13 апреля 2018Вышук у Расійскай імперыі


Пасля далучэння тэрыторыі сучаснай Беларусі да Расіі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне неаднаразова змянялася. Напрыканцы XVIII - пачатку ХІХ стст. былі ўтвораны пяць губерняў (Віцебская, Віленская (у 1801 - 1840 гг. - Літоўска-Віленская), Гродзенская, Мінская, Магілёўская), якія праіснавалі ажно да 1917 года.

У беларускіх губернях была заснавана сістэма мясцовых органаў улады і кіравання, прадугледжаная законам «Учреждения для управления губерний Всероссийской империи» 1775 года. Але ў часы праўлення Паўла І (1796 - 1801 гг.) царскі ўрад адмовіўся ад курсу на хуткую асіміляцыю непакорнага мясцовага насельніцтва і вымушаны быў пайсці на пэўныя палітычныя саступкі, аднавіўшы на тэрыторыі былога ВКЛ дзеянне Статута 1588 года, некаторыя ранейшыя назвы (паветы замест «уездов»; тэрмін «павет» быў у афіцыйным ужыванні разам са словам «уезд» да 1840 года), пасады (павятовы маршалак, падкаморы, павятовы харунжы і інш.) і судовыя органы. Таксама была адноўлена дзей­насць уніяцкай царквы і вернуты ёй ранейшыя парафіі.

На тэрыторыі губерні вышэйшая дзяржаўная ўлада належала генерал-губернатару. У яго падпарадкаванні была і паліцыя, над якой ён меў «галоўнае ўпраўленне». Непасрэднае кіраванне губерняй знахо­дзілася ў руках губернатара. Ён ажыццяўляў адміністрацыйныя, судовыя, гаспадарчыя функцыі і з’яўляўся афіцыйным начальнікам паліцэйскіх упраўленняў - гарадскіх і павятовых.

У павеце не існавала адзінага цэнтралізаванага органа кіравання, а функцыянаваў толькі паліцэйскі орган - ніжні земскі суд на чале з земскім спраўнікам. Ва ўсіх пяці губернях Беларусі ён прызначаўся вышэйшым дзяржаўным органам Расійскай імперыі - Сенатам - па прадстаўленні Міністра ўнутраных спраў на падставе адпаведнай прапановы губернатара. Земскі спраўнік абавязаны быў кожныя два тыдні накіроўваць губернатару (губернскаму праўленню) рапарт аб стане спраў у павеце.

У гарадах галоўным паліцэйскім органам было гарадское праўленне на чале з гараднічым.

Сістэма арганізацыі аховы грамадскага парадку на тэрыторыі Беларусі зазнала пэўныя змены з увядзеннем закона «Устав благочиния, или полицейский». Ён быў падпісаны 8 красавіка 1782 года імператрыцай Кацярынай ІІ і рэгламентаваў арганізацыю і дзейнасць гарадской паліцыі. Паводле «Устава благочиния…» у гарадах засноўваліся пастаянна дзеючыя паліцэйскія органы - Управы благочиния, якія замянялі ранейшыя паліцэйскія канцылярыі і канторы, а таксама паліцэйскія падраздзяленні пры магістратах і іншых органах мясцовага кіравання. Новы орган з’яўляўся выключна гарадскім, яго ўлада не распаўсюджвалася далей мяжы горада і яго прадмесцяў. Ва Управу ўвахо­дзіла пяць чалавек: гараднічы, прыстаў крымінальных спраў, прыстаў цывільных спраў і два ратманы (дарадцы).

На аснове штатнага раскладу гарадской паліцыі, зацверджанага Паўлам І у 1799 годзе, былі распрацаваны штаты паліцыі для кожнага беларускага горада, у якім стваралася ўправа паліцыі на чале з гараднічым. Напрыклад, Мінск быў падзелены на дзве часткі, у кожную з якіх прызначалася па адным прыватным прыставе і квартальным наглядчыку. Кожная частка, у сваю чаргу, была падзелена на столькі аддзяленняў, колькі патрабавалася начных вартаўнікоў, якіх прызначалі па чарзе ад дамоў кожнага аддзялення.

Падобная арганізацыя паліцыі ў гарадах праіснавала да паліцэйскай рэформы 1862 года, у выніку якой гарадскую паліцыю аб’ядналі з павятовай у адно паліцэйскае ўпраўленне на чале з паліцмайстрам.

У 1802 годзе ў Расійскай імперыі было заснавана Міністэрства ўнутраных спраў. Яго галоўная задача пазначалася так:
«...печись о повсеместном благосостоянии народа, спокойствии, тишине и благоустройстве Империи». Першым Міністрам унутраных спраў Расійскай імперыі стаў граф Віктар Паўлавіч Качубей (1768 - 1834). У кампетэнцыю гэтага ведамства ўваходзіла шырокае кола пытанняў унутранага жыцця дзяржавы, аднак яго галоўнай функцыяй з’яўлялася забеспячэнне «государственного порядка и общественного спокойствия», для чаго было створана спецыяльнае структурнае падраздзяленне МУС - «экспедиция спокойствия и благочиния».

У 1810 годзе ствараецца Міністэрства паліцыі, якому належыць разглядаць усе справы «ўнутранай бяспекі» і ў падпарадкаванне якога пераходзяць усе паліцэйскія органы. Аднак Міністэрства паліцыі праіснавала нядоўга і было скасавана ў 1819-м. Паліцэйскія органы зноў вяртаюцца пад кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў.

25 снежня 1862 года былі прыняты «Временные правила об устройстве полиции в городе и уездах губерний», адпаведна якім старыя паліцэйскія органы (у павятовых гарадах - гараднічы і яго канцылярыя, у паветах - земскі спраўнік і земскі суд) былі аб’яднаны ў павятовае паліцэйскае ўпраўленне на чале са спраўнікам, які прызначаўся губернатарам. Цэнтралізацыя гарадской і павятовай паліцыі пашырыла паліцэйскую ўладу спраўнікаў, у абавязкі якіх уваходзіў і крымінальны вышук.

У другой палове ХІХ ст. у Расіі адзначаўся рост злачыннасці, прычым у апошняй чвэрці тэмпы яе росту сталі значна абганяць прырост народанасельніцтва. Так, у 1900 годзе агульная колькасць крымінальных спраў у параўнанні з 1884-м павялічылася на 48%, а насельніцтва за гэты час - толькі на 24 - 25%.

Хуткі рост злачыннасці і адсутнасць эфектыўных сродкаў барацьбы з ёю выклікалі сур’ёзны непакой у найбольш дальнабачных кіраўнікоў паліцэйскага апарату. У 1866 годзе оберпаліц­майстар Пецярбурга Фёдар Трэпаў (1812 - 1889) напісаў Аляксандру ІІ наступнае: «Существенный пробел в учреждении столичной полиции составляло отсутствие особой части со специальной целью производства исследований для раскрытия преступлений, изыскания общих мер к предупреждению и пресечению преступлений. Обязанности эти лежали на чинах наружной полиции, которая, неся на себе всю тягость полицейской службы, не имела ни средств, ни возможности действовать с успехом в указанном отношении. Для устранения этого недостатка и предложено учредить сыскную полицию».

У тым жа 1866 годзе ў Пецярбургу ствараецца Упраўленне вышуковай паліцыі, дзейнасць якога грунтуецца на выкарыстанні негалосных метадаў. Першым начальнікам Пецярбургскай вышуковай паліцыі стаў Іван Дзмітрыевіч Пуцілін (1830 - 1893). Ён нарадзіўся ў горадзе Новы Аскол Курскай губерні ў сям’і калежскага рэгістратара. Службу ў Міністэрстве ўнутраных спраў пачаў у 20-гадовым узросце з пасады канцылярскага служыцеля Гаспадарчага дэпартамента. За раскрыццё цяжкіх і рэзанансных злачынстваў І. Д. Пуцілін неаднаразова быў адзначаны высокімі ўзнагародамі не толькі Расійскай імперыі, але і замежных дзяржаў. Так, у прыватнасці, за хуткае раскрыццё забойства ў 1871 годзе аўстрыйскага ваеннага аташэ князя Людвіга фон Арэнсберга аўстрыйскі імператар узнагародзіў знакамітага сышчыка Камандорскім крыжам ордэна Франца Іосіфа III ступені.

Следам за Пецярбургам вышуковыя аддзяленні пачынаюць стварацца ў іншых гарадах. Да 1907 года яны меліся ў Маскве, Кіеве, Рызе, Адэсе, Тыфлісе, Баку, Растове-на-Доне і некаторых іншых буйных гарадах. Асновай арганізацыі гэтых падраздзяленняў быў прынцып тэрытарыяльнасці, у выніку выкарыстання якога практычна ўся тэрыторыя гарадоў знаходзілася пад наглядам чыноўнікаў вышуковых аддзяленняў.

Напачатку ХХ ст. рост крымінальнай злачыннасці ў Расіі працягваўся. Становішча пагаршалася слабай арганізацыяй аператыўна-вышуковай дзейнасці; з-за яе нізкага ўзроўню штогод спыняўся 31% усіх следстваў па крымінальных справах.
У сакавіку 1908 года ў скла­дзе Дэпартамента паліцыі МУС Расіі ствараецца новае 8-е справаводства. У яго задачы ўваходзілі складанне дакументаў па арганізацыі дзейнасці вышуковых аддзяленняў, стварэнне Цэнтральнага рэгістрацыйнага бюро, забеспячэнне сувязяў з замежнымі праваахоўнымі органамі і прыватным вышукам, выраб спецыяльнай апаратуры для вышуковых аддзяленняў.

Пытанне аб узмацненні барацьбы з крымінальнай злачыннасцю разглядалася ў Дзяржаўнай думе. 6 ліпеня 1908 года быў выдадзены закон «Об организации сыскной части», адпаведна з якім у складзе паліцэйскіх упраўленняў губернскіх і іншых буйных гарадоў ствараліся «вышуковыя аддзяленні чатырох разрадаў для ажыццяўлення вышуку па справах агульнакрымінальнага характару...». Мінскае вышуковае аддзяленне адносілася да 2-га разраду і складалася з 11 супрацоўнікаў (разам з начальнікам, памочнікам і трыма паліцэйскімі наглядчыкамі). Яно месцілася на першым паверсе будынка Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення (рог Серпухоўскай і Падгорнай вуліц, сёння - Валадарскага і К. Маркса; будынак захаваўся да сённяшняга часу). У 1908 - 1910 гг. начальнікам Мінскага вышуковага аддзялення быў Уладзімір Лапцеў, які раней займаў пасаду прыстава 2-й часткі горада, а мінскім паліцмайстрам (кіраўніком гарадскога паліцэйскага ўпраўлення) у 1907 - 1914 гг. - Д. А. Сакалоў.

Закон «Об организации сыскной части» фактычна запачаткаваў стварэнне ў Расійскай імперыі агульнадзяржаўнай сістэмы крымінальнага вышуку. Аднак ён выразна не вызначаў месца вышуковых падра­здзяленняў у агульнай структуры гарадскіх паліцэйскіх упраўленняў. Вышуковыя аддзяленні былі падпарадкаваныя паліцмайстрам і разглядаліся ў якасці дапаможнага органа.

9 жніўня 1910 года Міністэрствам унутраных спраў, якое ўзначальваў вядомы дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі П. А. Сталыпін (1862 - 1911), выдаецца «Инструкция чинам сыскных отделений», што вызначала іх задачы і структуру. Звернемся да згаданага дакумента: «Главную часть внутренней организации сыскного отделения составляет справочное регистрационное бюро. Для регистрации и фотографирования преступников должен быть подготовлен один из постоянных служащих отделения. Независимо от сего все чины сыскного отделения должны быть ознакомлены с судебно-полицейской фотографией, дактилоскопией и антропометрией, гипсировкой следов и пр., для чего каждый вновь поступающий обязан пробыть определенное время на практических занятиях по регистрации преступников».

А вось у адносінах да асобы служачага вышуковага аддзялення інструкцыя казала наступнае: «Каждый служащий сыскного отделения должен быть неподкупно честен, безусловно, правдив, вести жизнь нравственную, трезвую, ни в чем не зазорную, исполнять свои обязанности ревностно, высказывать на службе терпение, рассудительность, мужество и решительность. Вне службы вести себя с достоинством и прилично, быть уживчивым по отношению к товарищам по службе, а с публикой вежливым, предупредительным и всегда готовым бескорыстно оказать законное свое содействие лицам, обращающимся к его помощи и защите, в особенности же потерпевшим от действий злонамеренных лиц».

Кожнае вышуковае аддзяленне складалася з чатырох структурных падра­здзяленняў-сталоў: 1) асабістага затрымання; 2) вышукаў; 3) наглядання; 4) даведачнага рэгістрацыйнага бюро. Па распараджэнні П. А. Сталыпіна пры Дэпартаменце паліцыі былі арганізаваны спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі начальнікаў гэтых новых падраздзяленняў. Большасць часу на гэтых курсах адводзілася практычным заняткам, якія адбываліся ў турме і ў вышуковых аддзяленнях, дзе слухачы знаёміліся з метадамі барацьбы са злачыннасцю.

Тэарэтычнай асновай падрыхтоўкі начальнікаў вышуковых аддзяленняў былі лекцыі вядомага расійскага крыміналіста, справавода 8-га справаводства Дэпартамента паліцыі В. І. Лебе­дзева (1868 - 1930) «Мастацтва раскрыцця злачынстваў», выдадзеныя ў 1909 годзе асобнай кнігай.

7 чэрвеня 1912 года Лебедзеў падрыхтаваў на разгляд Міністру ўнутраных спраў дакладную запіску аб арганізацыі лятучых атрадаў вышуковай паліцыі «в целях планомерной борьбы с преступностью в уездах вне мест нахождения сыскных отделений, главным образом для предупреждения и пресечения деятельности разбойничьих, воровских или мошеннических преступных организаций, и вообще для задержания и изобличения таких профессиональных преступников, которые в своей противозаконной деятельности не ограничиваются какой-либо определенной территорией, но постоянно переезжают с места на место, осуществляют свои преступные замыслы в разных губерниях».
У аснову дзейнасці супрацоўнікаў вышуковых аддзяленняў быў пакладзены прынцып спецыялізацыі (лінейны прынцып). Вылучаліся тры катэгорыі спецыялізацыі па відах злачыннасці:

1) забойствы, разбоі, рабаванні і падпалы;

2) крадзяжы і прафесійныя зладзейскія арганізацыі (канакрады, узломшчыкі, кішэнныя, крамныя, чыгуначныя, хіпесныя і да т. п. банды);

3) махлярства, падробкі, падманы, фальшываманецтва, падробка дакументаў, шулерства, аферы рознага роду, кантрабанда, продаж жанчын у дамы цярпімасці і за мяжу.

Асноўным метадам дзейнасці вышуковых аддзяленняў было выкарыстанне вонкавага назірання і работы негалосных супрацоўнікаў: «…чины сыскных отделений имеют систематический надзор за преступными и порочными элементами путем негласной агентуры и наружного наблюдения».

У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. у паліцыі Расійскай імперыі, таксама як і іншых еўрапейскіх краін, для барацьбы са злачыннасцю пачынаюць прымяняцца навуковыя метады і тэхнічныя сродкі. Перш за ўсё вялася распрацоўка навуковых метадаў ідэнтыфікацыі. У гэтай галіне развіваліся два кірункі - антрапаметрыя (навука вымярэння цела чалавека) і дактыласкапія.

Антрапаметрычныя метады называліся бертыльёнаж - ад імя французскага крыміналіста Альфонса Бертыльёна (1853 - 1914). Працуючы пісарам паліцэйскай прэфектуры Парыжа, ён распрацаваў сістэму ідэнтыфікацыі злачынцаў на аснове вымярэння пэўных частак чалавечага цела.

Антрапаметрычная сістэма Бертыльёна была ўведзена ў паліцыі Расіі ў 1890 годзе. За наступныя сем гадоў па ёй у Расіі было вымерана 23 тыс. мужчын і чатыры тысячы жанчын. Сярод іх выяўлена 1700 рэцыдывістаў і 180 рэцыдывістак.

На змену бертыльёнажу прыйшла больш дасканалая сістэма - дактыласкапія. Згодна з цыркулярным распараджэннем МУС Расіі ў 1907 годзе ў дэпартаменце паліцыі было створана Цэнтральнае рэгістрацыйнае бюро, у вышуковых аддзяленнях на месцах - рэгістрацыйныя бюро, якія ў сваёй дзейнасці выкарыстоўвалі дактыласкапію і фатаграфію.

Для вышуку і апазнання злачынцаў стварылі новую рэгістрацыйную сістэму, якая ўключала 30 катэгорый злачынцаў: 1) гастралёры; 2) кішэнныя злодзеі; 3) зладзейкі-прастытуткі; 4) простыя злодзеі; 5) злодзеі па перадпакоях; 6) злодзеі паддашкавыя; 7) крамныя злодзеі; 8) злодзеі з узломам кватэр і крам; 9) зло­дзеі з ужываннем падману; 10) злодзеі-прыслугі; 11) злодзеі чыгуначныя; 12) злодзеі веласіпедныя; 13) прытонатрымальнікі; 14) скупшчыкі крадзенага; 15) канакрады; 16) махляры і аферысты; 17) рабаўнікі і разбойнікі; 18) фальшываманетчыкі; 19) падпальшчыкі; 20) забойцы; 21) шулеры-карцёжнікі; 22) хуліганы і «каты» (асобы, якія жылі на ўтрыманні прастытутак); 23) валацугі; 24) глуханямыя; 25) ссыльна-катаржныя; 26) саўдзельнікі злачынстваў; 27) перакупшчыкі тэатральныя; 28) хіпеснікі (абкрадвалі мужчын, якіх прыводзілі на кватэры прастытуткі); 29) падкідчыкі (рус. «подкидчики»; пераважна займаліся абкрадваннем прыезджых правінцыялаў пры дапамозе падкідвання на вуліцы кашалькоў з грашыма або каштоўных пярсцёнкаў); 30) пушкары (рус. пушкари).

Са студзеня 1915 года для цэнтралізацыі вышуку злачынцаў штотыднёва пачалі выдавацца вышуковыя ведамасці. Гэтая сістэма цэнтралізаванага цыркулярнага (пісьмовага) вышуку паспяхова вытрымала выпрабаванне часам і выкарыстоўваецца дагэтуль, у тым ліку ў крымінальным вышуку МУС Беларусі.

У ліпені 1913 года ў Пецярбургу адбыўся з’езд начальнікаў вышуковых аддзяленняў. На ім абмяркоўваліся пытанні эфектыўнай арганізацыі крымінальнага вышуку ў Расіі. Па агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў яна займала адно з першых месцаў у свеце. У 1913 годзе на 159 мільёнаў чалавек насельніцтва прыпадала тры з паловай мільёны зарэгістраваных злачынстваў.

Аднак, нягледзячы на цяжкасці барацьбы з крымінальнай злачыннасцю, на Міжнародным з’ездзе крыміналістаў, што праходзіў у тым жа 1913-м у Швейцарыі, расійская вышуковая паліцыя была прызнаная лепшай у свеце па раскрывальнасці злачынстваў. Вышук Расійскай імперыі ў гэты час узначальваў «рускі Шэрлак Холмс» - Аркадзь Францавіч Кашко (1867 - 1928). Дарэчы, нарадзіўся ён у вёсцы Брожка Бабруйскага павета Мінскай губерні ў беларускай шляхецкай сям’і. Службу ў паліцыі пачынаў з шараговага інспектара ў Рызе, а праз шэсць гадоў узначаліў рыжскую паліцыю. Працуючы начальнікам вышуковай паліцыі Масквы, на чале якой знаходзіўся з 1908 года, А. Ф. Кашко распрацаваў новую сістэму ідэнтыфікацыі асобы, заснаваную на асаблівай класіфікацыі антрапаметрычных і дактыласкапічных дадзеных, што ў далейшым была запазычана Скотланд-Ярдам.

Пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года А. Ф. Кашко вымушаны быў пакінуць Расію. Апошнія гады яго жыцця звязаны з Парыжам, дзе ён памёр і пахаваны.

У эміграцыі А. Ф. Кашко напісаў кнігу ўспамінаў, якая вельмі яскрава апавядае аб прафесіі сышчыка. Прывядзём невялікую цытату з яе: «Вычварнасць злачыннага мыслення, карыслівыя жадункі людзей уяўляюць сабой велічэзнае засмечанае поле, і нямала працы і цярпення патрабуецца для выкаранення гэтай чалавечай лебяды, часта гатовай буйным ростам сваім заглушыць любыя карысныя парасткі. На вышуковай паліцыі ляжыць абавязак не толькі раскрываць ужо здзейсненыя злачынствы, але, па магчымасці, і прадухіляць».


Юры КУР’ЯНОВІЧ, газета "На страже".