220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

Мегаполіс без затораў: мара стане явай


З кожным годам колькасць аўтамабіляў на дарогах павялічваецца, а значыць, узрастае і рызыка здзяйснення ДТЗ. Каб пазбегнуць сумных наступстваў, супрацоўнікі ДАІ прыкладаюць шмат намаганняў.

Аб тым, якія мерапрыемствы па арганізацыі бяспечнага дарожнага руху ў мінулым годзе праводзіліся ў сталіцы, расказаў часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама маёр міліцыі Павел ІГНАТОВІЧ.

- У 2017-м мы імкнуліся ўдасканаліць дзейнасць па арганізацыі дарожнага руху і яго кантролі, а таксама ўкараненні мерапрыемстваў па папярэджанні ДТЗ, павышэнні прапускной здольнасці вулічна-дарожнай сеткі, - кажа Павел Аляксеевіч.

Паводле слоў афіцэра, у мінулым годзе ў Мінгарвыканкам, дарожныя і камунальныя службы горада была накіравана 331 інфармацыя па пытаннях удасканалення арганізацыі бяспечнага руху і фінансавання работ у гэтым накірунку. Супрацоўнікі ДАІ разгледзелі звыш за 1700 зваротаў, скаргаў і прапаноў грамадзян і юрыдычных асоб.

Таксама міліцыянеры выявілі ў сталіцы 86 месцаў канцэнтрацыі ДТЗ. У кожным з іх абследаваны ўмовы руху транспарту і пешаходаў, распрацаваны і рэалізаваны мерапрыемствы па папярэджанні здарэнняў. Так, у Мінску з’явіліся 33 святлафорныя аб’екты, яшчэ некалькі праходзяць працэдуру ўводу ў эксплуатацыю. На небяспечных участках устаноўлены больш за дзевяць тысяч метраў абмяжоўваючых пешаходных агародж і яшчэ столькі ж - уздоўж МКАД. Дарэчы, па ўсёй працягласці аўтадарогі нанесена краёвая восевая лінія з шумавым эфектам. Больш за 60 пешаходных пераходаў і падыходаў да іх абсталяваны дадатковымі свяцільнікамі накіраванага дзеяння, каб у цёмны час сутак вадзіцелі маглі загадзя заўважыць пешаходаў каля праезжай часткі. На некаторых скрыжаваннях выдзелены асобныя палосы для транспарту, які ажыццяўляе паварот налева. Таксама ў горадзе ўстаноўлены 125 штучных няроўнасцяў.

Вялікая ўвага надаецца арганізацыі заспакаення руху паблізу ўстаноў сярэдняй і дашкольнай адукацыі. У мінулым годзе супрацоўнікі ДАІ выявілі больш за 300 недахопаў рознага характару - іх павінны былі ліквідаваць у найкарацейшы час. Таксама адпрацоўваліся бяспечныя маршруты «дом - школа - дом», і кожны школьнік, бацькі і настаўнікі былі аб гэтым праінфармаваны.

Для зручнага перамяшчэння людзей з інваліднасцю больш за 11% святлафораў абсталяваны гукавымі прыладамі, адпаведнымі таблічкамі пазначаны 65 зебраў. У месцах злучэння пешаходных пераходаў з праезнай часткай прадугледжана паніжэнне бартавога каменя. На працягу ўсяго года вяліся работы па кладцы тактыльнай пліткі паблізу месцаў пражывання інвалідаў і абсталявання машына-месцаў для іх у дварах і на аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры.

- Каб дарожны рух быў бяспечным, выкарыстоўваем у тым ліку самыя сучасныя тэхналогіі, - працягвае П. Ігнатовіч. - Напрыклад, у сталіцы функцыянуе аўтаматызаваная сістэма кіравання дарожным рухам. Адметнай асаблівасцю АСКДР з’яўляецца пастаянны кантроль за параметрамі транспартных патокаў на вулічна-дарожнай сетцы горада з дапамогай шырокага прымянення дэтэктараў транспарту ўсіх відаў (індуктыўных, радыёлакацыйных, інфрачырвоных, відэадэтэктараў). Сістэма ўключае 420 «разумных» святлафораў на асноўных вуліцах і ў цэнтральнай частцы горада. Сёння ў рамках мадэрнізацыі і ўдасканалення АСКДР распрацоўваецца падсістэма відэакантролю. Хутка плануецца пачаць тэставанне ўжо ўстаноўленых дэтэктараў на святлафорных аб’ектах па праспекце Машэрава (ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Ціміразева). Па выніках праведзенага даследавання прадугледжваецца абсталяваць дэтэктарамі 90 скрыжаванняў на другім гарадскім транспартным кальцы, усіх праспектах горада, а таксама вуліцах Арлоўскай, Аэрадромнай і Сурганава.

Спецыялісты лічаць, што шырокае ўкараненне АСКДР дапаможа каардынаваць дарожны рух у адпаведнасці з транспартнай абстаноўкай або часам сутак, днямі тыдня, сезонамі, палегчыць арганізацыю маршрутаў «зялёная вуліца», дазволіць знізіць затрымкі транспарту на скрыжаваннях прыкладна на 20 - 25%, скараціць расходы гаруча-змазачных матэрыялаў і агульную масу выкідаў у паветра шкодных рэчываў на 5 - 10%, паменшыць час паездкі па горадзе на 10 - 15%.

У мэтах павышэння прапускной здоль-насці вуліц, аптымізацыі дарожнага руху Дзярж-аўтаінспекцыяй у бягучым годзе плануецца тэставанне тэхналогіі кіравання святлафорнымі аб’ектамі сістэмы ImFlow у мікрараёне Сухарава. Тут ужо заменены дарожныя кантралёры, устаноўлены бесправадныя дэтэктары транспарту, арганізаваны бесправадныя каналы перадачы дадзеных. Кожнае скрыжаванне будзе абменьвацца інфармацыяй з суседнімі і выступаць у якасці інтэлектуальнага вузла дарожнай сеткі. Унікальнасць распрацоўкі - у адаптыўным алгарытме, які ў рэальным часе аўтаматычна рэалізуе стратэгіі кіравання святлафорамі. Гэтая сістэма дазволіць максімальна хутка рэагаваць на змены ў транспартным патоку. А па выніках тэставання пілотных зон плануецца ўкараненне найноўшай тэхналогіі на 16 святлафорных аб’ектах мікрараёна.


Тамара ГОРЛАЧ, "На страже".