14 апреля 2017Ніколі не адмовіць у дапамозе


Што можа быць жахлівей для жанчыны ў аўтасправе, чым аварыйны прыпынак далёка ад мужа. Уяўляю, як складана было жыхарцы Мінска Кацярыне Вялікаборац, чыё аўто спынілася з прабітым колам якраз каля Муляраўскага скрыжавання на трасе М10. Запаскі няма, побач малы сын. Уключаная аварыйка і паднятая рука жанчыны не асабліва турбавалі праязджаючых міма. Але пашанцавала. Спыніўся малады мужчына, зняў прабітае кола, завёз яго на шынамантаж, усталяваў назад і пажадаў шчаслівай дарогі. Тады Кацярына заўважыла ў яго аўтамабілі форменную фуражку. Спытала пра яе прызначэнне. Аказалася, што амаль паўтары гадзіны свайго часу «падарыў» незнаёмай жанчыне інспектар ДАІ Петрыкаўскага РАУС маёр міліцыі Уладзімір Дзегцяроў.

Пасля Кацярына напісала падзяку ў абласное УУС, дзе і расказала гэту гісторыю.

Для Уладзіміра Віктаравіча тое, што адбылося ў той дзень - натуральная з’ява. Незалежна ад таго, пры выкананні абавязкаў ён, або на выхадным дні, як у той раз, спыніцца і спытае, у чым справа, ці патрэбна дапамога. Часта здараецца, што людзям патрэбна парада, асабліва, калі транспарт транзітны. А тут на дарозе жанчына з дзіцём, з нумарамі мінскага рэгіёна.

- Кожны мужчына павінен быў гэта зрабіць, але чамусьці ўсе ехалі міма, - гаворыць інспектар.

Узгадаў Уладзімір выпадак мінулага лета. Каля Шаставічаў адпачывала кампанія немясцовых рыбакоў. Добра выпілі. Чамусьці спатрэбілася перапаркаваць аўтамабіль. За руль села дзяўчына і «прыпаркавалася» з абрыву ў раку. Сама выплыла, а пра машыну, поўнасцю схаваную пад вадой, сведчылі толькі фары. Глыбіня была не менш за два з паловай метра. Давялося поначы шукаць і прыганяць на месца здарэння спецтэхніку. Афіцэр ныраў разам з напарнікам, з якім прыбылі на выклік у тую ноч, каб прывязаць трос. Саміх адпачываючых пусціць у ваду не маглі - іх «градус» ужо не дазваляў.

Такія ўчынкі павышаюць аўтарытэт органаў унутраных спраў, упэўнены Уладзімір Дзегцяроў, які служыць у міліцыі ўжо 17 гадоў.


Алена БРУЦКАЯ.

Телефон доверия
#моямилиция