www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

14 лістапада 2017Адбылося пасяджэнне грамадскага савета пры МУС у абноўленым складзе

У аўторак, 14 лістапада, адбылося першае пасяджэнне грамадскага савета пры МУС у абноўленым складзе. Пляцоўкай мерапрыемства стаў Міжнародны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі Акадэміі МУС.

“З моманту стварэння грамадскага савета прайшло больш за чатыры гады. Працаваць было вельмі цікава, і, мяркуючы па грамадскім рэзанансе, які выклікалі разгледжаныя тэмы, дзейнасць савета мела вялікае значэнне - як для нашага ведамства, так і для ўсяго грамадства. Члены грамадскага савета па меры магчымасцяў рабілі ўсё для максімальнага збліжэння супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з насельніцтвам, павышэння ўзроўню даверу грамадзян да міліцыі. За чатыры гады працы грамадскага савета праведзены цэлы шэраг пасяджэнняў. Разглядаліся і прапаноўваліся шляхі вырашэння актуальных пытанняў, якія хвалююць нашае грамадства, такіх, як барацьба з п'янствам, наркаманіяй, гвалтам у сем'ях, прафілактыка маладзёжнай злачыннасці, перспектыўныя кірункі развіцця пенітэнцыярнай сістэмы”, - сказаў Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, адкрываючы пасяджэнне.

Кіраўнік міліцэйскага ведамства падзякаваў старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, які ўзначальваў грамадскі савет пры МУС з дня яго ўтварэння, за значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё структуры, а таксама актыўную працу па ўмацаванні даверу да органаў унутраных спраў. Шляхам галасавання члены грамадскага савета абралі Генадзя Браніслававіча ганаровым старшынёй.

Ігар Шуневіч адзначыў, што ў далейшай працы грамадскага савета прымуць удзел члены папярэдняга складу: генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Уладзімір Грыдзюшка, мастак-скульптар Аляксандр Дранец, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь Пальчык, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі вайсковымі фарміраваннямі протаіерэй Сергій Кузьмянкоў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка, кіраўнік Цэнтра палітычнай і эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Мікалай Шчокін, галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч.

Міністр унутраных спраў таксама прадставіў новых членаў грамадскага савета пры МУС. Гэта доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Абламейка, старшыня Праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання “Гендарныя перспектывы” Ірына Альхоўка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім Дзевятоўскі, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі Кацярына Дулава, старшыня Цэнтральнага савета добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Іван Дырман, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва «БелТА» Дзмітрый Жук, старшыня праўлення тэлеканала “ОНТ” Марат Маркаў, член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Алег Суконка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, старшыня Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Юрый Шумскі і дырэктар Адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі.

Старшынёй абноўленага складу грамадскай рады пры МУС выбраны галоўны рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч. “Дзякуй за давер, які мне аказалі. Я разумею, што мяне чакае нялёгкая праца. Лічу, што стаўленне кожнага грамадзяніна да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з'яўляецца тым самым маркерам, які паказвае: калі міліцыю паважаюць, любяць і ёй давяраюць, значыць краіна здаровая”, - падкрэсліў Павел Ізотавіч.

Намеснікам старшыні грамадскага савета стаў старшыня Цэнтральнага савета добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Іван Дырман.

Ігар Шуневіч канстатаваў: сёння органы ўнутраных спраў дастаткова эфектыўна вырашаюць задачы па ахове жыцця, здароўя, уласнасці грамадзян і дзяржавы ад злачынных замахаў. Разам з тым не зніжаецца актуальнасць самых надзённых праблем - наркаманіі, п'янства, карупцыйных злачынстваў, бытавога гвалту. Нягледзячы на тое, што адносіны міліцыі з грамадствам не заўсёды бываюць адназначнымі і часта штучна пагаршаюцца, праваахоўная сістэма і соцыум павінны ўвесь час знаходзіцца ў канструктыўным дыялогу. Значную ролю ў гэтым працэсе закліканы адыгрываць грамадскі савет пры МУС. Гэта сур'ёзная і маштабная задача, рашэнне якой - справа не аднаго дня. На думку Міністра, стаўленне грамадзян да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў неабходна трансфармаваць, павялічваючы іх аўтарытэт у вачах грамадскасці.

Аб асаблівай функцыі грамадскага савета выказаўся дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. Ён лічыць, што прысутнасць у фарміраванні спецыялістаў з розных сфер дазваляе ўсім разам убачыць магчыма вузкія, але не менш важныя праблемы, якія патрабуюць рашэння. “Як прадстаўніку бібліятэчнай супольнасці, мне даводзілася мець справу з незвычайнымі бібліятэкамі, якія працуюць для зняволеных у папраўчых установах. Але менавіта праца ў грамадскім савеце дазволіла мне бліжэй пазнаёміцца з праблемнымі пытаннямі ў гэтай галіне”, - распавёў Раман Матульскі.

Пасяджэнне завяршылася азнаямленчай экскурсіяй для членаў грамадскага савета па Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.