220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

Міліцыя ў выхадныя праверыла выкананне правіл вадзіцелямі квадрацыклаў у Мінскім раёне

Мінулыя выхадныя міліцыя Мінскай вобласці прадоўжыла рэйды ў адносінах да вадзіцеляў квадрацыклаў і ўладальнікаў малагабарытных усюдыходаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама.



Акрамя інспектараў ДАІ, у рэйдах удзельнічалі супрацоўнікі абласнога АМАПа, патрульна-паставой службы Мінскага РУУС, ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў. "З улікам спецыфічнасці задачы ў патруляванні выкарыстоўваліся аўтамабілі павышанай праходнасці, а супрацоўнікі Лагойскага РАУС праводзілі маніторынг тэрыторыі на двух патрульных снегаходах. Ва ўзаемадзеянні з Мінскім абласным упраўленнем МНС назіранне вялося і з паветра - выкарыстоўваўся квадракоптар. Пры выяўленні з вышыні патрэбных аб'ектаў на зямлі каардынаваліся патрульныя нарады", - праінфармавалі ва УУС.

У прафілактычнай рабоце былі задзейнічаны і ўчастковыя міліцыянеры Мінскага РУУС. Асаблівая ўвага ўдзялялася ўладальнікам транспартных сродкаў і грамадзянам, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за звязаныя з такім транспартам правапарушэнні. Акрамя прафілактычных гутарак, выносіліся афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці выкарыстання мотаўсюдыходаў, квадрацыклаў і снегаходаў у парушэнне заканадаўства.

У час рэйдаў у праваахоўнікаў узніклі абгрунтаваныя прэтэнзіі да 5 вадзіцеляў. "У трох выпадках з-за адсутнасці дакументаў транспартныя сродкі былі дастаўлены ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Мінскага РУУС. Цяпер у рамках адміністрацыйных працэсаў праводзяцца праверачныя мерапрыемствы. На гэты час сродкі перамяшчэння будуць знаходзіцца на ахоўнай стаянцы", - расказалі ва УУС.

Праваахоўнікі рэкамендуюць уладальнікам і вадзіцелям мотаўсюдыходаў, снегаходаў, квадрацыклаў не выязджаць на дарогі агульнага карыстання і не дапускаць іншых парушэнняў правіл дарожнага руху. "Асобна неабходна падкрэсліць, што для недапушчэння шкоды сельгасугоддзям, псавання азімых пасеваў і іншых пасадак павышаная ўвага будзе ўдзяляцца маніторынгу сітуацыі, звязанай з выездамі на палі. Для гэтага і ў далейшым праваахоўныя органы плануюць выкарыстоўваць увесь комплекс мер па выяўленні парушэнняў і прыцягненні вінаватых да адказнасці", - падкрэслілі ў міліцыі.

Перамяшчэнне тэхнікі па палях і ўгоддзях прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць па арт. 10.8 КоАП (знішчэнне або пашкоджанне пасеваў, сабранага ўраджаю сельскагаспадарчых культур або пасадак) і пастаноўку транспарту на ахоўную стаянку. Акрамя таго, адпаведная інфармацыя накіроўваецца землекарыстальнікам з рэкамендацыямі ўстанаўлення прычыненага ўрону для далейшага яго пакрыцця.

Мотаўсюдыходы, снегаходы і квадрацыклы не прызначаны для ўдзелу ў дарожным руху, адзначылі ва УУС. Іх уладальнікі павінны выбіраць такія месцы для перамяшчэння, каб не ствараць пагрозу бяспецы грамадзян і не прычыняць урон навакольнаму асяроддзю і сельгасугоддзям. Дзеянням парушальнікаў заканадаўства органы ўнутраных спраў і іншыя дзяржорганы будуць даваць адэкватную прававую ацэнку.