220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

Рэгіён вялікіх магчымасцей. Міншчына адсвяткавала 80-годдзе


За значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з юбілеем працаўнікам Мінскай вобласці аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таксама згодна з распараджэннем Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі
са сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта краіны будзе выдзелены мільён рублёў на завяршэнне ў 2018 годзе будаўніцтва дзіцячай дашкольнай установы ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён).

У панядзелак у Палацы Рэспублікі ўшаноўвалі прадстаўнікоў лепшых працоўных калектываў. Як расказаў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, за 80 гадоў Міншчына прайшла няпросты, але вельмі паспяховы шлях. Ратны і працоўны подзвігі ацэнены па годнасці: вобласць узнагароджана двума ордэнамі Леніна і двойчы ёй прысуджаўся Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

- Галоўнае багацце нашага краю - годныя людзі, якіх адрознівае вялікая любоў да малой радзімы, - адзначыў Анатоль Міхайлавіч. - Дзякуючы іх стваральнай працы і ўменню дасягаць пастаўленых мэт Міншчына стала рэгіёнам вялікіх магчымасцей, з кожным годам усё мацней змяняюцца нашы гарады і вёскі.

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі генерал-лейтэнант Станіслаў Зась дадаў: 80 гадоў для краю, які стаў сэрцам рэспублікі, - усяго толькі гістарычны момант. Разам з тым гэта некалькі пакаленняў, асаблівыя традыцыі і значныя дасягненні.

Ад імя жыхароў сталіцы старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац падарыў рэгіёну-юбіляру новы свінакомплекс у Лагойску на 24 тысячы галоў.

За ўклад у росквіт Міншчыны больш за паўсотні працаўнікоў вобласці атрымалі ганаровыя граматы Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу, падзякі старшыні аблвыканкама. Ведамасныя ўзнагароды ўручылі Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч і Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

На ўрачыстых мерапрыемствах прысутнічаў і памочнік Прэзідэнта краіны - інспектар па Мінскай вобласці генерал-маёр міліцыі ў запасе Ігар Яўсееў, які раней узначальваў УУС рэгіёна.

- Міншчына - гэта флагман у розных сферах жыцця краіны, асабліва ў прамысловай і аграрнай. Вобласць мае трывалыя гандлёвыя сувязі больш чым са 130 дзяржавамі, - распавёў «НС» Ігар Уладзіміравіч. - Прадукцыю БелАЗа і Беларуськалія ведаюць практычна ва ўсім свеце. Разам з тым рэалізуюцца і новыя паспяховыя праекты: два гады прайшло са старту будаўніцтва завода «БелДжы» да выпуску першых аўтамабіляў. У планах наладзіць вытворчасць усіх камплектуючых, у тым ліку рухавікоў, на тэрыторыі Беларусі: тады Geely цалкам стануць айчыннымі. Высокімі тэмпамі развіваецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», будуецца горна-абагачальны комплекс па вытворчасці калійных солей пад Любанню.

У рэгіёне адзначаны рэкордныя паказчыкі ў сельскай гаспадарцы. Ураджайнасць больш за 100 цэнтнераў з гектара стала стандартам для агракамбіната «Сноў» і ААТ «Гастэлаўскае».

У лідэрах вытворчасці хлеба - Мінскі, Дзяржынскі і Нясвіжскі раёны. Кожны чацвёрты атрыманы каравай, літр малака і кілаграм мяса ў рэспубліцы - заслуга працаўнікоў вобласці.
- Як бачыце, калі раней я займаўся забеспячэннем у першую чаргу грамадскай бяспекі, то цяпер гэта і харчовая бяспека, эканоміка, сацыяльная і іншыя сферы. Не ў кожным раёне Міншчыны ёсць буйныя прадпрыемствы, якія прыносяць добры прыбытак. Таму ўжо сёння ўдалося прыняць шэраг рашэнняў, якія дазволяць у будучыні зэканоміць і больш эфектыўна пераразмеркаваць бюджэтныя сродкі, - адзначыў І. Яўсееў.

У гонар 80-годдзя вобласці з рук генерал-лейтэнанта міліцыі Ігара Шуневіча ведамасныя ўзнагароды за значны асабісты ўклад у забеспячэнне аховы грамадскага парадку, актыўны ўдзел ва ўмацаванні сувязяў з МУС атрымалі кіраўнікі абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў Валожына, Лагойска, Нясвіжа, Пухавічаў, Мінскага раёна, Мядзельскага раённага Савета дэпутатаў, абласных упраўленняў адукацыі і аховы здароўя, дырэктары прадпрыемстваў.

- У мінулым годзе істотна знізіўся ўзровень злачыннасці непаўналетніх. Лічу, гэта стала магчымым дзякуючы плённаму супрацоўніцтву педагогаў і міліцыянераў, - падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. - І вельмі прыемна, што нагрудны знак «За садзейнічанне» з рук Міністра ўнутраных спраў заслужана атрымала начальнік упраўлення адукацыі Галіна Казак. Разам з ёй рэгулярна знаходзім рашэнне самых няпростых пытанняў, у тым ліку накіраваных на дапамогу шматдзетным сем,ям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Адзначу эфектыў-нае ўзаемадзеянне і са старшынёй Лагойскага райвыканкама Віктарам Калядой, узнагароджаным Ганаровай граматай МУС, а таксама з іншымі прадстаўнікамі абласной вертыкалі.

Па словах Ігара Яўсеева, сумесна з кіраўніцтвам УУС Міншчыны напярэдадні маштабных мерапрыемстваў - выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, будучых Еўрагульняў і чэмпіянату свету па хакеі - трэба навесці ідэальны парадак у многіх сферах. Дарэчы, штодня памочнік Прэзідэнта разам з іншымі дакументамі звыкла вывучае і міліцэйскую зводку.
- Прысталічны рэгіён - адзін з найбольш складаных у гэтым плане. У цёплы час года многія жыхары сталіцы едуць у прыгарад. Нідзе няма такой канцэнтрацыі дачных гаспадарак, як у Мінскай вобласці. Крадзяжы заўсёды былі тут сур,ёзнай праблемай, - завастрыў увагу генерал-маёр міліцыі ў запасе. - Па-ранейшаму ў рэгіёне самы высокі ў краіне паказчык рэцыдыўнай злачыннасці. І сёння ўсе зацікаўленыя бакі засяроджваюць намаганні на працаўладкаванні раней судзімых грамадзян. Акрамя таго, каля 87 працэнтаў аб’ектаў ужо маюць сістэмы відэаназірання. Да канца года плануюць усталяваць іх ва ўсіх месцах масавага адпачынку на Міншчыне.

На тэрыторыі вобласці заўсёды самыя ажыўленыя транспартныя артэрыі, што адбіваецца на дарожным становішчы. Але раней узятыя на ўзбраенне інавацыйныя метады сёння цалкам апраўдваюць сябе - і сітуацыю атрымліваецца кантраляваць.

Падводзячы вынікі, Ігар Яўсееў адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі: у вырашэнні шматлікіх складаных задач ён знаходзіць падтрымку ў былых калег.


Анастасія ПАРАХНЕВІЧ, "На страже".