31 января 2017Калі танныя кватэры, нечаканая спадчына і лёгкія знаёмствы — бяда

Сусветнае павуцінне — адно з найвялікшых вынаходак чалавецтва: інтэрнэт дае мноства магчымасцяў для атрымання ведаў, самаразвіцця і зносін, аднак шанц застацца ананімным і распаўсюджанасць сеткі ва ўсім свеце ствараюць шырокі прастор для з'яўлення розных злачынных схем. Прычым пацярпелым можа аказацца любы занадта даверлівы ці неасцярожны чалавек.

Першае высокатэхналагічнае злачынства на тэрыторыі нашай краіны было зарэгістравана амаль 20 гадоў таму. На працягу некалькіх наступных гадоў пагроза павелічэння колькасці падобных выпадкаў няўхільна расла, і ўжо ў 2002 годзе ў структуры МУС з'явілася самастойнае ўпраўленне, якое ажыццяўляе практычную дзейнасць па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Па-іншаму яно называецца «упраўленне «К» ад слова «кібер». Падобныя структуры ўзніклі і ва ўсіх аблвыканкамах, а ў мінулым годзе такі аддзел з'явіўся і пры УУС Мінгарвыканкама.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела па раскрыцці маёмасных злачынстваў ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй БУСЛO, апошнім часам памножыліся выпадкі вымаганняў праз інтэрнэт. Усяго ў мінулым годзе ў сталіцы было зарэгістравана 30 выпадкаў здзяйснення гэтага злачынства, 17 з якіх ажыццяўляліся менавіта праз сусветнае павуцінне.

Схема дзеянняў заўсёды адна. Мужчына пачынае зносіны з «дзяўчынай» на сайце знаёмстваў. Пасля непрацяглай перапіскі яна прапануе ўсталяваць відэасувязь праз скайп. Пры гэтым ад размовы голасам дзяўчына адмаўляецца, матывуючы гэта тым, што ў яе нібыта зламаны мікрафон. Паступова ў перапісцы закранаюцца ўсё больш «гарачыя» тэмы і справа даходзіць да віртуальнай інтымнай блізкасці.

У адзін момант сеанс абрываецца, пасля чаго пачынаюць прыходзіць паведамленні з пагрозамі. Маўляў, усё запісана на відэа, калі не перавядзеш некалькі сотняў долараў на такі электронны кашалёк, разашлю гэты запіс тваім сябрам і блізкім. Злачынцы нават не турбуюць сябе пошукам прыдатнай дзяўчыны: на самой справе мужчына, не падазраючы пра гэта, глядзіць відэазапіс, а зусім не выяву ў рэжыме анлайн, і цалкам магчыма, што пад маскай юнай німфы хаваецца нехта зусім іншы.

Далей ад выбару тактыкі паводзін залежыць не так ужо і шмат. Калі вы не станеце пераводзіць грошы, відэа разашлюць, калі вы пераведзяце грошы, ад вас будуць патрабаваць яшчэ і яшчэ, і калі вы ўсё ж такі адмовіцеся далей спансіраваць злачынцаў, вашы знаёмыя ўсё роўна атрымаюць «цікавы» ліст.

У падобных сітуацыях устанавіць асобу вымагальніка вельмі цяжка, бо дзейнічаюць яны з тэрыторыі іншых краін. Адзінае, што можа вас абараніць у такім выпадку, — уласная асцярожнасць. Не варта давяраць незнаёмым людзям у прынцыпе, а ўжо ў інтэрнэце тым больш: іх намеры далёка не заўсёды чыстыя. А пра абмен асабістымі або кампраметуючымі данымі ўвогуле трэба падумаць дзесяць разоў: ці сапраўды аўчынка варта вырабу?

Па словах старшага ўпаўнаважанага ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА, злачынная думка ніколі не стаіць на месцы, увесь час з'яўляюцца новыя ашуканскія схемы, якія асабліва проста рэалізоўваць праз інтэрнэт. Усе яны пабудаваны на гульні на пачуццях, у той ці іншай ступені ўласцівых усім: сквапнасці, наіўнасці, суперажыванні.

Адна з галоўных прынад, на якіх атрымліваецца злавіць карыстальнікаў інтэрнэту, — гэта прага нажывы. Узрушаючая прапанова: кватэра ці машына, у два разы таннейшыя за рынкавы кошт. Чаму? Гаспадар знаходзіцца за мяжой, і яму трэба тэрмінова прадаць маёмасць. Ёсць толькі адна загваздка: грошай на білет, каб прыляцець аформіць дакументы, у яго зусім няма. Тады шчаслівы будучы, як яму здаецца, уладальнік машыны або кватэры пераводзіць не такую ўжо значную суму задатку і чакае.

Толькі, як кажуць, абяцанага тры гады чакаюць, а ў падобным выпадку можна прачакаць і ўсё жыццё, таму што прадавец не хто іншы як махляр, і ні грошай, ні набытай за іх маёмасці вам ужо не ўбачыць.

Існуе і адваротная схема. Калі вы хочаце здзейсніць буйны продаж праз інтэрнэт, трэба быць вельмі пільным. Напрыклад, вам паступае званок ад патэнцыйнага пакупніка са словамі: «Мы ўлюбіліся ў вашу кватэру, ні ў якім разе не прадавайце (не здавайце) яе нікому іншаму. Каб не паўстала такая спакуса, давайце мы вам унясём задатак на картку». Натуральна, такая прапанова не можа не радаваць, і задаволены гаспадар адпраўляе зламыснікам даныя сваёй карткі, прычым, не маючы досведу, усe, нават тыя, якія павінен ведаць толькі ён. У выніку — замест атрымання жаданага прыбытку чалавек губляе ўсе грошы са свайго асабістага рахунку.

Яшчэ адзін спосаб «стрэсці» з карыстальнікаў інтэрнэту грошы — запусціць на іх камп'ютар шкодны вірус. Некаторы час назад вельмі нашумелай стала гісторыя, калі беларусам нібыта прыходзілі паведамленні ад МУС ці КДБ такога зместу: ваш камп'ютар заблакіраваны за прагляд на ім дзіцячай парнаграфіі, аплаціце штраф.

І шмат хто палохаўся: а раптам я сапраўды выпадкова штосьці не тое націснуў, тым больш што нічога зрабіць з паведамленнем было нельга, з экрана яно ні пры якіх дзеяннях не знікала. Людзі пераводзілі грошы, іх нават не бянтэжыла, што ў якасці адрасата быў звычайны нумар аднаго з мабільных аператараў. Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што не выкарыстоўваюць сетку інтэрнэт для апавяшчэння аб якіх-небудзь штрафах, з гэтай мэтай выкарыстоўваецца паштовая сувязь.

Не грэбуюць злачынцы ўзломам асабістых старонак у розных сацыяльных сетках або месенджарах. Калі ад славутасцяў яны хочуць атрымаць фота «не для прэсы» або падрабязнасці перапіскі, то ад шараговых карыстальнікаў ім трэба іншае. Звычайна сябрам карыстальніка пачынаюць прыходзіць паведамленні з просьбай аб тэрміновай грашовай дапамозе, прычым падставы могуць быць разнастайнымі. Перад тым як пераводзіць значную ці не вельмі суму на рахунак свайго знаёмага, варта ўдакладніць у яго ў асабістай гутарцы па тэлефоне, ці сапраўды ўсё так.

Схема, якая выклікае непрыкрытую ўсмешку, — так званыя нігерыйскія лісты. Вы атрымліваеце паведамленне пра тое, што невядомы багаты сваяк пакінуў вам казачную спадчыну або што выпадковым чынам у замежным розыгрышы вы выйгралі вельмі каштоўны прыз. Каб атрымаць усе гэтыя скарбы, трэба зусім няшмат: перавесці невялікую суму на афармленне неабходных дакументаў або дастаўку прыза. Пра далейшае развіццё падзей можна і не расказваць...

Сучаснае жыццё дыктуе новыя правілы бяспекі, цяпер асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць не толькі захаванасці маёмасці, але, можа і ў першую чаргу, — абароне асабістай інфармацыі.

Абараніць сябе ў інтэрнэце

  1. Не давярайце нікому! Ананімнасць і прасторавая аддаленасць дазваляюць ашуканцам адчуваць сваю беспакаранасць, а злачынным схемам пастаянна ўдасканальвацца.
  2. Сачыце за кантэнтам. Чым менш занадта асабістай інфармацыі вы будзеце размяшчаць у сваім профілі, тым лепш. Фатаграфіі юнацкіх забавак могуць стаць кампрамітуючымі для супрацоўніка саліднай кампаніі, а як можна выкарыстоўваць даныя з фота доўгачаканай візы, зламыснікі прыдумаюць лёгка.
  3. Перыядычна нагадвайце сабе фразу, знаёмую з дзяцінства: бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы, але ніяк не ў інтэрнэце.
  4. Будзьце разважлівыя. Перад тым як пераводзіць грошы на які-небудзь рахунак, праверце факт існавання такой фірмы, наконт правядзення здзелак парайцеся з юрыстам.
  5. Абараніце свой камп'ютар. Аддаваць перавагу варта ліцэнзійным антывірусным праграмам, якія сапраўды могуць гарантаваць бяспеку.
  6. Абараніце свае акаўнты ў сацсетках. З узломам акаўнта даводзілася сутыкацца большасці карыстальнікаў, віной гэтага становіцца банальная лянота. Чалавек не хоча турбаваць сябе прыдумваннем і запамінаннем занадта складанага пароля і ў выніку пакутуе ад узлому. Паролі трэба мяняць дастаткова часта (самы надзейны складаецца не менш чым з 12 літар і лічбаў рознага рэгістра), не варта адзін і той жа пароль выкарыстоўваць ва ўсіх сацыяльных сетках, а таксама ні ў якім разе не ўключаць у яго вядомыя асабістыя даныя: прозвішча, імя, дату нараджэння, нумар тэлефона.
  7. Сачыце за блізкімі. Часта ахвярамі махляроў становяцца самыя ўразлівыя інтэрнэт-карыстальнікі: дзеці і пажылыя людзі. Трымайце пад кантролем іх дзеянні ў сусветнай сетцы.

Дар'я КАСКО

Телефон доверия
#моямилиция