Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь


У Магілёве затрыманы мужчына, які напаў на аддзяленне банка

20 лістапада каля 14 гадзін у аддзяленне банка, размешчанага па вул. Каліноўскага, увайшоў узброены пісталетам мужчына і, пагражаючы супрацоўнікам банка, стаў патрабаваць грошы.

Работнікі націснулі на трывожную кнопку. На месца здарэння неадкладна прыбыў нарад Дэпартамента аховы, блакаваўшы зламысніка ў памяшканні. Таксама да банка выбылі кіраўніцтва УУС Магілёўскага аблвыканкама, супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння і Ленінскага РАУС.

Пра здарэнне было неадкладна даложана кіраўніку дзяржавы. Правядзенне спецаперацыі знаходзілася на пастаянным кантролі Прэзідэнта.

У ходзе перамоў зламыснік запатрабаваў даць яму аўтамабіль. Гэта патрабаванне было выканана. У якасці закладніка ў машыне знаходзіўся першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў.

Аперацыю па затрыманні было вырашана праводзіць па-за межамі горада. Дзякуючы прафесійным дзеянням праваахоўнікаў, мужчына быў аператыўна затрыманы. У ходзе затрымання зламыснік аказаў узброенае супраціўленне. У адпаведнасці з “Законам аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь”, міліцыянеры ўжылі табельную зброю, абясшкодзілі грамадзяніна. Мужчына быў паранены ў нагу і шпіталізаваны. Пасля была ўстаноўлена і асоба затрыманага: жыхар Магілёва, 1989 г.н.

“Супрацоўнікі нашага падраздзялення штодня сутыкаюцца з небяспечнымі злачынцамі, у тым ліку і ўзброенымі, - адзначыў удзельнік спецаперацыі камандзір АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Іван Юркоў. - Сёння мы гатовыя жорстка спыняць самыя дзёрзкія спробы парушэння закона і замаху на бяспеку жыхароў і гасцей нашай краіны”.

Падчас правядзення спецаперацыі ніхто з працаўнікоў і кліентаў банка не пацярпеў. На месцы працуе следча-аператыўная група. Па факце захопу закладнікаў ўзбуджана крымінальная справа.

Па выніках паспяхова праведзенай супрацоўнікамі МУС аперацыі Кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб прадстаўленні ўсіх байцоў, што ўдзельнічалі ў затрыманні злачынца, да дзяржаўных узнагарод.