www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

10 лістапада 2017Беларускі крымвышук 1920-х гг.: малавядомыя старонкі гісторыі

У папярэдняй публікацыі «Першыя кіраўнікі Галоўвышуку Беларусі - студэнты вядомых універсітэтаў» (№ 40 ад 6 кастрычніка 2017 г.) мы пазнаёмілі чытачоў з дагэтуль невядомымі шырокай аўдыторыі біяграфічнымі звесткамі пра першых начальнiкаў Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Беларусі, а таксама з кароткай гісторыяй яго ўзнікнення ў структуры Галоўнага ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі НКУС ССРБ.

У сённяшнім матэрыяле адкрываюцца чарговыя малавядомыя старонкі летапісу беларускага крымвышуку ў першай палове 1920-х гг. і забытыя імёны яго супрацоўнікаў.

Першая палова 1920-х гг. у гісторыі беларускай міліцыі стала часам фактычнага станаўлення апарату крымінальнага вышуку. Вырашаліся пытанні камплектавання, прафесійнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў, фармiравалася аптымальная структура крымінальна-вышуковых падраздзяленняў. У гэтыя гады адбыліся істотныя змяненні ў арганізацыйна-структурным плане і ведамаснай падпарадкаванасці. Дастаткова адзначыць, што ў перыяд з мая 1922 па сакавік 1924 года ў Наркамаце ўнутраных спраў Беларусі нароўнi з Галоўным упраўленнем міліцыі існавала асобная самастойная структурная адзінка, непасрэдна падначаленая наркаму ўнутраных спраў, - Упраўленне крымінальнага вышуку БССР.

Першым цэнтральным органам па арганізацыі і кіраўніцтве падраздзяленнямі крымінальнага вышуку на тэрыторыі Беларусі стаў Галоўвышук, створаны ў лістападзе 1920 г. у структуры Галоўнага ўпраўлення рабоча-сялянскай міліцыі ССРБ.

Нагадаем, што ў кастрычніку 1920 г., калі Мінская губерня была вызвалена ад польскіх акупацыйных войскаў, распараджэннем Ваеннарэвалюцыйнага камітэта Беларусі (Ваенрэўком; у той час - вышэйшы орган улады ў рэспубліцы, старшыня - А. Чарвякоў) арганізоўваецца Галоўнае ўпраўленне рабоча-сялянскай міліцыі (Галоўміліцыя) ССРБ пад кіраўніцтвам Станіслава Мертэнса (1892 - 1937). Галоўміліцыя знаходзілася ў падпарадкаванні Камісарыята ўнутраных спраў Ваенрэўкома Беларусі, які з 17 снежня 1920 г. па рашэнні ІІ Усебеларускага з’езда Саветаў быў пераўтвораны ў Народны камісарыят унутраных спраў ССРБ.

Загадам Галоўміліцыі ад 2 снежня 1920 г. № 21 была абвешчана першая аргштатная структура Галоўнага ўпраўлення (аддзелы - агульны, інспектарскі, матэрыяльны, Галоўвышук, прамысловай міліцыі, палітаддзел і сакратарыят), Мінскай гарадской і павятова-гарадской савецкай рабоча-сялянскай міліцыі Беларусі, зацверджаная НКУС ССРБ на пасяджэнні 21 лістапада 1920 г.

Штат асабовага складу Галоўміліцыі быў вызначаны ў 99 чалавек. Штат Галоўвышуку ра-зам з начальнікам уключаў сем чалавек аператыўнага складу (памочнік начальніка, інспектары і следчыя) і пяць чалавек тэхнічнага персаналу (сакратар, справаводы, канторшчыкі). Агульны штат крымінальнага вышуку па рэспубліцы быў вызначаны ў 319 чалавек.

Галоўнай задачай крымінальнага вышуку было прадухіленне і расследаванне злачынстваў; дзеля яе выканання ён ажыццяўляў наступныя функцыі:

  1. «нагляд за публічнымі дамамі, падазронымі месцамі і асобамі, якія хаваюцца ў іх, шляхам абыходаў, аблаў і ўсталявання негалоснага нагляду;
  2. збіранне звестак пра здарэнні крымінальнага характару;
  3. збіранне звестак пра месца і час здзяйснення злачынства;
  4. прыняцце скаргаў і заяў ад пацярпелых, сведак і іншых асоб, якія ведаюць пра ўчыненне злачынства;
  5. допыт сведак;
  6. правядзенне ператрусаў, аглядаў;
  7. затрыманне падазронага ў злачынстве:
    • а) калі ён мае непасрэднае дачыненне да злачынства;
    • б) калі пацярпелы ці сведка пакажуць на падазроную асобу;
    • в) калі ў падазронага будуць знойдзены відавочныя сляды злачынства;
    • г) калі рэчы, якія служаць доказам злачынства, належаць падазронаму ці будуць знойдзены пры ім;
    • д) калі ён зрабіў спробу ўцячы або злоўлены ў час ці пасля ўцёкаў;
    • е) калі падазроны не мае пастаяннага месца пражывання або калі з’явяцца падставы няўпэўненасці ў яго асобе;
  8. правядзенне самастойнага следства;
  9. выкананні даручэнняў судовых і следчых органаў па правядзенні дазнання;
  10. рэгістрацыю і вышук злачынцаў».

Як сведчаць архіўныя дакументы, тагачасныя заканадаўчыя акты, далейшыя змены ў арганізацыі і дзейнасці міліцыі Беларусі вызначаліся тым становішчам, якое складвалася ў рэспубліцы.

Пераход да мірнага будаўніцтва і на рэйкі новай эканамічнай палітыкі - НЭПа, адметнымі рысамі якой сталі ўвядзенне харчпадатку, свабода гандлю, развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі і дробнай прыватнай уласнасці, скарачэнне адміністрацыйна-кіраўнічых выдаткаў, паставіў новыя задачы і перад міліцыяй. Яна павінна была садзейнічаць агентам Наркамхарча (Народнага камісарыята харчавання) у збіранні падаткаў, рэгістраваць гандлёвыя прадпрыемствы і патэнты, весці барацьбу з самагонаварэннем (таемным браварніцтвам). У гады НЭПа адбыўся рост злачынстваў, накіраваных супраць фінансавай і эканамічнай асновы савецкай дзяржавы. У выніку аб’ём працы міліцыі, у прыватнасці крымінальнага вышуку, не скараціўся, а значна павялічыўся. Узнікла патрэба ў аб’яднанні сіл і сродкаў падраздзяленняў крымінальна-вышуковага апарату. Выйсце з гэтага становішча ў той час бачылася ва ўзмацненні цэнтрысцкіх пачаткаў у кіраўніцтве крымінальна-вышуковых устаноў. З мэтай узмацнення барацьбы са злачыннасцю ў 1922 г. згодна з загадам НКУС крымінальны вышук вывелі з падпарадкавання міліцыі. У цэнтры было створана Упраўленне крымінальнага вышуку, непасрэдна падначаленае Наркаму ўнутраных спраў. Такім чынам, у БССР у структуры НКУС пачалі існаваць дзве самастойныя адміністрацыйныя адзінкі - Упраўленне міліцыі і Упраўленне крымінальнага вышуку.

У сакавіку 1924 г. у выніку вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый са складу РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика - так званага першага ўзбуйнення БССР - у яе склад увайшлі паветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, у якіх пераважала беларускае насельніцтва. Тэрыторыя БССР у выніку першага ўзбуйнення павялічылася больш чым у два разы (110 584 км?), а насельніцтва - да 4,2 млн чалавек, 70,4% з iх складалі беларусы. 17 ліпеня 1924 г. на тэрыторыі БССР быў скасаваны стары і прыняты новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел - акругі (усяго створана дзесяць) з дзяленнем на раёны (100). Адпаведна гэтаму былі створаны і наступныя акруговыя міліцыі: Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая. Цэнтральнай установай міліцыі з’яўлялася Упраўленне міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР, якое ўтварылася пасля аб’яднання ў сакавіку 1924 г. Упраўлення крымінальнага вышуку з Упраўленнем міліцыі.

У структурным плане Упраўленне міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР выглядала наступным чынам:

  • Аддзел міліцыі:
    • аддзел службы і падрыхтоўкі;
    • аддзел статыстыкі і камплектавання;
    • матэрыяльны аддзел;
    • гаспадарчая каманда;
    • санітарна-медыцынская частка.
  • Аддзел крымінальнага вышуку:
    • актыўны пададдзел;
    • сакрэтны пададдзел;
    • навукова-тэхнічны аддзел;
    • цэнтральны гадавальнік службова-вышуковых сабак;
    • агульная частка.
  • Рэзерв пры Упраўленні міліцыі

У выніку архіўных даследаванняў удалося ўстанавіць імёны супрацоўнікаў беларускага крымвышуку, якія працавалі ў вызначаны перыяд, а таксама знайсці іх фотакарткі.

У гэтым плане асаблівую цікавасць уяўляе асоба Анатоля Егудзіна - памочніка начальніка Віцебскага губернскага крымінальнага вышуку ў 1922 - 1923 гг. Заўважым, што да першага ўзбуйнення БССР (сакавік 1924 г.) большая частка сучаснай Віцебскай вобласці ўваходзіла ў склад РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика. Сярод узнагарод Анатоля Егудзіна - Падзяка Віцебскага губвыканкама за энергію і самаадданасць у барацьбе са злачынным светам (1923 г.) і… званне «Героя Працы міліцыі і крымінальнага вышуку», з занясеннем імя на дошку, з узнагароджаннем сярэбраным жэтонам, якім ён быў адзначаны 19 студзеня 1924 г. пастановай губкамісіі па правядзенні святкавання 6-й гадавіны савецкай рабоча-сялянскай міліцыі, якая была зацверждана прэзідыумам Вітгубвыканкама. Верагодна, што гэта ўзнагарода мела, так бы мовіць, рэгіянальны статус, але на сённяшні дзень болей не вядома ніводнага імя супрацоўніка беларускай міліцыі, якога ушанавалі б падобнай узнагародай.

ЦЭНТРАЛЬНЫ АПАРАТ КРЫМІНАЛЬНАГА ВЫШУКУ БССР

Рыва Саламонаўна Арэнбург (1900, Клінцы, Чарнігаўская губ.).
Рэгістратар-дактыласкапіст Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1923 г.
Адукацыя: жаночая гімназія.

 

 

 

Аляксандр Восіпавіч Палубінскі (9 студзеня 1889 г., Мінск).
Працаваў у канцылярыі аддзела крымінальнага вышуку Упраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1924 г.: з 16 сакавіка да 1 верасня 1924 г. - начальнікам канцылярыі, потым - малодшым справаводам.
Адукацыя: няпоўныя тры класы Панявежскай настаўніцкай семінарыі (г. Панявежыс, Літва).

 

 

Вольга Уладзіміраўна Пап (1899 г., Мінск).
Працавала ў канцылярыі цэнтральнага апарату крымінальнага вышуку БССР у 1922 - 1928 гг. З 4 кастрычніка 1922 г. па 1 студзеня 1923 г. - машыністка Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР, далей - справавод у гэтым жа упраўленні, а пасля праведзеных рэарганізацый, з 1924 г. - ва Упраўленні міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР, з 1927 г. да сакавіка 1928 г. - у Адміністрацыйнай управе НКУС БССР.
Адукацыя: сем класаў Курскай жаночай гімназіі (г. Курск, Расія)
Валоданне мовамі: беларуская, польская

 

Анастасія Пракопаўна Галадко (1900 г., Радванічы, Брэсцкі павет, Гродзенская губ.).
Прыбіральшчыца Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1924 г.
Валоданне мовамі: беларуская, руская, украінская.

 

 

 

Іосіф Іванавіч Грамыка (28 сакавіка 1902 г., Аршаншчына).
Агент 2-га разраду аддзела крымінальнага вышуку Упраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1924 - 1925 гг.
Валоданне мовамі: беларуская, польская.

 

 

 

Ніна Пятроўна Капацкая (13 сакавіка 1901 г., Мінск).
Старшы справавод канцылярыі Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1922 - 1923 гг.
Адукацыя: Мінская жаночая гімназія Лявіцкай (навучанне ў гэтай гімназіі, якая дзейнічала з 1906 г., доўжылася сем гадоў; дыплом даваў права працаваць хатняй настаўніцай пачатковых класаў - адна з найбольш прэстыжных тагачасных спецыяльнасцей).
Валоданне мовамі: польская.

 

 

Якаў Фёдаравіч Простак (9 кастрычніка 1900 г., Мінск).
Агент 2-га разраду аддзела крымінальнага вышуку Упраўлення міліцыі і крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1924 г. З 1 верасня 1924 г. па 1 красавіка 1925 г. - агент 1-га разраду крымінальнага вышуку па Уздзенскім раёне Мінскай акругі.
Адукацыя: курс вышэйшага навучальнага вучылішча (у Расійскай імперыі - агульнаадукацыйныя ўстановы, прамежкавыя паміж пачатковымі і сярэднімі).
Валоданне мовамі: беларуская, польская.

 

Гірш Шэвелевіч Богін (1898 г., Мінск).
Агент 2-га разраду Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1922 - 1924 гг.

 

 

 

Варвара Іванаўна Целеш (народжаная Трубенка) (4 снежня 1900 г., Мінск).
Машыністка Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1923 г.
Адукацыя: руская жаночая гімназія ў Мінску.

 

 

 

Ганна Міхайлаўна Сцепанянц (народжаная Эдэльман) (22 чэрвеня 1890 г., Іржышчаў, Кіеўская губ.).
Машыністка Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1923 г.
Валоданне мовамі: нямецкая, украінская.

 

 

 

Фёдар Фёдаравіч Калінчук (1880 г., Адэскі павет, Херсонская губ.).
Субінспектар Упраўлення крымінальнага вышуку НКУС БССР у 1923 г.
Адукацыя: юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (1913).

 

 

 

КРЫМІНАЛЬНЫ ВЫШУК МІНСКАЙ АКРУГІ

Аркадзій Лявонцьевіч Баброўскі (1903 г., Пінскі павет, Мінская губ.).
Агент 1-га разраду крымінальнага вышуку па Чэрвенскiм раёне Мінскай акругі ў 1925 г.
Адукацыя: сем класаў.

 

 

 

Арсеній Мікалаевіч Лебедзеў (29 кастрычніка 1897 г., Дукора, Ігуменскі павет, Мінская губ.; па іншых крыніцах - 15 лістапада 1897 г., Стоўбцы, Мінская губ.).
Агент 1-га разраду крымінальнага вышуку па Койданаўскiм раёне Мінскай акругі ў 1925 г.
Адукацыя: 2-класнае рамеснае вучылішча.

 

 

 

Уладзімір Міхайлавіч Ерафееў (1878 г., Пацейкі, Слуцкі павет, Мінская губ.).
Памочнік начальніка Мінскага губернскага крымінальнага вышуку напрыканцы 1921 г. (снежань). У верасні 1920 г. - супрацоўнік 1-га разраду Мінскага губернскага крымінальнага вышуку. У чэрвені 1921 г. - следчы Мінскага гарадскога крымінальна-вышуковага аддзялення.

 

 

 

Аляксандр Бенядзіктавіч Іоніх-Антакольскі (29 кастрычніка 1894 г., Стоўбцы, Мінская губ.).
Супрацоўнік 1-га разраду Мінскага крымінальна-вышуковага аддзялення ў 1921 г. З мая 1918 г. па студзень 1919 г. і з 8 мая 1920 г. па 4 мая 1921 г. працаваў у Арлоўскім крымінальным вышуку (г. Арол, Расія); з 19 чэрвеня 1920 г. - памочнік начальніка.
Адукацыя: вучыўся ў 2-м мінскім гарадскім вучылішчы; у 1912 г. скончыў экстэрнам шэсць класаў гімназіі.

 

 

ВІЦЕБСКІ КРЫМІНАЛЬНЫ ВЫШУК

Анатоль Барысавіч Егудзін (8 сакавіка 1897 г., Магілёў).
Памочнік начальніка Віцебскага губернскага крымінальнага вышуку ў 1922 - 1923 гг. У маi 1924 г. адкамандзіраваны ў распараджэнне Цэнтрвышуку Крыма, у г. Сімферопаль.
Адукацыя: Віцебскае камерцыйнае вучылішча, 2 курсы камерцыйнага аддзялення Рыжскага політэхнічнага інстытута.

 

 

КРЫМІНАЛЬНЫ ВЫШУК АРШАНСКАЙ АКРУГІ

Аляксандр Паўлавіч Антонаў (31 мая 1899 г., Мінск).
Інспектар крымінальнага вышуку Аршанскай акруговай міліцыі ў 1924 - 1926 гг.
Адукацыя: 2-класнае чыгуначнае вучылішча.
З 1919 г. у Аршанскім крымінальным вышуку.
З 10 верасня па 10 лістапада 1919 г. - слухач Усерасійскай школы інструктараў міліцыі. У 1926 г. прызначаны на пасаду народнага следчага 2-га ўчастка Аршанскай акругі.

 

 

КРЫМІНАЛЬНЫ ВЫШУК МАГІЛЁЎСКАЙ АКРУГІ

Мацвей Фролавіч Галіноўскі (28 лістапада 1903 г., Рагачоў, Магілёўская губ.).
Інспектар крымінальнага вышуку Магілёўскай акруговай міліцыі ў 1924 - 1925 гг.
Адукацыя: царкоўна-прыходскае вучылішча і курсы Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры НКУС РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика (упраўленне створана ў 1922 г. на базе Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам) у г. Калузе (1922).

Юры КУР’ЯНОВІЧ. Фотакопіі аўтара.