24 апреля 2015Яны здабылі Перамогу

І першы бой, і першае раненне…

Берасцеец Васіль Сямёнавіч Гаўрылюк трапіў на фронт у апошні год вайны. Але і за гэты час ён паспеў перажыць шмат чаго - радасць перамог, горыч страт і цяжкія раненні.

Васіль Сямёнавіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Ракавіца Брэсцкага раёна. Калі пачалася вайна, яму было ўсяго 15. А на фронт прызвалі ў 1944-м, ледзь хлопцу стукнула 18 гадоў. Мабілізацыя на фронт супала са знамянальнай падзеяй - вызваленнем Мінска.

- Нягледзячы на тое, што Брэст яшчэ амаль месяц быў пад уладай фашысцкіх захопнікаў, мы, салдаты, адчувалі натхненне, нейкія дадатковыя сілы ад таго, што наша Перамога ўжо не за гарамі, - успамінае Васіль Сямёнавіч. - Мяне і маіх аднагодкаў з Брэста і раёна, а таксама іншых рэгіёнаў сабралі і адправілі ў Бярозу. Цяпер усе садзяцца ў аўтобус, тралейбус, каб праехаць прыпынак, а мы каля 100 кіламетраў ішлі пешшу. Адтуль наша група была накіравана ў тыл - у Калужскую вобласць, горад Казельск. Мы ж нічога не ўмелі, як такіх адпраўляць на фронт?! Нас бы адразу там перастралялi.

У Расію юнакоў прывезлі для навучання, з іх ліку рыхтавалі групу прарыву і пераследу. Заняткі пачаліся неадкладна. Маладых байцоў вучылі страляць з вінтоўкі, кідаць гранаты, будаваць зямлянкі. Дарэчы, у гэтых зямлянках яны і жылі... чалавек па дзвесце ў кожнай. Тады Васіль Сямёнавіч быў вызначаны ў кулямётчыкі.

- Мне выдалі станкавы кулямёт «Максім», з ім я прайшоў да апошняга дня на фронце, - гаворыць Гаўрылюк.

З Калужскай вобласці праз тры месяцы байцоў адправілі на фронт, які быў ужо на нямецка-літоўскай мяжы.

- Першы бой памятаю як зараз. Фашысты адступалі разрозненымі групамі. На іх шляху быў лес. Аднак калі пайшлі нашы танкі, із-за дрэў нечакана пачуўся зваротны залп, - успамінае Васіль Сямёнавіч. - Гляджу ў бінокль, а з нашага палаючага танка выскокваюць байцы. Толькі тады зразумеў, што зараз распачнецца сапраўдная бітва, якую, дарэчы, мы вытрымалі з гонарам, пастаўленую задачу выканалі.

Наша гвардзейская частка праследавала немцаў, вызваляла захопленыя тэрыторыі, - успамінае ветэран. - Мы ішлі праз разбураныя гарады і вёскі, вялі баі з адступаючымі часткамі ворага.

Першае раненне кулямётчык Гаўрылюк атрымаў у студзені 1945 года. Асколак снарада трапіў у нагу, і нават да гэтага часу тут сядзіць. Калі сыходзіў на пенсію, хацелі аперыраваць. Але потым вырашылі: калі асабліва не турбуе, то лепш і не чапаць. Так і жыве ветэран з жалезам у назе. «Затое надвор'е магу прадказваць - перад дажджом адразу пачынаю свой асколак адчуваць», - жартуе ён.

Раненне было не надта сур’ёзным, і ўжо праз некалькі тыдняў Васіль Сямёнавіч устаў на ногі. Праўда, выпісваць яго не спяшаліся, казалі, што на фронт яшчэ ранавата. Але ён і ў гэты час не бяздзейнічаў - дапамагаў медсёстрам упраўляцца з цяжка параненымі.

- Нялёгка было далікатным, худзенькім дзяўчатам цягаць на сабе салдат. Успомніць хоць бы мяне: калі асколак трапіў у нагу, я ўпаў на зямлю, - расказвае ветэран. - Да мяне падбегла санінструктар і скамандавала класціся на разасланую на зямлі палатку. Я адмаўляўся, казаў, што сам дайду. Але яна прыкрыкнула, што так нас абаіх заб'юць. Прыйшлося змірыцца, легчы на палатку, і гэтая маладая дзяўчынка мяне дацягнула да бліндажа, дзе аказалі дапамогу.

У той час, калі Васіль знаходзіўся ў шпіталі, ужо ведалі аб хуткай Перамозе.

- Казалі, што хутка канец вайны, што на фронт ужо не трапім. Памятаю дзень 8 Сакавіка. Увечары нам нечакана выдалі новую форму і адправілі... на новыя баявыя заданні. Тады баі разгортваліся ў раёне горада Гумбінен (у Калінінградскай вобласці, на мяжы з Літвою), - расказвае ветэран. - Перад пачаткам аднаго з баёў да нас у акоп спусціліся афіцэры. Праверылі гатоўнасць, пацікавіліся які настрой, выдалі франтавыя «сто грам». Мы прадчувалі, што чакаюцца жорсткія баі.

І сапраўды, у той дзень многія палеглі, а Васіль Сямёнавіч атрымаў раненні, пасля якіх думаў, што ўжо не выкараскаецца.

- Мы былі ў акопе. Збоку разарваўся снарад. Абарочваюся, а наш падносчык снарадаў ляжыць на зямлі (як потым высветлілася, мёртвы), - тлумачыць ветэран. - Я пачаў разгортваць кулямёт, але снайпер трапіў у кажух. І з майго кулямёта пацякла вада. Нам, калі навучалі, распавядалі, што ў такіх выпадках неабходна замазаць прабоіну глінай. Я пацягнуўся за зямлёй і пачуў востры боль у нагах... снайперская куля прайшла праз сцёгна навылёт.

Байцы панеслі яго да медыцынскага бліндажа, дзе перадалі санітарам.

- Калі неслі мяне на насілках, пачаўся моцны абстрэл. Паклалі ў акопе, а самі пабеглі хавацца, - цяпер ужо з усмешкай распавядае ветэран. - Я ляжу і бачу, як акоп пераскокваюць двое немцаў. Выхапіў гранату (дзве лімонкі заўсёды ў мяне былі з сабой) і крычу: «Хэндэ хох!» І немцы тут жа пачалі крычаць: «Гітлер капут!» Так я, цяжка паранены, затрымаў двух нямецкіх дэзерціраў.

Васіль Сямёнавіч ачнуўся ўжо на наступны дзень пасля аперацыі:

- Прыйшлі лекары і, я так зразумеў, галоўны пачаў крычаць, чаму мяне самалётам не адправілі ў шпіталь, - распавядае Васіль Гаўрылюк. - Высветлілася, што да адпраўкі ў тыл рыхтавалі майго цёзку з больш лёгкімі раненнямі. Але калі ўсё высветлілася, прынялі рашэнне адпраўляць мяне. Параненых перавозілі «кукурузнікам» па два чалавекі ў калысцы, прымацаванай унізе самалёта. Загортвалі ў цёплую коўдру, каб не змерзлі. А з калыскі было відаць уверсе акенца пілота, а ўнізе - палі, азёры, лясы. Потым - доўгае выздараўленне ад цяжкіх ран.

- Была ў нашай бальніцы адна медсястра, чарнявенькая. Як забiнтуе мне раны - усё нармальна. Калі ж перавязваюць іншыя - балюча, не магу, - успамінае Васіль Сямёнавіч. - Дык гэтую дзяўчыну да мяне на перавязку заўсёды выклікалі.

А праз месяц прыйшла радасная вестка, якую ўсе так чакалі, - аб Вялікай Перамозе. Гэты дзень Васіль Гаўрылюк сустрэў у шпіталі.

- Што там было! Колькі радасці! Хоць спачатку мы злёгку спалохаліся, калі пачулі стрэлы ў двары шпіталя, - распавядае Васіль Сямёнавіч. - Мы, ляжачыя, не маглі паглядзець, хто там страляе. Аказалася, што гэта нашы так салютавалі.

Дэмабілізаваўся Васіль Гаў-рылюк у 1950 годзе і паступіў на службу ў ахову.

- Прыйшоў у Брэсцкі РАУС атрымліваць пашпарт. Адтуль мяне накіравалі ў банк за маркай, - успамінае Васіль Сямёнавіч. - У банку пазнаёміўся з паставым. Увогуле, у той жа дзень я сустрэўся з кіраўніком аховы банка, і мне прапанавалі працу.

На пенсію камандзір аддзялення дывізіёна міліцыі старшына Гаўрылюк пайшоў у 1980 годзе. Але сувязі з аховай, якой аддаў 30 гадоў, не разарваныя. Для супрацоўнікаў аховы, а таксама для дзяцей, унукаў, праўнукаў ён - жывая легенда, сімвал мужнасці і гераізму.

Iрына БЛАХIНА,
Юрый АНТОНЧЫК.
Фота Юрыя АНТОНЧЫКА
і з асабістага архіва
В. С. Гаўрылюка.

Телефон доверия
#моямилиция