www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

3 лістапада 2017Дровы ля печкі, альбо Да зімы гатовы?

У 2017-м у Лагойскім раёне ўзнікла больш за 50 пажараў, у выніку якіх загінулі сем чалавек. На працягу апошніх гадоў прасочваецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці ўзгаранняў. Начальнік РАНС падпалкоўнiк унутранай службы Валерый Вайцяховіч упэўнены, што важную ролю ў гэтым адыграла папераджальная работа. У рамках традыцыйнай рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам» супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў правялі тлумачальную размову з жыхарамі раёна, ацанілі бяспеку ўмоў іх пражывання. Да рэйдавай групы ў аграгарадку Косіна далучылася i карэспандэнт «НС».

...Інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС старшы лейтэнант унутранай службы Яўген Зелянко стукае ў дзверы дома, дзе пражывае адзіная ў раёне сям’я, якая патрабуе асаблівай увагі спецыялiстаў. Сацыяльны педагог мясцовай школы Валянціна Мацюшонак папярэджвае, што бацькі сталі на шлях выпраўлення.

- Дзеці на ўроках у школе, жонка на працы, - паведамляе з парога мужчына. - Мы навялі парадак у хаце.

- МНС праводзіць акцыю «За бяспеку разам». Ці ўсталяваны ў вас аўтаномны пажарны апавяшчальнік? - цікавіцца Яўген Юр’евіч.

Гаспадар запрашае супрацоўніка РАНС у пакоі і дэманструе спраўны АПА. Затым старшы лейтэнант унутранай службы накіроўваецца да печкі, каб праверыць, у якім стане яна знаходзіцца.

- Нядаўна мужчына атрымаў заўвагу за адсутнасць сталёвага ліста для засцярогі драўлянай падлогі ад узгарання. Вось, ужо ляжыць, - паказвае Яўген Зелянко.

Тым не менш пажарны заўважае іншае парушэнне правіл эксплуатацыі печы: побач з ёю скла-дзены дровы. Гаспадар зараз жа прыбірае іх далей.

Праязджаючы па аграгарадку, старшыня Лагойскага сельвыканкама Алег Кулікоў паказвае дом, які падзялілі паміж сабой трое братоў. Адзін з іх злоўжывае спіртным. Сям’я знаёмая і ўчастковаму iнспектару мясцовага РАУС маёру міліцыі Алегу Чумаку, таму члены рэйдавай групы вырашаюць наведацца па гэтым адрасе.

- Не дазваляю вам заходзіць у хату. Дзе прадпісанне? Я не павінен адказваць на вашыя пытанні, - заяўляе аматар моцных напояў, запальваючы цыгарэту, і павышаным тонам спрабуе давесці, што не карыстаецца пячным ацяпленнем.

- Яшчэ прыйдзем да яго, - кажа Алег Чумак, пакідаючы двор. - П’яны можа запаліць у печы альбо заснуць з цыгарэтай і спаліць дом. Не разумее, што ставіць у небяспечнае становішча сваякоў.

- Да таго ж паведамім пра гэты дом работнікам мясцовага фiлiяла «Энерганагляду», - дадае Яўген Зелянко. - Як мужчына ацяпляе хату, калі не паліць у печы? Напэўна, выкарыстоўвае забароненыя самаробныя прыборы...

Па іншым адрасе жыве шматдзетная сям’я. На парозе з’яўляецца жанчына з малой на руках.

У пакоі гуляе чатырохгадовы хлопчык.

- У нас ёсць сігнальны гукавы прыбор, - распавядае маці. - Дзеці ведаюць, што нельга браць запалкі, дакранацца да гарачага, разетак, пральнай машыны, калі тая працуе.

Старшы лейтэнант унутранай службы правярае стан праводкі, пасля чаго паведамляе: заўваг няма.

Па дарозе Яўген Юр’евіч тлумачыць, што сігнальнае гукавое ўстройства дзейнічае наступным чынам: пры выяўленні дыму АПА выдае сігнал, які дубліруецца ўсімі аб’яднанымі ў сетку апавяшчальнікамі, усталя-ванымі як унутры памяшкання, так і знадворку. У гэтым годзе ў рамках дзяржпраграмы СГП бяс-платна ўстанавілі ў 25 домаўладаннях.

- У перспектыве прылада будзе перадаваць паведамленне аб узгаранні на мабільны тэлефон уладальніка, - адзначае супрацоўнік РАНС.

Спецыялісты заходзяць у хату да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Ён паказвае ўстаноўленыя ў пакоях пажарныя апавяшчальнікі, а таксама сігналізацыю для катла, якая спрацуе пры ўцечцы газу. Печ аказваецца ў парадку.

- Дзеці дапамаглі, - прызнаецца пажылы мужчына. - У першую чаргу мы самі павінны клапаціцца пра сваю бяспеку.

Далей у плане рэйда - праверка будынкаў, якія не эксплуатуюцца. Іх у раёне восем. Бываюць выпадкі, калі асобы без пэўнага месца жыхарства пранiкаюць у нежылыя хаты і, спрабуючы сагрэцца рознымі спосабамі, правакуюць пажар.

Яўген Зелянко адзначае, што на днях супрацоўнікі РАНС і РАУС праверылі восем шматкватэрных дамоў. У пяці з іх былi адкрыты праходы на гарышчы і ў падвалы. Спецыялісты заўважылі прадметы, якія сведчылі аб тым, што там жывуць людзі. У хуткім часе прынялі меры па прадухіленні несанкцыянаванага доступу.

Мiж тым група пад’язджае да пустуючага дома. Дошкі на вокнах перашкаджаюць пранікненню ў хату, на дзвярах вісіць замок. Вяртаючыся ў Лагойск, старшыня сельвыканкама сцвярджае, што такія памяшканні знаходзяцца пад пастаянным кантролем.

- Маем зносіны з насельніцтвам, даглядаем за асобамі, якія злоўжываюць спіртным. Папераджальная праца дае плён. Як кажуць, па маленькiм ручайку - у вялікую раку, - заключае А. Чумак.

Крысціна ЗЯЛЁНКА. Фота аўтара.

Кампетэнтны каментарый

Начальнік Лагойскага РАНС падпалкоўнік унутранай службы Валерый ВАЙЦЯХОВІЧ:

- З прафілактычнай мэтай супрацоўнікі праводзяць гутаркі ў працоўных калектывах, выступаюць на сельскіх сходах. Спецыялісты паказваюць мясцовым жыхарам фільмы аб правілах пажарнай бяспекі і выніках узгаранняў. Нядаўна арганізавалі падобныя семінары для работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і бальніцы. Акрамя таго, кожны чацвер супрацоўнікі наведваюць прыватныя домаўладаннi, каб пракансультаваць i аказаць гаспадарам неабходную дапамогу.