www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

30 снежня 2016У МУС ушанавалі беларускіх удзельнікаў Алімпіяды-2016

Бліскучае выступленне беларусаў на летняй Алімпіядзе ў Рыа і каласальны ўклад прадстаўнікоў МУС у спартыўныя дасягненні краіны… Гэтая тэма стала лейтматывам сустрэчы Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча з дэлегатамі айчыннай каманды.

– Кожны з вас разумее, што за алімпійскімі перамогамі стаяць не толькі біяграфіі канкрэтных спартсменаў, але і ўся нацыя ў цэлым. Медалі, заваяваныя вамі, – гэта гонар Беларусі, – адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства.

І ганарыцца ёсць чым. З 9 заваяваных медалёў у скарбонку нацыянальнай зборнай члены БФСТ «Дынама» паклалі 4 узнагароды. «Срэбра» Івана Ціхана (лёгкая атлетыка) і Дар'і Навумавай (цяжкая атлетыка), «бронза» Ібрагіма Саідава (барацьба вольная) і Марыны Літвінчук (веславанне на байдарках і каноэ) па праве лічацца важкім укладам у агульную справу нацыянальнай зборнай.

– Шмат у чым менавіта «дынамаўцы» узялі на сябе адказнасць за камандныя дасягненні, унеслі свой медальны ўклад у агульную алімпійскую скарбонку, – адзначыў Ігар Шуневіч. – Безумоўна, любыя перамогі прадстаўнікоў нашага ведамства як у краіне, так і за яе межамі з'яўляюцца магутным стымулам для прыцягнення дзяржавы, бізнесу, грамадскасці да праблем і задач развіцця спартыўнага руху ў рэспубліцы.

Марыну Літвінчук ў сценах ведамства ўшаноўваюць не ў першы раз, і, па яе словах, гэта заўсёды прыемна і хвалююча.

– Тут заўсёды хатняя абстаноўка. Падтрымка адчуваецца не толькі цяпер, але і ў перыяд спаборніцтваў. У ведамстве заўсёды дапамогуць у любой жыццёвай сітуацыі.

Безумоўна, для многіх людзей прыкладам самаахвярнасці і неверагоднай сілы духу стаў рэкардсмен Ігар Бокій. У свае 22 гады беларускі паралімпіец з'яўляецца 15-кратным чэмпіёнам свету і 12-кратным пераможцам чэмпіянатаў Еўропы. На мінулай Алімпіядзе спартсмен заваяваў 7 узнагарод у плаванні, 6 з якіх – вышэйшай пробы.

– Для мяне спартыўнае дасягненне – гэта не толькі асабісты ўклад, але і праца ўсёй трэнерскай каманды. Пры гэтым галоўным стымулам як у спорце, так і ў жыцці з'яўляецца тое, што я не спыняюся на дасягнутым і імкнуся да вышэйшага, – падзяліўся Ігар Бокій. – А мэта будучыні – пабіць асабісты рэкорд і падрыхтавацца да наступных спаборніцтваў.

Сустрэча завяршылася ўручэннем спартсменам і трэнерскаму складу ведамасных узнагарод і каштоўных падарункаў.