www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

3 лістапада 2017Колер берэтаў розны, мэта - адна

Спецыяльны атрад хуткага рэагавання ўнутраных войск МУС выступіў арганізатарам спаборніцтва сярод падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння рэспублікі. На працягу чатырох дзён каманды САХРа, СПБТ Специальное подразделение по борьбе с терроризмом "Алмаз" «Алмаз» МУС, КДБ, СБП, Дзяржпагранкамітэта, а таксама 33-га асобнага гвардзейскага атрада спецыяльнага прызначэння і 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Узброеных Сіл дэманстравалі сваё майстэрства на тэрыторыі сталіцы і Мінскага раёна.

За гарачымi баталiямi назіралі карэспандэнты «НС»

Падчас адпачынку група спецназаўцаў атрымлівае паведамленне: раптоўна на блокпост прарваліся «злачынцы» і спрабуюць яго захапіць. «Бандыты» не засталі байцоў неспадзявана. Кулямётчык адразу займае пазіцыю і пускае па «ворагу» даўжэзную чаргу, дапамагаючы таварышам прайсці на кантрольна-прапускны пункт, каб адбіць нападзенне з бронетранспарцёра. У лічаныя хвіліны штурмавікі атакуюць «бандытаў».

Але ў гарачым «баі» «зламыснікі» падбіваюць баявую машыну і раняць вадзіцеля. Група атрымлівае чарговую ўводную: аказаць таварышу медыцынскую дапамогу і эвакуіраваць яго ў бяспечнае месца. Зразумеўшы, што зламаць праваахоўнікаў не атрымліваецца, раззлаваны «праціўнік» вырашае сысці ў лес, уцякаючы, працягвае здзяйсняць рэдкія стрэлы. Са схаваных пазіцый яму агнём адказвае снайперская пара...

Гэта адзін з этапаў элітнага спаборніцтва. Удзельнікі выканалі амаль 30 тактычных і агнявых практыкаванняў у гарадскіх умовах і ў лясной мясцовасці. Днём і ноччу яны шукалі і знішчалі дыверсійна-разведвальныя групы праціўніка, дэсантаваліся з верталёта, эвакуіравалі раненых. Падчас аднаго з этапаў прадстаўнікам каманд неабходна было нават вылічыць тэрарыста сярод некалькіх чалавек па элементах адзення альбо зброі і знішчыць яго.

Некаторыя спецназаўцы прызнаваліся, што найбольш складанымі аказаліся начныя практыкаванні, калі даводзілася працаваць ва ўмовах дрэннай бачнасці.

У фінальны дзень спаборніцтва байцы ўдзельнічалі ў эстафеце. Чатыры чалавекi ад кожнай каманды як мага хутчэй пераадольвалі перашкоды, паражалі ўмоўнага зламысніка з вінтовак і аўтаматаў, у процівагазах стралялі з пісталетаў па рухомай мішэні - «млыне», цягнулі амаль 100-кілаграмовую скрыню з боепрыпасамі. Затым адбыліся дуэлі снайперскіх пар, сапёраў, кулямётчыкаў і штурмавікоў.

- У кожным сілавым ведамстве ёсць асобыя падраздзяленні, прызначаныя для выканання спецыяльных задач. Спаборніцтвы дазваляюць усебакова ацаніць узровень падрыхтоўкі баявых груп, выявіць слабыя бакі, вызначыць прыярытэтныя напрамкі далейшай працы, - падкрэсліў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась.

Як адзначыў намеснік Міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Юрый Караеў, у практыкаваннях для снайпераў, кулямётчыкаў, сапёраў штогод з’яўляюцца новыя элементы.

- Свет не стаiць на месцы: рухаюцца ўперад і тэрарысты, і тыя, хто ім супрацьдзейнічае. Застыць на тым жа ўзроўні, які быў, напрыклад, пяць гадоў таму, немагчыма. Спецназ без працы, як жалеза, іржавее, таму вучэбна-баявыя спаборніцтвы прызначаны для таго, каб апярэджваць магчымыя рызыкі і пагрозы, - лічыць Юрый Хаджымуратавіч.

У выніку іспытаў лепшым сярод элітных падраздзяленняў стаў САХР. На другім і трэцім месцах п’едэстала гонару размясціліся прадстаўнiкi КДБ і 33-га асобнага гвардзейскага атрада спецыяльнага прызначэння.

Уручаючы кубак і ўзнагароды пераможцам і прызёрам, Юрый Караеў адзначыў: нягледзячы на тое, што на байцах берэты рознага колеру, на спаборніцтве панаваў дух баявога братэрства.

Крысціна ЗЯЛЁНКА. Фота Альберта ЕРМАКОВА