www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

24 кастрычніка 2017Знікненне Месінга, альбо Іншыя тайны гродзенскай турмы

«Кляйма ставіць няма дзе», «на ілбе напісана» - сёння мы і не задумваемся пра этымалогію гэтых фразеалагізмаў. У мінулых жа стагоддзях гэтыя словазлучэнні ўжывалі ў прамым сэнсе, калі вялі гаворку аб злачынцах. Як выконвалі крымінальныя пакаранні некалькі соцень гадоў таму, дасканала ведаюць супрацоўнікі турмы № 1 (Гродна). Тут у адным з адміністрацыйных карпусоў функцыянуе музей гісторыі ўстановы. Карэспандэнты «НС» пабывалі там, каб распавесці чытачам пра самыя цікавыя экспанаты.

- У любога чалавека турма асацыюецца з «небам у клетачку», - кажа намеснік начальніка ўстановы па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэннi маёр унутранай службы Юрый Круповіч, пачынаючы экскурсію, і звяртае ўвагу наведвальнікаў на... столь, дзе на ярка-блакітным фоне намаляваны белыя аблокі і калючы дрот. - Менавіта так бачаць неба асуджаныя на прагулцы. Зрэшты, у зале шмат іншых сімвалаў пенітэнцыярнай сістэмы: ствараючы музей, мы пастараліся адлюстраваць рэаліі мінулага і зрабіць экспазіцыю зразумелай для сучаснага чалавека.

Невялікае памяшканне падзелена на некалькі зон, кожная з якіх расказвае аб развiццi ўстановы ў розныя эпохі. Спачатку экспанаты музея паказваюць наведвальнікам умовы ўтрымання спецкантынгенту ў Сярэдневякоўi. Юрый Аксавярынавіч распавядае: першае згадванне аб гродзенскіх турмах адносіцца да XVI стагоддзя. Адна з іх размяшчалася ў вежы Старога замка, дзе ўтрымліваліся асуджаныя дваране. Гарадская турма для простых людзей знаходзілася ў памяшканнях ратушы на Рыначнай (цяпер - Савецкай) плошчы. Да пазбаўлення волі грамадзян прыгаворвалі рэдка, часцей за ўсё да гэтага звярталiся ў працэсе следства. Досыць часта сустракаліся смяротныя прысуды. Маёр унутранай службы дэманструе гравюру з выявай такога дзейства на гарадской плошчы. У той час пазбаўлялі жыцця праз павешанне, калесаванне, абезгалоўліванне.

Дарэчы, у сярэднія вякі абвінавачаных часта катавалі, але не з мэтай прычынення фізічных пакут, а для таго каб «праверыць» праўдзівасць паказанняў. Падследных мучылі пры дапамозе так званых жалезных пазногцяў або прыпякалі скуру свечкай. У музеі захоўваюцца прылады, якімі карысталіся пры допытах: абцугі, «іспанскі конь» і іншыя.

- Пасля паўстання 1863 - 1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ўзнялося пытанне аб размяшчэнні зняволеных мяцежнікаў, - працягвае Юрый Круповіч. - Для гэтага прыстасавалі трохпавярховы будынак былога езуіцкага калегіума, які быў пабудаваны яшчэ ў пачатку ХVII стагоддзя. У нас захаваліся малюнкі часткі ўнутранага дворыка турмы. Работа, між іншым, Напалеона Орды, які знаходзіўся ў замку некаторы час. На тэрыторыі тады размяшчаліся царква, гаспадарчыя пабудовы, калодзеж. Крыху пазней тут з'явілася першая цэнтралізаваная каналізацыя ў горадзе.

У першым дзесяцігоддзi XIX ст. гарадская турма размяшчалася ў ратушы на гродзенскім рынку - будынку зусім не прыстасаваным для гэтых патрэб. Таму было прынята рашэнне аб будаўніцтве турэмнага замка. Задумку рэалізавалі толькі ў 1820 годзе. Менавіта тады ўстанова прыняла першых арыштантаў, асуджаных да катаргі. Былi прадугледжаны асобныя камеры для мужчын і жанчын. На другім паверсе функцыянавалі тры сакрэтныя памяшканні для асабліва небяспечных злачынцаў.

Адзін са стэндаў адлюстроўвае побыт спецкантынгенту турмы ў часы Расійскай імперыі. Экскурсавод звяртае ўвагу на фотаздымак ката і тлумачыць: тады нярэдка ўжываліся фізічныя пакаранні, часцей за ўсё ў выглядзе ўдараў пугай або розгамі. Выконваў іх чалавек з ліку зняволеных за асобную плату або прадастаўленне палепшаных умоў утрымання.

А яшчэ ў музеi знаходзяцца прыстасаванні для кляймення злачынцаў - таўро «ВОР» i «КАТ» - лiтары, якiя ставілі на ілбе і шчоках асуджаных.

- Нездарма размясцілі на стэндзе чарцяжы ручных і нажных кайданоў, - кажа маёр унутранай службы. - Гродзенскія арыштанты выраблялі іх для пенітэнцыярных устаноў па ўсёй губерні - тады тут было восем турмаў. У музеі ёсць і сапраўдныя кайданы. Дакументы сведчаць, што нават у іх асуджаныя ўмудраліся ўцякаць, таму пэўнай катэгорыі грамадзян да нагі дадаткова чаплялі гіру.

Па архіўных матэрыялах у музеі створана камера ўзору ХІХ стагоддзя. Цікавасць выклікае турэмны халат катаржан. На яго абавязкова нашывалі ромб чырвонага, чорнага або жоўтага колеру. Гэты знак быў мішэнню для канвою ў надзвычайных сітуацыях. Пад нагамі тут пакладзена арыгінальная плітка канца ХІХ стагоддзя з аднаго з карпусоў турмы.

Побач знаходзіцца адзіночная камера савецкіх часоў. На ложку сядзіць манекен у паласатым касцюме. «Пастаялец» - відавочны прыхільнік тутэйшых традыцый. На пальцах выбіта татуіроўка ў выглядзе абрэвіятуры «СЛОН» - такія былі толькі ў злосных парушальнікаў.

На чарговым стэндзе размешчаны фотаздымкі знакамітых грамадскіх дзеячаў, якія пабывалі ў гродзенскай турме. У розны час тут знаходзіліся фізік Жыгімонт Урублеўскі, ужо згаданы мастак і грамадскі дзеяч Напалеон Орда, літаратары Валянцін Таўлай і Піліп Пестрак, рэвалюцыянер Фелікс Дзяржынскі, аўтар граматыкі беларускай мовы Браніслаў Тарашкевіч і нават вядомы польскі і савецкі празорца Вольф Месінг. Ходзяць чуткі, што па загаду кіраўніцтва яго падвяргалі розным выпрабаванням для таго, каб праверыць здольнасці. Аднойчы паставілі задачу выйсці з закрытай адзіночнай камеры - Месінг нейкiм чынам паўплываў на супрацоўнікаў, і тыя выпусцілі яго на волю.

Яшчэ адна група экспанатаў - вырабы зняволеных пасляваеннай эпохі. Тут можна заўважыць самаробную зброю, карты, машынкі для нанясення татуіровак і іншае.

Частка экспазіцыі прысвечана супрацоўнікам і кіраўнікам турмы. Асаблівае месца займае кабінет начальніка ўстановы канца пазамінулага - пачатку мінулага стагоддзя. Тут шмат арыгінальных экспанатаў. Напрыклад, масіўны драўляны стол, гадзіннік, карта Расійскай імперыі, настольная лямпа. У пісьмоўніку 1890-х гадоў знаходзяцца звароты работнікаў турмы ў розныя інстанцыі: хадайніцтвы на дазвол шлюбу, паступленне ва ўстанову адукацыі і г. д. Ёсць і форменнае адзенне супрацоўнікаў таго часу.

- Пенітэнцыярная сістэма адносілася да Міністэрства юстыцыі, - паясняе Юрый Круповiч. - Маладыя работнікі, калі паступалі на службу, прымалі Прысягу, з імі заключалі дагавор, які абавязваў служыць два гады. За правіны начальнік установы мог накласці на падначаленага пакаранне ў выглядзе заўвагі, вымовы або арышту тэрмінам на сем дзён, а таксама штрафу ў памеры ад аднаго да пяці рублёў, а за добрую працу ўзнагародзіць медалём «За беспорочную службу в тюремной страже».

У музеі захоўваюцца розныя да-кументы часоў, калі горад быў у складзе Польшчы. Тады ў турме знаходзілася да тысячы чалавек, у асноўным палітвязні, якія змагаліся за незалежнасць краіны. Сярод экспанатаў - газета, дзе згадваецца аб прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў у Гродна.

Далей на стэндзе - фотаздымкі работнікаў турмы, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. У першы дзень акупацыі некалькі бомб трапілі на тэрыторыю ўстановы i цалкам разбурылi адзін з найстарэйшых карпусоў будынка. Эвакуацыю асуджаных правесці не паспелі - усе яны апынуліся на свабодзе. Пасля немцы ператварылі турэмны двор у месца масавых расстрэлаў ваеннапалонных.

- Ёсць дакументы, якія распавядаюць аб апошнім уцёку асуджаных у 1982 годзе, - кажа Юрый Аксавярынавіч. - Гэта вельмі сумны момант у нашай гісторыі. Вечарам 18 верасня група зламыснiкаў, якія працавалі ў вытворчым цэху, напалі на кантралёра і задушылі яго. Затым самаробнай зброяй нанеслі некалькі ўдараў афіцэру на пасту, напалі на ахоўніка. Але апошні не разгубіўся і адкрыў агонь на паражэнне. Дваім злачынцам усё ж удалося пераадолець асноўную агароджу. Адзін з іх быў адразу затрыманы, другога ўцекача злавілі праз месяц. Крыху пазней іх асудзілі да выключнай меры пакарання.

Побач знаходзіцца стэнд з фотаздымкамі і кароткай інфармацыяй аб усіх кіраўніках турмы. Таксама тут размешчаны два манекена ў параднай і паўсядзённай форменнай вопратцы савецкіх часоў. А пасярэдзіне залы - вялікі макет установы, які дапамагае ўявіць прысутным, як выглядаюць будынкі ўстановы з вышыні птушынага палёту.

Калектыў рэдакцыі газеты «На страже» дзякуе кіраўніцтву турмы № 1 за прадстаўленую магчымасць наведаць музей, а Юрыю Круповiчу - за пазнавальную экскурсію і добры настрой.

Тамара ГОРЛАЧ, "На страже". Фота Альберта ЕРМАКОВА.