26 января 2019Грамадзянская мужнасць


На ўрачыстую нараду, прысвечаную 56-й гадавіне ўтварэння Петрыкаўскага РАУС, была запрошана жыхарка вёскі Капцэвічы Таццяна Каваленка. Начальнік аддзела Мікалай Семяніцкі ўручыў жанчыне грамату і прэмію за дапамогу ў своечасовым выяўленні злачынца.

Таццяна Віктараўна з мужам ехалі на машыне, калі заўважылі на ўзбочыне дарогі штосьці вялікае і цёмнае - гэта быў чалавек без прыкмет жыцця. Тут жа патэлефанавалі на нумар 102 і дачакаліся міліцыю. Аператыўнікі па знойдзеных фрагментах пластмасы вызначылі транспартны сродак удзельніка ДТЗ - аўтафуру Volvo, а па дадзеных відэафіксатара знайшлі і вадзіцеля - грамадзяніна Турцыі.

Шмат часу Таццяна Каваленка працавала начальнікам чыгуначнай станцыі ў Капцэвічах, і ў яе звычку даўно ўвайшло быць заўсёды пільнай і адказнай. Дарэчы, гэты выпадак - далёка не першы, калі жанчыне даводзілася мець дачыненне да затрымання злачынцаў.

- Гадоў 15 таму, якраз 31 снежня, звярнула ўвагу на аўтамабіль «Ака», які стаяў каля вакзала, - узгадвае Т. Каваленка. - Такіх у нашай вёсцы тады не было. Вырашыла для сябе, што гэта нейкі пажылы мужчына (бо такія аўтамабілі часцей былі ў ветэранаў ці людзей з інваліднасцю) паехаў на начным цягніку, а машыну пакінуў. Назаўтра прыбіральшчыца прынесла да начальніка станцыі вадзіцельскае і пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, якія знайшла ў сметніку. Адразу патэлефанавалі ў міліцыю. Высветлілася, што аўтамабіль у вышуку, а яго гаспадар ноччу забіты разам са сваім сынам. Зламыснікі - два браты - пасягнулі на буйную суму грошай, якую напярэдадні атрымаў той чалавек. Іх хутка затрымалі.

Узгадала былая чыгуначніца і выпадак, калі даганяла па полі злодзея: той праз акно лез у сталовую, што знаходзілася побач з вакзалам. Думала, нехта з мясцовых, а аказалася - рэцыдывіст. А яшчэ пазней разам з калегамі адсочвалі злачынца, які забіў жанчыну ў Старушках і ішоў уздоўж чыгункі ў Капцэвічы. Тут яго і сустрэлі праваахоўнікі.

Пільнасць і грамадзянская адказнасць Таццяны Каваленка дагэтуль адзначалася толькі словамі падзякі, а іншага яна і не прасіла. Сённяшняя ж узнагарода - першая, і таму вельмі каштоўная.


Алена БРУЦКАЯ. Фота: Петрыкаўскі РАУС.