4 марта 2017Апынуцца за пультам дзяжурнага

У Віцебску пасля рэканструкцыі адкрыўся ўнікальны музей, прысвечаны гісторыі міліцыі рэгіёна. І ў ім можна вывучаць станаўленне і развіццё органаў аховы правапарадку ўсёй краіны. Насупраць будынка УУС прэзентавалі і рэканструяваны мемарыял. Апошні прысвечаны тым міліцыянерам, якія загінулі ў розныя часы.

Як усё пачыналася

Начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Віктар СЯНЬКО на цырымоніі адкрыцця музея падзякаваў за падтрымку абласной вертыкалі выканаўчай улады. Асабіста — старшыні аблвыканкама Мікалаю ШАРСТНЁВУ. У выніку рэканструкцыі павялічылася экспазіцыйная плошча, шмат зроблена для змянення інтэр'ера...

Цікава, што экспанаты пачалі збіраць больш за 35 гадоў назад! Сваю лепту ў гэта тады ўнеслі энтузіясты: міліцыянеры і ветэраны МУС. А афіцыйна адкрыты музей быў у 1984 годзе. Першая частковая рэканструкцыя адбылася каля 10 гадоў таму. Паводле слоў начальніка УУС, цяперашняя маштабная — у гонар векавога юбілею міліцыі краіны.

А намеснік кіраўніка МУС генерал-маёр міліцыі Віктар ДУБАВЕЦ нагадаў прысутным, што пачынаў кар'еру менавіта на Віцебшчыне. Ён падзякаваў віцебскім калегам за павагу да слаўнага мінулага. Падкрэсліў, што без гэтага немагчыма працягваць традыцыі.

Старшы захавальнік фондаў цэнтра культурна-выхаваўчай работы УУС Іна Абрамава правяла экскурсію для ганаровых гасцей. Яна, дарэчы, аўтар вельмі папулярных кніг, якія прысвечаныя гісторыі аблаcнога цэнтра.

Гісторыя ў асобах

Музей па праве лічыцца адным з самых цікавых сярод ведамасных. Крыху гісторыі пра першыя гады дзейнасці міліцыі рэгіёна. 10 сакавіка 1917 года (па старым стылі) у Мінск з губернскага Віцебска накіравалі тэлеграму аб фарміраванні народнай міліцыі ва ўсіх паветах губерні. Але толькі да жніўня 1918 года канчаткова сфарміравалася структура міліцыі ў РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика. У тым ліку і на Віцебшчыне, паколькі яе тэрыторыя да 1924 года ўваходзіла ў склад Расійскай Федэрацыі.

15 жніўня 1918 года стварылі Віцебскае губернскае ўпраўленне. Яно займалася агульным кіраўніцтвам органамі аховы правапарадку. У 1924 годзе асноўная частка тэрыторыі Віцебшчыны ўвайшла ў склад БССР. Себежскі, Веліжскі, Невельскі паветы былі перададзеныя Пскоўскай губерні РСФСР Российская Советская Федеративная Социалистическая Республика. А Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі яшчэ раней адышлі да Латвіі.

У музеі распавядаюць і пра гісторыю раскрыцця «гучных злачынстваў» у розныя гады. Пра некаторыя «Звязда» паведамляла раней. Напрыклад, пра злачынную групоўку, якая пасля Вялікай Айчыннай дзейнічала ў Аршанскім раёне. Іх «крымінальных сабратаў» ведаюць усе па фільме «Месца сустрэчы змяніць нельга». У 1947-м міліцыянеры спынілі дзейнасць гэтай банды, якой кіраваў Ліхачоў. У яе ўваходзіла каля 40 бандытаў, якія ўчынялі злачынствы. І сярод іншых 20 цяжкіх. А ў абласным цэнтры прыкладна тады ж затрымалі злодзеяў, якія «працавалі» на складах. Яны здзейснілі больш за 15 буйных крадзяжоў.

Школьнікі ў захапленні

Асаблівасць музея — наведванне па папярэднім запісе і без білетаў. Ён адпавядае патрабаванням часу — з інтэрактыўнымі магчымасцямі. Тут, у прыватнасці, можна «падзяжурыць» за пультам прыёму паведамленняў. Менавіта такое абсталяванне выкарыстоўвалася ў 1970—1980-я гады.

Паводле слоў Іны Абрамавай, вельмі шмат групавых заявак на экскурсіі. Сярод іншых — з устаноў адукацыі. Школьнікі ў асаблівым захапленні. Таму музей выконвае функцыю і па прафесійнай арыентацыі.

Наведвальнікі, незалежна ад узросту, з цікавасцю разглядаюць многія экспанаты. Сярод эксклюзіўных — рарытэтныя прадметы, якімі карысталіся ў даўнія гады. Рэканструявана частка кабінета міліцыянера 1930-х. Уражвае і форма міліцыі СССР узору 1947 года. Гонар калекцыі — Чырвоны сцяг МУС БССР, якім быў узнагароджаны калектыў супрацоўнікаў УУС Віцебскага аблвыканкама — у 1978, 1980 і 1981 гадах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Телефон доверия
#моямилиция