22 сентября 2017Байкерскi рух павiнен быць бяспечным


На мінулым тыдні ў Мінску адбылося ўрачыстае закрыццё мотасезону. Мерапрыемства сабрала рэкордную колькасць аматараў двухколавага транспарту - каля сямі тысяч чалавек з 15 краін.

Фестываль унесены ў сусветны каляндар афіцыйных мерапрыемстваў Harley-Davidson і арганізаваны клубам HOG Iron Birds пры падтрымцы Harley-Davidson Расія і СНД, Мінскага гарвыканкама, УДАІ МГБ МУС, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Падзея накіравана на ўмацаванне сяброўства паміж краінамі і развіццё турызму ў Беларусі.

- Для нас фестываль - гэта выдатная магчымасць сабрацца разам, падзяліцца ўражаннямі, якія атрымалі за сезон, і паказаць іншым, што байкеры - гэта людзі, якія ўмеюць адпачываць і дарыць добры настрой іншым, - падкрэсліў дырэктар HOG Расія і СНД Сяргей КАМЕНЕЎ.

З цягам часу мерапрыемства стано-віцца ўсё больш маштабным: у мінулым годзе яго наведаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. У гэты раз прысутнічалі памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч і начальнік УДАІ МГБ МУС палкоўнік міліцыі Дзмітрый Карзюк.

Як адзначыў Ігар Шуневіч, дзякуючы намаганням праваахоўнікаў у гэтым годзе паменшылася колькасць аварый з удзелам матацыклістаў. Станоўча паўплывае на сітуацыю на дарогах і ўскладненне экзамену для жадаючых атрымаць катэгорыю А. Гэта будзе спрыяць больш узважанаму падыходу да выдачы пасведчанняў кіроўцы - ацэнкі ведаў, уменняў байкераў.

У сваю чаргу старшыня Мінгар-выканкама Андрэй Шорац падкрэсліў, што кіраўніцтва горада падтрымлівае такiя мерапрыемствы, і выказаў надзею, што ў наступным годзе атрымаецца сабраць яшчэ больш удзельнікаў мотаруху.

…З самага ранку мотааматары збіраліся ля Кургана Славы. Для многіх удзельнікаў дарога заняла шмат часу, але ні на адным твары нельга было заўважыць слядоў стомленасці. Людзей перапаўняла радасць сустрэчы, i гэта дакладна сведчыць аб тым, што ў мотабрацтве няма моўных, тэрытарыяльных ці якіх-небудзь іншых бар’ераў.

У суправаджэнні супрацоўнiкаў спецыяльнага падраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» МУС калона рушыла да Палаца спорту, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства.

Для гараджан і гасцей сталіцы была арганізавана забаўляльная праграмма. Яны мелі магчымасць наведаць выставу эксклюзіўнай двухколавай тэхнікі, праехаць на Harley-Davidson, прыняць удзел у іншых займальных дзействах. Таксама гледачы назіралі за паказальнымі выступленнямі спартсменаў і каскадзёраў на матацыклах, дрыфт-шоу на байках і аўтамабілях, спаборніцтвамі атлетаў па функцыянальным шматбор’і Minsk Throwdown.

Асаблівай папулярнасцю ў гэты дзень карысталіся пляцоўкі Дзяржаўтаiнспекцыi. Тут жадаючыя здавалі экзамены на права кiравання транспартнымi сродкамi падкатэгорыі А1. Паспяхова практычны экзамен прайшлi 17 чалавек.

Для дзяцей міліцыянеры арганізавалі інтэрактыўную пляцоўку, дзе юныя інспектары руху дапамагалі будучым аўтамабілістам спасцігаць дарожныя мудрасці, а таксама праводзілі розныя конкурсы, пераможцы якiх атрымлівалі прызы. Побач хлопчыкі і дзяўчынкі здавалі на камп’ютарах тэарэтычныя тэсты на веданне ПДР. Апрануўшы акуляры віртуальнай рэальнасці, яны таксама маглі адчуць сябе сапраўднымі матацыклістамі.

- Курсанты міліцэйскіх навучальных устаноў і школьнікі дапамагаюць нам стварыць святочную атмасферу, праводзiць конкурсы i гульнi з маленькiмi гасцямi сённяшняга свята, - рассказаў начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ ГУУС сталіцы маёр міліцыі Сяргей ЗАРАНІК. - У форме гульні дзеці лепш засвойваюць інфармацыю, таму імкнемся прыпаднесці яе максімальна цікава. Хлопчыкаў i дзяўчынак на нашай пляцоўцы таксама забаўляюць роставыя лялькі. Напрыклад, Святлафор расказвае дашкольнікам пра забараняючыя і дазваляючыя сігналы.

Сваімі ўражаннямі ад наведвання свята з карэспандэнтам «НС» падзялілася сям’я Новікавых з Маладзечна. Іх сямігадовы сын Арцём быў вельмi ўражаны акулярамi віртуальнай рэальнасці, якiмі карыстаўся першы раз у жыццi, і пасля гэтага ў нецярпеннi стаяў у чарзе, каб здаць тэсты. Хлопчык быў нацэлены на выдатны вынік: нядаўна бацькі падарылі яму цікавую кнігу аб Правілах дарожнага руху, якую Арцём ужо прачытаў. Яго родныя расказалі, што і ў школе гэтаму пытанню надаецца вялікая ўвага. Мацi i бацька ўпэўнены, што сын добра ведае, як трэба сябе паводзіць на вуліцы, таму ў гэтым годзе ўжо дазволілі хлопчыку самастойна гуляць з сябрамі ў двары і вяртацца са школы дадому.

Фестываль сабраў людзей розных узростаў і прафесій. Дарэчы, сярод адпачываючых былі і супрацоўнікі МУС. Напрыклад, намеснік начальніка па ІРіКЗ Асіповіцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй БАБІЧ быў вельмі рады, што гэтым разам пашанцавала з надвор’ем:

- Для мяне адкрыццё і закрыццё сезону - пэўны рытуал, у якім традыцыйна прымаю ўдзел. Здзівіў маштаб сённяшняй калоны матацыклаў, якая рухалася ад Кургана Славы. Такія мерапрыемствы прыцягваюць увагу звычайных грамадзян і дзяцей. Тут яны могуць упэўніцца, што байкеры - гэта добрасумленныя людзі, якія паважаюць закон, у тым ліку ПДР. Вядома, хацелася б сфатаграфавацца з Міністрам на фоне «Харлея», але, мабыць, у наступны раз: на пляцоўцы столькі людзей, што нават не ўсіх мотасяброў змог тут знайсці.

У гэты дзень мотааматары таксама атрымалі асалоду ад рок-канцэрту ў выкананні Прэзідэнцкага аркестра. Завяршылася мерапрыемства грандыёзным салютам.


Тамара ГОРЛАЧ.
Фота Альберта ЕРМАКОВА, газета "На страже".

Телефон доверия
#моямилиция