22 сентября 2017«Захад-2017». Баі - вучэбныя, вопыт - рэальны


З 14 па 20 верасня ў рамках сумеснага стратэгічнага вучэння Узброеных Сіл дзвюх дзяржаў «Захад-2017» на шасці беларускіх і трох расійскіх палігонах разгарнуліся маштабныя баявыя дзеянні. Ваеннаслужачыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі ваенізаваных арганізацый адточвалі майстэрства ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных.

У сераду Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка наведаў 227-мы агульнавайсковы палігон «Барысаўскі», дзе паназіраў за ходам манеўраў.

- Вучэнне праведзена згодна з зацверджанай задумай, пастаўленыя мэты дасягнуты, вучэбныя пытанні адпрацаваны з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспецы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Усяго ў буйной трэніроўцы было задзейнічана каля 12 700 чалавек. На тэрыторыі нашай краіны на поле бою выйшлі 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі (у тым ліку каля 140 танкаў), да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

Паводле задумы вучэння, на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы праніклі экстрэмісцкія групоўкі для правядзення тэрактаў і дэстабілізацыі абстаноўкі - вайскоўцы на зямлі і ў небе адбівалі напады і абаранялі рубяжы. У «Захадзе-2017» таксама ўдзельнічалі створаныя на час трэніроўкі групы хуткага рэагавання з ліку супрацоўнікаў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. Карэспандэнты «НС» паназіралі за гарачымі «баталіямі» на палігоне «Асіповіцкі», пасля чаго далучыліся да дзяжурства міліцыянераў ГХР мясцовага РАУС.

«Непрыяцель знішчаны!»
Паводле аднаго з эпізодаў вучэння, напярэдадні нашы войскі адбівалі авіяцыйныя ўдары ўмоўнага праціўніка, а калі ён пачаў наступаць, прайшоўшы ўглыб краіны на 30 кіламетраў, прыступiлi да абарончых баёў.

…З беларускага боку ў практычным розыгрышы ўдзельнічаюць падраздзяленні 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай, 51-й гвардзейскай артылерыйскай, 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгад, з расійскага - 423-ці мотастралковы і 275-ты самаходны артылерыйскі палкі. Ваеннаслужачыя адбіваюць нападзенне ўмоўнага праціўніка, наносячы знішчальныя ўдары. Адзін за адным раздаюцца гучныя стрэлы. Стральба рэактыўных сістэм залпавага агню і самаходных гаўбіц парушае восеньскую цішыню, нібы раскацісты гук грому. У паветра ўздымаюцца чорныя клубы дыму.
Праз некаторы час на гарызонце з’яўляюцца дзве пары верталётаў Мі-8. Паветраныя караблі рэзка набіраюць вышыню, ажыццяўляючы падтрымку абарончым войскам пускамі некіруемых ракет. Адначасова контратакі праводзяць і расійскія авіятары.

Цяжкі вучэбны бой працягваецца амаль гадзіну. У яго заключнай частцы ваеннаслужачыя атакуюць са стралковай зброі, гранатамётаў, кулямётаў, танкаў, БМП. Тактычныя дзеянні супраць «дыверсантаў» праходзяць паспяхова. «Непрыяцель знішчаны!» - дакладвае камандзіру адзін з вайскоўцаў, які знаходзіцца на перадавой.

- Падчас першага этапу вучэння на палігоне «Асіповіцкі» асабовы склад воінскіх часцей выканаў такія вучэбна-баявыя задачы, як непасрэдная падрыхтоўка да вядзення баёў, а таксама разведвальна-пошукавыя і засадныя дзеянні ў прызначаных раёнах адказнасці. Сёння, падчас другога этапу, адпрацавалі комплекс мерапрыемстваў па адбіцці і нанясенні ракетных і авіяцыйных удараў, правялі абарончы бой, - распавёў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі падпалкоўнік Сяргей САВІЦКІ.

На палігоне прысутнічаюць замежныя назіральнікі і журналісты. Па словах афіцэра са Швецыі Томаса Мюлера, трэніроўкі, колькасць тэхнікі адпавядаюць заяўленаму напярэдадні плану.

А карэспандэнт з Канады Рэйманд Сэнт-П’ер, уражаны маштабнасцю вучэння, вялiкай плошчай баявых дзеянняў і колькасцю зброі, падзяліўся сваім меркаваннем:

- Беларусы запрасілі да сябе шмат міжнародных назіральнікаў, прадстаўнікоў замежных СМІ. Усе этапы вучэння праходзяць празрыста. Журналістам даюць магчымасць не толькі здымаць баі, але і гутарыць з афіцэрамі і салдатамі.

«Увага! Знойдзены снарад!»

Актыўная фаза «Захаду-2017» на палігоне падыходзіць да завяршэння, але вучэнне працягваецца. Па легендзе, на Асіпоўшчыне дзейнічаюць дыверсійна-разведвальныя групы, якія, верагодна, паспрабуюць захапіць стратэгiчна важныя аб’екты, такія як прадпрыемства электрасувязі, нафтабаза, будынкі дзяржаўных органаў i iншыя. Пад кантролем супрацоўнікаў РАУС дзесяць такiх аб’ектаў, прадстаўнікоў мясцовага аддзела Дэпартамента аховы МУС - чатыры.

- Пяць мабільных груп працуюць кругласутачна, імгненна рэагуюць на любы сігнал, - распавядае начальнік райаддзела падпалкоўнік міліцыі Віктар АРХІПЕНКА. - Экіпажы з ліку супрацоўнікаў асіповіцкай міліцыі і калег з УУС Магілёўшчыны шукаюць «бандытаў», уночы некалькі разоў правяраюць аб’екты. Мы гатовыя да ўсякай правакацыйнай дзейнасці. Асабовы склад мае вопыт удзелу ў такіх маштабных вучэннях і некалі затрымліваў «дыверсантаў». Некаторыя міліцыянеры за якасна выкананыя задачы на «Захадзе-2013», «Захадзе-2015» узнагароджаны медалямі, а таксама атрымалі падзяку ад кiраўнiцтва Міністэрства абароны.

Падчас цяперашняй трэніроўкі ўважлівыя мясцовыя жыхары альбо вайскоўцы, якія знаходзяцца ў ачапленні, пяць разоў інфармавалі группы хуткага рэагавання аб верагодным з’яўленнi «бандытаў». Вартавыя парадку сумесна з прадстаўнікамі контрразведкі ці камендатуры накіроўваліся да месца, блакіравалі пад’язныя шляхі і шукалі «злачынцаў». У выніку затрымалі некалькі «непрыяцельскіх» груповак. Тыя былі ўзброены і аснашчаны разведвальнымі прыборамі.

- Наша задача - затрымаць падазроных людзей і высветліць, хто яны такія, - звяртае ўвагу начальнік штаба райаддзела маёр міліцыі Міхаіл БІЗУНОК.

…У лес - на тэрыторыю ваеннага аб’екта - спрабуюць праехаць аматары ціхага палявання, і адна з груп хуткага рэагавання выстаўлена на кантрольна-прапускным пункце стрэльбішча. Тут нясуць службу інспектары спецыяльнага ўзвода батальёна ДПС Дорожно-патрульная служба ДАІ УУС Магілёўшчыны капітан міліцыі Дзмітрый БЯКАСАЎ і лейтэнант міліцыі Аляксандр Талочык, таму чужыя людзі не перасякуць мяжу. Да таго ж рух забараняе шлагбаум.

- Мы аказваем дапамогу ваеннаслужачым з ВАІ Міністэрства абароны, - распавядае Дзмітрый Аляксандравіч. - Два дні таму ў гэтым раёне былі выяўлены і затрыманы «дыверсанты». Сёння некалькі легкавых машын спрабавалі праехаць, але павінны былі павярнуць назад.

Хвілін праз дзесяць каля КПП спыняецца аўтамабіль. Шафёр гадоў 50 упарта патрабуе падняць шлагбаум:
- У лесе таварыш збірае грыбы, забраць яго трэба! Прапусціце.

Супрацоўнiкi ДАІ не пагаджаюцца, і незадаволены мясцовы жыхар з’язджае. Адзін з вайскоўцаў запісвае лічбы нумарнога знака яго машыны.

- На ўсякі выпадак. А раптам не грыбнік? Ён можа аказацца і «злачынцам», - кажа баец.

Тым часам другая група хуткага рэагавання ў складзе ўчастковага інспектара Асіповіцкага РАУС лейтэнанта міліцыі Арцёма ЦІТОВА і міліцыянера АМАПа УУС Магілёўшчыны старшыны міліцыі Аляксандра КАЗЛОВА накіроўваецца на мясцовы завод аўтамабільных агрэгатаў.

- Адначасова выконваем штодзённыя задачы і ўдзельнічаем у вучэнні, - па дарозе распавядае А. Цітоў. - Неяк паступіла інфармацыя пра тое, што ў бок палігона рухаецца «непрыяцель». Разам з ваеннаслужачымі агледзелі тэрыторыю, але, на жаль, нікога не знайшлі.

- Калі служылі ва ўнутраных войсках МУС, не раз прачэсвалі лясы і выяўлялі ўмоўнага праціўніка... - дадае А. Казлоў.

Яго перабівае голас з радыёстанцыі: «У лесе грыбнік заўважыў артснарад».

Экіпаж спяшаецца на месца. За аграгарадком Вязьма ён зварочвае з аўтамабільнай дарогі на вузкую сцежку і некалькі хвілін рухаецца ўздоўж ляснога гушчару.

- Вунь пад дрэвам ляжыць вялікая балванка, - паказвае напрамак малады чалавек. - Кожны год тут збіраю грыбы, але раней снарад не заўважаў.

Арцём Цітоў служыў у адным з выбухо-ватэхнічных падраздзяленняў унутраных войскаў МУС. Зараз ён асцярожна падыходзіць да амаль метровага боепрыпаса, прыкрытага лісцем, і аглядае яго.

- На першы погляд, снарад не нясе пагрозы: на ім няма дэтанатара, капсула - пустая. Аднак трэба вызваць сапёраў, - праз некалькі хвілін рэзюмуе ўчастковы.

Далей Арцём Цітоў і Аляксандр Казлоў накіроўваюцца на завод. На першай транспартнай прахадной іх сустракае кантралёр КПП.

- Хвілін 15 таму абыходзіла тэрыторыю, усё спакойна, - распавядае жанчына, пасля чаго А. Цітоў робіць адзнаку аб адсутнасці заўваг у спецыяльным журнале.

…12-гадзіннае дзяжурства міліцыянераў завяршаецца. Іх змяняе другі экіпаж. «Совы» таксама не дрэмлюць. Аб тым, якiя задачы супрацоўнікi Дэпартамента аховы МУС выконвалi падчас вучэнняў, - чытайце ў наступным нумары «НС».

Кампетэнтны каментарый Начальнік упраўлення мабілізацыйнай падрыхтоўкі, забеспячэння тэрытарыяльнай і грамадзянскай абароны МУС палкоўнік міліцыі Руслан МАМЕДАЎ:
- У сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017» прымалі ўдзел прадстаўнікі пад-раздзяленняў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў і Дэпартамента аховы МУС з 23 раёнаў рэспублікі, а таксама УУС абласцей і ГУУС Мінгарвыканкама, асабовы склад часцей унутраных войскаў МУС. Яны паспяхова выканалі ўскладзеныя на іх задачы па падтрыманні ваеннага становішча на тэрыторыі нашай краіны, ахове аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьбе з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі.

У Глыбоцкім раёне міліцыянеры ва ўзаемадзеяннi з вайскоўцамі Узброеных Сiл выканалі вучэбна-тактычныя задачы і ўзялі ўдзел у правядзенні паказных заняткаў па пытаннях тэрытарыяльнай абароны для старшынь раённых выканаўчых камітэтаў і ваенных камісараў Віцебскай вобласці. Міліцыянеры даглядалі ўмоўнага праціўніка на КПП, затрымлiвалi «злачынцаў» у складзе пешых і аўтапатрулёў, адбівалі нападзенне «дыверсантаў» на стратэгічны аб’ект, а таксама вызвалялі «заложніка» і знiшчалi «банду».

Дзякуючы прафесійным дзеянням супрацоўнiкаў былі ліквідаваны ўсе «дыверсійна-развед-вальныя падраздзяленні». Пазней «злачынцы» пахвалiлi вартавых парадку і прызналіся, што тыя перашкодзілі ім дэстабілізаваць абстаноўку
ў раёне.

Вялікая нагрузка ляжала на плячах сапёраў унутраных войскаў МУС. Умоўныя дыверсанты пастаянна ажыццяўлялі закладкі выбуховых рэчываў, а вайскоўцы прадэманстравалі майстэрства ў іх выяўленні і абясшкоджванні.

Нашы калегі з іншых сілавых структур высока ацанілі дасягнутыя вынiкi. Кіраўніцтва вучэння ўзнагародзіла чатырох афіцэраў аператыўнай групы МУС памятнымі падарункамі.



Крысціна ЗЯЛЁНКА.
Фота Альберта ЕРМАКОВА, газета "На страже" і ВІА «ВАЯР».

Телефон доверия
#моямилиция