www.mvd.gov.by

СЛУЖЫМ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ!

220030, г.Мінск
вул. Гарадскі Вал, 4

Адзіны нумар: 102

11 студзеня 2017Грамадзяне 80 дзяржаў змогуць наведваць Беларусь без візы

Згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі, падпісаным 9 студзеня, грамадзяне 80 дзяржаў змогуць наведваць Беларусь без візы. У пераліку краін – 39 еўрапейскіх краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Японія, Паўднёвая Карэя і іншыя. Уязджаць у краіну госці абавязкова павінны праз пункт пропуску ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, знаходзіцца ў Беларусі – не больш за пяць сутак, мець сапраўдны агульнаграмадзянскі пашпарт, страхавы поліс і дастатковую для знаходжання на нашай тэрыторыі грашовую суму.

Як паведаміў на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС палкоўнік міліцыі Аляксей Бягун, у рамках сваёй кампетэнцыі Міністэрства ўнутраных спраў адказвае за забеспячэнне кантролю за рэжымам знаходжання ў нашай краіне замежнікаў, якія будуць прыязджаць у краіну ў рамках бязвізавага рэжыму:

– Механізмы такога кантролю ўжо адпрацаваны, і навіна не стане для нас міграцыйным выклікам. Сумесна з зацікаўленымі будзем не толькі ажыццяўляць кантроль, але і ў выпадку неабходнасці аказваць садзейнічанне замежнікам па працягу тэрміну знаходжання ў Беларусі і афармленні адпаведных дакументаў, растлумачваць ім аспекты выезду з тэрыторыі нашай краіны.

У сваю чаргу МУС падрыхтуе для тэрытарыяльных падраздзяленняў метадычныя рэкамендацыі па ўжыванні палажэнняў указа.

Аляксей Бягун растлумачыў, што невыкананне гасцямі з-за мяжы пяцідзённага тэрміну знаходжання ў Беларусі без візы будзе з'яўляцца нічым іншым, як парушэннем заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць. Гэта можа быць як штраф, так і папярэджанне з дэпартацыяй або без яе. Рашэнне будзе прымаць упаўнаважаная службовая асоба.

Начальнік ДГіМ МУС паведаміў, што ў цяперашні час распрацоўваецца план мерапрыемстваў па фарміраванні агульнай міграцыйнай прасторы Беларусі і Расіі на чарговы часовы перыяд:

– Ён будзе ўключаць комплекс арганізацыйна-практычных мерапрыемстваў, у тым ліку па кантролі за рэжымам знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Будзе падрыхтаваны цэлы шэраг міжурадавых пагадненняў, якія рэгламентуюць фарміраванне адзінай міграцыйнай прасторы, а таксама інтэграцыю інфармацыйных рэсурсаў, узаемадзеянне кампетэнтных органаў пры забеспячэнні кантролю за знаходжаннем і выездам замежнікаў.

Ужо з мінулага года дзейнічае агульнае пагадненне аб узаемным прызнанні рашэнняў аб адмове замежнікам ва ўездзе ў краіну, у адпаведнасці з якім асобы, якія маюць забарону на ўезд у Расію, не могуць трапіць у Беларусь без рашэння кампетэнтнага органа нашай дзяржавы (яно прымаецца па мэтавым звароце канкрэтнага чалавека). Пры гэтым любы іншаземец пры жаданні праз сайт МУС можа напісаць электронны зварот з дадаткам сваіх пашпартных дадзеных, і на працягу трох рабочых дзён будзе падрыхтаваны адказ пра тое, ці маюцца перашкоды для яго ўезду ў Беларусь.

Як адзначыў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Ігар Фісенка, указ кіраўніка дзяржавы накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб. Дзеянне дакумента не распаўсюджваецца на тых, хто здзяйсняе афіцыйныя паездкі па дыпламатычных і службовых пашпартах, а таксама на гасцей, якія прыбываюць з расійскіх аэрапортаў або якія маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі. Гэта звязана з тым, што такія рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, і памежны кантроль на іх не ажыццяўляецца. Такім чынам, па словах прадстаўніка МЗС, цалкам ўлічваюцца інтарэсы Расійскай Федэрацыі. У сваю чаргу беларускі бок падчас апошніх кансультацый праінфарміраваў расійскіх калег аб магчымасці ўвядзення бязвізавага ўезду для замежнікаў.
Ігар Фісенка дадаў, што Міністэрства замежных спраў не выключае магчымасці пашырэння спіса пералічаных ва ўказе краін:
– У першую чаргу мы будзем адказваць ўзаемнасцю на падобныя меры з боку іншых дзяржаў. Акрамя таго, міжнародныя і нашыя двухбаковыя адносіны з замежнымі дзяржавамі развіваюцца, з'яўляюцца новыя партнёры, якія таксама могуць ўключацца ў спіс. Магчыма таксама даданне новых пунктаў пропуску і павелічэнне тэрмінаў знаходжання грамадзян, якія ўязджаюць у Беларусь.

Начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага пагранічнага камітэта палкоўнік Алег Ляшук падкрэсліў, што іншаземец зможа скарыстацца магчымасцю пабываць у Беларусі без візы столькі разоў, колькі захоча наведаць нашу краіну – безумоўна, пры захаванні ўстаноўленага парадку.

Намеснік дырэктара дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч заявіў, што Мінспорту прагназуе 20%-ае павелічэнне наведванняў Беларусі замежнымі грамадзянамі. Ён таксама нагадаў, што з моманту адмены візаў для грамадзян Ізраіля і Турцыі паток жадаючых наведаць Беларусь ізраільцян павялічыўся ў два разы, грамадзян Турцыі – у паўтара.

– Разглядаючы цяперашні указ, перш за ўсё арыентуемся на краіны Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Персідскага заліва, адштурхваючыся ад гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое існуе ў дадзены момант з гэтымі дзяржавамі, – сказаў В. Грыцэвіч. – Безумоўна, Мінспорту плануе актывізаваць работу па паляпшэнні якасці абслугоўвання, развіцці інфраструктуры не толькі Мінска, але і абласных, раённых цэнтраў.