www.mvd.gov.by

Служим Закону, Народу, Отчизне!

220030, Минск
ул. Городской Вал, 4

Круглосуточный
единый номер: 102

Государственная автоинспекция

Гражданство и миграция

Административные процедуры

Учебные заведения

Главное управление по наркоконтролю и противодействию торговле людьми

Главное управление охраны правопорядка и профилактики

17 апреля 2015Граза бандытаў

У савет ветэранаў Гомельскага АУСТ звярнуўся гамяльчанін Віталь Лісоўскі, сын начальніка лінейнага аддзела міліцыі (ЛАМ) Канстанціна Віктаравіча Лісоўскага, які ўзначальваў аддзел з ліпеня 1939-га па лістапад 1940 года, затым - лінейнае аддзяленне на чыгуначнай станцыі Жлобін і следчае аддзяленне Дарожнага аддзела НКУС.

Віталь Канстанцінавіч прадаставіў папку каштоўных дакументаў і фатаграфій, якія раскрываюць яркі службовы і жыццёвы шлях бацькі. І ўсё гэта дзякуючы маці, якая здолела ў гады вайны і пасляваенны час захаваць дакументы мужа ў добрым стане. Вольга Васільеўна перад самай смерцю перадала іх сыну. З дакументаў і ўспамінаў вымалёўваецца вобраз супрацоўніка рабоча-сялянскай міліцыі, які прайшоў складаныя і поўныя небяспекі гады станаўлення савецкай улады ў Беларусі, не раз рызыкаваў жыццём у барацьбе з бандытызмам і злачыннымі элементамі.

Праслужыў К. Лісоўскі на розных пасадах каля 15 гадоў. Кіраўніцтва кідала яго на самыя складаныя рэгіёны і ўчасткі працы. Маладога опера добра ведалі ў Бабруйску, Фрунзэ, Грэску, Шчорсе, Новазыбкаве. Асабліва ён вызначыўся ў Брагінскім раёне, дзе працаваў памочнікам начальніка аддзела міліцыі па аператыўнай рабоце. У той час ён прайшоў поўны гадавы курс навучання ў школе малодшага каманднага складу міліцыі БССР імя М. В. Фрунзэ. Лісоўскаму выдалі пасведчанне № 747853 «Варашылаўскі стралок» III класа.

Канстанцін Віктаравіч стаў сапраўднай гразой бандытаў, казнакрадаў, самагоншчыкаў, злачынцаў рознай масці, шулераў і прастытутак на Брагіншчыне. Ён умела ўкараняўся ў добра заканспіраваныя банды, асабіста ўдзельнічаў у іх ліквідацыі. У 1932 годзе, да прыкладу, ліквідавана банда з 32 чалавек, якая мела сувязі з замежжам і здзяйсняла дыверсіі на тэрыторыі раёна. Раскрыў і ліквідаваў бандгрупу Ходаса з шасці чалавек, верхавод якой быў прысуджаны да выключнай меры пакарання, астатнія ўдзельнікі атрымалі розныя тэрміны турэмнага зняволення. Знішчыў групу рабаўнікоў і бандгрупу, створаную з ліку раскулачаных заможных сялян. Пры затрыманні першай банды Лісоўскі параніў траіх, столькі ж, узброеных агнястрэльнай зброяй, знішчыў у другой. Раскрыў рабаванне і забойства камсамольца Літаша і шэраг іншых гучных злачынстваў.

За бязлітасную барацьбу з бандытызмам, кулацтвам, контррэвалюцыяй і крымінальшчынай аператыўнік Лісоўскі неаднаразова адзначаўся граматамі, заахвочваўся матэрыяльна, узнагароджаны імянной зброяй. З студзеня 1928-га па лістапад 1933 года ён некалькі разоў прэміраваны адрэзамі ваўнянай тканіны на касцюм і хромавымі чаравікамі, а ў загадзе № 230 ад 12.11.1932 года начальніка рабоча-сялянскай міліцыі Брагінскага раёна Веткава ўказана: «Лісоўскага К. В. узнагародзіць аўтаматычнай зброяй - рэвальверам «сістэмы Каровіна» за № 189824 і ўсім да яго прыналежным рыштункам і 50 рублямі грошай». Выдадзена таксама пасведчанне на права нашэння і захоўвання зброі.

Канстанцін Віктаравіч жыў і працаваў у складаны для краіны час, калі любыя, нават самыя нязначныя падазрэнні, паклёпніцкія ананімкі маглі паўплываць на лёсы законапаслухмяных, прыстойных, сумленных грамадзян. Не абмінуў згубны паклёп і нашага героя. У энергічнага, напорыстага і бязлітаснага змагара за правапарадак і законнасць з’явілася нямала «добразычліўцаў» як сярод злачынных элементаў, так і сярод зайздросных таварышаў па службе.

У кастрычніку 1935 года бюро Брагінскага РК КПБ(б) выключыла яго з кандыдатаў у члены партыі як выхадца з заможнай сялянскай сям’і. У 1933 годзе яго бацька быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за невыкананне дзяржаўных хлебапаставак, нягледзячы на неўрадлівы год. У зняволенні ён памёр. Часам з перагібамі праводзіліся ў той час калектывізацыя і рашэнне харчовай праграмы.

Аператыўнік Лісоўскі, насуперак строгім папярэджванням і забаронам райкамаўскіх работнікаў, накіраваў 24 лютага 1936 года ліст Генеральнаму сакратару Камуністычнай партыі бальшавікоў Іосіфу Сталіну і падрабязна апісаў жыццё сваёй сям’і, службовую дзейнасць і гісторыю з бацькам. Усім на здзіўленне, станоўчы адказ з Крамля паступіў неадкладна і паставіў усё на месца. Лісоўскі быў павышаны ў званні, адноўлены ў кандыдатах, а затым і прыняты ў шэрагі ленінска-сталінскай партыі. Пра тое, што сышчык крымінальнага вышуку адпавядае ўсім патрабаванням Статута ВКП(б), сведчыць партыйная характарыстыка, зацверджаная на партсходзе 1 снежня 1940 года і падпісаная сакратаром першаснай партарганізацыі Гомельскага ЛАМ Бецанам і памочнікам сакратара Чыгуначнага райкама партыі Гомеля Кагановічам. У ёй адзначана, што Канстанцін Віктаравіч Лісоўскі - член партыі з чэрвеня 1938 года, партыйных спагнанняў не мае. У органах РК міліцыі са студзеня 1928 года, на пасадзе начальніка Гомельскага лінейнага аддзялення РКМ НКУС працуе з ліпеня 1939 года: «Да працы ставіцца адказна, з падначаленым яму апаратам ветлівы, культурны, адначасова патрабавальны, уважлівы да патрэб асабовага складу і да грамадзян. Цярпліва, настойліва працуе з маладымі супрацоўнікамі - вылучэнцамі, сістэматычна вучыць іх паўсядзённай і практычнай працы. Як камуніст - вытрыманы, дысцыплінаваны, добра ставіцца да выканання партпаручэнняў, працуе прапагандыстам паліткружка. Палі-тычна развіты добра, скончыў у 1928 годзе Бабруйскую партшколу, у 1937 - завочны інстытут масавага партыйнага навучання пры ЦК ВКП(б), добра працуе над вывучэннем кароткага курса гісторыі ВКП(б). Агульнаадукацыйны ўзровень - 7 класаў. Маральна-палітычна ўстойлівы. За час знаходжання ў партарганізацыі антыпартыйных хістанняў і ўхілення ад генеральнай лініі партыі не заўважалася. Сярод асабовага складу і навакольных карыстаецца станоўчым аўтарытэтам.

У побыце і на службе тав. Лісоўскі выключна сціплы, для асабовага складу і акружэння служыць прыкладам».

Вялікая Айчынная вайна заспела Канстанціна Лісоўскага на пасадзе начальніка следчага аддзялення Дарожнага аддзела міліцыі НКУС Беларускай чыгункі. У верасні 1941 года ў складзе групы разведчыкаў з пяці чалавек быў пасланы з заданнем на чыгуначную станцыю Почап Бранскай вобласці. У баі з пераўзыходзячымі сіламі гітлераўцаў гераічна загінуў разам з таварышамі. Двум разведчыкам удалося вырвацца з акупіраванай ворагам тэрыторыі і вярнуцца ў Маскву.
Згодна з заканадаўствам, маці Канстанціна Лісоўскага Хрысціне і жонцы Вользе дзяржава прызначыла пенсіі.

Устанавіць падрабязнасці таго апошняга бою з гітлераўцамі немагчыма. Але фатаграфіі і дакументы аб жыцці і службовай дзейнасці начальніка Гомельскага ЛАМ Канстанціна Віктаравіча Лісоўскага папоўняць летапіс гісторыі транспартнай міліцыі Гомельшчыны.

Калі пачалася вайна, сыну Лісоўскага Віталю споўнілася толькі сем гадоў. Але дзіцячая памяць захавала некаторыя факты таго грознага і вогненнага часу. Перад вачыма хлопчыка, а цяпер пажылога гамяльчаніна, нібы кадры кінахронікі, праплываюць родныя асобы, роў нямецкіх самалётаў, выбухі бомбаў, свіст асколкаў, вогненнае полымя, дым падпаленых станцыйных будынкаў і эшалонаў. Успамінаючы ўсё гэта, Віталь Канстанцінавіч не можа стрымаць скупыя мужчынскія слёзы...

Вайна заспела хлапчука ў гасцях у бабулі - у вёсцы Завод. І трэба ж такому здарыцца, ноччу яму прысніўся бацька, які выразным і трывожным голасам прамовіў: «Сынок! Сёння пачнецца вайна. Дапамагай бабулі, маме і сястрычцы. Ты цяпер за старэйшага ў сям’і».

А праз некалькі дзён Віталік з бабуляй стаялі на ганку хаты і назіралі, як над іх вёскай, нібы вараннё, пралятаюць самалёты з крыжамі на крылах і як над полем з густой пшаніцай ад іх сталі аддзяляцца парашутысты. Гэта быў першы варожы дэсант.

Бацька па тэлефоне перадаў, каб тэрмінова ад’язджалі ў Гомель, але цягнікі ўжо не хадзілі. Чалавек 20 бежанцаў на мотадрэзіне даехалі да чыгуначнай станцыі Радзеева. Іх далейшы шлях перапыніў нямецкі самалёт. Хто змог, уцёк у густое жыта, а яны ўчатырох бегалі пад кулямётнымі чэргамі вакол хаткі чыгуначнай станцыі, пакуль у немца не скончыліся патроны і той знік.

Бацька сустрэў іх у Гомелі і адразу пасадзіў на адзін з таварных саставаў, які стаяў на запасных шляхах. Не паспелі крануцца, як нямецкія бамбардзіроўшчыкі ўзарвалі чыгуначныя пуці. Пад раніцу рэйкі аднавілі, і першы цягнік паспеў праскочыць на станцыю Бахмач, што на Украіне. Пазней стала вядома, што чарговы налёт варожай авіяцыі разбамбіў астатнія эшалоны з людзьмі.

- Нам проста пашанцавала, бо маглі быць сярод тых пакінутых пасажыраў, - уздыхаючы, кажа ветэран працы Віталь Лісоўскі. Ён распавёў, што да канца вайны іх сям’я знаходзілася ў Чувашыі. Там жа адбылася апошняя сустрэча з бацькам, які, ад’яжджаючы на фронт, убачыўся з сям’ёй на станцыі Урнары. Сюды ж прыйшла звестка аб тым, што бацька гераічна загінуў на Браншчыне ў кастрычніку 1941 года.

Так для Віталя Лісоўскага па-чаліся жыццёвыя ўніверсітэты. Пасля Вялікай Перамогі сям’я пажыла ў Сібіры, затым вярнулася ў Гомель. Маці працавала па 12 гадзін у суткі, каб неяк пракарміць сям’ю. З 1946-га па 1949 гады Вольга Васільеўна

была вахцёрам на заводзе гандлёвага абсталявання, затым уладкавалася паставым міліцыянерам у ЛАМ. Атрымала форму і зброю, несла службу ўпоравень з мужчынамі. У іх сям’і з цеплынёй успамінаюць намесніка начальніка лінейнага аддзела міліцыі Яўхіма Рыгоравіча Лібава, які прыняў сям’ю загінулага на фронце Лісоўскага як родную, на некалькі гадоў пад жыллё аддаў сваю лазню.

Віталь Лісоўскі адслужыў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі, у частках дыслацыраваных у Германіі. Пабудаваў дом у Залінейным (цяпер Савецкім) раёне Гомеля. Памятаючы наказы бацькі, стаў прафесійным чыгуначнікам. Пачаў з памочніка машыніста, затым працаваў намеснікам начальніка дэпо чыгуначнай станцыі Радвілішкіс, што пад Вільняй. Скончыў два факультэты БДУТ, выкладаў у школе машыністаў Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі, затым стаў кіраўніком гэтай навучальнай установы. Апошняе месца працы - каледж чыгуначнага транспарту, дзе ўзначальваў аддзяленне «Цеплавозная тэхніка» і выкладаў свае любімыя прадметы. Адзначаны многімі працоўнымі ўзнагародамі.

- Дзе б я ні працаваў, лёгка мне было або цяжка, заўсёды бачу светлы вобраз бацькі, які стаў для мяне прыкладам на ўсё жыццё, - кажа Віталь Канстанцінавіч.

Міхаіл ДЗЕДАВЕЦ.
Фота з сямейнага архіва Лісоўскіх.

Телефон доверия
#моямилиция