www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

24 кастрычніка 2017Нялёгкі шлях пераадолелі таварышамі, а не сапернікамі

Ва ўнутраных войсках МУС прайшлі чарговыя кваліфікацыйныя выпрабаванні на права нашэння Крапавага берэта. На старт спаборнiцтваў выйшлі 128 прэтэндэнтаў з вайсковых часцей, спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі, сталічнага АМАПа. За тым, як байцы змагаліся з сапернікамі і самімі сабой, назіралі карэспандэнты «НС».

...Кандыдаты збіраюцца на пляцы сталічнай «трыццацьдвойкі» на ўрачысты мітынг. Яны напружаны, рукі моцна сціскаюць аўтаматы. Першы намеснік начальніка аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ГУКУВ МУС палкоўнік Хазалбек Атабекаў адзначае: штогод колькасць афіцэраў і прапаршчыкаў, якія ўдзельнічаюць у іспытах, павялічваецца. У сваю чаргу камандзір в/ч 3214 палкоўнік Андрэй Дудкін звяртае ўвагу, што ў строі знаходзяцца тыя байцы, якія вырашылі пайсці змагацца са сваімі слабасцямі, затым папярэджвае іх: бітва не будзе лёгкай. Настаяцель храма чытае малітву, пасля чаго ваеннаслужачыя і міліцыянеры адпраўляюцца на вучэбныя пункты, дзе пройдзе першы этап.

У адным з вызначаных месцаў кандыдаты збіраюцца бегчы трохкіламетровую дыстанцыю. Інструктары нагадваюць, каб тыя не ўздумалі зрэзаць круг. У мінулым годзе адзін з удзельнікаў жульнічаў, і за гэта быў дыскваліфікаваны. «Чалавек, які падманвае таварышаў, не павінен насіць наш берэт», - кажуць крапавікі.

На другім пункце байцы дэманструюць навыкі рукапашнага бою, на трэцім - змагаюцца ў вольных схватках.

Далёка не ўсе спраўляюцца з гэтымі выпрабаваннямі. У выніку на другі этап - 12-кіламетровы марш-кідок на тэрыторыi навучальнага цэнтра часцей Мінскага гарнізона - група выходзіць, страціўшы больш за паўсотню таварышаў.

...У восеньскім лесе сярод дрэў паказваюцца байцы ў поўнай амуніцыі. Яны бягуць хутка, уздымаючы нагамі апалае залатое лісце. Аднак кожны крок ім даецца цяжка - адзін з байцоў адстае, падае на калені.

- Устаць! - падбягае да яго крапавік і тут жа па-таварыску падтрымлівае: - Пацярпі, трохі засталося.

Ваеннаслужачы з апошніх сіл падымаецца, перакідвае аўтамат праз плячо і спрабуе дагнаць групу.

Прэтэндэнты бягуць далей. Сілы канчаюцца - падчас марш-кідка інструктары даюць кандыдатам дадатковую нагрузку: перанесці «раненага», падняцца на гару на кукішках, прабегчы ў процівагазах, адціснуцца.

Наперадзе - водная перашкода. Байцы кідаюцца ў ручай. Ледзяная вада абпальвае цела. Пара доўгіх, пакутлівых хвілін - і вось ён, супрацьлеглы бераг. Прэтэндэнты ўзбіраюцца па крутым выступе і, падаючы на траву, гатовы зрабіць прывал, але замест адпачынку адціскаюцца 50 разоў! У такі момант задумваешся: што прымушае гэтых салдат і афіцэраў ісці праз моцны боль да канца? Пра што ведаюць яны, але не здагадваемся мы?

Завяршаецца марш-кідок вогненна-штурмавой паласой. Скрозь дымавы заслон нічога не відаць, цяжка дыхаць. Байцы пераадольваюць перашкоды амаль навобмацак. Да далоней і ног дакранаюцца языкі полымя. На тварах - сажа, кроў і слёзы, адзенне - падранае. Падчас гэтага этапу ўдзельнікі не забываюць, што яны не сапернікі, а таварышы. Каля падпаленай сцяны драўлянага будынка прэтэндэнт на Крапавы берэт падстаўляе спіну іншаму байцу, а сам пераадольвае перашкоду з дапамогай таго, хто ідзе следам.

Затым кандыдаты апранаюць процівагазы і ныраюць у «пастку». Прыціскаючы да гру­дзей аўтаматы, яны па-пластунску прапаў­заюць траншэю даўжынёй метраў 30.

У хуткім часе прэтэндэнты выстройваюцца ў рад і, падняўшы зброю ў паветра, робяць кантрольныя стрэлы. Тут адсейваецца тая частка, якая не захавала аўтаматы прыгоднымі да бою. Да трэцяга этапу - стральбы з аўтаматаў, кулямётаў і пісталетаў - дапушчаны 56 кандыдатаў.

- Цяперашнія выпрабаванні паказваюць, што ўдзельнікі вельмі добра падрыхтаваныя. У ходзе першага этапу многiя прабеглі трохкіламетровую дыстанцыю менш чым за 12 хвілін, пры тым што нарматыў - 12 хвiлiн 20 секунд, а марш-кідок прайшлі больш за паўсотні чалавек. Такіх вынікаў не было даўно, а гэта значыць, што мы правільна рыхтуем людзей, - адзначае Андрэй Дудкін, назіраючы за «агнявым» этапам. - Аднак, на жаль, не ўсе паказваюць добрыя вынікі стральбы.

Да фіналу - рукапашных баёў - дайшлі 40 чалавек. На працягу 12 хвілін яны змагаюцца з уладальнікамі Крапавых берэтаў. На татамі б’ецца камандзір 1-й роты спецыяльнага прызначэння в/ч 3214 старшы лейтэнант Ілья Кудрын. Суддзя кажа: «Час!» Афіцэр стаіць разгублены і чакае чарговага саперніка. Ён яшчэ не зразумеў, што вытрымаў іспыт.

Прымае віншаванні таварышаў і камандзір 1-й групы 2-га ўзвода прымянення спецыяльных сродкаў РЗСА в/ч 3214 прапаршчык Максім Грыгор’еў.

- Гэта мая чацвёртая спроба атры­маць берэт. Падчас этапаў і думак не было, каб сысці з дыстанцыі, стаяў да апошняга, - прызнаецца новаспечаны крапавік. - Кожны спецназавец павінен мець крапавы галаўны ўбор альбо імкнуцца да гэтага.
Для камандзіра 1-га ўзвода 1-й роты спецыяльнага прызначэння в/ч 5448 (Мінск) старшага лейтэнанта Яўгена Салодкага паспяховай стала другая спроба. Афіцэр расказвае, што з некаторымі ваеннаслужачымі свайго падраздзялення шмат трэніраваўся перад выпрабаваннямі і спаборніцтвамі.

- Падчас маршу ў нейкі час амаль не засталося сіл, дык крапавікі падба­дзёрвалі мяне, казалі, што змагу прайсці. Выпрабаванні на права нашэння берэта - гэта барацьба з самім сабой, - кажа Яўген.

...Гэтай восенню крапавае братэрства папоўнілася 31 байцом. Запаветныя галаўныя ўборы пераможцы атрымалі з рук намесніка Міністра ўнутраных спраў - камандуючага ўнутранымі войскамі генерал-маёра Юрыя Караева.

Крысціна ЗЯЛЁНКА. Фота Альберта ЕРМАКОВА, газета "На страже".