www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

4 сакавіка 2017Ігар Шуневіч прыняў віншаванні з векавым юбілеем міліцыі Беларусі ад замежных калегаў

У дзень 100-годдзя беларускай міліцыі Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч правёў сустрэчу з дэлегацыямі праваахоўных органаў замежных дзяржаў. Кіраўнік ведамства прыняў віншаванні ад калег з Азербайджана, В'етнама, Грузіі, Катара, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, а таксама прадстаўнікоў Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі небяспечнымі відамі злачынстваў на тэрыторыі дзяржаў - удзельніц СНД (БКБАЗ).

«Ва ўсіх краінах свету, і бедных і багатых, існуюць пэўныя пагрозы грамадскай бяспекі, звязаныя са злачыннасцю ва ўсіх яе формах і праявах. Абараніць жыццё і здароўе людзей, засцерагчы ад замахаў на іх маёмасць - такая агульная задача праваахоўнікаў ва ўсім свеце. Залогам поспеху ў справе барацьбы са злачыннасцю, у тым ліку і транснацыянальнай, заўсёды з'яўлялася эфектыўнае ўзаемадзеянне праваахоўных органаў розных дзяржаў, заснаванае на аб'яднанні намаганняў, каардынацыі нашай дзейнасці і дружалюбным характары міжведамасных адносін. У сувязі з гэтым дазвольце мне, паважаныя калегі, ад сябе і ад усяго асабовага складу МУС Беларусі падзякаваць вам і ўсім супрацоўнікам узначаленых вамі ведамстваў за высокі ўзровень праваахоўнага супрацоўніцтва, узаемавыгаднае і надзейнае партнёрства. Агульнымі намаганнямі мы ўпэўнена ідзём па шляху выкаранення злачыннасці, забеспячэння бяспекі нашых краін і народаў», - сказаў Ігар Шуневіч, звяртаючыся да замежных гасцей.

За развіццё ўзаемадзеяння з беларускімі органамі ўнутраных спраў, асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін з МУС Беларусі, эфектыўнае супрацоўніцтва пры правядзенні міжнародных мерапрыемстваў у сферы барацьбы са злачыннасцю, аховы правапарадку і забеспячэння грамадскай бяспекі Міністр узнагародзіў кіраўнікоў замежных праваахоўных ведамстваў юбілейнымі медалямі «100 год міліцыі Беларусі». У сваю чаргу госці ўручылі Ігару Шуневічу памятныя падарункі і сувеніры.

«Для мяне велізарны гонар і задавальненне прысутнічаць тут, на святкаванні гэтай знамянальнай для беларускай міліцыі даты. Гэта яшчэ раз пацвярджае блізкасць адносін Беларусі і Сербіі, а таксама імкненне развіваць іх у будучым. Я быў вельмі ўражаны святочным канцэртам, на якім больш даведаўся пра гісторыю станаўлення міліцыі Беларусі, убачыўшы гістарычную рэтраспектыву ведамства. Мяне ўразіў ўрачысты марш міліцыі з удзелам аператыўнай рэтра-тэхнікі. Вярнуўшыся ў сваю краіну, я раскажу пра ўсё гэта калегам і блізкім. Распавяду таксама, які Мінск чысты і прыгожы горад, якія ў Беларусі жывуць ветлівыя і дружалюбныя людзі. Я вельмі задаволены і зносінамі з кіраўніцтвам МУС Беларусі, падчас якіх мы абмеркавалі некалькі надзённых для нашых дзяржаў праблем», - падзяліўся ўражаннямі начальнік Генеральнай Паліцыі Сербіі Уладзімір Рэбіч.

Меркаванне калегі падзяліў начальнік Дзяржаўнай паліцыі Латвіі Інтс Кюзіс. Яму асабліва цікава было прысутнічаць на ўрачыстасцях да 100-годдзя міліцыі Беларусі, бо латвійская паліцыя будзе адзначаць гэтую дату ўжо ў наступным годзе. «Адчуваецца, што за кожным святочным мерапрыемствам стаіць сур'ёзная падрыхтоўка, выразна выпрацаваны сцэнарый, які дазваляе самому крок за крокам прайсці скрозь векавую гісторыі беларускай міліцыі», - дадаў Інтс Кюзіс. Ён адзначыў, што блізкае суседства рэспублік прадугледжвае актыўны працяг развіцця партнёрскіх адносін для барацьбы з агульнымі праблемамі і пагрозамі. Начальнік Дзяржаўнай паліцыі Латвіі ад усёй душы павіншаваў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Беларусі і членаў іх сем'яў з прафесійным святам і пажадаў усім здароўя, поспеху, кахання і далейшых поспехаў у нялёгкай справе забеспячэння правапарадку.