4 марта 2017Адказныя за бяспеку ўсіх нас

У холе Палаца Рэспублікі ўжо за паўтары гадзіны да пачатку ўрачыстага сходу, прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі, было шматлюдна, чуліся гукі святочных маршаў. А яшчэ было вельмі светла — ад радасных усмешак соцень удзельнікаў сходу. Многія былі ў святочных гарнітурах, але не менш было і людзей, якія прыйшлі ў форме.

Гісторыя годнасці

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сваё выступленне пачаў з віншавання супрацоўнікаў і ветэранаў органаў унутраных спраў са знамянальным юбілеем. Сапраўды, без перабольшання можна казаць, што гісторыя органаў унутраных спраў нашай краіны — гераічны летапіс самаадданага служэння Айчыне шматлікіх пакаленняў найлепшых яе прадстаўнікоў.

Прэзідэнт асобна звярнуўся да гісторыі беларускай міліцыі. Яна была створана на хвалі лютаўскіх пераўтварэнняў далёкага 1917 года, і першымі міліцыянерамі былі салдаты, што вярнуліся з франтоў Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў. Нягледзячы на цяжкасці, учарашнія рабочыя, сяляне і салдаты змаглі перамагчы бандытызм, які ахапіў аслабленую вайной і разрухай краіну. На вялікі жаль, далёка не ўсе яны змаглі дажыць да сталых гадоў...

І падчас Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі міліцыі, не задумваючыся, аддавалі свае жыцці, абараняючы народ. Для іх гэтая вайна не скончылася 9 мая: у першыя пасляваенныя гады ў БССР была асабліва складаная абстаноўка, бо тут дзейнічалі шматлікія арганізаваныя банды.

Яшчэ ў 60—70-я органы ўнутраных спраў Беларусі з-за эфектыўнай работы лічыліся найлепшымі ў сістэме МУС Савецкага Саюза!

Няпростымі былі першыя гады, калі Беларусь толькі-толькі атрымала сваю незалежнасць. Амаль поўны абвал эканомікі, масавае беспрацоўе, людзі ў мірны час фактычна станавіліся жабракамі.

— Плюс да гэтага разгул злачыннасці і відавочная слабасць улады — такая карціна пачатку «ліхіх» дзевяностых гадоў. Народу патрэбна была моцная падтрымка. І мы здолелі вярнуць упэўненасць народа ў заўтрашнім дні, забяспечыць правапарадак і аднавіць аўтарытэт дзяржавы, — падкрэсліў Прэзідэнт.

Асаблівая адказнасць

Супрацоўнікі МУС на справе даказалі, што, абараняючы людзей, могуць дзейнічаць рашуча, зладжана, прафесійна і мужна.

— Пытанні, якія прыходзіцца вырашаць вам, работнікам міліцыі, — складаныя і асаблівыя. Ад іх напрамую залежыць не толькі бяспека нашых грамадзян, што само па сабе вельмі важна, але і моц усёй дзяржавы, устойлівасць эканомікі і непарушнасць прававых асноў краіны. Работа органаў унутраных спраў заўсёды ў фокусе грамадскай увагі. Міліцыя — гэта важны дзяржаўны інстытут. Ён такім павінен быць на справе: чым вышэйшы прэстыж МУС, тым больш важкі аўтарытэт закона і тым мацнейшая вера простага грамадзяніна ў справядлівасць, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ў беларускай міліцыі дастаткова паўнамоцтваў для выканання задач, але і адказнасць за выкананне сваіх абавязкаў вялікая. Беларусы хочуць, каб у краіне быў парадак.

— Але парадку без прыстойнасці не бывае. Гэта адносіцца ў першую чаргу да прафесійнай і асабістай бездакорнасці супрацоўніка міліцыі. Планка гэтая высокая, але кожны супрацоўнік органаў унутраных спраў павінен ведаць: абараняючы жыццё і правы людзей, вы абавязаны паважаць іх годнасць і добрае імя. Грамадзяне краіны павінны быць упэўнены, што яны заўсёды знойдуць у вас дапамогу і падтрымку, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Сапраўды, самая аб'ектыўная ацэнка работы органаў унутраных спраў — давер грамадзян. Па словах кіраўніка дзяржавы, наша міліцыя сёння гарантуе неабходны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне і здольная папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, абараніць грамадства і кожнага грамадзяніна ад любых злачынстваў.

Брэнд краіны

Даўно ўжо адным з брэндаў Беларусі лічыцца выключная бяспека і парадак. Гэта заўважаюць літаральна ўсе замежныя дыпламаты, турысты, бізнесмены. Не выпадкова наша краіна ўваходзіць у першую дзясятку па ўзроўні бяспекі жыцця. Такім могуць пахваліцца далёка не ўсе развітыя дзяржавы.

У той жа час поспехі, якія мы сёння маем, не павінны стаць прычынай таго, каб нічога не рабіць. У апошняе дзесяцігоддзе па-ранейшаму застаюцца актуальнымі такія негатыўныя з'явы, як карупцыя, наркабізнес, крыміналізацыя эканомікі, незаконная міграцыя... Некаторыя віды злачыннасці набываюць яскрава выражаную міжнародную афарбоўку і транснацыянальны характар. Адбываецца інтэграцыя дзяльцоў беларускага злачыннага бізнесу ў міжнародны гандаль наркотыкамі, нелегальны аўтабізнес. Злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій выйшлі далёка за межы нашай краіны.

— Усё больш небяспечнымі становяцца злачынствы ў галіне эканомікі і фінансаў, звязаныя з ілжэбанкруцтвам, утойваннем прыбытку, ухіленнем ад падатку. Адкрытай застаецца праблема забеспячэння поўнай абароненасці грамадзян, іх асабістай і маёмаснай бяспекі, — пералічыў Прэзідэнт.

У мінулым чэрвені Пяты Усебеларускі народны сход прыняў Праграму далейшага развіцця краіны. Яе паспяховае выкананне запатрабуе ад праваахоўных органаў рашучых крокаў па падтрыманні правапарадку, сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве. Менавіта на Міністэрстве ўнутраных спраў, на ўсіх праваахоўных структурах дзяржавы ляжыць велізарная адказнасць за бяспеку, стабільнае развіццё нашай дзяржавы. Як адзначыў Прэзідэнт, ілюзій сёння быць не павінна:

— Раскалоць наша грамадства, дэстабілізаваць абстаноўку, а тым больш аказаць на нас які б там ні было ціск ні ў кога не атрымаецца. Але кожны дзень, кожны год жадаючых гэта зрабіць будзе не менш. Вы бачыце, што адбываецца вакол, — свет звар'яцеў. І калі не зайздрасць, то неразуменне таго, што адбываецца ў нашай краіне, штурхае многіх да таго, каб і мы былі такія, як яны. І вось тут мы не павінны ўпасці на калені! Мы павінны ўтрымаць сваю краіну і абараніць свой народ. І я ўпэўнены, мы гэта зробім. На любыя аванцюры ў нас заўсёды будзе адэкватны адказ.

* * *

Сёння ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю беларускай міліцыі, працягнуцца. Кіраўнік дзяржавы выступіць з прамовай на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, дзе адбудзецца ўрачысты марш падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Мерапрыемства будзе транслявацца ў прамым эфіры па тэлеканале «Беларусь 1».

Надзея ЮШКЕВІЧ

Телефон доверия
#моямилиция