1 марта 2017Квадракоптар, маштабная сістэма відэаназірання і паліграф

Напярэдадні стагадовага юбілею беларускай міліцыі, які будзе адзначацца 4 сакавіка, міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ правёў вялікую прэс-канферэнцыю. Сярод асноўных пытанняў — аптымізацыя асабовага складу ведамства і актыўнае ўкараненне ў яго работу сучасных тэхналогій.

Міністр падкрэсліў, што афіцэрскі корпус органаў унутраных спраў павінен быць больш кампактным, прафесійным і ўніверсальным. Частка работы, якую могуць выконваць грамадзянскія асобы, а не людзі ў пагонах, будзе пераходзіць да іх, але ў цэлым аптымізацыя закране ўсе міліцэйскія службы. Скарачэнні будуць праходзіць паступова, у ахвотных будзе магчымасць дапрацаваць да пенсіі, але пасля іх сыходу некаторыя пасады будуць ліквідавацца. Да аптымізацыі колькасці служачых падштурхоўвае і навукова-тэхнічны прагрэс. Напрыклад, з некаторымі абавязкамі супрацоўнікаў ДАІ выдатна спраўляюцца аўтаматычныя радары. Цяпер распрацоўваецца праект укаранення адзінай сістэмы відэафіксацыі і маніторынгу грамадскай бяспекі. Паўсюдна ўстаноўленыя камеры змогуць, напрыклад, аўтаматычна ідэнтыфікаваць асобу злачынца, які знаходзіцца ў вышуку, або паведамляць пра пакінуты без нагляду прадмет. Супрацоўніцтва з МНС дазволіць прадухіляць і надзвычайныя сітуацыі.

У найбліжэйшых планах ведамства — увядзенне ў работу квадракоптараў, якія змогуць істотна палегчыць працэс пошуку зніклых у лесе. Што датычыцца тэхналогіі паліграфа, або, прасцей кажучы, дэтэктара лжы, Ігар Шуневіч падкрэсліў, што для ведамства яна далёка не новая і раней выкарыстоўвалася для праверкі супрацоўнікаў, цяпер жа гэта сталі рабіць у разы часцей.

Дар'я КАСКО

Телефон доверия
#моямилиция