www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

10 лістапада 2017Вобраз міліцыянера-франтавіка захаваны ў бронзе

Учора ў Гомелі адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака “100 год беларускай міліцыі”. У рытуале прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка, намеснік Міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Аляксандр Кобрусеў, старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік, начальнік УУС Гомельшчыны генерал-маёр міліцыі Уладзімір Захарчук, кіраўнікі сілавых ведамстваў рэгіёну, асабісты склад гарнізона, ветэраны і іншыя запрошаныя.

- Мы аддаём даніну павагі штодзённай службе народу чалавека ў міліцэйскіх пагонах, яго гераізму і адданасці Радзіме, - адзначыў В. Захарчук. - Не выпадкова ў бронзе захаваны вобраз міліцыянера-франтавіка, які сімвалізуе сабой мужнасць, адвагу і гонар самых цяжкіх ваенных і пасляваенных гадоў, непахіснасць і працяг служэння на карысць свайго народа. Шчыра ўдзячны за дапамогу прысутным ганаровым гасцям і ў першую чаргу старшыні аблвыканкама, без якіх нам не ўдалося б рэалізаваць гэты сапраўды значны праект.

Пазней за аказанне садзейнічання ў рэалізацыі ўскладзеных на органы ўнутраных спраў задач Аляксандр Кобрусеў ўручыў Уладзіміру Дворніку знак “За ўзаемадзеянне”. У сваю чаргу памочнік Прэзідэнта Юры Шулейка атрымаў з рук кіраўніка абласной міліцыі Уладзіміра Захарчука знак афіцэрскага сходу УУС. Такой жа ўзнагароды ўдастоены і стваральнік мужнага вобраза праваахоўніка - скульптар Валерый Кандраценка.

Таксама рознымі ўзнагародамі былі адзначаны кіраўнікі прадпрыемстваў, якія прымалі ўдзел ва ўзвядзенні памятнага знака, ветэраны і супрацоўнікі падраздзяленняў міліцыі.

Для рэалізацыі ідэі стварэння памятнага знака, прысвечанага векавому юбілею беларускай міліцыі, гомельскія праваахоўнікі звярнуліся да вядомага скульптара Валерыя Кандраценка - аўтару мемарыяльных знакаў да 70-годдзя стратэгічнай аперацыі “Баграціён”, супрацоўнікам органаў унутраных спраў Гомельскай вобласці, якія загінулі падчас выканання службовых абавязкаў, памятных комплексаў у гарпасёлку Лоеў і вёсцы Чонкі.

Спачатку была канцэпцыя. Дзякуючы калектыўнай творчасці міліцыянераў і стваральніка сталі з'яўляцца абрысы будучай скульптуры. Фінальны вобраз сфарміраваўся ў снежні 2016-га. Канчаткова ж рабочая мадэль трансфармавалася ў рэальнасць у жніўні гэтага года.

Задума досыць простая: па вуліцы рухаюцца сучасныя машыны, а на скрыжаванні стаіць міліцыянер з мінулага, які рэгулюе транспартны паток.

Вышыня бронзавай фігуры - 2,1 метра. У цэнтры кампазіцыі - гамяльчанін, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, зборны мастацкі вобраз з успамінаў самога скульптара аб франтавіках. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дадому і прыйшоў на службу ў міліцыю. Супрацоўнік у форме МУС 1950-х гадоў, у званні старшага лейтэнанта міліцыі. На кіцелі ёсць ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, нашыўкі за раненне. У правай руцэ міліцыянер трымае жазло, якім паказвае, якому з аўтамабіляў у патоку неабходна спыніцца. У левай руцэ - свісток.

Побач стаіць знакаміты матацыкл М-72, які выпускаўся з 1941 па 1960 год выключна для ваенных патрэб і знаходзіўся на ўзбраенні міліцыі. З яго узнаўленнем узніклі пэўныя цяжкасці. На жаль, фатаграфіі не перадаюць усю шматграннасць дэталяў і агрэгатаў, таму патрабавалася знайсці залатую сярэдзіну паміж рэальным вобразам і магчымасцямі ліцця. Матацыкл, ды яшчэ і на хаду, усё ж знайшлі. Мадэль М-72-Н1 1958 года выпуску прадаставіў 59-гадовы гамяльчанін Аляксандр Шамкін, які чвэрць стагоддзя прысвяціў рэстаўрацыі рэтратранспарта. Ён - пастаянны ўдзельнік парадаў як у абласным цэнтры, так і ў іншых гарадах Беларусі. Такім чынам калекцыйны матацыкл трапіў у майстэрню і некалькі месяцаў “пазіраваў” скульптару.

Разглядаліся розныя прапановы па месцы ўстаноўкі помніка, бо акрамя выяўленчай часткі неабходна было ўлічваць і функцыянальную. Скульптура не павінна была згубіцца сярод іншых будынкаў.

У выніку яна арганічна ўпісалася ў архітэктурную кампазіцыю будынкаў, збудаваных у пасляваенны перыяд, увекавечыўшы доблесць супрацоўнікаў міліцыі.