Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь


Першае падраздзяленне крымінальнага вышуку з'явілася ў Віцебску

У наступным годзе будзе адзначаць 100-годдзе беларускі крымінальны вышук. Яго гісторыя вядзе свой адлік ад 5 кастрычніка 1918 г., калі калегія НКУС РСФСР зацвердзіла Палажэнне аб арганізацыі аддзяленняў крымінальнага вышуку «для аховы рэвалюцыйнага парадку шляхам негалоснага расследавання злачынстваў крымінальнага характару і барацьбы з бандытызмам». Сёння мы знаёмім чытачоў з унікальнымі архіўнымі дакументамі, якія сведчаць, што крымінальны вышук як спецыялізаваны дзяржаўны орган з дадзенай назвай упершыню з’явіўся на тэрыторыі Беларусі ў 1917 г.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расійскай імперыі, у склад якой уваходзіла тэрыторыя Беларусі (губерні Гродзенская, Мінская, Магілёўская, частка паветаў Віленскай, Віцебскай, Ковенскай і Смаленскай губерняў), пачаўся працэс станаўлення новых арганізацыйных формаў аховы грамадскага парадку і барацьбы са злачыннасцю. На змену паліцыі царскай Расіі прыйшла спачатку народная міліцыя, заснаваная Часовым урадам, а потым пасля перамогі так званай сацыялістычнай рэвалюцыі (25 - 26 кастрычніка 1917 г.) - савецкая рабоча-сялянская міліцыя Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі (РСФСР).

Ужо на працягу першага тыдня пасля Лютаўскай рэвалюцыі адбыліся грунтоўныя змены ў сістэме органаў унутраных спраў Расійскай імперыі: 3 сакавіка Часовы ўрад абвясціў «замену паліцыі народнай міліцыяй з выбарным начальствам, падначаленым органам мясцовага самакіравання», 10 сакавіка замест Дэпартамента паліцыі ў складзе МУС створана Часовае ўпраўленне па справах грамадскай паліцыі і забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян (15 чэрвеня 1917 года перайменавана ў Галоўнае ўпраўленне па справах міліцыі і па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян). Прававой асновай арганізацыі і дзейнасці народнай міліцыі з’явіліся пастанова «Пра заснаванне міліцыі» і «Часовае палажэнне пра міліцыю», выдадзеныя 17 красавіка 1917 г.

Агульнае кіраўніцтва міліцыяй у межах усёй краіны належала Міністру ўнутраных спраў, а ў межах губерні непасрэдна ўскладалася на губернскага камісара. Ён з’яўляўся «прадстаўніком Часовага ўрада ў губерні, які ажыццяўляе нагляд за дакладным і паўсюдным у губерні выкананнем законаў, пастаноў і распараджэнняў Урада мясцовымі органамі кіравання і самакіравання».

Структуры міліцыі назвычай фарміраваліся са структураў і кадраў паліцыі, часцей шляхам простага перайменавання. Адзначым, што вялікая ўвага надавалася аднаўленню дзейнасці на месцах вышуковых аддзяленняў, якія раней знаходзіліся ў падпарадкаванні 8-га Справаводства Дэпартамента паліцыі МУС.

У Мінску вышуковае аддзяленне было перайменавана ў крымінальнае аддзяленне гарадской міліцыі, а ўзначаліў новую структуру былы начальнік вышуковага аддзялення Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч (1878 - 1926). А вось у Віцебску пераўтворанаму вышуковаму органу прысвоілі назву - «Упраўленне крымінальнага вышуку ў горадзе Віцебску». І паводле дакументаў, якія захаваліся ў беларускіх архівах, гэта адзінае вядомае падраздзяленне крымінальнага вышуку з адпаведнай назвай, якое было заснавана на тэрыторыі Беларусі ў 1917 г. Пра гісторыю яго ўзнікнення і пойдзе гаворка.

Працэс стварэння ў старажытным Віцебску новага вышуковага органа быў фактычна пачаты тэлеграмай таварыша Міністра ўнутраных спраў Часовага ўрада князя С. Д. Урусава (1862 - 1937), накіраванай 8 красавіка 1917 г. віцебскаму губернскаму камісару. Падаём яе тэкст з захаваннем арыгінальнай лексікі i арфаграфіі: «Существовавшие в некоторых местностях сыскные отделения, ведающие уголовным розыском, предположено не упразднять, а передать в ближайшем будущем Министерству Юстиции. Поэтому Вам надлежит озаботиться, чтобы учреждения эти, столь необходимые для обеспечения гражданам безопасности, возобновили свою деятельность как можно скорее».

З грыфам «спешно» копію тэлеграмы з канцылярыі губернскага камісара даслалі пракурору Віцебскага акруговага суда Б. С. Рэпнінскаму з просьбай «не адмовіць у арганізацыі крымінальнага вышуку з абноўленым складам служачых» і паведаміць «аб далейшым».

6 мая 1917 г. Б. С. Рэпнінскі накіраваў ліст у зацікаўленыя мясцовыя органы, у якім абгрунта-ваў неабходнасць рэарганізацыі міліцыі і прапанаваў «выбраць прадстаўніка для ўдзелу ў пася-джэннях па выпрацоўцы палажэння аб Упраўленні крымінальнага вышуку». У дадзеным лісце, у прыватнасці, адзначалася, што агульная міліцыя, да якой перайшлі абавязкі вышуковых аддзяленняў, не валодае ў гэтым дачыненні спецыяльнымі ведамі і дастатковым вопытам, не можа змагацца з усё большым ростам злачыннасці, і яе «нежыццяздольнасць як судовай паліцыі стала, відаць, агульнапрызнанай». «Мяркуючы, што арганізацыя ці, дакладней сказаць, рэаргані-зацыя такой складанай установы, як судовая паліцыя, - пісаў далей Б. С. Рэпнінскі, - можа быць праведзена з поспехам толькі пры ўдзеле грамадскіх дзеячаў і тых асобаў, якім па абавязках службы давядзецца сутыкацца з крымінальным вышукам, я лічу сябе абавязаным запрасіць для абмеркавання гэтага пытання наступных асобаў: гарадскога суддзю, якога прызначыць павятовы з'езд, судовага следчага, якога выберуць следчыя, прысяжнага паверанага, які будзе выбраны Віцебскай прысяжнай пракуратурай, і прадстаўнікоў гарадскога грамадскага кіравання, Савета Салдацкіх і Рабочых дэпутатаў, агульнай міліцыі, а таксама двух таварышаў маіх па пасадзе, якія назіралі за вядзеннем спраў аб злачынствах, здзейсненых у горадзе Віцебску».

З удзелам вышэйназваных асоб і пад старшынствам пракурора Б. С. Рэпнінскага 23 і 26 мая 1917 г. у Віцебску адбыліся пасяджэнні асобай нарады, на якіх і былі разгледжаны пытанні арганізацыі Упраўлення крымінальнага вышуку.

Асобая нарада прысвоіла зноў створанаму вышуковаму органу назву «Упраўленне крымінальнага вышуку ў горадзе Віцебску» (далей - Упраўленне) і накіравала віцебскаму губернскаму камісару А. А. Валковічу праекты адпаведнай пастановы, Палажэння аб Упраўленні і штатным раскладзе Упраўлення, якія і зацвердзіў губернскі камісар 3 чэрвеня 1917 г. Варта заўва-жыць, што пастанова аб заснаванні Упраўлення і праект Палажэння аб ім былі апублікаваны на першай старонцы газеты «Витебские губернские ведомости» ад 10 чэрвеня 1917 г., якая ў далейшым неаднаразова друкавала паведамленні пра дзейнасць новага вышуковага органа.

Начальнікам Упраўлення крымінальнага вышуку ў Віцебску стаў Фіогній Афінагенавіч Дунаеў, былы начальнік вышуковага аддзялення Дзвінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення, а яго памочнікам - Георгій Францавіч Шыманоўскі. Сярод першых супрацоўнікаў Упраўлення былі: сакратар Васіль Клаўч, інспектары Канстанцін Майсеевіч Чарнамордзік, Сафонаў, Іваноў, служачыя Дзмітрый Ігнатовіч, Міхаіл Емяльянаў, Іван Шопа, Сямён Шыдлоўскі, Оскар Крэчмер, Аляксандр Ісаенка, Франц Навойчык, Максім Мельчанка, Фама Селядзец, Фрыда Векслер, Емяльян Качанаў, Іван Галуза.

Такім чынам, гістарычны адлік беларускаму крымінальнаму вышуку быў пакладзены на год раней, чым было зацверджана Палажэнне НКУС РСФСР ад 5 кастрычніка 1918 г. Дарэчы, аб тым, што ён быў створаны ў 1917 г., згадвалася і ў першай кнізе па гісторыі беларускай міліцыі «Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі (1917 - 1927)» (Мінск, 1927).

Юры КУР’ЯНОВІЧ, газета "На страже".Фотакопіі з архіва - аўтара.

P. S. За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла аўтар выказвае шчырую падзяку супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і асабіста намесніку дырэктара, кандыдату гіс-тарычных навук Дзянісу Васільевічу Лісейчыкаву.

Каментарый юрыста

Аляксей Фёдаравіч Вішнеўскі, доктар гістарычных навук, прафесар права, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Акадэміі МУС:

- Прадстаўленыя архіўныя дакументы з’яўляюцца бясспрэчным сведчаннем таго, што крымінальны вышук як спецыялізаваны дзяржаўны орган існаваў на тэрыторыі Беларусі ўжо ў 1917 годзе.

У кантэксце афіцыйных дат у гісторыі беларускай міліцыі неабходна адзначыць наступнае. На сёння атрымліваецца, што Дзень беларускай міліцыі заснаваны на прававым акце Часовага ўрада Расіі, Дзень беларускага крымінальнага вышуку - на прававым акце РСФСР, інакш кажучы, на дакументах якасна розных этапаў палітычнага развіцця Расійскай дзяржавы. Заўважу: як у першым, так і ў другім выпадку гаворка ідзе аб актах Расійскай дзяржавы, а тэрыторыя Беларусі толькі фармальна падпадала пад яе юрысдыкцыю ў 1917 - 1920 гг., улічваючы нямецкую, а потым і польскую акупацыі.

Такім чынам, заснаванне крымінальнага вышуку на тэрыторыі Беларусі мэтазгодна аднесці да рэалізацыі актаў Часовага ўрада, што будзе знаходзіцца ў лагічнай адпаведнасці з часам заснавання беларускай міліцыі.