Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь


У Гродна выбралі лепшых участковых краіны

Тры дні Гродна прымаў 13-ы рэспубліканскі агляд-конкурс прафесійнага майстэрства на званне “Найлепшы ўчастковы інспектар міліцыі” і “Найлепшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх”. Два нялёгкія дні выпрабаванняў, чарада экзаменаў, перажыванні, хваляванні - усё ўжо ў мінулым. Конкурс выдаўся сапраўды напружаным, паміж удзельнікамі разгарнулася бескампрамісная барацьба. Пераможцу дастанецца не толькі галоўны тытул “найлепшага”, але і каштоўныя прызы - новы службовы аўтамабіль Volkswagen у сучаснай камплектацыі, а таксама аргтэхніка і грашовыя ўзнагароды ў выглядзе важкага дадатку да зарплаты на працягу ўсяго года. Словам, пазмагацца канкурсантам было за што.

На ўрачыстым адкрыцці ў сераду каманды вітаў начальнік упраўлення прафілактыкі ГУАПП МГБ МУС Алег Георгіевіч Каразей.

“Служба ўчастковых інспектараў міліцыі - адна з самых запатрабаваных у органах унутраных спраў. Менавіта яна з'яўляецца рэзервам кадраў для ўсіх падраздзяленняў міліцэйскай сістэмы. З участковых вырастае нямала высакаякасных супрацоўнікаў вышуку, службы БЭЗ, граматных кіраўнікоў. Гэты конкурс дазваляе не толькі вызначыць лепшых, але і абмяняцца вопытам, павысіць узровень падрыхтоўкі і самаадукацыі міліцыянераў, дае стымул да прафесійнага ўдасканалення”, - адзначыў Алег Георгіевіч.

Першы дзень спаборніцтваў традыцыйна для падобных конкурсаў пачаўся са страявой падрыхтоўкі. Здавалася б, выпрабаванне самае простае. Аднак, і тут патрэбна была старанная падрыхтоўка: прывядзенне формы ў ідэальны стан, бездакорны вонкавы выгляд. Для суддзяў важная кожная дробязь, пачынаючы ад таго, як “сядзяць” пагоны на кіцелі, заканчваючы чарговасцю прымацаваных нагрудных знакаў на форме.

Далей частка ўдзельнікаў здавала тэарэтычны экзамен на веданне матэрыяльна-тэхнічнай часткі зброі, правілаў стральбы, мер бяспекі пры абыходжанні са зброяй і боепрыпасамі. Іншая група ў гэты час выконвала практыкаванне для стральбы №7. Яго сутнасць - трапіць трыма стрэламі ў ніжнюю частку роставай мішэні (ногі) з дыстанцыі 10 метраў. Складанасць выпрабавання ў тым, што выканаць яго трэба было за 12 секунд, пры гэтым паспець змяніць магазін. Гэта выпрабаванне аказалася для некаторых вельмі няпростым: хтосьці не ўклаўся ў адведзеныя 12 секунд, хтосьці не змог паразіць патрэбную частку мішэні.

У гэты ж дзень каманды здавалі экзамен па крыміналістычнай тэхніцы. Шмат хто адкрыта прызнаваўся, што гэта адно з самых складаных выпрабаванняў, бо у адным тэсце неабходна было прадэманстраваць усе веды ў галіне крыміналістыкі. Як правільна і якім спосабам выявіць рэчавыя доказы на месцы злачынства, як правесці крыміналістычную фотаздымку, знайсці адбіткі пальцаў, усё гэта зафіксаваць і канфіскаваць - гэта толькі невялікі пералік пытанняў, якія былі ўключаныя ў тэставыя заданні.

Для правядзення экзамену ў Гродна быў запрошаны спецыяліст з Акадэміі МУС Вольскі Валерый Антонавіч, які выкладае гэтую дысцыпліну курсантам Акадэміі. Ён адзначыў, што веды па крыміналістыцы можна атрымаць як у профільнай міліцэйскай навучальнай установе, так і на любым юрыдычным факультэце. Калі ж участковы інспектар спецыяльнай адукацыі не мае, справіцца з такім аб'ёмам пытанняў у тэсце яму будзе больш складана. Застаецца спадзявацца на добры ўзровень самападрыхтоўкі удзельнікаў. Усяго на рашэнне 40 пытанняў адводзілася 45 хвілін. Затым супрацоўнікі адпраўляліся на экзамен па медыцынскай падрыхтоўцы, дзе іх чакала тэарэтычная і практычная часткі.

На практыцы міліцыянерам даводзілася працаваць дакладна, думаць хутка і неадкладна прымаць рашэнне. Бо на руках у кожнага быў «цяжкі» пацыент. У кагосьці на стале чалавек без прыкмет жыцця пасля атручвання ўгарным газам, не абышлося на экзамене без ампутаваных канечнасцяў, неабходнасці прыпынку крывацёкаў, накладання шын на зламаныя часткі цела. І хоць параненыя і пацярпелыя былі ўмоўныя (манекены), усе дзеянні супрацоўнікі выконвалі рэальна. Кожны промах, замаруджванне, няправільна выкананыя дзеянні пагражалі зніжэннем агульнай ацэнкі за “медыцыну”.

Другі дзень конкурсу быў цалкам прысвечаны іспытам па фізічнай падрыхтоўцы, каманды сустрэліся ў лёгкаатлетычным манежы ЦСК “Нёман”. Тут яны здавалі чаўночны бег, пераадольвалі дыстанцыю ў 1500 метраў - мужчыны і 500 метраў - жанчыны. Удзельнікі выконвалі і комплекс сілавых практыкаванняў: падцягванне на перакладзіне, адцісканні, пад’ём тулава.

Заключным этапам спаборніцтваў стала дэманстрацыя ўдзельнікамі валодання баявымі прыёмамі барацьбы. Экзаменуемым прыходзілася абараняцца ад розных відаў удараў кулакамі ў галаву, жывот; спыняць спробу ўмоўнага злачынца завалодаць службовай зброяй; абясшкоджваць ўзброенага злачынца, які стварае пагрозу нажом або пісталетам. Суддзя спаборніцтваў, прадстаўнік МУС, Васіль Аляксандравіч Санько адзначыў, што ў гэтым выглядзе большасць канкурсантаў паказалі выдатныя і добрыя вынікі. Канкурсанты прадэманстравалі і умелае валоданне табельнай зброяй, усе паказалі і годны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі.

Пераможцаў конкурсу абвясцілі ў пятніцу, на ўрачыстым закрыцці агляду-конкурсу ў актавай зале УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Агульнакаманднае месца сярод участковых інспектараў міліцыі па справах непаўналетніх размеркаваліся наступным чынам. Лідэрамі спаборніцтваў апынулася дружына з Гомеля, на другім месцы - прадстаўнікі Віцебскай вобласці, трэці радок заняла сталічная каманда інспектараў ІСН. Сярод каманд ўчастковых інспектараў міліцыі на першым месцы апынуліся праваахоўнікі з Віцебска, на другім - каманда горада Мінска, 3-е месца ў гамяльчан.