага РАУС і на заслужаным адпачынку працягвае прымаць актыўны ўдзел у жыцці аддзела, паколькі з’яўляецца старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі.

- Нарадзіўся на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Лозкі, - кажа А. Ламака. - Пасля заканчэння Казлоўшчынскай дзесяцігодкi паўстала пытанне аб выбары жыццёвага шляху. Прачытаў, што ва Украіне набірае навучэнцаў горна-прамысловае вучылішча, куды i накiраваўся. Паступіў, вывучыўся на машыніста электравоза, працаваў у шахце глыбінёй 1700 метраў. I вось аднойчы выхаджу з камбіната, а на дзвярах інфармацыйны лісток: «Данецкая спецыялізаваная школа міліцыі запрашае на вучобу».

З таго часу загарэўся ідэяй паступіць. Масла ў агонь, як кажуць, падліў былы шахцёр, які ўжо служыў у органах унутраных спраў. Маўляў, ідзі да нас, гэта справа для сапраўдных мужчын. Аднак быў неабходны дазвол ад бацькоў. Мне далі тыдзень, каб з’ездзіць дахаты, а я больш не вярнуўся, бо вырашыў працаўладкавацца на радзіме.

У вераснi 1967 года начальнік Дзятлаўскага райаддзела міліцыі прызначыў Аляксандра Вiкенцьевiча на пасаду ўчастковага Дварэцкага сельскага савета. На тэрыторыi абслугоўвання размяшчалiся два калгасы. Кожны дзень даводзілася праходзіць не адзін дзясятак кіламетраў, толькі ўзімку выдзялялі каня і сані, часам - машыну. Нават затрыманых Аляксандр Ламака дастаўляў у аддзел на спадарожным транспарце. Часта дапамагалі дружыннікі.

- У 1974 годзе мяне прызначылі начальнікам раённага аддзела пазаведамаснай аховы, - працягвае ветэран. - Тады ў падраздзяленнi працавалі выключна вартаўнікі, толькі я быў атэставаным супрацоўнiкам. Ахоўвалі аб’екты ў Дзятлаве, Наваельні, Казлоўшчыне. З транспарту быў толькі старэнькі «Масквіч», на якім бухгалтар вазіла зарплату. Мяне не пакідала жаданне прадоўжыць адукацыю, і я падаў аб гэтым рапарт тагачаснаму кіраўніку аддзела Уладзіміру Цімафеевічу Капціловічу. Пазней паступіў на завочнае аддзяленне Мінскай вышэйшай школы МУС. Пасля заканчэння быў пераведзены на пасаду намесніка начальніка РАУС. Літаральна праз тыдзень у раёне адбылося рэзананснае злачынства - забойства маладога чалавека ў вёсцы Старына. Вінаватага тады знайшлі і асудзілі, а праз 20 гадоў я выпадкова з ім сустрэўся. Мужчына расказаў, што калі мы з напарнікам шукалі яго на паддашку, былi на валасок ад смерцi. Памятаю, я тады падняўся на некалькі прыступак па лесвiцы, зазiрнуў наверх - нікога не ўбачыў. Лезці далей чамусьці вельмі не хацелася. Аказваецца, злачынец у той момант хаваўся паблізу з віламі і рыхтаваўся да нападу. Падніміся я вышэй - быў бы забіты.

Сем гадоў перад пенсіяй Аляксандр Вікенцьевіч узначальваў Дзятлаўскі РАУС. Тады быў пабудаваны новы адміністрацыйны будынак аддзела.

- Кіраўніком быць заўсёды складана, бо ад цябе залежаць важныя жыццёвыя рашэнні і чалавечыя лёсы, - упэўнены падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. - Галоўным маім прынцыпам было з павагай адносіцца да людзей. Затое сёння ніхто не можа папракнуць мяне ў непаважлівых адносінах, ніхто не застаўся пакрыўджаным. Гэтыя думкі стараюся данесці да маладых, паколькі місія ветэранаў - патрыятычнае і прафесійнае выхаванне новага пакалення праваахоўнікаў.


Ірына СТЫРНІК.
Фота з асабiстага архіва А. В. ЛАМАКI.