www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

29 снежня 2017«А дзе тут «пушчанку» можна паспрабаваць?»


Памятаеце вядомую савецкую кінастужку «Частный детектив, или Операция «Кооперация», дзе адзін з герояў вырабляў самагонку прама ў сваіх «Жыгулях»? Штосьці падобнае нядаўна можна было пабачыць у Брэсцкай вобласці. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовага жыхара, які літаральна на калёсах ЗІЛа гнаў «барматуху», прыстасаваўшы для гэтага прычэп аўтамабіля. Праўда, у адрозненні ад кіно, гэты працэс ажыццяўляўся не падчас руху транспартнага сродку, а ў лесе. Самагоншчык спыняўся, рабіў справу і ехаў далей. Прычым прыпынкі былі ў розных месцах: зацішных палян у Белавежскай пушчы хоць адбаўляй. Дарэчы, у абласной міліцыі і сёння шкадуюць, што не захавалі той агрэгат і адправілі
на ўтылізацыю ўнікальны «экспанат».

Аб тым, што на Брэстчыне, самагонаварэнне мае, напэўна, адзін з самых вялікіх размахаў у рэспубліцы, ведаюць усе. Таму, адпраўляючыся ў камандзіроўку на паўднёвы захад краіны, мы практычна былі ўпэўнены, што разам з праваахоўнікамі па меншай меры адзін сапраўдны заводзік «накрыем».

Рэгіёнам для правядзення сумеснай аперацыі была абрана Пружаншчына. І не выпадкова, бо менавіта тут больш за ўсё зарэгістравана парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства. Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі мясцовага РАУС падпалкоўнік міліцыі Павел Сандрыгайла разам з калегамі разгарнуў карту мясцовасці і вызначыў маршрут - Сухапольскі сельсавет.

«Флягісты» і «аптавікі»
Да месца прызначэння - 60 кіламетраў, ехаць каля гадзіны, таму часу на тое, каб пацікавіцца пра аператыўнае становішча ў участковага, які абслугоўвае гэту мясцовасць, старшага лейтэнанта міліцыі Святаслава МАЗУРКЕВІЧА, было дастаткова.

- У сельсавеце налічваецца 29 вёсак, тут пражываюць каля трох тысяч чалавек, - адзначае афіцэр. - Як расказвалі больш вопытныя супрацоўнікі, ды і самі жыхары, раней тут амаль у кожнай хаце можна было знайсці змеявік. Цяпер жа людзі гоняць у асноўным у лесе, і не ў маленькай колькасці. Як ні кажы, а самагонаварэнне хоць і не лепшая, але ж частка нашых традыцый. Вось і атрымліваецца, што мы вядзем барацьбу з гістарычнай спадчынай. Але ж адна справа - вырабляць алкаголь для сябе, хаця і гэта забаронена, а другая - на продаж. Для тых, хто займаецца незаконным промыслам, як кажуць, толькі на карман, нічога не складзе дабавіць у напой усялякай хіміі, медыкаментаў ці іншых інгрэдыентаў для моцнасці.

Па словах С. Ма-зуркевіча, мясцовыя самагоншчыкі дзеляцца на розныя катэгорыі. Напрыклад, тых, хто непасрэдна гоніць і прадае ў вялікай колькасці, называюць «флягістамі». Напэўна, таму, што рэалізуюць гарэлку флягамі або бідонамі. Яны збываюць яе «аптавікам» па адной цане, а тыя ўжо прадаюць насельніцтву коштам на парадак вышэй. Тут таксама існуе закон рынку. Міліцыянеры неяк падлічылі, што дзяльцы толькі з адной буйной партыі маюць навару каля сямі тысяч рублёў.

- Размах вытворчых маштабаў некаторых самагон-шчыкаў, мякка кажучы, шакіруе, - уключаецца ў размову сённяшні напарнік участковага, памочнік камандзіра ўзвода Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы МУС старшы прапаршчык міліцыі Дзмітрый МЫШКЕВІЧ. - У мінулым годзе перад навагоднімі святамі мы знайшлі ў лесе міні-завод. У чанах ужо знаходзілася брага. Колькі, вы думаеце, яе там было? Звыш за пяць тон! Два дні разам з байцамі атрада міліцыі спецыяльнага прызначэння сядзелі ў засадзе.

Нарэшце ўладальнікі выт-ворчасці з’явіліся і былі затрыманыя.

Дарэчы, Святаслаў і Дзмітрый працуюць у адной звязцы па выяўленні ачагоў самагонаварэння даўно. Участковы інспектар нават жартуе, што калега можа яго, калі трэба, падмяняць, бо ўжо ведае практычна кожнага жыхара сельсавета, не кажучы пра тых, хто займаецца нелегальнай справай. За 2017 год тандэм міліцыянераў выявіў каля трох тысяч тон брагі.


Міні-завод на востраве
Службовая машына спынілася на ўскрайку вёскі Баркі. Далей аўто не праедзе, таму мы накіраваліся ў гушчар пешшу. Шчыра кажучы, я на імгненне разгубіўся: пайшоў снег, і перад вачыма адкрылася ўся прыгажосць прыроды. Вы былі ў Белавежскай пушчы зімой? Асабліва непаўторнай яна паўстае ў ціхія марозныя дні. Трэба, затаіўшыся, пастаяць некалькі хвілін, каб адчуць, як жыве лес. Адразу апынаешся ў палоне дзівосных уражанняў, калі нават слова сказаць не можаш гучна, толькі б не спалохаць нейкае дзіва…

Мы сапраўды ішлі амаль моўчкі, але не дзеля таго, каб захапляцца краявідамі, а каб не абазначыць сябе перад магчымымі парушальнікамі. Праз некаторы час знайшлі перавернутыя бочкі, паддоны, тут жа самаробны калодзеж, усялякія шлангі і накрытую шыферам невялікую печку.

- Крыху спазніліся, - адзначае ўчастковы. - Тыдзень таму затрымалі б тут самагоншчыкаў. Бачыце, як маскіруюцца, - печку абкладваюць шыферам і іншымі матэрыяламі, каб дыму было менш.

Амаль такая ж карціна і метраў праз 200 ад першага месца. З той толькі розніцай, што тут засталіся яшчэ і часткі самагоннага апарата.

- Далей будзе рэчка, якая раздзяляе нашу вобласць з Гродзенскай, - кажа Святаслаў. - У мінулым годзе мы знайшлі міні-завод, які размяшчаўся на невялікім востраве. Прыйшлося зрабіць шмат кругоў па вадзе, каб з дапамогай спецтэхнікі вывезці ўсе прыстасаванні.

А колькі ж часу і сіл спатрэбілася «прадпрымальнікам», якія ўсё гэта перапраўлялі туды, сабіралі абсталяванне… Вось што робіць прага нажывы - нават на востраве ўладкаваліся!

Вярнуўшыся ў вёску, рэйдавая група вырашыла наведацца да мясцовага жыхара, які нядаўна прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за самагонаварэнне. Права-парушальнік, які хаця б адзін раз трапіў у поле зроку міліцыянераў, вядома ж, застаецца на кантролі. Хата аказалася адчыненай, але там нікога не было.

- Упэўнены, што спрацавала сарафаннае радыё, - выказвае меркаванне Д. Мышкевіч. - Як толькі вяскоўцы нас убачылі, адразу расказалі пра гэта адзін аднаму, маўляў, у населены пункт едуць дзве незнаёмыя аўтамашыны. Дарэчы, людзі ў дом не пусцяць і агледзець сваё жыллё не дадуць. Усе сталі добра ведаць закон - без санкцыі пракурора нават не заходзь. Вось і вымушаны мы выкарыстоўваць розныя хітрасці. Але аб гэтым гаварыць не буду, нельга сакрэты выдаваць.

Убачыўшы мужчыну, які ішоў па вуліцы, вырашылі ў яго атрымаць нейкія звесткі. Цікава, але на пытанне «Колькі каштуе самагон?», ён адказаў адразу, а вось дзе прадаецца - не ведае.

- Безумоўна, усё яму вядома, бо гарэлка тут часцяком выступае ў якасці натуральнай валюты. Але асаблівасць характару ў тутэйшых такая, што яны не будуць «здаваць» суседа, нават калі бакі знаходзяцца не ў добрых адносінах, - падкрэслівае
С. Мазуркевіч.


Размах уражвае
Камандзіроўка падыходзіла да заканчэння, а мы сваімі вачыма так і не пабачылі пакуль усяго размаху самагоннага руху на Брэстчыне, быццам бы ўсе ў адзін час сталі законапаслухмянымі. Вырашылі заехаць яшчэ ў вёску Дзетаветчына. І прафесійнае пачуццё не падвяло праваахоўнікаў.

Прайшоўшы два кіламетры ў глыбіню лесу, мы ўбачылі сапраўдны міні-завод па вырабу алкаголю. Літаральна на некалькіх квадратных метрах кампактна размясцілася складанае абсталяванне. Тут было ўсё: выкапаны калодзеж з вадой, чатыры вялізныя бідоны (кожны літраў па 100), мудрагелісты самагонны апарат, яма для адходаў, нарыхтаваныя дровы для вогнішча, рыдлёўкі, нават халодная зварка для правядзення рамонту на месцы. У невялікай скрыні іншыя спадарожныя рэчы - чаркі, шкляныя банкі, спецыяльны прыбор для вымярэння моцнасці напояў, армейскі камбінезон хімабароны. Карацей кажучы, усё падрыхтавана для работы. Паводле самых сціплых ацэнак, магутнасць міні-завода дазваляе выганяць па 30 - 50 літраў (а можа, і больш) самагону за раз.

Міліцыянеры вырашылі чакаць у засадзе, калі ўладальнікі такога прадпрыемства вернуцца, каб заняцца незаконнай справай. А колькі прыйдзецца маскіравацца - невядома, аднак яны ўпэўнены, што злодзеі абавязкова будуць затрыманы і панясуць заслужанае пакаранне. Нават нягледзячы на тое, што паводле заімшэлай шыльды, якую дзесьці знайшлі і размясцілі тут гаспадары, «аб’ект» з’яўляецца недатыкальным помнікам прыроды і ахоўваецца законам.

Так і адбылося. Міліцыянеры аператыўна, па сваіх каналах, вызначылі, каму належыць такая вытворчасць, і прыцягнулі вінаватых да адказнасці. Абсталяванне канфіскавалі. Дарэчы, закон гаво-рыць аб тым, што за выраб і захоўванне фізічнай асобай (якая не з’яўляецца ін-дывідуальным прадпрымальнікам) алкагольных напояў прадугледжваецца штраф у памеры ад дзесяці да 100 базавых велічынь (арт. 12.27 КаАП).

Але ж паспрабаваць «пушчанку» можна легальна. Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўваходзіць у вельмі вузкі круг юрыдычных асоб, якія маюць афіцыйны дазвол вырабляць самагон і гандляваць ім. Тут гасцям прапануюць «Напітак пушчанскі арыгінальны». Да выт-ворчасці фірменнага напою падыходзяць вельмі сур’ёзна. Прадукт мае сертыфікацыю па якасці і бяспецы для здароўя. Раней працаваў адзіны афіцыйны апарат. Нядаўна ў музеі ў Перароўні з’явіўся другі. Пабудаваны асобны до-мік, які самі работнікі называюць браварняй.


Аўтар матэрыялу - Юрый ДУДКО.
Фота Вячаслава ЦУРАНАВА.