www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

5 кастрычніка 2017Журналісты не павінны гераізаваць тэрарыстаў

У г. Сафія (Рэспубліка Балгарыя) 27-28 верасня адбылася 13-я Міжнародная канферэнцыя «Тэрарызм і электронныя СМІ».

Больш за 120 удзельнікаў высокага форуму прадстаўлялі міжнародныя і грамадскія арганізацыі, медыйныя холдынгі, сілавыя структуры з 23 краін свету. У іх ліку Беларусь, Бельгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Іспанія, Італія, Іарданія, Кітай, ААЭ, Румынія, Сербія, Харватыя і інш.

Арганізатар мерапрыемства - Міжнародная акадэмія тэлебачання і радыё (IATR) пры падтрымцы Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расійскай Федэрацыі.

Штогод канферэнцыя прыцягвае ўвагу прадстаўнікоў сусветнай медыясупольнасці, а таксама зацікаўленых нацыянальных дзяржаўных і грамадскіх арганізацый да праблем процідзеяння міжнароднаму тэрарызму шляхам электронных СМІ.

«Удзельнікаў канферэнцыі з кожным годам становіцца ўсё больш. Гэта сведчыць аб тым, што пытанні, якія мы абмяркоўваем, не губляюць сваёй актуальнасці», - падкрэсліў ва ўступным слове старшыня IATR Леанід Млечын.

У канферэнцыі прыняў удзел начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей палкоўнік міліцыі Канстанцін Шалькевіч, які прадставіў даклад «Супрацьдзеянне тэрарызму і экстрэмізму пры дапамозе СМІ. Вопыт Рэспублікі Беларусь».

Удзельнікі ў форме «круглых сталоў» абмеркавалі пытанні процідзеяння распаўсюджванню радыкальных ідэй у інтэрнэце, у прыватнасці ў сацыяльных сетках, ролі СМІ ў забеспячэнні грамадскай бяспекі, адказнасці і прафесіяналізму як прадстаўнікоў зарэгістраваных медыя, так і фрылансераў. Жывым і эмацыйным стала абмеркаванне кібертэрарызму і інфармацыйных войнаў як новай маштабнай пагрозы для нацыянальнай і міжнароднай бяспекі.

Акрамя прыняцця выніковага дакумента, удзельнікі форуму распрацавалі рэкамендацыі журналістам. У іх, у прыватнасці, падкрэсліваецца неабходнасць выключаць публічнае апраўданне дзеянняў тэрарыстаў, пазбягаць залішняга натуралізму пры паказе месца падзеі тэракту і яго ахвяр, не дапускаць распаўсюджання дэзінфармацыі і не раскрываць планы спецслужбаў пры правядзенні контртэрарыстычных аперацый.