www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

6 кастрычніка 2017Першыя кіраўнікі галоўвышуку Беларусі - выпускнікі вядомых універсітэтаў

Уцягнутыя воляю лёсу ў рэвалюцыйныя падзеі 1917 г. і завабленыя праграмнымі тэзісамі бальшавікоў, сын праваслаўнага святара са Смаленшчыны Васіль Парэцкі, мешчанін з польскай Лодзі Адам Бадзаноўскі і сын хлебароба з Арлоўскай губерні Акім Вязанічаў у 1920 - 1921 гг. сталі аднымі з першых кіраўнікоў галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку (галоўвышуку) Савецкай Беларусі.

Апошнія архіўныя даследаванні дазволілі выявіць цікавыя факты іх біяграфій, у прыватнасці тое, што сваёй адукацыяй яны значна вылучаліся не толькі сярод тагачасных радавых, у пераважнай большасці малапісьменных міліцыянераў, але і сярод кіраўнічага складу галоўміліцыі Беларусі. Мяркую, не без гонару Васіль Парэцкі, Адам Бадзаноўскі і Акім Вязанічаў маглі назваць свае, з даўнімі і багатымi традыцыямі, альма-матэр, адпаведна Маскоўскі (адзін са старэйшых універсітэтаў Расіі, заснаваны ў 1755 годзе. З 1940-га носіць імя Міхаіла Ламаносава), Льежскі (франкамоўны ўніверсітэт, заснаваны ў 1817 годзе ў Льежы, Бельгія) і Петраградскі педагагічны інстытут (да 1918 года - Імператарскі жаночы педагагічны інстытут (вышэйшая навучальная ўстанова), заснаваны 23 чэрвеня 1903-га на базе педагагічных курсаў пры Санкт-Пецярбургскіх жаночых гімназіях).

Але перш чым пазнаё­міць чытачоў з новымі архіўнымі звесткамі, варта спачатку даць гістарычную даведку пра ўзнікненне ў структуры беларускай міліцыі галоўвышуку.

Адразу пасля кастрычніка 1917 года ў Беларусі не ўдалося стварыць шырока разгалінаваную сістэму новых органаў аховы грамадскага парадку. На яе тэрыторыі ў 1917 - 1920 гг. не сціхалі ваенныя дзеянні (германская інтэрвенцыя 1918 г., польска-савецкая вайна 1919 - 1921 гг.).

У дадатак сярод беларускага насельніцтва былі распаўсю­джаны антысавецкія настроі, што нярэдка прымалі форму ўзброенага супраціву: Веліжскае паўстанне ў лістападзе 1918 г., якое потым ахапіла амаль усю Віцебшчыну, стракапытаўскае выступленне 1919 г. у Гомелі, Рэчыцы, Слуцкае паўстанне 1920 г. Тут варта ўзгадаць і дзейнасць атрадаў генерала С. Булак-Балаховіча (1883 - 1940), які ў тэлеграме маршалу Пілсудскаму 25 кастрычніка 1920 г. паведаміў: «Сего 25 октября я объединил, согласно выраженной ими просьбе, командованием все белорусские отряды, поставившие себе целью свержение власти большевиков и освобождение самостоятельной Белоруссии».

Пераход да мірнага будаўніцтва са стварэннем паўнавартаснай сістэмы бальшавіцкіх органаў улады і кіравання пачаўся толькі ў 1920 г. пасля паспяховага наступлення Чырвонай Арміі ў ліпені гэтага года на захад (9 ліпеня ад польскай акупацыі быў вызвалены Ігумен (зараз - Чэрвень), 11 ліпеня - Мінск, 14 ліпеня - Вільня, 17 ліпеня - Ліда, 19 ліпеня - Гродна, 1 жніўня - Брэст). 31 ліпеня 1920 г. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларусі (Ваенрэўком, у той час - вышэйшы орган улады ў рэспубліцы, старшыня - А. Чарвякоў) выдаў «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі», адбылося другое абвяшчэнне ССРБ. Аднак рэспубліка аднаўлялася толькі ў складзе дзвюх няпоўных губерняў - Гродзенскай і Мінскай. Беларускія раёны Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў заставаліся ў РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика.

Таму відавочна, што арганізацыя міліцыі ў Беларусі ў 1917 - 1920 гг. мела непастаянны характар і адбывалася на тэрыторыях, дзе часова ўсталёўвалася савецкая ўлада.

Асноўныя арганізацыйныя крокі па цэнтралізацыі міліцэйскага апарату Беларусі былі здзейснены на працягу жніўня-лістапада 1920 г. У кастрыч­ніку распараджэннем Ваен­рэўкома Беларусі арганізавана галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі (галоўміліцыя) ССРБ пад кіраўніцтвам Станіслава Мертэнса.

Галоўміліцыя ССРБ з’яўлялася самастойнай структурнай адзінкай Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС) ССРБ. Структура галоўміліцыі прадугледжвала арганізацыю наступных аддзелаў: следча-вышуковай міліцыі (галоўвышук), павятова-гарадской (агульнай) міліцыі, прамысловай міліцыі, інспектарскага, матэрыяльнага і сакратарыята. Непасрэдная барацьба са злачыннасцю (пошук і затрыманне злачынцаў) канцэнтравалася ў галоўвышуку.
Загадам галоўміліцыі ад 2 снеж­ня 1920 г. № 21 была абвешчана першая аргштатная структура галоўнага ўпраўлення (аддзелы агульны, інспектарскі, матэрыяльны, галоўвышук, прамысловай міліцыі, палітаддзел і сакратарыят), Мінскай гарадской і павятова-гарадской савецкай рабоча-сялянскай міліцыі Беларусі.

Створаны ў 1920 г. у структуры галоўнага ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі ССРБ галоўвышук з’явіўся першым цэнтральным органам па арганізацыі і кіраўніцтве падраздзяленнямі крымінальнага вышуку на тэрыторыі Беларусі.

Штат галоўміліцыі быў вызначаны ў 99 чалавек. У галоўвышук разам з начальнікам уваходзілі сем чалавек аператыўнага складу (памочнік начальніка, інспектары і следчыя) і пяць чалавек тэхнічнага персаналу (сакратар, справаводы, канторшчыкі). Для абслугоўвання сталіцы Беларусі было арганізавана аддзяленне крымінальнага вышуку пры Мінскай гарміліцыі (гарвышук) са штатам у 66 чалавек (чатыры - начскладу, 45 аператыўнікаў, 17 тэхнічных работнікаў). Акрамя таго, пры кожнай міліцэйскай часці ў Мінску (у 1921 г. Мінск быў падзелены на пяць міліцэйскіх часцей: першая - вул. Юр’еўская, д. 1; другая - вул. Аляксандраўская, д. 7; трэцяя - вул. Даўгабродская, д. 3; чацвёртая - рог Міхайлаўскай і Петраградскай, д. 5/8; пятая - вул. Глухая, д. 2. Упраўленне Мінскай гарадской міліцыі знаходзілася на рагу вул. Падгорнай і Серпухоўскай) арганізоўваліся крымінальна-следчыя сталы ў складзе пяці чалавек (начальнік, следчы, рэгістратар, справавод, канторшчык).

Пры павятовай міліцыі працавала крымінальнае аддзяленне са штатам 27 чалавек, пры гарміліцыі ў павятовым горадзе - гарадскі вышуковы стол у складзе дзевяці чалавек. Ва ўсіх павятовых крымінальных аддзяленнях прадугледжвалася арганізацыя бюро рэгістрацыі злачынцаў. Агульны штат крымінальнага вышуку па рэспубліцы складаў 319 чалавек.

Першы кіраўнік галоўвышуку Беларусі Антон Кавальскі ўзначальваў службу меней за месяц - з 6 лістапада па 2 снежня 1920 г. Яго пераемнікамі сталі Васіль Парэцкі (2 - 31 снежня 1920 г.), Адам Бадзаноўскі (1 студзеня - 15 лютага 1921 г.) і Акім Вязанічаў (15 лютага - 2 чэрвеня 1921 г.).

Звернемся да вядомых на сёння біяграфічных звестак пра іх - уласнаручна запоўненых у студзені 1921 г. анкетных лістоў, знойдзеных у фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (стыль арыгінала захаваны).

Васіль Васільевіч ПАРЭЦКІ нарадзіўся ў 1896 г. у Юхноўскім павеце Смаленскай губерні. Член РКП(б) з 1920 г. Нежанаты. Члены сям’і: маці 65 гадоў і два браты. Прафесія бацькоў: святар. Адукацыя: сярэдняя вучэбная ўстанова (Смаленск). Студэнт 3-га курса Маскоўскага ўніверсітэта. Валоданне мовамі: польская, знаёмы з французскай, нямецкай, лацінскай і грэцкай. У шэрагах беларускай міліцыі з 1918 г. Праца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі: загадчык Цэнтральнага ўпраўлення чыгуначнай міліцыі Літбел (Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі. - Аўт.), інструктар-рэвізор НКУС Літбел. Займаемая пасада: часова выконваючы абавязкі начгалоўміліцыі Рэсбел (Рэспублікі Беларусі. - Аўт.). Кароткая біяграфія: пралетарый, вучыўся, жыў самастойным шляхам. Мінскі адрас: вул. Каломенская, д. 15, кв. 11.

Адам Феліксавіч БА­ДЗАНОЎСКІ нарадзіўся ў 1892 г. у Лодзі. Член РКП(б) з 1 жніўня 1919 г. Жанаты, жонка - Вера Васільеўна, 27 гадоў. Прафесія бацькоў: капялюшнік. Адукацыя: сямікласнае гандлёвае вучылішча (Лодзь) і студэнт 2-га курса Льежскага ўніверсітэта (Бельгія). Не скончыў у сувязі с наступам германцаў на Бельгію ў 1914 г. Валоданне мовамі: польская, нямецкая і англійская. З 1 студзеня 1921 г. - начгалоўвышуку. Мінскі адрас: вул. Юр’еўская, д. 8, кв. 8.

У 1919 - 1920 гг. Адам Бадзаноўскі служыў у Чыр­вонай Арміі, быў супрацоўнікам для даручэнняў аддзела разведкі штаба 14-й арміі. У жніўні 1920 г. - загадчык інфармацыйнага аддзела Харкаўскай ЧК (Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (рус. Всероссийская чрезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией и саботажем - ЧК) пры Савеце народных камісараў РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика).

З верасня 1920 г. - у Камісарыяце ўнутраных спраў ССРБ (са снежня 1920 - НКУС ССРБ), з верасня 1920 па студзень 1921 г. - сакратар НКУС.

Акім Герасімавіч ВЯЗА­НІЧАЎ нарадзіўся 6 верасня 1890 г. у вёсцы Муратава Бунінскай воласці Болхаўскага павета Арлоўскай губерні. Член РКП(б) з 18 лістапада 1919 г. Жанаты, жонка - Соф’я Аляксандраўна, студэнтка-медычка. Прафесія бацькоў: хлебаробства. Адукацыя: скончыў Карачаўскую настаўніцкую семінарыю (Карачаў - павятовы горад Арлоўскай губерні, сёння - раённы цэнтр Бранскай вобласці Расіі. - Аўт.) і два курсы Петраградскага педагагічнага інстытута, які не скончыў, таму што палічыў больш карыснай і неабходнай жывую работу, чым вучэнне. Валоданне мовамі: вывучаў нямецкую і лацінскую. Займаемая пасада ў старой арміі: 202-гі пяхотны Гарыйскі полк (51-я пяхотная дывізія 2-га Каўказскага армейскага корпуса, дыслакацыя - Кутаісі. - Аўт.), паручнік, начальнік каманды пешых разведчыкаў. Служба ў Чырвонай Арміі: у час апошняга наступлення Юдзеніча на Петраград быў начштаба Выбаргскага раёна, потым ад’ютантам дывізіёна і камандзірам 3-га сапёрнага палка Петраградскага ўмацаванага раёна. Праходжанне курсу ўсеагульнага вайсковага навучання: скончыў вайсковае вучылішча ў 1916 г. Праца: з 1910 па 1915 г. настаўнічаў, з 1915 па 7 лістапада 1917 г. знаходзіўся на вайсковай службе, з 7 лістапада 1917 па 1 жніўня 1918 г. загадчык дзіцячага дома ў Петраградзе, з 1 верасня 1918 па 1 мая 1920 г. студэнт Петраградскага педагагічнага інстытута, да 9 чэрвеня ў войсках Петраградскага ўмацаванага раёна, ад’ютант і кампалка, з 9 чэрвеня 1920 г. па 10 студзеня 1921-га начальнік Петраградскай губміліцыі. З 11 студзеня 1921 г. прыкамандзіраваны да галоўміліцыі ССРБ. Кароткая біяграфія: сын селяніна-серадняка, уласнымі сіламі і сродкамі, без дапамогі з боку бацькоў атрымаў адукацыю; больш схільны несці службу ў міліцыі. Мінскі адрас: вул. Захар’еўская, д. 38, кв. 6.

У 1921 г. Акім Вязанічаў з’яўляўся намеснікам начальніка галоўміліцыі ССРБ, узначальваў агульны аддзел НКУС і быў камандзірам міліцэйскай брыгады галоўміліцыі Беларусі. Ён старшынстваваў на першай рэспубліканскай нарадзе начальнікаў павятовых крымінальна-вышуковых аддзяленняў Беларусі (15 лютага 1921 г.), на якой абмяркоўваліся надзённыя пытанні камплектавання падраздзяленняў крымінальнага вышуку і арганізацыі іх працы на месцах. А. Вязанічаў выступіў напрыканцы нарады і адзначыў, што старая паліцыя, якая адышла ў вобласць падання, імкнулася прымаць супраць злачынца карныя меры. Задача ж крымінальнай міліцыі - карныя меры замяніць выхаваўчымі. Старарэжымны лозунг «выключыць, пакараць і выправіць» павінен быць заменены лозунгам «выключыць і выправіць». «Супрацоўнік крымвышуку, - падкрэс­ліў намеснік начгалоўміліцыі Беларусі, - павінен валодаць вайсковай падрыхтоўкай лепш за міліцыянераў, бо ён выконвае больш складаную і адказную працу».

1921 год у гісторыі беларускай міліцыі стаў першым годам фактычнага станаўлення апаратаў крымінальнага вышуку. Вырашыліся пытанні камплектавання, прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў, выпрацоўвалася аптымальная структура крымінальна-вышуковых падраздзяленняў. Характэрна, што за гэты год змянілася шэсць кіраўнікоў галоўвышуку, кожны з якіх імкнуўся зрабіць свой унёсак у вырашэнне дадзеных праблем.

У чэрвені 1921 г. Акіма Вязанічава адкамандзіравалі ў распараджэнне галоўміліцыі РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика. Яго далейшы лёс, які ўжо быў звязаны са службай у Чырвонай Арміі, удалося высветліць з дапамогай інтэрнэт-крыніц. У 1920-х гг. ён камандаваў стралковым палком. У 1930-х гг. працаваў у Ваеннай акадэміі хімічнай абароны імя К. Е. Варашылава старшым выкладчыкам, а потым начальнікам кафедры. У 1938 г. яму было прысвоена званне камбрыга (скарочаная назва пасады камандзіра брыгады, а таксама персанальнае вайсковае званне асобаў вышэйшага каманднага складу РСЧА ў перыяд з 22 верасня 1935 г. па 7 мая 1940 г., якое адпавядала званню брыгадзір або брыгадны генерал ва Узброеных Сілах іншых краін), а ў 1940 г. - генерал-маёра тэхнічных войскаў. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі, у 1941 - 1943 гг. - намеснік камандуючага па тыле 32-й арміі. У 1943 - 1944 гг. - намеснік камандуючага Адэскай ваеннай акругі. Потым да 1946 года ўзначальваў Арлоўскае сувораўскае ваеннае вучылішча (Арол, Расія), а затым зноў выкладаў у Ваеннай акадэміі хімічнай абароны імя К. Е. Варашылава. Памёр 4 верасня 1951 г., пахаваны ў Маскве.

На жаль, далейшыя лёсы Васіля Парэцкага і Адама Бадзаноўскага застаюцца пакуль невядомымі. Магчыма, неўзабаве архівы раскрыюць астатнія старонкі іх біяграфій.

Юры КУР’ЯНОВІЧ. Фота з архіва - аўтара. газета "На страже".