25 августа 2017Залог трывалай будучыні - працавітасць і адказнасць


На мінулым тыдні Валожынскі раён наведаў кіраўнік Цэнтра палітычнай і эканамічнай сацыялогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, член грамадскага савета пры МУС Мікалай Шчокін. Напачатку ён сустрэўся са старшынёй райвыканкама Мікалаем Астрэйкам, а затым скарыстаўся магчымасцю выступіць перад ідэалагічным актывам Валожыншчыны падчас Адзінага дня інфармавання насельніцтва па пытаннях ролі кожнага грамадзяніна ў фарміраванні навейшай гісторыі краіны i сучаснага стану сiстэмы адукацыi з улікам вынікаў сацыялагiчнага манiторынгу.

У райцэнтры Мікалай Сяргеевіч быў упершыню, яму спадабаліся чысціня і акурат-насць горада. Навуковец па-дзякаваў кіраўніцтву раёна і яго рупліўцам за гаспадарлівасць, адзначыўшы, што гэтая рыса ўвогуле ўласціва ўсім беларусам - працавітай, адкрытай, дружалюбнай, стойкай і мужнай нацыі.

Мікалай Шчокін акцэнтаваў увагу прысутных на тым факце, што сёння за любымі эканамічнымі пераўтварэннямі стаяць людзі: іх дабрабыт з’яўляецца ключавой мэтай гэтых змен. Мікалай Сяргеевіч канстатаваў: быць грамадзянінам Беларусі - ганарова, пачэсна і ў той жа час няпроста, бо ў кантэксце сусветных падзей кожны усведамляе сваю індывідуальную ролю і адказнасць у навейшай гісторыі. У нас няма запасаў прыроднага газу, нафты, золата. Затое ёсць галоўны і самы важны набытак - таленавіты народ.

Кандыдат філасофскіх навук прапанаваў усім паразважаць яшчэ над адным пытаннем: у чым заключаецца веліч нацыянальнага лідара ў XXI стагоддзі і якая яго роля ў жыцці грамадства і асобнага чалавека?

- Лідар - гэта той, хто ведае, што трэба рабіць у любой сітуацыі. Сюды ўключаецца і эмацыянальнае ўздзеянне, паколькі ён павінен натхняць, мабілізаваць і заахвочваць, весці за сабой людзей, карыстацца даверам, не баяцца рызыкаваць і жыць дзеля іншых, - упэўнены вучоны.

Будучыня рыхтуецца стваральнай працай, кожны з нас удзельнічае ў фарміраванні дабрабыту - свайго і наступных пакаленняў. І наш нацыянальны лідар - ганаровы, упэўнены ў сабе чалавек - разумее, што людзей адказных, сумленных, сацыяльна актыўных, майстроў сваёй справы павінна станавіцца ўсё больш.

М. Шчокін адзначыў і вялікую ролю органаў дзяржаўнага кіравання ў вырашэнні надзённых праблем простага чалавека, павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва.

Сёння грамадства выхо-дзіць на наступны этап раз-віцця. Кіраўнік навуковай установы падкрэсліў, што, па сутнасці, вядзецца новая палітыка, накіраваная на пошук і раскрыццё новых магчымасцяў і здольная стварыць новую якасць жыцця. Перад кожным раскрыта прастора для прадпрымальніцтва і ініцыятывы. А разам з ростам магчымасцяў у геаметрычнай прагрэсіі расце і індывідуальная адказнасць за сучаснасць і будучыню.

- Прыспеў час кожнаму спытаць у сябе: а што зрабіў я для паляпшэння ўласнага дабрабыту? - завяршыў выступленне Мікалай Сяргеевіч.

У той жа дзень член грамадскага савета пры МУС наведаў і аддзел унутраных спраў райвыканкама. Мікалай Сяргеевіч выступіў перад калектывам, акрэсліў некаторыя спецыфічныя моманты ў рабоце міліцыянераў, даў слушныя парады па далейшым павышэнні прэстыжу прафесіі і фарміраванні станоўчага іміджу праваахоўнікаў.

Былі ўзняты пытанні дысцыпліны, адказнасці не толькі перад грамадствам, дзяржавай у цэлым, але і, што немалаважна, перад сваімі таварышамі па службе. Дзеянні кожнага супрацоўніка органаў унутраных спраў адбіваюцца на ўсёй сістэме МУС. Таму ўчынкі вартаўнiкоў правапарадку павінны быць максімальна выверанымі, далікатнымі, адпавядаць заканадаўству Беларусі i, як неаднаразова падкрэсліваў Міністр унутраных спраў, маральным прынцыпам.

Аптымізацыя, якая пра-водзіцца кіраўніцтвам МУС, ужо паказала сваю эфектыўнасць і запатрабаванасць. М. Шчокін падкрэсліў, што кожны павінен працаваць у новых рэаліях з улікам задач, пастаўленых Прэзiдэнтам краiны і Міністрам. А грамадскі савет у гэтай сувязі нацэльвае сваю дзейнасць на выяўленне болевых кропак у дзейнасці ведамства, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўніцтва.

Асобна дакладчык спыніўся на бяспецы Беларусі ў цэлым. Падводзячы вынікі, ён адзначыў: незалежна ад працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, бяспека прама залежыць ад кожнага грамадзяніна рэспублікі.

- Толькі прыкладаючы агульныя намаганні, мы можам жыць у міры і згодзе, - упэўнены Мікалай Сяргеевіч. - У гэтым кантэксце імпануе падыход кіраўніцтва УУС Міншчыны і Валожынскага РАУС па выбудоўванні гарманічнай сістэмы ўзаемадзеяння з на-сельніцтвам.

М. Шчокін з задавальненнем прывітаў начальніка райаддзела палкоўніка міліцыі Ігара Шакуна i выканаў пачэсную місію, уручыўшы пасведчанні і табельную зброю двум лейтэнантам міліцыі - оперупаўнаважанаму групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Паўлу Рубянкову і оперупаўнаважанаму групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Матвею Капусце.


Сяргей САДОЎСКІ.
Фота аўтара.

Телефон доверия
#моямилиция