220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

Шкрутыніум Стэфана Баторыя - папярэднік крымінальнага вышуку

У Беларусі сістэма крымінальна-прававых мер барацьбы са злачыннасцю, а таксама дзейнасць у гэтым накірунку адпаведных дзяржаўных органаў мае глыбокія гістарычныя карані. Высокім узроўнем развіцця права, у прыватнасці крымінальнага, краіна вызначалася ў час існавання Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) - найбуйнейшай еўрапейскай дзяржавы сярэднявечча, аснову якой складалі беларускія землі

На чале ВКЛ стаяў вялікі князь, або, як яго называлі паводле дзяржаўных дакументаў пачынаючы з XV стагоддзя, гаспадар («господарь»). Пасада кіраўніка дзяржавы была выбарнай, а ўлада - абмежаванай. Пастаянна дзеючым калегіяльным органам, што фактычна кіраваў краінай, была Рада (па другой назве - Паны-Рада). У яе кампетэнцыю ўваходзілі заканадаўчыя і судовыя функцыі, прызначэнне і звальненне з пасадаў службовых асоб, у тым ліку абранне вялікага князя, а таксама кантроль за іх дзейнасцю. Членамі Рады з’яўляліся вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы (канцлер, гетман земскі, маршалак земскі, ваяводы, кашталяны, старасты), каталіцкія біскупы і буйныя феадалы.

Саслоўна-прадстаўнічым органам, які канчаткова аформіўся ў ХVІ стагоддзі, быў сойм ВКЛ, які пераважна займаўся справамі заканадаўства і дзяржаўных падаткаў. Пасля заключэння ў 1569 годзе ўніі Вялікага княства Літоўскага з Польскім каралеўствам праводзіўся вальны (агульны) сойм дзвюх дзяржаў - Сойм Рэчы Паспалітай.

Сярод вышэйшых службовых асоб дзяржаўнага апарату ВКЛ цэнтральнае месца займалі канцлер і маршалак земскі. Першы ўзначальваў дзяржаўную канцылярыю, актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы прававых дакументаў і быў захавальнікам вялікай дзяржаўнай пячаткі, без якой ніводзін нарматыўны акт не меў юрыдычнай сілы.

Маршалка земскага ў пэўнай ступені можна атаясамліваць з сучасным Міністрам унутраных спраў. Яго пасада спалучала ў сабе разнастайныя функцыі: кіраванне дваром вялікага князя, нагляд за этыкетам пры двары, старшыняванне на пасяджэннях сойма і рады. Ён таксама забеспячваў грамадскі спакой у дзяржаве.

Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага ў ХVІ стагоддзі была падзелена на 13 ваяводстваў і 30 паветаў. Апошнія ў сваю чаргу складаліся з валасцей, сельскіх пасяленняў і гарадоў. На чале ваяводства стаяў ваявода (абавязкова ўраджэнец ВКЛ), які прызначаўся пажыццёва гаспадаром і радай. Яму практычна належала ўся паўната ўлады ў ваяводстве. У кантэксце праваахоўнай дзейнасці ў абавязкі ваяводы ўваходзіла кіраванне замкавым (гродскім) судом, падсуднасць якога ахоплівала асноўныя катэгорыі крымінальных спраў. У павеце кіраўніком адміністрацыі быў павятовы стараста, у воласці - войт.

У 1468 годзе, у час княжання Казіміра IV Ягелончыка (1427 - 1492), у ВКЛ быў складзены першы кадыфікаваны крымінальны закон - Судзебнік Казіміра. З’яўленне гэтага дакумента азнаменавала новы этап развіцця права ў краіне, які завяршыўся выданнем агульнадзяржаўных зводаў законаў ВКЛ - Статутаў 1529, 1566 і 1588 гадоў. Яны характарызаваліся досыць высокім для свайго часу юрыдычным узроўнем, а па дасканаласці кадыфікацыі і шырыне ахопу адносін у галіне канстытуцыйнага, грамадзянскага, шлюбна-сямейнага, крымінальнага, працэсуальнага права, не мелі роўных у Еўропе.

На думку навукоўцаў, ёсць падставы меркаваць аб дачыненні да падрыхтоўкі першага Статута 1529 года сусветна вядомага беларускага асветніка-гуманіста, усходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны.

Статутам 1566 года, сярод новаўвядзенняў якога было замацаванне прынцыпаў выбарнасці суддзяў і аддзялення судовай улады ад выканаўчай, у ВКЛ уводзілася пасада вознага, вызначаліся яго правы і абавязкі. За ім адначасова замацоўваліся функцыі судовага выканаўцы, прыстава і кур’ера, а таксама сучаснага следчага (праводзіў агляд месца злачынства, пошук і апытанне сведкаў). Па апошніх абавязках ён адпавядае сучаснаму супрацоўніку крымінальнага вышуку. Запісы (рэляцыі) аб дзеяннях вознага рэгістраваліся ў судовых кнігах і разам з яго сведчаннямі аб убачаным і пачутым з’яўляліся важкімі судовымі доказамі. На сумленнае выкананне сваіх абавязкаў возны прыносіў адпаведную прысягу, замацаваную ў Статуце. Адзначым, што закон гарантаваў недатыкальнасць асобы вознага, а ў час вайсковых дзеянняў ён вызваляўся ад асабістага ўдзелу ў паспалітым рушэнні (апалчэнні).

Колькасць возных у павеце ВКЛ законам дакладна не вызначалася. Паводле Статута 1588 года іх павінна быць «такъ много, яко бы водлугъ широкости повету потреба указывала», гэта значыць iх штат залежыў ад велічыні тэрыторыі павета. Напрыклад, вядома, што ў Слонімскім павеце ў 1565 годзе было дзевяць возных, а ў Аршанскім у 1589-м - 12.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторый (1533 - 1586), вядомы ў гісторыі як рашучы рэфарматар, мецэнат навукі і культуры, зацвердзіў прынятыя на вальным сойме 1578 года ў Варшаве папраўкі да Статута 1566 года - «Паправы статутовыя» ад 3 сакавіка 1578-га. Гэтым дакументам быў уведзены шэраг палажэнняў для паляпшэння працы гродскіх судоў, а таксама ўводзілася працэдура судовага следства па крымінальных справах - шкрутыніум.

Аднак, як адзначае ў сваіх даследваннях беларускі навуковец, вядомы знаўца гісторыі права ВКЛ Андрэй Радаман, такое судовае расследаванне (шкрутыніум) магло быць прызначана судом на просьбу любога з бакоў працэсу (істца або адказчыка) толькі ў выпадку абвінавачвання шляхціца шляхціцам у здзяйсненні злачынства, за якое суд мог вызначыць меру юрыдычнай адказнасці ў выглядзе пазбаўлення гонару і (або) жыцця («где идеть о почстивость и о горло»), а таксама пры ўмове, што ісцец і (або) адказчык прад’явілі суду сумніўныя (узаемавыключальныя) доказы («доводы або отводы вонтпливые»). Удзельнічаць у правядзенні такога дазнання-следства ў адпаведнасці з законам мелі права паўнамоцныя прадстаўнікі манарха і «вряд гродский» (ваявода, стараста, падваявода, падстараста, суддзя гродскі, пісар гродскі) пры абавязковай прысутнасці возных і панятых.

На думку беларускіх навукоўцаў у галіне гісторыі права, заснаванне шкрутыніуму - пункт адліку гісторыі адпаведных службаў у сферы праваахоўнай дзейнасці, якія ўпаўнаважаны ажыцяўляць дазнанне па крымінальных справах. У першую чаргу размова тычыцца пачатку летапісу крымінальнага вышуку.

У 1588 годзе пабачыў свет трэці Статут ВКЛ, які быў падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Астафія Валовіча і падканцлера Льва Сапегі).

Гэты Статут заканадаўча замацаваў класіфікацыю крымінальных дзеянняў (па аб’екце і ступені грамадскай небяспекі). Дарэчы, дакумент дзейнічаў у Беларусі і пасля далучэння яе тэрыторыі да Расійскай імперыі, да 1830 года, і толькі потым яго дзеянне было скасавана і на беларускія губерні пашырылася агульнае расійскае заканадаўства з некаторымі агаворкамі і выключэннямі.

Аб важнасці, якая надавалася ў ВКЛ захаванню нормаў права ўсімі яго падданымі, красамоўна сведчыць зварот да ўсіх саслоўяў Вялікага княства Літоўскага падканцлера ВКЛ Льва Сапегі з прычыны выдання ў Кракаве Статута 1588 года: «Тады той муштук, або цуглі, на стрымліванне кожнага нахабніка быў прыдуманы, каб, баючыся права, ад усякага гвалту і свавольства стрымліваўся, а з больш слабага і горшага не здзекаваўся і прыгнятаць яго не мог, бо для таго правы ўстаноўлены, каб багатаму і моцнаму не ўсё можна было рабіць». І далей у звароце падкрэслівалася: «прыстойнаму чалавеку нічога няма мілейшага за тое, каб, у айчыне сваёй бяспечна жывучы, не баяцца, каб хто добрую славу яго зняславіць, або целу і здароўю нанесці пашкоджанне, або таксама на ўласнай маёмасці яго пакрыўдзіць мог, тады нічому іншаму, толькі праву павінен быць удзячны, пры якім ад кожнага ў спакоі жыве і ніякага гвалту, паклёпу і крыўды для сябе не трывае, што тая мэта і вынік усіх правоў ёсць і павінны быць на свеце, каб кожны добрую славу сваю, здароўе і маёмасць у цэласці меў, а на тым усім ніякага ўрону не трываў».

Фармулюючы такім чынам асноўныя задачы права, падканцлер ВКЛ, вядома, меў на ўвазе тую рэальную сілу дзяржаўнага адміністрацыйна-судовага апарату (ваяводаў, старастаў, войтаў, возных), якая ў стане забяспечыць ахову правапарадку і барацьбу са злачыннасцю ў краіне.

Паводле Статутаў ВКЛ пакаранне вызначалася як зло або пакуты, якія прычыняюцца злачынцу з мэтай кары або застрашвання. Яно выяўлялася ў абмежаванні правоў асуджанага альбо поўным іх пазбаўленні, у прычыненні яму фізічных пакут, матэрыяльных страт і г. д., прычым дыяпазон пакаранняў згодна са Статутам 1588 года быў вельмі шырокі: ад штрафу да смяротнага пакарання ў розных яго формах. Акрамя таго, яно залежала і ад сацыяльнай прыналежнасці пацярпелага. А да асабліва небяспечных відаў злачынстваў адносіліся забойствы, рабунак, падпалы, згвалтаванне.


Юры КУР’ЯНОВІЧ.