www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

15 верасня 2017Вячэрні дазор на вуліцах Магілёва

Рота патрульна-паставой службы міліцыі Кастрычніцкага РАУС Магілёва мае добрую рэпутацыю. Па словах намесніка кіраўніка райаддзела - начальніка МГБ падпалкоўніка міліцыі Андрэя Мажанкова, яе супрацоўнікі дзейнічаюць прафесійна і рашуча. Гэта пацвярджае і адзін з дыпломаў на сцяне ў падраздзяленні: па выніках 2016-га старшыня гарвыканкама назваў 1-шы ўзвод роты лепшым у барацьбе са злачыннасцю і ахове грамадскага парадку.

У гэтым годзе міліцыянеры склалі звыш за 7400 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, раскрылі больш за 50 злачынстваў. У райаддзеле адзначаюць тэндэнцыю зніжэння колькасці супрацьпраўных дзеянняў на вуліцах раёна. За працай патрульных назіралі карэспандэнты «НС».

«Па маршрутах разысціся!»

...Пад дробным восеньскім дажджом міліцыянеры збіраюцца ў двары аддзела на інструктаж. Камандзір роты падпалкоўнік міліцыі Руслан Гатальскі і Андрэй Мажанкоў інфармуюць супрацоўнікаў аб аператыўнай абстаноўцы, а таксама цікавяцца ў падначаленых, што яны зробяць у тых ці іншых сітуацыях. Затым патрульныя адпрацоўваюць прыёмы сама­абароны.

Развод працягваецца ў актавай зале. На экране тэлевізара мільгаюць фотаздымкі лю­дзей, якія знаходзяцца ў вышуку. Прадстаўнікі падраздзяленняў крымінальнага блока і ААПП нагадваюць патрульным пра спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы, якія праходзяць у краіне, а таксама пра тое, на што звяртаць асаблівую ўвагу.

- Скончыліся летнія канікулы, дзеці вярнуліся ад бабуль. Таму заходзьце на спартыўныя пляцоўкі школ, дзе часам збіраюцца і п’юць піва падлеткі, - робіць акцэнт Р. Гатальскі. - Прадухiляйце факты з’яўлення нецвярозых у грамадскіх месцах. П’яны ці здзейсніць злачынства, ці сам стане лёгкай здабычай для зламысніка. Некалькі дзён таму нарад АУСТ затрымаў мужчыну ў стане алкагольнага ап’янення, але адпусціў яго. Праз некалькі гадзін пешаход трапіў пад колы аўтамабіля.

Патрульныя робяць паметкі ў нататніках. Сярод супрацоўнiкаў - міліцыянер-вадзіцель прапаршчык мiлiцыi Аляксей БАЗЫКА. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за 2016 год ён стаў лепшым па прафесіі ў Кастрычнiцкiм раёне. Добрасумленны, старанны, Аляксей Віктаравіч заўсёды прыйдзе на дапамогу таварышам. У гэтым годзе ён ужо затрымаў 185 правапарушальнікаў і раскрыў пяць злачынстваў. Нядаўна медыкі паведамілі ў аператыўна-дзяжурную службу, што ў бальніцу паступіў пенсіянер з нажавымі раненнямі. На месца здарэння прыехаў Аляксей Базыка. Ён высветліў: мужчыны адпачывалі, ужываючы спіртное. Вечар быў доўгім - слова за слова, і паміж сябрамі завязалася сварка, якая перарасла ў бойку. Зламыснік далёка не сышоў - міліцыянер затрымаў яго па гарачых слядах.

Тым часам Руслан Гатальскі камандуе: «Па маршрутах разысціся!» І вартавыя парадку адпраўляюцца патруляваць вуліцы.

Тралейбус далей не вязе

Патрульны аўтамабіль праязджае па тэрыторыі раёна. Аляксей Базыка і яго напарнік уважліва разглядаюць прахожых. Па праспекце цягнецца, ледзь не падаючы, п’яны мужчына гадоў 40. Яму не ўдаецца схавацца ад пільных позіркаў міліцыянераў. «Я цвярозы. З сябрам выпілі ўсяго па 100 грамаў», - крычыць грамадзянін. Супрацоўнікі дастаўляюць яго ў грамадскі пункт аховы парадку.

Праз некаторы час па рацыі паступае паведамленне: «У тралейбусе буяніць мужчына». Па названым адрасе накiроўваюцца міліцыянер і міліцыянер-вадзіцель старшыя сяржанты міліцыі Руслан ТРУСАЎ і Ілья СТАРАСЦЕНКА. Аказваецца, у грамадскім транспарце заснуў п’яны. Калі кандуктар паспрабаваў вывесці нецвярозага пасажыра на вуліцу, той з лаянкай на яго накінуўся. Вартавыя парадку адразу астудзілі запал мужчыны.

У ГПАП п’яны зноў пачынае сварыцца, але патрульныя гутараць з ім ветліва.

- Так звычайна паводзяць сябе людзі, якія знаходзяцца ў стане моцнага ап’янення - алкагольнага ці наркатычнага. Мы ж не маем права прыпадабняцца да дэбашыраў, - кажа Руслан Трусаў.

Патрульныя вяртаюцца на маршрут. Па дарозе распавядаюць, як нядаўна іх калегі - старшы сяржант міліцыі Сяргей Малахоўскі з ваеннаслужачым в/ч 6713 - атрымалі паведамленне аб задымленні ў кватэры. Праваахоўнікі прыбылі на месца здарэння раней за прадстаўнікоў МНС і паспелі вывесці з ахопленага агнём жылля мужчыну - некалькі хвілін, і ён бы загінуў.

«Правядзіце з мужам гутарку…»

Рацыя не змаўкае. Міліцыянеры накіроўваюцца па чарговым адрасе, каб вырашыць сямейны канфлікт. Кастрычніцкі раён, дзе пражывае каля 200 тысяч чалавек, лічаць спальным. Спрэчкі паміж сваякамі здараюцца нярэдка.

На парозе кватэры вартавых парадку сустракаюць трое маленькіх дзяцей, якія спалохана глядзяць на гасцей. У дзвярах з’яўляецца жанчына. З-за яе спіны нясмела выглядае яшчэ адзiн хлапчук. Галава сямейства гаспадарыць на кухні. Дарослыя кідаюць адзін у аднаго зняважлівыя словы. Відавочна, што яны знаходзяцца ў нецвярозым стане.

- Вось вы забярэце яго ў міліцыю, а ён вернецца і заб’е мяне за гэта! - галосіць шматдзетная маці. - Васіліса, раскажы дзядзькам, як паводзіць сябе тата.

- Каб разабрацца ў сітуацыі, даставім яго ў грамадскі пункт аховы парадку, - адказвае міліцыянер.

Пазней высветлілася, што сям’я ўжо трапляла ў поле зроку праваахоўнікаў.

Тым часам у другім канцы раёна сварацца сваячкі, даходзіць і да рукапрыкладства. Руслан Трусаў і Ілья Старасценка праз дзесяць хвілін аказваюцца на месцы. У двары дома іх сустракае пенсіянерка i ў слязах пачынае распавядаць пра здарэнне. На падлозе ў пакоі ляжыць яе 62-гадовая дачка.

- Мацi мяне штурхнула, - тлумачыць тая.

Міліцыянеры дапамагаюць ёй падняцца. Вось-вось - i жанчыны зноў счэпяцца. Для гутаркі іх разводзяць па розных пакоях. Разабрацца ў сітуацыі ўдаецца толькі тады, калі на парозе з’яўляецца ўнучка жанчыны, якая звярнулася за дапамогай у міліцыю. Аказваецца, бабуля кожны дзень скандаліць з дачкой, лаецца і б’ецца з суседзямі.

Далей з членамі сям’і гутарыць участковы, а старшыя сяржанты міліцыі вяртаюцца на маршрут патрулявання. Па дарозе ўспамінаюць выпадак, калі на таксіста напалі п’яныя пасажыры з бітамі. Вадзіцель паспеў патэлефанаваць па 102. Руслан Трусаў ра­зам з напарнікам знаходзіліся недалёка ад месца здарэння, і хуліганы не пазбеглi пакарання.

На тэрыторыi раёна ўсё спакойна

Увечары падымаецца вецер, пачынаецца дождж. Рэдкія прахожыя спяшаюцца дадому. Тым не менш міліцыянеры сяржант міліцыі Аляксандр ЛУКАШЭВІЧ і малодшы сяржант міліцыі Дзмітрый ЧАХОЎСКІ ўважлiва аглядаюць тэрыторыю каля мясцовых бара, кінатэатра, крамы.

- Тут ажыўленая вуліца, - распавядае сяржант міліцыі. - Людзі бавяць час у месцах масавага адпачынку і, здараецца, высвятляюць адносіны з дапамогай кулакоў. Калі чалавек трохі выпіў, можам правесці яго дадому, каб не трапіў у непрыемную гісторыю. Але ў будныя дні, як сёння, тут спакойна.

А. Лукашэвіч успамінае, як аднойчы затрымаў п’яную жанчыну, якая ўжывала і распаўсюджвала наркотыкі. Патрульны паведаміў аб гэтым супрацоўнікам АНіСГЛ. Яны знайшлі ў яе дома каля двух грамаў псіхатропнага рэчыва.

...Каля дзесяці вечара рацыя ненадоўга змаўкае. На вуліцах - цішыня. Але патрульныя ў чарговы раз аб’язджаюць раён для падтрымання парадку.

Крысціна ЗЯЛЁНКА.