29 июня 2018БЕЛАРУСКІ КРЫМІНАЛЬНЫ ВЫШУК 1940 - 1950-х


У час Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць міліцыі была перабудавана на ваенны лад і цалкам падпарадкавана задачы абароны краіны і разгрому нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Ва ўмовах ваеннага часу
22 чэрвеня 1941 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў Указ «Аб ваенным становішчы», а 29 чэрвеня Саўнаркам СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей. У ёй разам з агульнамабілізацыйнымі мерапрыемствамі перад мясцовымі органамі ўлады ставіліся канкрэтныя задачы: падрыхтавацца да пераходу на падпольную работу і ў выпадку фашысцкай акупацыі пачаць партызанскую барацьбу ўсюды, куды ступіць нага агрэсара. «У занятых ворагам раёнах, - гаварылася ў дакуменце, - ствараць партызанскія атрады і дыверсійныя групы для барацьбы з часцямі варожай арміі, для распальвання партызанскай вайны скрозь і ўсюды, для ўзрыву мастоў, дарог, пашкоджання тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, падпалу складоў і г. д. У захопленых раёнах ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго памагатых, пераследаваць і знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы».

Важным дадаткам да гэтых дакументаў з’явілася сакрэтная пастанова ЦК УКП(Б) ад 18 ліпеня 1941 года «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войскаў», у якой, у прыватнасці, адзначалася, што «для забеспячэння шырокага развіцця партызанскага руху ў тыле праціўніка партыйныя арганізацыі павінны неадкладна сабраць баявыя дружыны і дыверсійныя групы з ліку ўдзельнікаў грамадзянскай вайны і з тых таварышаў, якія ўжо праявілі сябе ў знішчальных батальёнах, у атрадах народнага апалчэння, а таксама з работнікаў НКУС, НКДБ і іншых».

У лютым 1941-га адбыўся падзел НКУС СССР на два наркаматы. Наркамам унутраных спраў Саюза стаў Л. П. Берыя (1899 - 1953), а наркамам дзяржаўнай бяспекі - У. М. Мяркулаў (1895 - 1953). У Беларусі наркамамі былі прызначаныя адпаведна А. П. Мацвееў (1905 - 1946) і Л. Ф. Цанава (1900 - 1955), які да гэтага са снежня 1938 года ўзначальваў НКУС БССР.

З пачаткам вайны адбыліся змены ў арганізацыйнай структуры органаў унутраных спраў. 20 ліпеня 1941 года Вярхоўны Савет СССР прыняў Указ аб аб’яднанні саюзных народных камісарыятаў дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў у адзіны Народны камісарыят унутраных спраў СССР. Яго ўзначаліў Берыя, а Мяркулаў заняў пасаду першага намесніка.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 14 красавіка 1943 года са складу НКУС СССР, як і ў лютым 1941-га, у самастойны дзяржаўны орган быў вылучаны Наркамат дзяржаўнай бяспекі СССР, узначаліць які зноў даручылі Мяркулаву.

Падчас усіх гэтых рэарганізацый міліцыя заставалася ў структуры Народнага камісарыята ўнутраных спраў.

Увядзенне ваеннага становішча выклікала значныя змены ў прымяненні крымінальнага заканадаўства і кваліфікацыі злачынстваў. За іх здзяйсненне ў мясцовасцях, дзе было абвешчана ваеннае становішча, вінаватыя прыцягваліся да адказнасці па законах ваеннага часу.

Супрацоўнікам міліцыі, і, у прыватнасці, крымінальнага вышуку, з першых дзён вайны давялося сутыкнуцца з новымі відамі злачынстваў: дэзерцірствам, ухіленнем ад прызыву і службы ў арміі, марадзёрствам, распаўсюджваннем правакацыйных чутак*.

Адной з асаблівасцяў, што ўплывалі на стан злачыннасці ў гады вайны, з’яўлялася адносная даступнасць зброі ва ўмовах прыфрантавой паласы, а таксама ў мясцовасцях, вызваленых ад акупацыі. Калі да вайны ў СССР у злачынцаў пры арыштах адбіралася зброя ў адзінкавых выпадках, то ў 1942 годзе, як сведчыць афіцыйная статыстыка, было канфіскавана 70 969 ствалоў. А агульная колькасць злачынстваў у параўнанні з 1941-м павялічылася на 22%.

Банда Гавриленко

У верасні 1942-га галоўнае ўпраўленне міліцыі НКУС СССР накіравала на месца дырэктыву, у якой утрымліваўся аналіз стану барацьбы са злачыннасцю ў краіне, а таксама тактыкі, што ўжывалася злачыннымі элементамі. «Новым з’яўляецца тое, - гаварылася ў гэтым дакуменце, - што гастралёры-злачынцы сталі асядаць у гарадах і рабочых цэнтрах. Яны наладжваюць сувязі сярод мясцовых крымінальнікаў, ствараюць прытоны і, знаходзячыся на нелегальным становішчы, фарміруюць злачынныя банды, займаюцца варожай дзейнасцю. Такая тактыка паводзінаў гастралёраў-злачынцаў не была выпадковай, яна выкліканая змяненнем становішча і мерамі, прынятымі Савецкай дзяржавай, якія ўскладняюць свабоднае перамяшчэнне злачынцаў па краіне».

У Беларусі, на тэрыторыі якой з першых дзён вайны разгортваўся асноўны тэатр баявых дзеянняў, перад работнікамі міліцыі паўставалі і дадатковыя, асаблівыя абавязкі. Ім першым даводзілася сутыкацца непасрэдна з фашысцкімі парашутыстамі, дэсантнымі групамі праціўніка, дзейнічаць у баявой абстаноўцы.

Для барацьбы з імі ва ўсіх раёнах, дзе было абвешчана ваеннае становішча, у тэрміновым парадку пачалі фарміравацца знішчальныя батальёны колькасцю 100 - 200 чалавек у кожным. Падставай для іх арганізацыі з’явілася пастанова СНК СССР ад 24 чэрвеня 1941 года «Аб ахове прадпрыемстваў і ўстаноў і стварэнні знішчальных батальёнаў».

Кіраўніцтва дзейнасцю знішчальных батальёнаў ускладалася на органы НКУС. 25 чэрвеня быў створаны штаб знішчальных батальёнаў НКУС СССР на чале з генерал-маёрам Г. А. Пятровым (1901 - 1961), службовая кар’ера якога, дарэчы, была звязана з Беларуссю. У 1922 - 1933 гадах ён працаваў у ДПУАДПУ БССР, у 1929 - 1933 гадах з’яўляўся начальнікам 16-га пагранатрада Упраўлення памежнай аховы і войскаў АДПУ Паўнамоцнага прадстаўніцтва АДПУ па БССР (м. Койданава, цяпер - Дзяржынск). Штабы знішчальных батальёнаў меліся таксама пры НКУС саюзных рэспублік, упраўленнях унутраных спраў краёў і абласцей.

У складзе новых падраздзяленняў было нямала супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Напрыклад, у Мазыры такім батальёнам камандаваў намеснік начальніка аддзела крымінальнага вышуку Палескага абласнога ўпраўлення міліцыі В. П. Нікіцін, а супрацоўнікі аддзела старшы оперупаўнаважаны А. І. Мятліцкі і памочнік аператыўнага ўпаўнаважанага П. М. Касьянчык з’яўляліся адпаведна начальнікам штаба і камандзірам роты гэтага батальёна.

З даведкі НКУС БССР ад 19 ліпеня 1941 года, падпісанай намеснікам наркама ўнутраных спраў БССР палкоўнікам А. П. Місюравым, які кіраваў дзейнасцю знішчальных батальёнаў у Беларусі, вынікае, што «ўсяго па Беларускай ССР арганізавана 78 знішчальных батальёнаў з колькасцю ў іх 13 067 чалавек... Камандны склад батальёна прызначаны з ліку кіруючых работнікаў РК КП(б)Б і супрацоўнікаў НКУС. Знішчальныя атрады маюць на ўзбраенні вінтовак - 11 359, гранат - 2631, станкавых кулямётаў - 22, кулямётаў Дзегцярова - 54, наганаў - 501, вінтовачных баявых патронаў - 538 490, а таксама камплекты патронаў для асабістай зброі».

Летам 1941-га НКУС БССР для ўкамплектавання знішчальных батальёнаў камандным складам накіраваў у прыфрантавыя раёны Віцебскай, Мінскай і Палескай абласцей больш за 500 аператыўных работнікаў.

А. С. Сербантау

У адпаведнасці з указаннямі ЦК КП(б)Б па загадзе НКУС БССР на базе раней створаных знішчальных батальёнаў быў сфарміраваны 53-ці аператыўны мотастралковы полк НКУС БССР, камандзірам якога прызначылі былога начальніка штаба Беластоцкага палка войскаў НКУС маёра А. Ц. Калінічава, а камісарам - палітработніка НКУС БССР А. С. Сербантава. У полк уваходзілі тры стралковыя батальёны, гаспадарчае, медыцынскае і іншыя абслуговыя падраздзяленні. Усяго ў палку налічвалася больш за тры тысячы чалавек. Пераважную колькасць іх складалі работнікі міліцыі, сярод якіх былі і супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку НКУС БССР: оперупаўнаважаныя - сяржанты міліцыі Ф. І. Сергіенка, І. Ц. Мяшалкін, І. П. Шкаеў, В. Ц. Рэпін, Г. І. Скрыганаў, Сівальнёў, Ф. Ф. Раманоўскі, Ц. А. Козыраў, старшыя оперупаўнаважаныя - лейтэнант міліцыі Ф. А. Грыбаў, малодшы лейтэнант міліцыі І. Я. Сапелка, сяржант міліцыі Ф. М. Хамутоў. Першапачаткова штаб палка дыслацыраваўся ў былым піянерскім лагеры «Чонкі» паблізу Гомеля. Адсюль і вядомая неафіцыйная назва палка - «Чонкаўскі». Полк удзельнічаў у абароне Гомеля, пасля выконваў загады камандавання па ахове тылу Цэнтральнага і Бранскага франтоў.

Шматлікія супрацоўнікі крымінальнага вышуку Беларусі былі накіраваныя ў тылавыя раёны СССР, дзе працягвалі службу па ахове правапарадку і барацьбе з крымінальнай злачыннасцю.

Так, начальнік АКВ НКУС БССР М. Л. Кажамякін (1906 - 1946) у 1941 - 1942 гадах кіраваў гарадскім аддзелам міліцыі Каканда ва Узбекскай ССР.

Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку УНКУС Гомельскай вобласці С. А. Стральцоў пасля выпіскі са шпіталя ў лістападзе 1941 года быў накіраваны ў Сталінград, дзе яго прызначылі на пасаду начальніка крымінальнага вышуку 3-га аддзялення міліцыі. Калі да горада на Волзе падышлі нямецкія войскі, Стральцоў актыўна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Аднойчы ён умела правёў у тыл праціўніка два батальёны 42-га палка 13-й гвардзейскай дывізіі, у выніку чаго ўдалося авалодаць стратэгічнымі апорнымі пунктамі.

В. А. Высочанка

У партызанскіх атрадах змагаліся пасляваенныя кіраўнікі беларускага крымінальнага вышуку: генерал-маёр міліцыі П. С. Жук (1924 - 2003), палкоўнік унутранай службы М. М. Сітнік (1924 - 2000), генерал-маёр міліцыі В. А. Высочанка (1923 - 2005).

  

М. М. Сітнік                                                           С. Жук

З першых дзён стварэння партызанскага атрада «Бальшавік» на Гомельшчыне ў ім знаходзіўся начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Гомельскай гарадской міліцыі М. М. Жыгальцоў (1913 - 1994; у 1948 - 1960 гадах узначальваў крымінальны вышук Брэсцкай абласной міліцыі). Па водгуку былога сакратара Цэнтральнага райкама партыі Гомеля Е. І. Рамбаева, камісара атрада «Бальшавік», гэта быў смелы партызан, майстар па прыкрыцці агнём падрыўнікоў, якія пускалі пад адхон нямецкія эшалоны на ўчастках чыгункі Гомель - Жлобін.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку беларускай міліцыі змаганнем на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх фарміраваннях і злучэннях, барацьбой з крымінальнай злачыннасцю ў тыле праявілі мужнасць і вернасць службоваму абавязку і ўнеслі свой немалы ўклад у перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Але на гэтым вайна для іх не скончылася.

Бой пасля перамогі

Дзейнасць органаў міліцыі на тэрыторыі Беларусі пачала аднаўляцца восенню 1943 года, пасля вызвалення ад акупацыі яе ўсходніх тэрыторый: Хоцімскага, Касцюковіцкага, Клімавіцкага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага і Крычаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама часткі раёнаў Гомельшчыны. У горадзе Кондрава Смаленскай вобласці былі створаны першыя аператыўна-чэкісцкія групы, задачай якіх з’яўлялася непасрэдная падрыхтоўка да аднаўлення органаў міліцыі на вызваленай тэрыторыі БССР.

НКУС БССР пачаў сваю дзейнасць у вызваленым Гомелі, дзе ў канцы кастрычніка 1943-га размясцілася кіраўніцтва наркамата і прыступіла да выканання сваіх непасрэдных задач.

Структура органаў міліцыі рэспублікі не зведала колькі-небудзь значных змен у параўнанні з тым, якой яна была да пачатку вайны. У склад упраўлення міліцыі (УМ; да лютага 1941 года - УРСМ) НКУС БССР уваходзілі аддзелы: палітычны, крымінальнага вышуку, па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыяй, службы і баявой падрыхтоўкі, дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, аператыўны, віз і рэгістрацый і загс, пашпартны стол, аддзяленні навукова-тэхнічных сродкаў, прапаганды і агітацыі, камсамольскай і культурна-асветніцкай работы, а таксама рэдакцыя газеты «На варце Кастрычніка».

15 сакавіка 1946 года Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў СССР у Савет Міністраў. У адпаведнасці з гэтым заканадаўчым актам наркаматы былі перайменаваныя ў міністэрствы. Аналагічныя пераўтварэнні адбыліся і ў саюзных рэспубліках. Міністрам унутраных спраў БССР быў зацверджаны генерал-лейтэнант С. С. Бельчанка (1902 - 2002), які з 1943 года ўзначальваў НКУС рэспублікі.

У структуру аддзела крымінальнага вышуку УМ МУС БССР у 1948 годзе ўваходзіла шэсць аддзяленняў, першыя тры з якіх з’яўляліся занальнымі, 4-е - па барацьбе з дзіцячай злачыннасцю, 5-е - уліку вобыскаў і арыштаў, 6-е - службовага сабакаводства.

У першыя пасляваенныя гады ў Беларусі, як і паўсюль у СССР, ускладнілася крымінальная абстаноўка, што ў значнай ступені з’яўлялася вынікам цяжкага сацыяльна-эканамічнага становішча. Тры мільёны жыхароў рэспублікі засталіся без прытулку. Амаль цалкам была згублена прамысловасць. У Германію вывезена каля 90% станковага і тэхналагічнага абсталявання, знішчана 96% энергетычных магутнасцей.

Разбурэнні, нанесеныя сельскай гаспадарцы, узмацніліся неўраджаем, што з прычыны неспрыяльных умоў надвор’я ахапіў шэраг абласцей. Болей за тое, у сельскіх раёнах Беларусі нават адзначалася людажэрства. Аб адным з такіх фактаў, што меў месца ў калгасе «Чырвоны будаўнік» Камарынскага раёна, паведамляў у сакрэтнай дакладной у ЦК КП(б)Б ад 7 ліпеня 1947 года сакратар Палескага абкама партыі І. Карасёў: 43-гадовая ўдава, якая мела на ўтрыманні шасцігадовую дачку і дзесяцігадовага сына, «прызналася ў здзяйсненні зверскага забойства і людажэрства» зніклых вясковых дзяцей - дзевяцігадовага хлопчыка і шасцігадовай дзяўчынкі. Як адзначалася ў дакуменце, свае ўчынкі яна матывавала цяжкім матэрыяльным становішчам і адсутнасцю прадуктаў харчавання.

Наступствы самай разбуральнай у гісторыі чалавецтва вайны, востры недахоп тавараў народнага спажывання і прадуктаў харчавання, якія адпускаліся насельніцтву па картках, масавая міграцыя насельніцтва, асабліва ў гарадах, дзе ўзнікалі буйныя прамысловыя новабудоўлі, былі выкарыстаны злачынцамі для ўчынення крадзяжоў, спекуляцый, хабарніцтва. Становішча пагаршалася тым, што на былой акупаванай тэрыторыі, асабліва там, дзе адбываліся баі, заставалася нямала трафейнай зброі, якую падбіралі зламыснікі і выкарыстоўвалі для рабавання насельніцтва і ўзброеных нападаў на ашчадныя касы і крамы.

Толькі ў Маладзечанскай вобласці ў 1946 годзе органы міліцыі канфіскавалі 12 кулямётаў, 171 аўтамат, 710 вінтовак, 414 рэвальвераў, 102 абрэзы, 81 гранату, восем кінжалаў, 7819 баявых патронаў. Як сведчыў даклад начальніка крымінальнага вышуку УМУС Маладзечанскай вобласці капітана міліцыі А. М. Бычкова, у першым квартале 1945-га ў рэгіёне было ліквідавана 15 банд агульнай колькасцю больш за 120 чалавек, а ў першым квартале 1946 года - яшчэ некалькі банд агульнай колькасцю да 70 чалавек.

У гэтым кантэксце паказальным прыкладам можа служыць трагічная смерць начальніка аддзела крымінальнага вышуку УМ МУС БССР падпалкоўніка міліцыі М. Л. Кажамякіна. Ноччу 8 красавіка 1946 года ён быў забіты ў Мінску каля будынка ўпраўлення міліцыі МУС БССР пры затрыманні трох злачынцаў. Са спецпаведамлення МУС па факце забойства М. Л. Кажамякіна: «Не даходзячы да будынка ўпраўлення міліцыі 20 - 35 метраў, адзін з невядомых рэзкім паўабаротам выхапіў з паліто зброю і прамым стрэлам ва ўпор у вобласць галавы забіў т. Кажамякіна, пасля чаго забойцы кінуліся ўцякаць і зніклі». Далёка яны не ўцяклі - у той жа дзень былі затрыманыя.

Супрацоўнікам крымінальнага вышуку даводзілася працаваць у цяжкіх умовах, калі ў разбураным стане знаходзілася большасць будынкаў раённых аддзелаў і абласных упраўленняў МУС, а для выканання аператыўных заданняў катастрафічна не хапала аўтатранспарту. Напрыклад, у аддзеле крымінальнага вышуку ўпраўлення міліцыі Мінска была адна старэнькая грузавая машына ГАЗ-АА (палутарка), якую ў пачатку 1948 года дапоўнілі матацыклам з каляскай.

Варта адзначыць, што шмат хто з работнікаў крымінальнага вышуку ў першыя пасляваенныя гады не меў неабходнай юрыдычнай падрыхтоўкі. Следства ў раённых апаратах крымінальнага вышуку звычайна вялося самімі аператыўнымі работнікамі. У сілу абстаноўкі яны нярэдка знаходзіліся ў працяглых службовых камандзіроўках па вышуку і затрыманню злачынцаў. Гэта ў выніку прыводзіла да зацягвання разгляду крымінальных спраў.

Праблема раскрывальнасці злачынстваў абмяркоўвалася на нарадзе кіруючых работнікаў крымінальнага вышуку рэспубліканскага і абласных упраўленняў МУС, што адбылася 10 - 11 мая 1946 года ў Мінску. Яе стэнаграма ў скарочаным выглядзе з грыфам «Совершенно секретно» была накіравана ўсім начальнікам абласных, гарадскіх, раённых упраўленняў МУС БССР, начальнікам аддзелаў і аддзяленняў транспартнай міліцыі рэспублікі.

На нарадзе прысутнічалі ўсе кіраўнікі аддзелаў крымінальнага вышуку абласнога ўзроўню, а таксама Мінска і рэспублікі: А. С. Жукаў - УМ МУС, С. М. Ізмаілаў - УМ г. Мінска, У. Р. Беразоўскі - УМ УМУС Баранавіцкай вобл., Ц. І. Рыбакоў - Бабруйскай вобл., У. П. Валынка - Брэсцкай вобл., П. М. Кузняцоў - Віцебскай вобл., А. Я. Талмачоў - Гомельскай вобл., І. А. Сідараў - Гродзенскай вобл., М. М. Салаўёў - Мінскай вобл., І. П. Быкаў - Магілёўскай вобл., А. М. Бычкоў - Маладзечанскай вобл., М. С. Грачоў - Пінскай вобл., Ф. А. Герасімаў - Палескай вобл., В. М. Мулярчык - Полацкай вобл.

Каб зразумець значнасць і вастрыню праблем, якія абмяркоўваліся, абмяжуемся толькі адной цытатай з выступлення на гэтай нарадзе Міністра ўнутраных спраў БССР генерал-лейтэнанта С. С. Бельчанка: «Прысутным тут варта зразумець, што, па сутнасці, у рабоце крымінальных вышукаў мы маем сур’ёзны правал, які трэба неадкладна ліквідаваць, бо кіруючыя органы маюць права ў нас сур’ёзна спытаць - навошта такія крымінальныя вышукі, такая армія кіраўнікоў, як мы, якія сядзяць тут, калі крымінальная злачыннасць у рэспубліцы павялічваецца, а прадухіленняў злачынстваў амаль няма».

У дакладной МУС БССР у ЦК КП(б)Б па выніках работы за трэці квартал 1948 года адзначалася: «Асабліва радасным з’яўляецца той факт, што ў трэцім квартале мы дамагліся ў цэлым па рэспубліцы далейшага зніжэння крымінальнай злачыннасці на 17,8%, у тым ліку: па рабаваннях на 7,5%, па кваліфікаваных крадзяжах - на 12,3% і па жывёлаканакрадстве - на 36%... Аднак у працы апаратаў крымінальнага вышуку маюцца яшчэ сур’ёзныя недахопы. Разам з тым, што амаль па ўсіх катэгорыях злачыннасць у трэцім квартале зніжана, затое павялічылася колькасць больш небяспечных злачынстваў - забойстваў на 27 выпадкаў, або на 43%».

Улічваючы аператыўную абстаноўку, УМ МУС БССР надало сур’ёзную ўвагу павышэнню ўзроўню дзейнасці перыферыйных апаратаў крымінальнага вышуку. У лістападзе 1948 года спецыяльная камісія МУС БССР вывучыла працу гарадскіх і раённых органаў унутраных спраў, у тым ліку Барысаўскага, Мінскага, Смалявіцкага, Пухавіцкага, Рудзенскага, Бярэзінскага і Чэрвеньскага раёнаў. Пры гэтым высвятлялася, якім чынам і ў якой ступені кіраўнікі вывучаюць аператыўную інфармацыю, наколькі хутка і правільна робяць высновы з сітуацыі, якія прымаюць рашэнні па ўзмацненні барацьбы са злачыннасцю. Камісія высветліла, што, па-першае, расследавалі злачынствы нярэдка маладасведчаныя работнікі, а часам і ўчастковыя ўпаўнаважаныя, якія не валодаюць элементарнымі ведамі ў галіне аператыўна-вышуковай дзейнасці. Па-другое, не ўсе кіраўнікі займаліся вывучэннем прычын злачыннасці ў гарадах і вёсках, кантынгенту зламыснікаў, у шэрагу месцаў не планаваліся мерапрыемствы па барацьбе з крыміналам, працэс прафілактыкі і раскрыцця злачынстваў пускаўся на самацёк. Па-трэцяе, у дзейнасці некаторых органаў працягвалі мець месца парушэнні закона.

У 1940 - 1950-я гады работа крымінальнага вышуку як ніколі знаходзілася ў эпіцэнтры ўвагі не толькі МУС, але найперш партыйнага і савецкага кіраўніцтва рэспублікі. Задача, якая стаяла перад вышукнікамі, была выкладзена вельмі коратка і канкрэтна: не зважаючы на аб’ектыўныя цяжкасці, за кароткі час спыніць дзейнасць банд і дамагчыся агульнага зніжэння злачыннасці. Гэтага ўдалося дасягнуць неймавернымі чалавечымі намаганнямі, калі паняцце «працоўнага дня» для супрацоўнікаў крымінальнага вышуку практычна не існавала.

Супрацоўнікі гомельскага крымінальнага вышуку, якія прымалі ўдзел у затрыманні ўдзельнікаў злачыннай сходкі


У кастрычніку 1949 года змянілася ведамасная падпарадкаванасць міліцыі: яна была перададзена ў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (МДБ). У перыяд уваходжання міліцыі ў МДБ (1949 - 1953 гг.) упершыню за ўсю гісторыю крымінальнага вышуку адбылося яго перайменаванне ў крымінальны сыск. У структуры саюзнага міністэрства функцыянавала ўпраўленне крымінальнага сыску галоўнага ўпраўлення міліцыі МДБ СССР, у Беларусі - аддзел крымінальнага сыску УМ МДБ БССР

(У сакавіку 1953 года саюзныя МДБ і МУС былі аб’яднаны ў адно міністэрства - МУС СССР. Падобныя змены адбыліся і ў рэспубліках. Як сведчаць архіўныя дакументы, пасля гэтай рэарганізацыі назва «крымінальны сыск» захоўвалася за аддзелам УМ МУС БССР да канца 1953 года; з 1954-га гэта зноў аддзел крымінальнага вышуку УМ МУС БССР.

Удзельнікі ліквідацыі банды Ліхачова: ніжні рад (злева направа) - начальнікі Аршанскага ГА МУС падпалкоўнік Ю. С. Мысліцкі, УМ УМУС

З кастрычніка 1949 па сакавік 1953 года ўпраўленне міліцыі МДБ БССР узначальваў камісар міліцыі 3-га рангу Л. С. Сямёнаў (1905 - 1984), а аддзел крымінальнага вышуку (сыску) - падпалкоўнік міліцыі М. В. Нарышкін (1905 - 1993).

Перадача міліцыі ў МДБ была выклікана часовым пашырэннем функцый міліцыі па забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі, неабходнасцю больш цеснага ўзаемадзеяння органаў дзяржбяспекі і міліцыі ў барацьбе са злачыннасцю, у прыватнасці з антысавецкімі элементамі.

Адзначым, што галоўная задача па ліквідацыі антысавецкага падполля, паўстанцкіх атрадаў і груп была ўскладзена на падраздзяленні па барацьбе з бандытызмам (ББ), якія з 1950 года і да свайго скасавання ў 1953-м знаходзіліся ў структуры саюзнага і рэспубліканскіх МДБ. Першапачаткова яны былі створаны ў складзе органаў міліцыі ў красавіку 1941-га: аддзел ББ (АББ) у ГУМ НКУС СССР, аддзяленні - ва ўпраўленнях міліцыі НКУС саюзных рэспублік, упраўленнях НКУС краёў і абласцей.

30 верасня 1941 года на базе саюзнага АББ стварылі самастойнае структурнае падраздзяленне наркамата - аддзел па барацьбе з бандытызмам НКУС СССР, які ўзначаліў старшы маёр дзяржаўнай бяспекі С. А. Клёпаў (1900 - 1972). 1 снежня 1944 года гэты аддзел пераўтварылі ў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з бандытызмам (ГУББ НКУС СССР, начальнік - камісар дзяржбяспекі 3-га рангу А. М. Лявонцьеў (1902 - 1960); з 1946 года - ГУББ МУС СССР), якое ў лютым 1950-га перайменавалі ў галоўнае ўпраўленне аператыўнага вышуку (барацьба з бандытызмам), а праз пяць месяцаў перадалі са складу МУС у МДБ СССР.

На тэрыторыі Беларусі ліквідацыяй узброеных фарміраванняў Арміі Краёвай, Украінскай паўстанцкай арміі, а таксама, як адзначалася ў афіцыйных дакументах, «антысавецкага нацыяналістычнага буржуазна-памешчыцкага рэакцыйнага падполля» непасрэдна займалася ўпраўленне барацьбы з бандытызмам (УББ) МУС БССР, якім кіраваў палкоўнік А. К. Гранскі (1902 - 1966). У структуру УББ уваходзілі тры аддзелы (па кіраванні агентурна-аператыўнай работай па барацьбе з бандытызмам і вышуку злачынцаў ва ўсходніх абласцях; па кіраванні вышукам злачынцаў у заходніх абласцях; следчы) і сакратарыят. У арганізацыйным плане УББ падпарадкоўваліся аддзелы па барацьбе з бандытызмам УМУС абласцей рэспублікі.

У 1947 годзе з боку МУС СССР прадпрымаліся спробы злучыць разам апараты крымінальнага вышуку і апараты па барацьбе з бандытызмам, дзе апошнім адводзілася дамінуючае становішча. Супраць гэтага аб’яднання выступілі многія кіруючыя работнікі органаў унутраных спраў, у тым ліку Міністр унутраных спраў БССР С. С. Бельчанка. У выніку з мэтай узмацнення барацьбы са злачыннасцю сышліся на падключэнні барацьбітоў з бандытызмам да працы крымінальнага вышуку.

Асноўным метадам барацьбы супраць падпольных узброеных фарміраванняў стала чэкісцка-вайсковая аперацыя, у якой задзейнічалі тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў і дзяржбяспекі БССР, унутраныя войскі НКУС-МУС, часці Савецкай арміі. З гэтай мэтай у кастрычніку 1944 года на тэрыторыі Беларусі было створана шэсць аператыўных сектараў, якія ў сваю чаргу складаліся з аператыўных участкаў: Полацкі (тры ўчасткі), Маладзечанскі (тры), Баранавіцкі (чатыры), Гродзенскі (пяць), Брэсцкі (чатыры) і Пінскі (тры). Аператыўны штаб кіравання аперацыямі ў сектарах знаходзіўся ў Лідзе.

Як адзначае ў сваіх даследаваннях па гісторыі антысавецкага падполля на тэрыторыі Беларусі ў 1944 - 1953 гады І. А. Валахановіч, «чекісцка-вайсковая аперацыя заключалася ў выяўленні месца размяшчэння нелегальных узброеных фарміраванняў, яго блакіраванні і акружэнні з ужываннем значных сіл оперскладу і вайсковых злучэнняў і наступнай ліквідацыі падпольных атрадаў. Зыходныя пункты перад пачаткам аперацыі займаліся ноччу. Раніцай у кожным населеным пункце, які знаходзіўся ў зоне ажыццяўлення чэкісцка-вайсковай аперацыі, аператыўным складам НКУС-НКДБ праводзіліся сходы сярод мясцовага насельніцтва. Жыхарам паведамлялася інфармацыя аб мэтах мерапрыемстваў, прапаноўвалася з’явіцца з павіннай удзельнікам падпольных узброеных фарміраванняў. Пасля гэтага праводзіліся старанная праверка дакументаў, вобыскі ў дамах і гаспадарчых пабудовах, прачэсванне мясцовасці. У дадатак да гэтага ўжываліся метады кругавога блакіравання населеных пунктаў і лясных масіваў з выстаўленнем засад і аператыўных дазораў».

Крымінальнае становішча ў Беларусі ў першыя пасляваенныя гады адлюстроўваюць дакладныя таго часу ў ЦК КП(б) па фактах надзвычайных здарэнняў у БССР за подпісамі адказных партыйных работнікаў рэспублікі. Большасць з гэтых дакументаў у 1945 - 1947 гадах мелі красамоўныя стандартныя загалоўкі: «Аб тэрарыстычных дзеяннях банды...», «Аб нападзе бандыцкай групы...», «Аб актывізацыі бандыцкіх груп...».

Пра агульную карціну аператыўнай абстаноўкі ў краіне даюць уяўленне вытрымкі з дакладной запіскі за 1945 год начальніка УНКУС па Полацкай вобласці падпалкоўніка М. С. Яфіменкі начальніку УББ НКУС БССР: «...Наяўнасць бандыцкіх фарміраванняў на тэрыторыі вобласці аказвае значны ўплыў на правядзенне партыяй і ўрадам мерапрыемстваў. Бандыцкі і варожы да Савецкай улады элементы прапануюць савецкаму актыву... і іх сваякам адмовіцца ад займаемых пасад, пагражаючы пры гэтым ім рэпрэсіямі... Уся вышэйвыкладзеная дзейнасць бандыцкага антысавецкага элемента знаходзіць свой водгук сярод часткі польскага і беларускага насельніцтва заходніх раёнаў вобласці... З практыкі ў рабоце ўстаноўлена, што насельніцтва, нават з ліку пацярпелых у выніку бандпраяў, часам не паведамляе прадстаўнікам органаў НКУС з-за боязі помсты з боку бандытаў».

Як сведчаць дадзеныя КДБ БССР, за перыяд з лістапада 1943 года па снежань 1956 года ў ходзе агентурна-аператыўнай работы і вайсковых аперацый органамі дзяржбяспекі і ўнутраных спраў рэспублікі былі ліквідаваныя 1264 бандыцкія групы (у тым ліку 840 бандгруп, звязаных з нацыяналістычным падполлем) і 16 466 бандытаў (у тым ліку адзіночак). З агульнай колькасці ўдзельнікаў бандгруп і бандытаў-адзіночак быў забіты 2691 чалавек, арыштаваныя 6617, яшчэ 1190 з’явіліся з павіннай і былі легалізаваныя.

Гаворачы пра барацьбу з бандытызмам у пасляваенны перыяд, варта адзначыць, што савецкае крымінальнае заканадаўства не размяжоўвала яго на крымінальны і палітычны. Бандытызм належаў да ліку асабліва небяспечных злачынстваў супраць парадку кіравання і трактаваўся (арт. 59-3 КК РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика 1926 г. і арт. 80 КК БССР 1928 г. не змяняліся да 1958 года) як «арганізацыя ўзброеных бандаў і ўдзел у такіх арганізацыях і ў арганізаваных імі нападах на савецкія і прыватныя ўстановы альбо на паасобных грамадзян, спыненне цягнікоў і разбурэнне чыгунак і іншых сродкаў зносін і сувязі».


На месцы злачынства, якое было ўчынена бандай «Чорнай кошкі»

Але ў нарматыўных дакументах і літаратуры ўжываліся тэрміны «палітычны бандытызм» і «крымінальны бандытызм». Тут дастаткова ўзгадаць, што паводле загаду НКУС СССР аддзел па барацьбе з бандытызмам ГУМ быў арганізаваны «ў мэтах узмацнення барацьбы з усімі відамі палітычнага і крымінальнага бандытызму на тэрыторыі Саюза ССР». Калі казаць коратка, палітычны бандытызм у пасляваенны перыяд перш за ўсё атаясамліваўся з актыўнай дзейнасцю антысавецкага падполля ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны, а таксама ў балтыйскіх рэспубліках. Неабходна падкрэсліць, што ў сваёй масе антысавецкае падполле было неаднастайнае, і ў дзеяннях пэўных паўстанцкіх атрадаў свядомая палітычная апазіцыя рэжыму і крымінальны тэрор, ахвярамі якога рабіліся мірныя жыхары, злучаліся ў адно цэлае.

У адрозненне ад антысавецкіх узброеных фарміраванняў і падпольных арганізацый крымінальныя банды не ставілі перад сабой ніякіх палітычных мэтаў, а проста рабавалі і забівалі. Асноўны цяжар барацьбы з імі лёг на плечы супрацоўнікаў крымінальнага вышуку.

У 1946 годзе органы міліцыі па гарачых слядах разграмілі зладзейска-рабаўніцкія банды ў Бярозаўскім, Хоцімскім, Краснапольскім, Касцюковіцкім раёнах. У гэтым годзе ў барацьбе з узброенымі крымінальнікамі загінула 57 супрацоўнікаў беларускай міліцыі.

У лістападзе 1947-га была ліквідавана адна з буйных крымінальна-бандыцкіх груп на тэрыторыі Беларусі - банда Ліхачова. Па дадзеным факце ведамасная газета «На варце Кастрычніка» пісала: «На тэрыторыі Беларускай рэспублікі працяглы час дзейнічала буйная крымінальная бандыцкая група, якую ўзначальваў заўзяты бандыт Ліхачоў. У апошні час гэтая група дзейнічала на тэрыторыі Аршанскага раёна Віцебскай вобласці». Верхаводам банды з’яўляўся начальнік ваенізаванай аховы вугальнага склада на чыгуначнай станцыі Орша Міхаіл Ліхачоў, 1921 г. н., ураджэнец Смаленскай вобласці. Суд над бандытамі адбыўся 17 - 28 лютага 1948 года ў Оршы, справу разглядала судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР. На рахунку банды, у якую ўваходзіла больш за 30 чалавек, былі шматлікія разбойныя напады, рабаванні, а таксама згвалтаванні і забойствы на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Як адзначалася ў прысудзе, бандыты «пад сілай зброі на вуліцах распраналі сустрэчных мінакоў, урываліся ў дамы, вязалі жыхароў і забіралі грошы і рэчы». Асаблівасцю гэтай банды з’яўлялася тое, што сярод яе членаў разам з верхаводам былі ўчарашнія франтавікі, узнагароджаныя баявымі ардэнамі і медалямі. Па прад’яўленых абвінавачваннях Ліхачову і актыўным удзельнікам яго бандыцкай групы пагражала смяротнае пакаранне, аднак на яго з мая 1947 года дзейнічаў мараторый1, і бандытаў прысудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Непасрэдны ўдзел у выкрыцці банды Ліхачова прымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Аршанскага ГА МУС: начальнік - лейтэнант міліцыі П. І. Госцеў, оперупаўнаважаныя - лейтэнант міліцыі І. Ц. Дарафеенка, старшыны міліцыі Ф. С. Рудакоў і П. П. Дзям’янаў, а таксама старшы оперупаўнаважаны АКВ УМ УМУС Віцебскай вобласці малодшы лейтэнант міліцыі І. Д. Малаў.


Па слядах «чорных кошак»
У 1947 годзе ў Мінскай вобласці былі ліквідаваны 34 зладзейска-рабаўніцкія банды з агульнай колькасцю 155 чалавек, а ў Бабруйскай - 13 рабаўніцкіх і 12 злачынных груп, у якіх налічвалася больш за 80 небяспечных злачынцаў.

Сярод выкрытых у гэтым годзе злачынных груп была і банда «Чорная кошка», якая займалася рабаваннем насельніцтва і крадзяжамі дзяржаўнай маёмасці ў Мінскай і Баранавіцкай абласцях. Вядомая па культавым савецкім дэтэктыве «Месца сустрэчы змяніць нельга» пасляваенная банда «Чорная кошка» не з’яўлялася толькі мастацкай выдумкай братоў Вайнераў, па раману «Эра міласэрнасці» якіх і зняты гэты фільм. Банды з такой назвай дзейнічалі ў 1940-х гадах на тэрыторыі СССР, прычым апошняя з іх у Беларусі была ліквідавана крымінальным вышукам у 1956 годзе ў Барысаве. Пра затрыманне бандытаў барысаўскай «Чорнай кошкі» распавядалася ў публікацыі «Случилось происшествие!..» у чацвёртым нумары часопіса «Савецкая міліцыя» за 1956 год. Заўважым, сама назва банды «Чорная кошка» там не ўзгадвалася. У публікацыі адзначалася: «…На скамье подсудимых их сидело тринадцать человек - шайка рецидивистов, умело раскрытая сотрудниками уголовного розыска коммунистами Мелешкиным, Исаенком и Соболем». Але аб тым, што гэта была менавіта «Чорная кошка», сведчаць успаміны жыхароў пасляваеннага Барысава, а таксама непасрэднага ўдзельніка тых падзей, ветэрана беларускага крымінальнага вышуку К. С. Ісаёнка (1921 - 1997), у той час старшага лейтэнанта міліцыі, старшага оперупаўнаважанага АКВ Барысаўскага ГАМ УМУС Мінскай вобласці.

Напачатку 1950-х гадоў шмат клопату крымінальнаму вышуку сталіцы і абласных гарадоў прынеслі кішэннікі. Толькі з 1 студзеня па 1 верасня 1952 года ва ўпраўленне і гарадскія аддзяленні міліцыі Мінска грамадзянамі было пададзена 411 заяў аб кішэнных крадзяжах дакументаў і грошай. Як адзначалася ў дакладной запісцы начальніка УМ Мінска палкоўніка міліцыі Я. А. Пінягіна ад 9.10.1952 года, па дадзеных заявах «раскрыта 57 кішэнных крадзяжоў, па іх распачаты 32 крымінальныя справы, па якіх прыцягнута да крымінальнай адказнасці 38 чалавек, з іх арыштавана да суда 29 чалавек».


Адной з вострых праблем, якая стаяла перад міліцыяй у 40 - 50-х гадах ХХ стагоддзя, была злачыннасць сярод непаўналетніх. Найбольш неспрыяльная абстаноўка ў гэтым аспекце напачатку 1950-х склалася ў Гродзенскай, Брэсцкай, Магілёўскай і Мінскай абласцях.

За 1951 год да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты 393 непаўналетніх, з іх ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў - 179 чалавек, ад 16 да 18 гадоў - 214. З ліку прыцягнутых да крымінальнай адказнасці было арыштавана: ад 12 да 16 гадоў - 45 чалавек, ад 16 да 18 гадоў - 89.

У той жа год супрацоўнікі крымінальнага вышуку раскрылі шэраг крадзяжоў у сельскіх крамах у Слонімскім раёне. Злачынцамі аказаліся чатыры 13 - 16-гадовых падлеткі, верхаводзіў якімі навучэнец восьмага класа Міжэвіцкай сярэдняй школы. У міліцэйскім паведамленні гэтая злачынная група фігуравала як «рабаўніцкая ўзброеная», якая мела «вінтовачны абрэз» і ў планах якой была падрыхтоўка забойства старшыні калгаса імя Сталіна.

У Мінску ў 1951-м міліцыя затрымала дзве буйныя (колькасцю 14 і 17 чалавек) зладзейскія групы, якія складаліся з 12 - 16-гадовых падлеткаў.

У 1953 годзе выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб амністыі». З месцаў зняволення было адпушчана нямала закаранелых злачынцаў. За кароткі адрэзак часу ўзровень крыміналу рэзка павялічыўся. У параўнанні з папярэднім годам значна знізілася раскрывальнасць такіх відаў злачынстваў, як забойствы, крадзяжы дзяржаўнай і грамадскай маёмасці, крадзяжы асабістай уласнасці. Амнісціраваныя рэцыдывісты, учыніўшы злачынства ў адным месцы, хутка пераязджалі ў іншыя вобласці краіны.

Ва ўмовах ускладнення аператыўнай абстаноўкі УМ МУС БССР, УМУС абласцей распрацавалі і ажыццявілі экстраныя меры па неадкладным павышэнні эфектыўнасці дзейнасці крымінальнага вышуку. Яго апараты паўсюдна ўмацоўваліся вопытнымі работнікамі. Праводзіліся пяцідзённыя семінары з усімі супрацоўнікамі крымінальнага вышуку і сямідзённыя семінары з тымі з іх, хто не меў неабходнага досведу ў галіне крыміналістыкі. Пашыралася практыка, пры якой супрацоўнікі крымінальнага вышуку, следчых апаратаў і ўчастковыя ўпаўнаважаныя па кожнай крымінальнай справе працавалі сумесна да таго часу, пакуль злачынства не было раскрыта. Праводзіліся куставыя нарады начальнікаў гаррайорганаў унутраных спраў і аператыўнага складу па абмене вопытам арганізацыі барацьбы са злачыннасцю.


Як «накрылі» гомельскую сходку?
У кастрычніку 1957 года супрацоўнікі крымінальнага вышуку гомельскай міліцыі правялі буйную аперацыю, у выніку якой была затрымана група вядомых у крымінальным свеце Савецкага Саюза злодзеяў, што прыехалі на сходку ў Гомель. Як адзначалася ў атрыманым напярэдадні аператыўным данясенні, «на сходцы павінна прысутнічаць 30 - 40 чалавек з розных гарадоў. Частка гэтых асоб 5 кастрычніка 1957 года праездам спынілася ў Чарнігаве і здзейсніла некалькі кішэнных крадзяжоў. Знаходзячыся ў Чарнігаве, гэтыя асобы далі ў розныя гарады тэлеграмы з выклікам удзельнікаў сходкі ў Гомель на панядзелак (7 кастрычніка г. г.), збор якіх адбудзецца ў гасцініцы на вакзале. Пасля сходкі яе ўдзельнікі маюць намер здзейсніць у Гомелі і іншых гарадах шэраг злачынстваў і раз’ехацца па дамах».
Павышэнню эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю спрыяла праца органаў міліцыі па пашырэнні перадавога вопыту, назапашанага апаратамі крымінальнага вышуку. У красавіку 1955 года адбыўся двухтыднёвы семінар лепшых працаўнікоў крымінальнага вышуку УМУС абласцей, гарадскіх і раённых аддзелаў і аддзяленняў міліцыі Беларусі.

Усё шырэй ужывалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку навукова-тэхнічныя сродкі. Толькі ў 1956 годзе з дапамогай дактыласкапічнага ўліку было апазнана і абясшкоджана 153 крымінальных злачынцы-рэцыдывісты. У раскрыцці злачынстваў шырока ўжываліся і іншыя навукова-тэхнічныя сродкі, што спрыяла павышэнню эфектыўнасці барацьбы з крыміналам.

Вялікая роля ў падрыхтоўцы кадраў навукова-тэхнічных апаратаў і ў павышэнні аператыўнага майстэрства супрацоўнікаў крымінальнага вышуку адводзілася крыміналістычным музеям. Да 1947 года ў СССР іх было ўсяго тры: у Маскве, Ленінградзе і Свярдлоўску. Акрамя таго, мелася шэсць крыміналістычных куткоў - ва Украіне, Таджыкістане, Башкірскай АССР, Іванаўскай, Новасібірскай і Саратаўскай абласцях. У красавіку 1947-га ГУМ МУС СССР прыняло рашэнне аб стварэнні крыміналістычных музеяў ва ўсіх рэспубліканскіх, краявых і абласных упраўленнях міліцыі.

На базе крыміналістычнага музея з дапамогай навукова-тэхнічнага аддзела УМ МУС БССР праводзіліся заняткі з аператыўным складам міліцыі, абагульняўся вопыт барацьбы са злачыннасцю. Музей служыў таксама сродкам папулярызацыі магчымасцяў крыміналістычнай экспертызы і навукова-тэхнічных сродкаў у аператыўнай і следчай працы.

Ажыццяўленне вышэйпералічаных мер дазволіла ў другой палове 1950-х гадоў павялічыць узровень раскрывальнасці злачынстваў, стабілізаваць аператыўную абстаноўку і запаволіць рост злачыннасці.


Юры КУР’ЯНОВІЧ.