220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

П’едэсталы жыцця і службы Мікалая Ладуцькі


Ледзь прыкметная замшэлая сцежка нечакана скончылася, і Міколка зразумеў, што заблудзіўся. Крыху адпачыўшы, ён зноў палез у самы гушчар чорнага старога алешніку, крыху разбаўленага цёмна-жоўтым тоўстым арэшнікам. Зноў стрыкалася, кусала голыя лыткі крапіва. Высокі і калючы маліннік абдзіраў да крыві стомленыя рукі, якімі хлопчык расхінаў голле, адводзячы яго ў бакі і ўзіраючыся з надзеяй у вокны прагальчыкаў: калі ж, у рэшце рэшт, гэтыя здзекі скончацца, ён убачыць бацьку і перадасць яму прывітанне ад цёткі Евы? Да партызанскага атрада Аркадзя Карашкова, які размяшчаўся ў лесе за вёскай Чырвоны бераг, ён дабіраўся з раніцы. Аднойчы Хведар браў сына з сабой, каб той на ўсялякі выпадак ведаў, як яго знайсці. Але на месцы, дзе павінны былі дыслацыравацца партызаны, іх не аказалася, і хлопчык працягваў пошук. «Добра, калі хто папярэдзіў, - забілася моцна сэрца. - А калі не?»

 


Увогуле ж, мясціны ў акрузе былі вельмі прыгожыя і прывабныя. Невыпадкова каля моста праз некалі цудоўную крынічную рэчку Волму здымалі за колькі гадоў да вайны частку першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» па аповесці «Свінапас» Міхася Чарота. У масоўцы быў заняты і Хведар Ладуцька - моцны, спрытны, прыгожы 16-гадовы юнак. Восенню і зімой ён валіў разам са старэйшымі мясцовы лес, апрацоўваў яго і дастаўляў да прыстані, дзе бярвенні ўкладвалі на кацішчы - спецыяльна адведзеным пад іх месцы. Ранняй вясной, ашкураныя і прасохлыя, гэтыя бярвенні плылі па рацэ да месца свайго прызначэння. Лесасплавам Хведар Паўлавіч займаўся ўсё сваё жыццё, пакуль прафесія не знікла. Ён распавядаў Міколу шмат цікавага пра дзейнасць арцелі.

«Здаецца ж, усё запомніў, у якім накірунку і праз што ісці, - білася ў галаве думка, - і вось, на табе». Па твары цёк ліпкі, цягучы пот. Малы сур’ёзна спалохаў-ся, што не дойдзе да вечара. Сонца ўжо вісела зусім нізка. Ён падняў галаву, перахрысціўся, як рабіла ў цяжкія хвіліны маці, і ўбачыў, як паратунак, вершаліну разгалістага дуба. Зрабіў ад радасці яшчэ некалькі рашучых крокаў наперад - і ўваліўся па самую макушку ў зарослую, як і ўсё навокал, вышэзнай травой канаву з вадой. Сіл хапіла толькі для таго, каб вылезці з яе ды дапаўзці да запаветнага дрэва.

Побач «заснула» і торба, якая ў дарозе і перашкаджала, і дапамагала. У ёй былі чатыры боханы хлеба, што пякла мама разам з поварам Ёселем са Смілавічаў для партызан. «Калі што, Марыя Іванаўна, - падслухаў Міколка, - ты на мяне крычы, ругай яўрэяў апошнімі словамі, кажы, якія яны паганыя, якія вылюдкі роду чалавечага, толькі ратуйся, даражэнькая...» Хлопчык не ведаў, дапамагло б гэта яму тады ці не, але немцы праехалі міма Іванічаў, куды даволі доўгі час пасля таго, як таварышы бацькі спалілі мост, увогуле не заглядалі. Быў нават перыяд, калі лясныя мсціўцы жылі ў хаце Ладуцькаў, і гаспадыня рыхтавала ім ежу, мыла бялізну, дазнавалася ў знаёмых, ці наведваюцца да іх суседнія «бобікі».

Міколку снілася амаль усё тое, што было наяве. Здаравенны немец страляе ў яго ўлюбёную курыцу, якую ён карміў з рук, хуценька яе падымае і спрытна, нібы спецыяльна гэтаму вучыўся, запіхвае пад рэмень, на спражцы якога выбіта: «Gott mit uns». «Ніколі Бог не будзе з вамі», - кажа ён немцу, не ведаючы перакладу. Курыца расплюшчвае свае вочы і, развітваючыся, з невыносным болем і жалем глядзіць у ягоныя. Немец збіраецца ўдарыць Міколку сваім падкаваным ботам… І ў гэты момант малы прачынаецца. «Я ж табе кажу, што гэта сын Хведара, які валёнкі на зіму валяе», - глядзіць адзін чалавек на другога. Разам з разведчыкамі сын перадаў прывітанне бацьку на новым месцы. «Мы ўжо ведаем пра заўтрашні намер немчуры, - сказаў бацька, - нашы прыдумалі, як іх вакол пальца абвесці, а табе ўсё роўна вялікі дзякуй за ўчынак. Малайчына. Пра маці нічога не вядома?» Міколка схіліў галаву, і Ладуцька-старшы трывожна і глыбока ўздыхнуў.

Нібы ўспомніўшы пра Іванічы, немцы ўварваліся ў іх з двух бакоў у сакавіку 1944-га.

Выгналі ўсіх з зямлянак і ацалелых хат да ракі і пачалі адбіраць у Германію самых маладых ды дужых. У іх ліку аказалася і мама Міколкі, якую ён спрабаваў, як мог, уратаваць

разам з малодшым братам Іванам. Апошні цягнуўся за маці сваімі слабенькімі ссінелымі ручкамі да самага берага прыгажуні-Волмы. У той жа дзень трагедыя прадоўжылася. М. Ладуцька і сёння пазнаў бы і фашыста-кураеда, і фашыста-хатазнішчальніка, які вынес з пабудаванага бацькам пасля вяселля дома прасніцу з кудзеляй і падпаліў іх пад левым вуглом. Добра памятае ён і малады, усмешлівы, задаволены твар нямецкага лётчыка, які гнаўся за малымі ад калодзежа. Яны паспелі схавацца ў зямлянцы. Перамогай над агнём стала само выжыванне ў ваенным пекле. Бацька пайшоў на фронт, і дзяцей узялі да сябе бацькі мамы Іван Паўлавіч і Таццяна Гаўрылаўна. Ад голаду ўратоўвала толькі родная рэчка, у якой было шмат рознай рыбы. Акуні, плоткі, шчупакі, язі былі ў сям’і і першай, і апошняй стравай да 1945-га, калі Міколка пайшоў у мясцовую сямігодку.

Перамога над стэпам
Васіль Аўдзеевіч Суша, дырэктар школы, быў у прыўзня-тым настроі: «Родныя мае, я вось толькі з сельсавета. Дамоў вярнуліся яшчэ тры вяскоўцы. Гэта зноў для ўсіх нас свята!» Ён хацеў нешта яшчэ дадаць, але ў памяшканне ўляцеў, зачапіўся за крайні стул і паваліўся яму пад ногі Ваня. Звычайна ён прыходзіў на заняткі разам з Міколкам, хоць афіцыйна першакласнікам і не лічыўся. Хуценька ўсхапіўся, знайшоў позіркам старэйшага брата і вымавіў: «Наш тата з вайны прыйшоў...» Ён сказаў гэта так шчымліва, што Васіль Аўдзеевіч ледзь знайшоў стул, сеў на яго і з падкаціўшымся да горла клубком выдыхнуў: «Чатыры!»

Гэта была цёплая вераснёвая субота 1945-га. «І шо б мы рабілі без гэнай амерыканскай тушонкі?» - нахвальваў замежную страву Іван Паўлавіч. Усе яго падтрымлівалі і не маглі нават прысніць, што ўжо заўтра, у нядзелю, «братам па зброі» давядзецца дзякаваць за іншае. А іншым стала вяртанне дадому маці, якую разам с суседам вызвалілі з нямецкага палону амерыканскія салдаты. Хутка ў школе з вядомай зайздрасцю глядзелі на вайсковую форму, якую бацька пашыў Мікалаю.

Час праляцеў незаўважна, і выпускнік Чэрвеньскай сярэдняй школы № 1 Мікалай Ладуцька атрымаў разам з іншымі павестку ў армію. З раёна набралася чалавек 20. У пачатку ліпеня 1956-га іх прывезлі ў славутыя барысаўскія Печы, але там нікога не пакінулі. Пастрыглі, памылі, адзелі, абулі - і ў вядомыя многім з таго пакалення цяплушкі. «У якую вам сяржанцкую вучэбку? - перакрыкваў у дальняй, як аказалася, дарозе Мікалая і Валодзю Няборскага іх аднакласнік Генадзь Калтовіч. - Я добра пачаставаў капітана Яфіма Шыфмана, і ён дакладна сказаў: «На цаліну!» Але Генадзь нікога нічым не частаваў, проста ад некага пачуў пра маршрут яшчэ ў Барысаве. Паверыць яму сябры ніяк не маглі - ні дня не праслужылі і адразу...


На канечнай чыгуначнай станцыі Ісык-Куль доўга не затрымаліся. Літа-ральна праз два дні былі ўжо ў какчэтаўскім саўгасе «Камунізм», які ўзяўся разам з іншымі ў Саюзе асвоіць дзясяткі мільёнаў гектараў цалінных зямель. Столькі пшаніцы, колькі Мікалай убачыў у 1956-м толькі ў названай гаспадарцы, яго землякі не бачылі разам узятыя. Такі ўраджай Казахстан дагэтуль ніколі не атрымліваў. На дапамогу мясцовым хлебаробам прыйшла ўся краіна. На палях працавалі больш за два мільёны чалавек, 64 тысячы камбайнаў, больш за 100 тысяч аўтамашын, мноства іншых агрэгатаў. Казахі здалі тады дзяржаве першы мільярд тон зерня.

Сярод тых, хто ім у гэтым дапамог, было шмат беларусаў, у тым ліку студэнтак. Частка іх працавала адначасова з салдатамі і ў «Камунізме». У той раз чатырох дзяўчат завезлі ў поле збіраць «сойку» - пыльную галаўню, якой заражаліся каласы. Яе трэба было выдаляць, каб не захварэлі новыя. Прывезлі ў стэп і пакінулі, а там - ніякага арыентыру. Збіралі тую «сойку» да самага вечара. Пачалі чакаць, калі ж забяруць назад. Ужо месяц на небе ўзышоў, а нікога навокал не бачна і не чутна. Тады пачалі спяваць, не ведаючы, што і грамадзянскія, і ваенныя, якія толькі ўчора прыехалі, даўно шукаюць іх там, дзе яны павінны былі знаходзіцца.

«Таварыш капітан, - звяр-нуўся да Шыфмана Мікалай, - я здагадваюся, чаму іх няма тут. Яны, хутчэй за ўсё, накіраваліся зусім у іншы бок, у вялікай незнаёмай прасторы так даволі часта здараецца. Па сабе ведаю...» Ён як у ваду глядзеў! Чым далей прасоўваліся ў процілеглым напрамку - тым лепш чулі «Расцветали яблони и груши…». Усе адразу звярнулі ўвагу на адказнага, сумленнага, працавітага Мікалая. Ён карыстаўся і аўтарытэтам сярод таварышаў па службе, і поўным даверам мясцовых кіраўнікоў ды спецыялістаў. І, акрамя іншай працы, як адказны экспедытар тройчы ездзіў з капітанам у Омск за харчовымі запасамі.

Да пункта назначэння - не менш за 250 кіламетраў у адзін бок. Прамой дарогі не было, і карысталіся паромам праз Іртыш. Ваенны ЗіЛ-130 выдзяляла мясцовая вайсковая частка. Кіраваў ім хлопец з Тулы яфрэйтар Віктар Макараў, з якім Мікалай адразу здружыўся. Але пасля другога візіту на харчовыя склады цёплыя сяброўскія адносіны між імі пахаладзелі. На зваротным шляху ў далёка не новай машыне паляцела бензапомпа. Вадзіцель і Шыфман разгубіліся, чаго не скажаш пра экспедытара. З дазволу капітана, які ніякім чынам не мог пакінуць без нагляду набіты кансервамі, крупой, макаронамі ды іншымі таварамі злашчасны ЗіЛ, Мікалай тармазнуў выпадковы аўтамабіль і праз гадзіну вярнуўся на месца здарэння з новай бензапомпай і двума омскімі вайскоўцамі. Сам памяняў помпу, і яны рушылі далей. Шыфман зіхацеў ад радасці, Макараў моўчкі ехаў да самага саўгаса.

7 лістапада, у апошні дзень цаліннай эпапеі, памірыўшыся, яны шчыра развіталіся. Ззаду засталіся Арэнбург, Астрахань, Баку. І вось, нарэшце, тая вучэбка ў жамчужыне Азербайджана Ленкарані, наконт якой спрачаліся з самага пачатку. Яна сустрэла гіганцкім самаварам пры самым уездзе ў старажытнейшы горад на беразе Каспійскага мора. Смачней за мясцовы духмяны чай Мікалай нічога не каштаваў. З таго, што яшчэ асабліва запомнілася, была вялікая крэпасць XVIII стагоддзя, пабудаваная пры Талышскім ханстве, комплекс культавых збудаванняў Ханега і Дом Мірахмад хана.

У апошнім і сёння знаходзіцца дзяржаўны краязнаўчы музей, які, як і вышэйзгаданыя аб’екты, курсанты наведвалі падчас экскурсій. Пасля школы малодшых камандзіраў Мікалай стаў начальнікам навейшай радыёрэлейнай аўтамабільнай станцыі Р-401 М «Белка» на шасі ГАЗ-63.

Перамога над вадой
Акрамя начальніка ў экіпаж уваходзілі яшчэ чатыры гвар-дзейцы. Яны забяспечвалі сувязь між пунктамі кіравання на ўзроўні армія - дывізія. У скла-дзе 327-га асобнага батальёна сувязі прымалі непасрэдны ўдзел ва ўсіх вучэннях на тэрыторыях Азербайджана, Арменіі і Грузіі, дзе ледзь не развіталіся са сваім маладым жыццём. Праблемы, бывае ж такое, пачаліся адразу пасля першых каманд - пры пагрузцы тэхнікі на платформы ў Баку. А працягнуліся непасрэдна падчас баявой работы непадалёк ад горнага курорта Бакурыяні.

На вышыні галоўнай перашкодай паспяховым дзеянням сталі снег па калена ды нечакана пагражальная халадэча. Але адпрацавалі ў складанейшых умовах адпаведна правілам і патрабаванням. У момант перадыслакацыі ледзь паспелі праскочыць снежную лавіну. «Стой! Стой! - ва ўвесь голас закрычаў Мікалай вадзіцелю Анверу Гаджыеву. - Без панікі, ціхенечка і акуратненька пакідаем машыну». Коўдры з ног радыстаў Тофіка Бабаханяна, Яфіма Шмулевіча (пасля службы Мікалай гасцяваў у яго ў Адэсе) і Валерыя Кудрановіча ляцелі ў цясніну глыбінёй за 300 метраў, да краю якой заставаўся адзін рух колаў «Белки». Уратаваліся не толькі самі, але адцягнулі (!) і машыну.


Узнагародай начальніку станцыі стаў дзесяцісутачны водпуск на радзіму, які прыпаў акурат на Новы год і Каляды. Сям’я святкавала іх у сваёй новай хаце. Лесу ж хапала, а бацькавы рукі ўмелі не толькі сплаўляць яго па Волме! Мікалай вельмі ўзрадаваўся поспехам Івана, курсанта Омскага вышэйшага каманднага вучылішча. Брат у тыя дні таксама знаходзіўся ў вёсцы на канікулах.

Адзін з лепшых спартсменаў не толькі сваёй вайсковай часткі, Мікалай, вядомая справа, не мог не здзівіць усіх як выдатны плывец - вырас жа на рэчцы. Без яго ўдзелу не абыходзіліся ніводныя больш-менш значныя спаборніцтвы. Асобныя з іх даводзілася праводзіць на Каспіі ў экстрэмальных умовах. І калі б не вясковая загартоўка, дужыя нервы ды рашучасць чэрвеньскага хлопца - быць у чарговы раз вялікай чалавечай трагедыі.

Замест сямі па прагнозу вецер падняўся падчас новых стартаў амаль да 15 метраў у секунду. Удзельнікі праплылі частку дыстанцыі, як пачалі калыхацца буйкі, узняліся і накрылі іх велізарныя цёмныя хвалі адліву. Раз’юшаная вада панесла Мікалая і яго канкурэнта ў барацьбе за перамогу ў адкрытае мора. Моцны, упэўнены ў сабе беларус не спужаўся, прыклаў усе намаганні, каб далёка не аднесла не толькі самога, але і саперніка. Ужо за чырвонымі буйкамі да іх падруліў адзіны, што знаходзіўся не так далёка, катар. Ён атрымаў сігнал з таго самага маяка, на які Мікалай звяртаў увагу падчас экскурсіі ў крэпасць - яго башня была, па сутнасці, часткай гэтага ўмацаванага пункта з доўгачасовымі абара-няльнымі збудаваннямі. Яе выкарыстоўвалі ў якасці маяка. Прайшло больш за стагоддзе, а ён працягвае дзейнічаць. Стары ліхтар з газай памянялі на сучаснае абсталяванне. З яго дапамогай маракі каспійскіх прастораў працягваюць выбудоўваць курсы сваіх караблёў.

Маяком паслявайсковага жыцця стала для Мікалая рэспубліканская аўташкола, дзе плацілі стыпендыю не менш, чым у інстытуце. «Ну што, хлопцы, - звярнуўся да выпускнікоў перад яе заканчэннем начальнік Мінскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі, - хто хоча пайсці да нас на службу?» І распавёў пра ўмовы. У ліку трох падняў руку і Мікалай. Атрымалі ў кадравай службе накірункі на камісію, якую прайшоў толькі былы начальнік станцыі. Неўзабаве ён займаўся на курсах у Рэспубліканскай школе падрыхтоўкі малодшага і сярэдняга каманднага саставу, вывучаў, акрамя іншага, замежныя мовы.


Перамога над фарбай
Дзяржаўтаінспекцыі Міка-лай аддаў дзесяць гадоў. Пасля яго перавялі інспектарам аддзела ўпраўлення пазаведамаснай аховы пры МУС БССР, якое ўзначальваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік міліцыі Уладзімір Нялюбін.

Ішоў 1971 год. Аддзелам, у які Ладуцька трапіў, кіраваў яшчэ адзін ветэран вайны, палкоўнік міліцыі Вячаслаў Адамавіч Яноўскі. «Будзем ствараць начную міліцыю», - паглядзеў ён на новенькага. «Будзем, значыцца, будзем», - адрэагаваў той, нібы разумеў, што гэта ўвогуле такое. Цяжка ўявіць, колькі разоў за суткі ўжываў з цягам часу старшы інспектар, начальнік аддзялення, намеснік начальніка аддзела міліцэйскай службы аховы новае, незвычайнае словазлучэнне. Змяняючы вартавую абхадную ахову на начную міліцыю, падраздзяленне, найперш, арганізавала яе дакладнае ўзаемадзеянне і сувязь з вонкавай міліцыяй і нарадамі дарожнага нагляду ДАІ. Уводзіліся пасады міліцыянераў-вадзіцеляў і міліцыянераў-матацыклістаў. Супрацоўнікі, якія ажыццяўлялі пешае патруляванне, атрымалі дазвол прымяняць службовых сабак, утрымліваючы іх па месцы жыхарства. У асноўным нарады карысталіся матацыкламі і веласіпедамі, калі выпадала - грузавікамі. Грошай для набыцця легкавушак катастрафічна не хапала. Укамплектаванасць аўтатранспартам у Мінску, не кажучы пра іншыя рэгіёны, складала праз шэсць гадоў пасля афіцыйнага ўтварэння ў Саюзе новых падраздзяленняў толькі 81 адсотак.

Шукалі любыя кампрамісныя варыянты. Усцешыліся, напрыклад, такому.

Начальнік сталічнага аддзе-ла палкоўнік міліцыі Аркадзь Кротаў, які пасля прыходу на пасаду намесніка начальніка ўпраўлення накіроўваў Ладуцьку на правільны шлях, успомніў пра свайго даўнішняга знаёмца з таксапарка. Пасля неаднаразовай шчырай размовы з ім мінскаму падраз-дзяленню пачалі дапамагаць чатыры «Волгі» ГАЗ-24-01. Функцыі міліцэйскай аховы пашыраліся, і за тры гады працы М. Ладуцькі ў справе прымалі ўдзел ужо шэсць аб’яднаных дывізіёнаў і пяць матарызаваных узводаў.

Сядзець на месцы не прыходзілася. У чарговы раз Нялюбін звярнуўся з незвычайным пытаннем, сэнс якога старшы лейтэнант міліцыі адразу не зразумеў: «Вось вы шмат дзе паспелі пабываць, а як наконт Саранска?» Фактычна гэта быў загад ехаць у былую, вядомую з 1641 года, крэпасць Саранскі Астрожак на саюзныя курсы павышэння кваліфікацыі. Уражанні ад іх засталіся незабыўныя. Па-першае, навучыўся за месяц шмат чаму прафесійнаму. З тэорыяй знаёмілі вядомыя ў вялікай краіне спецыялісты з усіх яе куткоў. Мясцовыя, да таго ж, аднымі словамі не абышліся, а пазнаёмілі з практычнымі напра-цоўкамі. Тое, што іх было шмат, - невыпадкова.

У сталіцы Мардовіі, якая нястомна вырабляла ў гады фашысцкай навалы харчаванне, боепрыпасы, абмундзіраванне і транспартныя сродкі, сардэчна прымала ў сваіх шматлікіх эвакуацыйных шпіталях параненых, дзейнічала нямала прадпрыемстваў, за якімі назірала пазаведамасная ахова. У іх ліку былі асфальтабетонны, інструментальны, кабельны, цагляны, матавазарамонтны, прыборабудаўнічы, экскаватарны, аўтасамазвальны і электралямпавы заводы. На апошнім, які Ладуцька, старшы інспектар Савецкага аддзела аховы Мінска Алесь Рудак і начальнік ПЦА Нясвіжскага аддзела Генадзь Івашын наведалі першым, працавалі каля 16 тысяч чалавек. Яны выраблялі такія розныя крыніцы святла, што асобныя з іх траплялі на падводныя лодкі ды касмічныя апараты.

Для беларусаў, як і для ўсіх слухачоў курсаў, цікавым было не толькі дэталёвае знаёмства з арганізацыяй аховы падобных гігантаў ды іншых мясцовых прадпрыемстваў. Непадробную цікавасць выклікала процьма культурных аб’ектаў. Ладуцька налічыў шэсць тэатраў, пяць бібліятэк і дзесяць устаноў, якія збіраюць, вывучаюць, зберагаюць і выстаўляюць для агляду помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры. У іх ліку быў знакаміты музей выяўленчых мастацтваў імя выбітнейшага скульптара мінулага стагоддзя Сцяпана Эрзі, у які проста немагчыма было не зазірнуць.

Пасля званка з Масквы яшчэ адной уводнай ад Нялюбіна стала для бяззменнага сакратара партарганізацыі ўпраўлення камандзіроўка ў Тальяці, што размясціўся на левым беразе матухны-Волгі. Новая паездка павінна была хоць трошкі ліквідаваць дэфіцыт службовых легкавушак. Зверху іх вырашылі «адшкадаваць» аж цэлых дзесяць!

Акрамя свайго ў падпарадкаванні капітана міліцыі было дзевяць кіроўцаў. Поездам даехалі да сталіцы, адтуль, у накірунку Куйбышава, які ў 1991-м зноў стаў Самарай, - да месца прызначэння. Раніцай Ладуцька размаўляў з дзяўчынай, якая даафармляла «здзелку». «Колькі накідваеце наяўнымі за колер? - запыталася яна, не гле-дзячы ў вочы, і праз колькі хвілін поўнага маўчання дадала: - Вырашайце, вырашайце, вы ж не адзін у мяне, людзі чакаюць...» Пашкадаваўшы, што пакінуў «Алёнку» ды гарбату ў гасцініцы, Ладуцька паціснуў плячыма:
«У нас нават сухога пайка не засталося». - «Ну і дрэнна. А-а-а, вы ж з Беларусі...» - «А які можна без усяго?» - «Вы адзін прыехалі... Тады для вас асабіста - толькі сталёвы».

Уранні, перад самым Новым годам, і адчалілі на сталёвых «Жыгулях». У іх жа ў мароз і начавалі, перакусіўшы купленымі на апошнія грошы сардэлькамі, у Пятрышчаве, дзе ў 1941-м фашысты казнілі партызанку-разведчыцу Зою Касмадзям’янскую. Перад абедам наступнага дня паставілі «ластаўкі» у міністэрскі гараж, адкуль яны пасля разляцеліся па рэгіёнах, дзе неўзабаве брыгадзіраў вартавых падраздзяленняў змянілі міліцыянеры ўчасткаў. Гэта значна ўзняла ўзровень арганізацыі вартавой службы і ўзмацніла ахову аб’ектаў.

Адбываліся падчас працы Мікалая Фёдаравіча і структурныя змены. На аснове аддзела міліцэйскай службы былі створаны аднайменны аддзел, у якім ён стаў намеснікам начальніка, і аддзел ваенізаванай і вартавой аховы, які ўзначаліў падпалкоўнік міліцыі Генадзь Чачанец. З Генадзем Мікалаевічам Ладуцька шчыра сябруе і сёння.


Уладзімір БАРЫСЕНКА.
Фота аўтара і з асабістага архіва М. Ф. ЛАДУЦЬКІ.


Мікалай Фёдаравіч Ладуцька нарадзіўся 29 мая 1937 года ў вёсцы Іванічы Чэрвеньскага раёна. Скончыў мясцовую сярэднюю школу № 1, рэспубліканскую аўташколу і юрыдычны факультэт БДУ (на той час - імя У. І. Леніна). У міліцыю прыйшоў у красавіку 1960-га пасля вайсковай службы ў Закаўказскай ваеннай акрузе. Працаваў у сталічнай, Смалявіцкай і Мінскай абласной дзяржаўтаінспекцыях. У службе аховы - з 1971 па 1988 год. На пенсію пайшоў з пасады начальніка аргштатнага аддзела ўпраўлення пазаведамаснай аховы пры МУС БССР. Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць» і іншымі адзнакамі.