31 августа 2018К 100-летию уголовного розыска

Да юбілею адной з вядучых службаў МУС у старэйшым выдавецтве краіны «Беларусь» пабачыла свет памятная кніга «Беларускі крымінальны вышук». Прэзентацыя адметнага выдання адбудзецца 2 верасня ў Iванава ў рамках святкавання XXV Дня беларускага пісьменства

Юбілейная кніга выйшла пад агульнай рэдакцыяй першага намесніка Міністра ўнутраных спраў - начальніка крымінальнай міліцыі генерал-маёра міліцыі Івана Падгурскага.

Расказваючы па просьбе рэдакцыі пра фалiянт, Іван Мікалаевіч найперш адзначыў, што падрыхтоўка да выдання падобных гісторыка-дакументальных твораў - вельмі складаны і працяглы працэс, які патрабуе скрупулёзнага збору і ўважлівай апрацоўкі разнастайных па змесце і значэнні матэрыялаў, і перадусім - архіўных. Сыходзячы з гэтага, былі распачаты неабходныя арганізацыйныя і практычныя крокі: падрыхтавалі план, стварылi працоўную групу, накіравалі запыты ў архівы, звярнуліся да ветэранаў службы. На гэта ды іншае, што прадугледжвалася з цягам часу, спатрэбілася больш за год.

Па словах першага намесніка Міністра, чытачам прапануецца мала- альбо ўвогуле невядомая гістарычная інфармацыя. Гэта стала магчымым дзякуючы ў першую чаргу шматгадовым архіўным здабыткам непасрэднага ўкладальніка выдання, даследчыка ў галіне гісторыі і археалогіі падпалкоўніка міліцыі ў запасе Юрыя Кур,яновіча і творчым намаганням прафесара Акадэміі МУС, доктара гістарычных навук, заслужанага работніка адукацыі Беларусі палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Аляксея Вішнеўскага, які, дарэчы, стаў навуковым рэцэнзентам выдання.

Адчувальна дапамаглі ў важнай справе супрацоўнікі галоўнага і тэрытарыяльных упраўленняў крымiнальнага вышуку, а таксама, вядома ж, ветэраны. Асаблівыя словы падзякі Іван Мікалаевіч выказаў у адрас старшыні савета ветэранаў цэнтральнага апарату Міністэрства ўнутраных спраў палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Губскага, які ўзначальваў упраўленне крымінальнага вышуку МУС у 1994 - 1996 гадах, і бываламу барацьбіту са злачыннасцю падпалкоўніку міліцыі ў адстаўцы Аляксандру Аляксандраву.

Акрамя шматлікіх іншых, у кнізе выкарыстаны дакументы з фондаў нацыянальнага і нацыянальнага гістарычнага архіваў, Прэзідэнцкай бібліятэкі, музея МУС Беларусi і Цэнтральнага музея МУС Расіі. Большасць пісьмовых помнікаў пра гістарычныя па-дзеі мінулых часоў і фотаздымкаў друкуюцца ў даследаваннi ўпершыню.

У канцэнтраваным, сціснутым выглядзе Ю. Кур,яновiч сумесна з iншымi даследчыкамi ў храналагічнай паслядоўнасці дакладна распавёў пра асноўныя этапы стварэння, станаўлення, развіцця і ўдасканалення службы, а таксама пра сённяшнія буднi сышчыкаў.

Дарэчы, беларускi кры­мінальны вышук пачаў свой адлік 5 кастрычніка 1918-га. Менавіта ў той дзень калегія НКУС РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика прыняла адпаведнае палажэнне «Аб арганізацыі Аддзела крымінальнага вышуку». Між тым, звярнуў увагу Іван Падгурскі, сістэма крымінальна-прававых мер барацьбы са злачыннасцю, а таксама дзейнасць у гэтым накірунку дзяржорганаў мае больш глыбокія гістарычныя карані. Напрыклад, у кнізе ўпершыню надрукаваны матэрыял пра увядзенне 3 сакавіка 1578 года ў Вялікім Княстве Літоўскім працэду ры судовага следства па крымінальным справам - шкрутыніуму. Гэта тая працэдура, якую сёння ажыццяўляюць супрацоўнікі крымінальнага вышуку.

На старонках выдання, заўважыў генерал-маёр міліцыі, чытач знойдзе цікавы пазнавальны матэрыял аб развіцці службы ў Расійскай імперыі ў XIX - пачатку ХХ стагоддзя. Размова iдзе, у прыватнасці, пра нашага суайчынніка з Магілёўшчыны Аркадзя Францавіча Кашко. Гэтага кiраўнiка вышуковай паліцыi замежныя калегі называлі «рускім Шэрлакам Холмсам». У 2016-м расійская грамадская арганізацыя ветэранаў аператыўных служб «Честь» заснавала ордэн імя нашага земляка. За высокае прафесiйнае майстэрства iм узнагароджваюцца як ветэраны, так і дзеючыя супрацоўнікі расійскай паліцыі, а таксама беларускія праваахоўнікі.

Не забытыя, канешне ж, і айчынныя легенды службы. Напрыклад, Аляксандр Раманавіч Ільюкевіч з 1911 па 1917 год кіраваў вышуковым аддзяленнем Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення, а Павел Аляксеевіч Каралёў

праявіў сябе на пасадзе начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР у 1970 - 1981 гадах. Для захавання і прымнажэння лепшых традыцый у 2015-м зацверджаны пераходны прыз імя П. А. Каралёва «За вернасць службе крымінальнага вышуку і высокае майстэрства ў аператыўна-вышуковай дзейнасці».

Характэрнай асаблівасцю выдання І. Падгурскі назваў тое, што ў ім упершыню поўна прадстаўлены падрабязныя звесткі пра ўсіх кіраўнікоў крымінальнага вышуку краіны. Іх дапаўняюць малавядомыя факты барацьбы супрацоўнікаў з бандытамі ў першыя пасляваенныя гады. Такія, да прыкладу, як ліквідацыя ў лістападзе 1947-га адной з буйнейшых злачынных груп пад кіраўніцтвам Ліхачова. Дарэчы, сярод выкрытых у 1940-х злачынных суполак была і банда «Чорная кошка», якая займалася рабаваннямi ў Мінскай і Баранавіцкай абласцях. Вядомая па культаваму савецкаму дэтэктыву «Месца сустрэчы змяніць немагчыма», гэтая шайка не з,яўляецца мастацкай выдумкай братоў Вайнераў, па раману «Эра міласэрнасці» якіх створаны фільм. Групы бандытаў пад такой назвай дзейнічалі ў той час на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюза. У Беларусi апошнюю з іх ліквідавалі ў Барысаве толькі ў 1956-м. Распавядаючы пра гэта ў кнізе, аўтар адзначае, што стабілізаваць становішча і дамагчыся агульнага зніжэння ўзроўню злачыннасці атрымалася неймавернымі намаганнямі, калі межаў працоўнага дня для сышчыкаў практычна не існавала.

У ліку тых, хто арганiзоўваў работу крымінальнага вышуку ў цяжэйшы пасляваенны перыяд, - равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі генерал-лейтэнант унутранай службы Аляксей Аляксеевіч Клімаўскі. Гэтай працы ён аддаў каля 20 гадоў, столькі ж знаходзіўся ў складзе кіраўніцтва МУС, 11 гадоў узначальваў міністэрства.

Шмат iнфармацыi, якая раней не гучала, утрымліваюць успаміны ветэранаў. Аддаючы даніну павагі заслужаным супрацоўнікам, аўтары кнігі прадставілі на яе старонках усе абласныя ветэранскія арганізацыі. Разам з гэтым у даследаваннi адлюстравана жыццё і дзейнасць сучасных калектываў крымiнальнага вышуку, прыводзяцца падрабязнасці раскрыцця канкрэтных злачынстваў.

Напрыканцы Іван Мікалаевіч выказаў упэўненасць у тым, што юбілейнае выданне не згубіцца сярод іншых аповедаў пра сышчыкаў. Яно стане падзякай усім ветэранам службы за важкі ўнёсак у яе развіццё і ўдасканаленне, за дапамогу сённяшнім кіраўнікам у выхаванні моладзі, якае будзе вучыцца на прыкладах старэйшых пакаленняў.

«Беларускі крымінальны вышук» - гэта маніфест вернасці і адданасці абранай высакароднай справе. Няма ніякага сумніву ў тым, што кніга дапаможа захаваць і папулярызаваць багатую гісторыю адной з вядучых міліцэйскiх службаў.


Уладзімір БАРЫСЕНКА.